Галоўная > Мінэя - Сьнежань > Нядзеля перад Нараджэньнем Г.Н. Ісуса Хрыста (Нядзеля Айцоў) - калі 20-23 сьнежня
Нядзеля перад Нараджэньнем Г.Н. Ісуса Хрыста (Нядзеля Айцоў) - калі 20-23 сьнежня5 чэрвеня 2008. |
|
ВЯЧЭРНЯ
На "Госпадзе, Цябе клічу...": 4 нядзельныя, 3 перадсьвяцьця і 3 айцоў. Песьні перадсьвяцьця (тон 6). Незаходнае Сонца ідзе зазьзяць з дзявочага ўлоньня, каб прасьвятліць увесь сьвет. Сустрэнем Яго з чыстым сэрцам і добрымі ўчынкамі, і Духам Сьвятым падрыхтуемся прывітаць Таго, хто прыходзіць да сваіх у дзіўным нараджэньні сваім, як сам захацеў, каб, нарадзіўшыся ў Бэтлееме, тых, што былі выгнаныя з раю, зноў вярнуць туды ў вялікай міласэрнасьці сваёй. Той, каго носяць хэрувімы, Бог–Слова, пасяліўшыся ў бязьвінным улоньні, прыняўшы цела і стаўшыся чалавекам, зыходзіць на зямлю, каб нарадзіцца ад племя Юдавага. Пячора сьвятая ўпрыгожваецца, быццам хорам вялікі Уладара ўсіх, а ясьлі стаюцца вогненным пасадам, на які Дзева Марыя кладзе Незьмяшчальнага, які прыходзіць Дзіцяткам, каб абнавіць ўсё стварэньне. Дзева, нарадзіўшы ў невыказны спосаб Цябе, Спрадвечнае Слова, паклала ў ясьлі бяздумных жывёлаў, бо Ты прыйшоў вызваліць мяне, які быў трыманы ў бяздумнасьці зайздрасьцю зьмяі. Ты, адзіны добры і чалавекалюбны, быў спавіты ў пялёны, каб разарваць путы маіх правінаў. Дзеля гэтага слаўлю Цябе ў песьнях і пакланяюся радасна Твайму прыйсьцю ў целе, якое вызваліла мяне. Айцоў (тон 8). Памяць сьвятых праайцоў зьявілася ўсяму сьвету, поўная праўдзівага сьвятла, зьзяючы промнямі ласкі; бо Хрыстос – Сонца яснае – зазьзяў здалёку і вядзе з сабою грамаду сьветлых зорак. Богачалавечае нараджэньне аб'яўляецца ў Бэтлееме, і мы радасна пляскаем у далоні і аддаем Яму перадсьвяточную хвалу. Сьвятыя айцы ўпрыгожваюцца славаю боскага ўдзелу ў нашай прыродзе. Цешыцца сёньня Адам, аснова і ўмацаваньне мудрых праайцоў; радуюцца з ім Авель і Энох; Сэт і Ной разам весяляцца; Абрагам усяхвальны з патрыярхамі пяе, і Малхісадэк з вышыні бачыць нараджэньне без Айца. І мы, спраўляючы памяць сьвятых праайцоў, молімся за збаўленьне душ нашых. Тры багамудрыя юнакі зазьзялі радасна ў печы і прапаведавалі Хрыстовае на зямлі нараджэньне: бо Госпад сышоў, быццам раса, захаваўшы Тую, што нарадзіла Яго, беззаганнаю, і ўзбагаціўшы Яе боскімі дарамі. Таму і Даніла богапрыемны, які прадбачыў ясна камень, адсечаны ад скалы, радуецца і няспынна моліцца за збаўленьне душ нашых. Слава ... (Тон 6). Даніла, муж жаданьняў духоўных, убачыўшы Цябе быццам камень што без рукі быў адсечаны, прадказаў бясьсеменае нараджэньне Тваё, нязьменны Божа і Збавіцелю душ нашых, што прыняў цела ад Дзевы. Цяпер ... перадсьвяцьця (тон 6). Рыхтуйся, пячора, бо вось ідзе Маці, маючы ва ўлоньні Хрыста. Ясьлі, прымеце Таго, хто словам вызваліў народжаных на зямлі ад бяздумных дзеяньняў. Пастушкі, заграйце на жалейках і будзьце сьведкамі вялікага цуду. Мудрацы пэрскія, прынясеце золата, ладан і сьмірну Ўладару ўсіх, бо Госпад зьявіўся нам ад Дзевы-Маці. Трымаючы Яго на руках сваіх, Маці Ягоная пакорна пакланілася Яму, кажучы: "Як гэта Ты пасяліўся ва ўлоньні маім, і якім чынам узрос ад Мяне, Збавіцелю і Божа мой?"
