ВЯЧЭРНЯ
На "Госпадзе, Цябе клічу...": 4 нядзельныя, 3 перадсьвяцьця і 3 айцоў.
Песьні перадсьвяцьця (тон 6). Незаходнае Сонца
ідзе зазьзяць з дзявочага ўлоньня, каб прасьвятліць увесь сьвет. Сустрэнем Яго з
чыстым сэрцам і добрымі ўчынкамі, і Духам Сьвятым падрыхтуемся прывітаць Таго,
хто прыходзіць да сваіх у дзіўным нараджэньні сваім, як сам захацеў, каб,
нарадзіўшыся ў Бэтлееме, тых, што былі выгнаныя з раю, зноў вярнуць туды ў
вялікай міласэрнасьці сваёй.
Той, каго носяць хэрувімы, Бог–Слова, пасяліўшыся ў
бязьвінным улоньні, прыняўшы цела і стаўшыся чалавекам, зыходзіць на зямлю, каб
нарадзіцца ад племя Юдавага. Пячора сьвятая ўпрыгожваецца, быццам хорам вялікі
Уладара ўсіх, а ясьлі стаюцца вогненным пасадам, на які Дзева Марыя кладзе
Незьмяшчальнага, які прыходзіць Дзіцяткам, каб абнавіць ўсё стварэньне.
Дзева, нарадзіўшы ў невыказны спосаб Цябе, Спрадвечнае Слова,
паклала ў ясьлі бяздумных жывёлаў, бо Ты прыйшоў вызваліць мяне, які быў трыманы
ў бяздумнасьці зайздрасьцю зьмяі. Ты, адзіны добры і чалавекалюбны, быў спавіты
ў пялёны, каб разарваць путы маіх правінаў. Дзеля гэтага слаўлю Цябе ў песьнях і
пакланяюся радасна Твайму прыйсьцю ў целе, якое вызваліла мяне.
Айцоў (тон 8). Памяць сьвятых праайцоў зьявілася
ўсяму сьвету, поўная праўдзівага сьвятла, зьзяючы промнямі ласкі; бо Хрыстос –
Сонца яснае – зазьзяў здалёку і вядзе з сабою грамаду сьветлых зорак.
Богачалавечае нараджэньне аб'яўляецца ў Бэтлееме, і мы радасна пляскаем у далоні
і аддаем Яму перадсьвяточную хвалу.
Сьвятыя айцы ўпрыгожваюцца славаю боскага ўдзелу ў нашай
прыродзе. Цешыцца сёньня Адам, аснова і ўмацаваньне мудрых праайцоў; радуюцца з
ім Авель і Энох; Сэт і Ной разам весяляцца; Абрагам усяхвальны з патрыярхамі
пяе, і Малхісадэк з вышыні бачыць нараджэньне без Айца. І мы, спраўляючы памяць
сьвятых праайцоў, молімся за збаўленьне душ нашых.
Тры багамудрыя юнакі зазьзялі радасна ў печы і прапаведавалі
Хрыстовае на зямлі нараджэньне: бо Госпад сышоў, быццам раса, захаваўшы Тую, што
нарадзіла Яго, беззаганнаю, і ўзбагаціўшы Яе боскімі дарамі. Таму і Даніла
богапрыемны, які прадбачыў ясна камень, адсечаны ад скалы, радуецца і няспынна
моліцца за збаўленьне душ нашых.
Слава ...
(Тон 6). Даніла, муж жаданьняў духоўных, убачыўшы
Цябе быццам камень што без рукі быў адсечаны, прадказаў бясьсеменае нараджэньне
Тваё, нязьменны Божа і Збавіцелю душ нашых, што прыняў цела ад Дзевы.
Цяпер ...
перадсьвяцьця (тон 6).
Рыхтуйся, пячора, бо вось ідзе Маці, маючы ва ўлоньні Хрыста. Ясьлі, прымеце
Таго, хто словам вызваліў народжаных на зямлі ад бяздумных дзеяньняў. Пастушкі,
заграйце на жалейках і будзьце сьведкамі вялікага цуду. Мудрацы пэрскія,
прынясеце золата, ладан і сьмірну Ўладару ўсіх, бо Госпад зьявіўся нам ад
Дзевы-Маці. Трымаючы Яго на руках сваіх, Маці Ягоная пакорна пакланілася Яму,
кажучы: "Як гэта Ты пасяліўся ва ўлоньні маім, і якім чынам узрос ад Мяне,
Збавіцелю і Божа мой?"
Чытаньне кнігі Роду
Аўрам, пачуўшы, што ягоны сваяк Лот патрапіў у палон, узяў з
сабою трыста васемнаццаць найбольш дасьведчаных хатніх сваіх і кінуўся ў пагоню
аж да Дана. Уночы, падзяліўшы людзей сваіх на загоны, ён напаў на ворагаў і
разьбіў іх, а потым гнаўся за імі аж да Хобы, што на захад ад Дамаску. Такім
чынам ён адабраў усю маёмасьць і вярнуў назад Лота з яго дабром, жонкамі і
слугамі. Калі Аўрам вяртаўся з перамогі над Кедарлёамерам і царамі, што былі з
ім, цар Садомскі выйшаў яму насустрач да даліны Шавэ, гэта значыць Каралеўскай.
