Галоўная > Мінэя - Сьнежань > 24 сьнежня - Чаканьне (Вігілія) нараджэньня Г. Н. Ісуса Хрыста і сьв. мучаніцы Яўгеніі

24 сьнежня - Чаканьне (Вігілія) нараджэньня Г. Н. Ісуса Хрыста і сьв. мучаніцы Яўгеніі


16 чэрвеня 2008.

Вячэрня


На "Госпадзе, Цябе клічу...":

Увага: Калі 24 сьнежня будзе нядзеля, гл. службу Нядзелі айцоў.

(Тон 5). Дасканалы вобраз Божы, Ты прыняў Адамаў выгляд і захацеў, каб Цябе насілі на руках, хоць Ты сам рукою сваёю трымаеш усё стварэньне. Чыстая і Беззаганная сказала Табе голасна: "Як мне спавіць Цябе ў пялёны, быццам немаўля; як карміць Цябе, які корміш усіх? Як мне не дзівіцца ўбогасьці Тваёй, што пераўзыходзіць розум; як я, слуга Твая, буду называць Цябе Сынам маім? Слаўлю і бласлаўляю Цябе, які даеш сьвету веліч зьмілаваньня".

Усебеззаганная, убачыўшы Дзіця – спрадвечнага Бога, – што нарадзілася ад Яе, на руках трымаючы Яго і цалуючы, усклікнула, поўная радасьці: "Божа найвышэйшы, як гэта я бачу Цябе, нябачнага Ўладара? Не магу зразумець тайны бязьмежнага ўбоства Твайго: маленькая пячора, чужая, зьмяшчае Цябе, які ў нараджэньні сваім зьбярог маё дзявоцтва і дараваў сьвету веліч зьмілаваньня".

Усячыстая, пачуўшы мудрацоў, што стаялі перад пячораю, сказала: "Каго вы шукаеце? Бачу, што вы прыйшлі здалёку, бо выгляд ваш незнаёмы і гутарка; вы пэўна зрабілі вялікае падарожжа, каб прыйсьці пакланіцца Падарожніку з вышыняў, што дзіўным спосабам ува мне пасяліўся, каб дараваць сьвету веліч зьмілаваньня".

Сьвятое (тон 5). Пакінуўшы красу сьвету, прасьвятліўшы высакародную душу тваю дабротамі з вышыні, і захаваўшы ласкаю чысьціню беззаганную, ты была прыкладам дзявоцтва, Мучаніца Яўгеньня ўсяхвальная, кветка дасканалая.

Словам і жыцьцём, ласкаю і цярпеньнямі душу сваю ўпрыгожыўшы, ты прывяла хоры мучанікаў і дзеваў да Таго, хто зазьзяў ад Дзевы і адкрыў усім уваход да жыцьця, Яўгеньня мудрая. З імі разам малі Яго за збаўленьне душ нашых.

Ахоўнік справядлівасьці ўпрыгожыў цябе падвойным вянцом Мучаніцы і Дзевы, і пасяліў цябе, нявеста Хрыстовая, у цудоўнымі сьветлым хораме, узбагаціўшы сваёю ласкаю.

Слава ... цяпер ...

(Тон 2). Ужо блізка час нашага збаўленьня: рыхтуйся, пячора, бо вось Дзева ідзе радзіць. Бэтлееме, зямля Юдава, красуйся і цешся, бо з цябе зазьзяў Госпад наш; пачуйце, горы і ўзгоркі, і ўсё навакольле юдэйскае, бо ідзе Хрыстос, каб, як Чалавекалюбец, збавіць чалавека, якога стварыў.


Вершапесьні

(Тон 1). Пачуўшы аб нараджэньні Тваім, Уладару, мудрацы з Усходу прыйшлі і прынесьлі ў дар Табе ладан, смірну і золата; і вось стаяць перад дзьвярыма. Дык загадай ім увайсьці, каб яны ўбачылі, як Ты, старэйшы за першага Адама, як немаўля, спачываеш на руках маіх.

Верш. Бог ідзе з поўдня, Сьвяты з гары, пакрытай цяністым гаем.

"Уваходзьце – Дзева кажа мудрацом, – і гляньце на Нябачнага, які стаўся бачным у выглядзе дзіцяці". Яны са страхам увайшлі і, пакланіўшыся, аддалі дары свае, споўніўшы Боскае прароцтва.

Верш. Госпадзе, я пачуў голас Твой і спалохаўся; зразумеў учынкі Твае і жахнуўся.

"Як немаўля на руках нашу Цябе, які носіш усё, і дзіўлюся – кажа Бязьвінная Дзева, – як я буду карміць Цябе, які корміш усіх, Сыне і Творча мой? Слаўлю Тваё прыйсьце да людзей для збаўленьня сьвету ад загубы".

Слава ... цяпер ...

(Тон 6). Сьвяткуй, Сыёне; цешся, Ерусаліме, горадзе Хрыста Бога, сустрэнь Тварца, які зьмясьціўся ў пячоры ў ясьлях; адчыніце вароты, каб мне, увайшоўшы, бачыць Дзіцятка, спавітае ў пялёны, – Жыцьцядаўца Госпада, Збавіцеля душ нашых, які рукою сваёю трымае ўсё стварэньне і якога анёлы няспынна славяць.