Чытаньне кнігі Роду Аўрам, пачуўшы, што ягоны сваяк Лот патрапіў у палон, узяў з сабою трыста васемнаццаць найбольш дасьведчаных хатніх сваіх і кінуўся ў пагоню аж да Дана. Уночы, падзяліўшы людзей сваіх на загоны, ён напаў на ворагаў і разьбіў іх, а потым гнаўся за імі аж да Хобы, што на захад ад Дамаску. Такім чынам ён адабраў усю маёмасьць і вярнуў назад Лота з яго дабром, жонкамі і слугамі. Калі Аўрам вяртаўся з перамогі над Кедарлёамерам і царамі, што былі з ім, цар Садомскі выйшаў яму насустрач да даліны Шавэ, гэта значыць Каралеўскай. І Малхісадэк, цар Салімскі, вынес хлеб і віно – бо ён быў сьвятаром Бога Усявышняга, – і блаславіў Аўрама, кажучы: "Хай Бог Усявышні, Тварэц неба і зямлі, блаславіць цябе, Аўраме; і хай будзе блаславёны Бог Усявышні, які аддаў ворагаў тваіх у рукі твае". (14:14–20)
Чытаньне кнігі Другога Закону У той час сказаў Майсей сыном Ізраілевым: "Вось даю вам зямлю – ідзеце, вазьмеце яе сабе ў спадчыну, якую Госпад кляўся даць айцом вашым Абрагаму, Ізааку і Якубу, і нашчадкам іх. У той час я сказаў вам: я не змагу адзін узяць на сябе вашыя цяжкасьці. Госпад Бог ваш размножыў вас – сёньня вас, як зорак у небе. І няхай Госпад, Бог айцоў вашых, размножыць вас яшчэ ў тысячу разоў і блаславіць вас, як абяцаў. Але як жа мне аднаму насіць вашыя цяжкасьці, вашыя клопаты і непаладкі? Дык абярыце сабе спаміж каленаў вашых мужоў разумных, паважных і дасьведчаных, і я пастаўлю іх вам начальнікамі. І вы мне адказалі: добрую рэч хочаш зрабіць. Дык вось я ўзяў старшыняў з каленаў вашых, мужоў мудрых, паважных і дасьведчаных, і паставіў іх тысячаначальнікамі, сотнікамі, пяцідзесятнікамі і дзесятнікамі, каб былі кіраўнікамі ў каленах вашых. У той самы час я даў такі наказ судзьдзям вашым: Выслухоўвайце братоў вашых, судзеце справядліва справу кожнага, з братам яго ці з чужынцам. Калі судзіце, не глядзеце на аблічча, выслухоўвайце аднолькава малога і вялікага, ня бойцеся нікога, бо суд Божы ёсьць." (1:8–17)
Чытаньне кнігі Другога Закону У той час сказаў Майсей сыном Ізраілевым: "Неба і нябёсы нябёсаў, зямля і ўсё, што напаўняе яе, належаць Госпаду Богу твайму. Толькі да айцоў вашых прыхінуўся Госпад і палюбіў іх, і выбраў іх і іхняе патомства сярод іншых народаў – аж па сёньняшні дзень. Дык абрэжце сэрцы вашыя, і няхай шыі вашыя ня будуць цьвёрдымі. Бо Госпад Бог ваш – Бог над багамі і Уладар над уладарамі, Бог вялікі, магутны і страшны, які не зважае на асобу і не прымае падарункаў; Ён чыніць справядлівасьць сіраце і ўдаве, мілуе чужынца, даючы яму хлеб і вопратку. Вы таксама любеце чужынцаў, бо самі былі чужынцамі ў зямлі Ягіпскай. Госпада Бога твайго бойся, Яго трымайся, Яму служы і імем Ягоным кляніся. Ён – твая слава, Ён Бог твой, што ўчыніў для цябе вялікія і страшныя рэчы, якія ты бачыў на ўласныя вочы." (10:14–21)