І Малхісадэк, цар Салімскі, вынес хлеб і віно – бо ён быў сьвятаром Бога
Усявышняга, – і блаславіў Аўрама, кажучы: "Хай Бог Усявышні, Тварэц неба і
зямлі, блаславіць цябе, Аўраме; і хай будзе блаславёны Бог Усявышні, які аддаў
ворагаў тваіх у рукі твае". (14:14–20)
Чытаньне кнігі Другога Закону
У той час сказаў Майсей сыном Ізраілевым: "Вось даю вам зямлю
– ідзеце, вазьмеце яе сабе ў спадчыну, якую Госпад кляўся даць айцом вашым
Абрагаму, Ізааку і Якубу, і нашчадкам іх. У той час я сказаў вам: я не змагу
адзін узяць на сябе вашыя цяжкасьці. Госпад Бог ваш размножыў вас – сёньня вас,
як зорак у небе. І няхай Госпад, Бог айцоў вашых, размножыць вас яшчэ ў тысячу
разоў і блаславіць вас, як абяцаў. Але як жа мне аднаму насіць вашыя цяжкасьці,
вашыя клопаты і непаладкі? Дык абярыце сабе спаміж каленаў вашых мужоў разумных,
паважных і дасьведчаных, і я пастаўлю іх вам начальнікамі. І вы мне адказалі:
добрую рэч хочаш зрабіць. Дык вось я ўзяў старшыняў з каленаў вашых, мужоў
мудрых, паважных і дасьведчаных, і паставіў іх тысячаначальнікамі, сотнікамі,
пяцідзесятнікамі і дзесятнікамі, каб былі кіраўнікамі ў каленах вашых. У той
самы час я даў такі наказ судзьдзям вашым: Выслухоўвайце братоў вашых, судзеце
справядліва справу кожнага, з братам яго ці з чужынцам. Калі судзіце, не
глядзеце на аблічча, выслухоўвайце аднолькава малога і вялікага, ня бойцеся
нікога, бо суд Божы ёсьць." (1:8–17)
Чытаньне кнігі Другога Закону
У той час сказаў Майсей сыном Ізраілевым: "Неба і нябёсы
нябёсаў, зямля і ўсё, што напаўняе яе, належаць Госпаду Богу твайму. Толькі да
айцоў вашых прыхінуўся Госпад і палюбіў іх, і выбраў іх і іхняе патомства сярод
іншых народаў – аж па сёньняшні дзень. Дык абрэжце сэрцы вашыя, і няхай шыі
вашыя ня будуць цьвёрдымі. Бо Госпад Бог ваш – Бог над багамі і Уладар над
уладарамі, Бог вялікі, магутны і страшны, які не зважае на асобу і не прымае
падарункаў; Ён чыніць справядлівасьць сіраце і ўдаве, мілуе чужынца, даючы яму
хлеб і вопратку. Вы таксама любеце чужынцаў, бо самі былі чужынцамі ў зямлі
Ягіпскай. Госпада Бога твайго бойся, Яго трымайся, Яму служы і імем Ягоным
кляніся. Ён – твая слава, Ён Бог твой, што ўчыніў для цябе вялікія і страшныя
рэчы, якія ты бачыў на ўласныя вочы." (10:14–21)
Вершапесьні
песьні нядзельныя належнага тону.
Слава ...
Айцоў (тон 2). Радуйцеся, пачэсныя прарокі,
непераможныя і непарушныя стаўпы, што добра споўнілі закон Гасподні. Дасягнуўшы
неба, вы сталіся хадайнікамі новага Закону Хрыстовага. Маліце Яго даць сьвету
супакой і збавіць душы нашыя.
Цяпер ...
перадсьвяцьця
(тон 2). Ужо блізка час нашага збаўленьня:
рыхтуйся, пячора, бо вось Дзева ідзе радзіць. Бэтлееме, зямля Юдава, красуйся і
цешся, бо з цябе зазьзяў Госпад наш; пачуйце, горы і ўзгоркі, і ўсё навакольле
юдэйскае, бо ідзе Хрыстос, каб, як Чалавекалюбец, збавіць чалавека, якога
стварыў.
Адпушчальныя трапары:
Трапар нядзельны належнага тону.
Слава ...:
Трапар айцоў (тон 2). Магутная сіла веры: дзякуючы
ёй тры сьвятыя юнакі сярод полымя, быццам у вадзе крынічнай, радуюцца; і Даніла
прарок сярод ільвоў, быццам пастыр сярод авечак сваіх. Малітвамі іх, Хрысьце
Збавіцелю, збаў душы нашы.
Цяпер ...:
трапар перадсьвяцьця (тон 4).
Бэтлееме, рыхтуйся; адчыніся, раю; красуйся, Эўфрата, бо вось дрэва жыцьця
зацьвітае ў пячоры ад Дзевы: улоньне Яе сталася раем духоўным, у якім прарос
Божы парастак, ад якога спажыўшы, жыць будзем, а не памрэм як Адам. Хрыстос
родзіцца, каб раней упалы вобраз узьняць.
|