Вершапесьні
песьні нядзельныя належнага тону. Слава ... Айцоў (тон 2). Радуйцеся, пачэсныя прарокі, непераможныя і непарушныя стаўпы, што добра споўнілі закон Гасподні. Дасягнуўшы неба, вы сталіся хадайнікамі новага Закону Хрыстовага. Маліце Яго даць сьвету супакой і збавіць душы нашыя. Цяпер ... перадсьвяцьця (тон 2). Ужо блізка час нашага збаўленьня: рыхтуйся, пячора, бо вось Дзева ідзе радзіць. Бэтлееме, зямля Юдава, красуйся і цешся, бо з цябе зазьзяў Госпад наш; пачуйце, горы і ўзгоркі, і ўсё навакольле юдэйскае, бо ідзе Хрыстос, каб, як Чалавекалюбец, збавіць чалавека, якога стварыў.
Адпушчальныя трапары: Трапар нядзельны належнага тону. Слава ...: Трапар айцоў (тон 2). Магутная сіла веры: дзякуючы ёй тры сьвятыя юнакі сярод полымя, быццам у вадзе крынічнай, радуюцца; і Даніла прарок сярод ільвоў, быццам пастыр сярод авечак сваіх. Малітвамі іх, Хрысьце Збавіцелю, збаў душы нашы. Цяпер ...: трапар перадсьвяцьця (тон 4). Бэтлееме, рыхтуйся; адчыніся, раю; красуйся, Эўфрата, бо вось дрэва жыцьця зацьвітае ў пячоры ад Дзевы: улоньне Яе сталася раем духоўным, у якім прарос Божы парастак, ад якога спажыўшы, жыць будзем, а не памрэм як Адам. Хрыстос родзіцца, каб раней упалы вобраз узьняць.
Ютрань
Пасьля "Госпад – Бог ...": трапары, як у канцы вячэрні.
Сядальныя песьні надзельныя належнага тону.
Пасьля паліелею: "Хор анёлаў...", літаніі, гіпакоі нядзельныя належнага тону і наступныя: Айцоў (тон 8). Абрагама, Ісаака і Якуба ўсхвалім у песьнях, лагоднага Давіда, Ісуса і дванаццаць патрыярхаў, разам з трыма юнакамі, што пагасілі сілаю Духа полымя агню. Усклікнем: "Радуйцеся вы, што адважна выкрылі спакусу неразумнага цара і цяпер моліцеся Хрысту, каб Ён дараваў адпушчэньне грахоў нам, якія шануем вашу сьвятую памяць". Слава ... цяпер ... (тон 8). Ты прыйшоў з улоньня Айца, і невыказна спустошыў сябе, прыняўшы звышпрыродна нашу ўбогасьць, Чалавекалюбны Госпадзе. Ты пажадаў пасяліцца ў пячоры і, як немаўля, быць кормленым, хоць Ты – Творца і Госпад усіх. Мудрацы, якіх прывяла зорка, дары Табе прыносяць як Уладару стварэньня; пастухі і анёлы дзівяцца і ўсклікаюць: "Слава на вышынях Богу, які прыхдзіць на зямлю каб нардазіцца як чалавек!".
Узыходныя песьні і г.д. нядзельныя належнага тону.
Канон (тон 6) Ірмасы нядзельнага канону належнага тону. Катавасія: "Хрыстос родзіцца".
Пасьля трэцяй песьні: Гіпакоі (тон 8). Анёл юнакоў у печы расою асьвяжыў, а цяпер жанчынам плач на радасьць перамяніў, кажучы: "Нашто прыносіце міра? Каго шукаеце ў магіле? Устаў Хрыстос Бог, бо Ён – жыцьцё і збаўленьне роду людзкога".
Пасьля шостай песьні: Кандак (тон 1). Весяліся, Бэтлееме; Эўфрата, рыхтуйся, бо вось Дзева носіць ва ўлоньні вялікага Пастыра, і ідзе ўжо радзіць. Убачыўшы Яго, баганосныя айцы весяляцца і разам з пастухамі славяць Дзеву. Ікас. Убачыўшы сьвятло Твайго сынараджэньня, багалюбны Абрагам радуецца, а з ім Ісаак добрапамятны, і Якуб, і ўвесь Богам абраны хор сьвятых. Яны прыводзяць усё стварэньне Табе насустрач, пяючы радасна: "Ты сталася Хадайніцай радасьці для ўсіх, маючы ва ўлоньні Таго, хто быў бачны некалі ў Бабілёне, дзе Ён захаваў непашкоджанымі юнакоў, няправедна ўкінутых у печ, і явіў сябе вышэй за ўсякі розум. Таму ўсе, бачачы Яго на руках Маці, славяць Цябе, Дзева.
Дзевятая песьня нядзельная належнага тону. перадсьвяцьця (тон 1). Тайна дзіўная, страшная і слаўная! Госпад славы прыходзіць на зямлю і, зьбяднеўшыся, уваходзіць як дзіцятка ў пячору, хочучы паклікаць зноў Адама і вызваліць Эву ад цярпеньняў. Сваімі пялёнамі Ты разьвязваеш путы грахоў, сваім зьбядненьнем узбагачаеш усіх нас, Шчодры; ад неразумнай злосьці вызваляеш людзей, паклаўшыся ў ясьлях неразумнае жывёлы, Спрадвечнае Божае Слова. Слава ... цяпер ...: Казаньні прарокаў атрымалі спаўненьне: тое, што яны прадраклі, што мала стацца ў канцы часу, прыйшло і зьявілася нам, уцелавіўшыся ад чыстае Дзевы. Дык прымем Яго з чыстым розумам.
Экзапастыляр нядзельны і наступныя: Слава ...: Абраныя патрыярхі і айцы, – Абрагам, Ісаак і Якуб, – да прыйсьця Закону зьзялі сьветачамі веры. Прарокі і праведнікі, што прыйшлі пасьля іх, быццам сьвечкі, прасьвятлілі ўсё стварэньне промнямі прароцтваў. Цяпер яны моляцца за ўсіх нас. Цяпер ...: Авечка чыстая нарадзіла ў апошні час у дзівосны спосаб Ягнё–Слова спрадвечнае, унука Адамавага і Давідавага. У чаканьні Ейнага невыказнага сынараджэньня мноства айцоў радасна сьвяткуе.
Пахвальныя псалмы 4 нядзельныя належнага тону 4 і наступныя айцоў: (Тон 5). Уздымі голас твой, горадзе Божы Сыёне, і прапаведуй памяць айцоў, ушануй Абрагама з Ісаакам і Якубам слаўнымі, разам з Юдам і Левіем узьвялічвай Майсея вялікага, Аарона цудоўнага, і з Давідам Ісуса і Самуэля. Засьпявай перадсьвяточную пахвальную песьню Хрысту, просячы ласкі і велічы зьмілаваньня сьвету ўсяму. (Двойчы) Верш. Блаславёны і ўсяхвальны Ты, Божа айцоў нашых, і імя Тваё хай славіцца на вякі. Прыходзь Ільля, што некалі сеў на вогненную калясьніцу, і багамудры Елісей з Езакіелем разам узрадуйцеся, і пачэсныя дванаццаць прарокаў боганатхнёных; цешцеся з нараджэньня Хрыстовага і вы, блаславёныя праведныя юнакі, што расою Духа пагасілі полымя ў печы. Маліце Хрыста паслаць душам нашым веліч зьмілаваньня. Верш. Бо справядлівасьць Твая яўная ўва ўсім, што Ты зрабіў для нас. Явілася на зямлі Багародзіца Дзева, якую прарокі адвеку прапаведавалі, і ўсе патрыярхі і хоры праведнікаў прадвяшчалі. Сьвяткуюць з імі і пабожныя жанчыны – Сара, Рэбэка, Рахэля і Ганна, і слаўная Марыям, сястра Майсея. Цешацца ўсе канцы зямлі, і ўсё стварэньне аддае пашану Творцу ўсіх і Богу, які прыходзіць нарадзіцца ў целе і дараваць нам веліч зьмілаваньня. Слава ... (Тон 8). Боскае Хрыстовае нараджэньне ў целе яўляе спаўненьне законных вучэньняў. Тыя, што прапаведавалі ласку да Закону, дзякуючы веры праявілі сябе вышэйшымі за Закон. Яны прапаведавалі тым, што ў апраметнай, вызваленьне ад тленнасьці праз уваскрасеньне. Госпадзе, слава Табе! Цяпер ...: Найблаславёная Ты, Багародзіца Дзева...
Літургія
Трапары Трапар нядзельны належнага тону. Трапар перадсьвяцьця: (тон 4). Бэтлееме, рыхтуйся; адчыніся, раю; красуйся, Эўфрата, бо вось дрэва жыцьця зацьвітае ў пячоры ад Дзевы: улоньне Яе сталася раем духоўным, у якім прарос Божы парастак, ад якога спажыўшы, жыць будзем, а не памрэм як Адам. Хрыстос родзіцца, каб раней упалы вобраз узьняць. Трапар айцоў (тон 2). Магутная сіла веры: дзякуючы ёй тры сьвятыя юнакі сярод полымя, быццам у вадзе крынічнай, радуюцца; і Даніла прарок сярод ільвоў, быццам пастыр сярод авечак сваіх. Малітвамі іх, Хрысьце Збавіцелю, збаў душы нашы. Слава ... Кандак айцоў (тон 6). Не пакланіўшыся рукатворнаму вобразу, узброеныя невымоўнай сілаю Божаю, вы, тройчы блаславёныя юнакі, праславіліся ў вогненным выпрабаваньні. Пасярод нясьцерпнага полымя вы клікалі Бога, кажучы: "Сьпяшайся, Шчодры, прыйдзі хутка на дапамогу нам, бо Ты, Міласэрны, калі хочаш, можаш усё". Цяпер ... Кандак перадсьвяцьця (тон 3): Сёньня Дзева ідзе ў невыказны спосаб радзіць у пячоры спрадвечнае Слова: сьвяткуй, сусьвет, і разам з анёламі і пастухамі слаў спрадвечнага Бога, што, як дзіця малое, на сьвет прыходзіць.
Пракімен: (Дан 3:26,27). Блаславёны і ўсяхвальны Ты, Божа айцоў нашых, і імя Тваё хай славіцца на векі. Верш: Бо справядлівасьць Твая яўная ва ўсім, што Ты зрабіў для нас.
Апостал: Гэб 11:9–10; 32–40
Алілуя (Пс 98:56; 33:18). Майсей і Аарон – сьвятары Яго, і Самуіл сярод тых, што клічуць імя Яго. Верш: Усклікнулі праведнікі, і Госпад пачуў іх, і ад усіх бедаў выбавіў іх.
Евангельле: Мц. 1:1–25
Прычасьнік. Хваліце Госпада з нябёсаў, хваліце Яго на вышынях. Верш: Усклікніце, праведнікі, Госпаду ў радасьці: хвала пасуе праведным. Алілуя, алілуя, алілуя. Вярнуцца назад |