Адпушчальныя трапары:

Сьвятое (тон 4). Ягнё Тваё, Ісусе, Яўгеньня, кліча моцным голасам: "Цябе, Жаніх мой, люблю і, Цябе шукаючы, мукі перанашу, і расьпінаюся з Табою, і пахаваньне прымаю ў хрышчэньні Тваім, і цярплю за Цябе, каб панаваць з Табою, і паміраю за Цябе, каб з Табою жыць; Ты ж прымі мяне, як ахвяру чыстую, што з любоўю прыносіцца Табе". Малітвамі яе, Міласэрны, збаў душы нашы.

Слава ... цяпер ...

Чаканьня (тон 4). Марыя, маючы ва ўлоньні сваім без семя Зачатага, пайшла разам з Язэпам на перапіс у Бэтлеем, бо была з дому Давідавага. Надышоў час радзіць Ёй, і нідзе не знайшлося месца для Яе. І вось пячора сталася сьветлым хорамам Каралевы. Хрыстос родзіцца, каб раней упалы вобраз узьняць.


Ютрань


Пасьля "Госпад – Бог ...": трапар перадсьвяцьця тройчы.


Сядальная песьня 1 (тон 6). Сёньня спаўняюцца прадказаньні прарокаў: Бог наш, застаючыся нязьменным, ідзе радзіцца невыказна ад Дзевы Марыі. Мудрацы зьбіраюцца ў дарогу з дарамі, пастухі чакаюць на полі, і мы разам з імі пяём: "Госпадзе, які нарадзіўся ад Дзевы, слава Табе!".

Слава ... цяпер ...: тое самае.


Сядальная песьня 2 (тон 8). Анёлы ўсклікнулі пастухом, якія гралі на жалейках: "Спыніце граньне, апекуны статкаў, але засьпявайце радасна і ўсклікніце, што нарадзіўся Госпад Хрыстос Бог, каб збавіць род людзкі".

Слава ... цяпер ...: тое самае.


Канон (тон 2)

Песьня 1

Ірмас. Як некалі Магутная Сіла патапіла ў глыбіні марской фараонава войска, так Слова, што сталася целам, злосны грэх знішчыла: Усяхвальны Госпад уславіўся.

На загад кесара, Ты, Уладару ўсіх, запісаны, каб запісаць чалавека ў кнізе жыцьця. Ты прыйшоў да сваіх як чужы, і клічаш да неба тых, што страцілі яго.

Прымай, Бэтлееме, Хрыста, які прыходзіць да цябе, каб прыняць цела і адкрыць мне рай. Рыхтуйся, пячора, зьмясьціць у сабе Незьмяшчальнага, які ў велічы добрасардэчнасьці сваёй сёньня стаўся ўбогім дзеля нас.

Хрыстос ідзе радзіцца, каб, як Бог, адрадзіць нашчадкаў Адама. Цешся, чалавечая прырода, што стался няплоднай як пустыня, бо вось прыходзіць Уладар зрабіць цябе шматдзетнай.

Песьня 3

Ірмас. Царква народаў, што раней была няплоднай, быццам пустыня, зацьвіла, як кветка, прыйсьцем Тваім, Госпадзе. У ёй умацавалася сэрца маё.

Каб выбавіць мяне ад грэшных путаў, Ты, Чалавекалюбча, захацеў быць спавітым у пялёны, як немаўля. Пакланяюся Тваёй Боскай спагадлівасьці.

Дзева ідзе радзіць у часе Цябе, які зазьзяў спрадвеку ад Айца, каб вызваліць ад часовых страсьцяў душы нашыя.

У пошуках мяне, што заблудзіў у сваіх правінах, Ты, шматміласэрны і добры, зрабіў сабе жыльлём пячору, быццам неба, каб прыгатаваць мне нябеснае жыльлё.

Сядальная песьня (тон 8). Сёньня зямля мне здаецца небам, бо на ёй, у Бэтлееме Юдэйскім, родзіцца Творца і кладзецца ў ясьлі. Пастухі з анёламі няспынна пяюць: "Слава на вышынях, супакой на сьвеце". Яны бачылі зорку, што ішла перад мудрацамі, якія сьпяшаліся прынесьці дары – золата, сьмірну і ладан, – існаму Богу і Творцу ўсіх, і Ўладару спрадвечнаму, які ў міласэрнасьці сваёй нарадзіўся ў пячоры.

Песьня 4

Ірмас. Не хадайнік, не анёл, але сам Ты, Госпадзе, прыйшоў ад Дзевы і збавіў мяне, чалавека. Таму я ўсклікаю: Слава сіле Тваёй, Госпадзе!

Хай усё стварэньне адкіне старое, убачыўшы Цябе, Творцу ўсяго, у выглядзе немаўляці. У Тваім нараджэньні Ты нанова стварыў і абнавіў усё, і вярнуў да першаснае красы.

Мудрацы, скіроўваныя боскаю зоркаю, сталі ў зьдзіўленьні перад Тваім слаўным нараджэньнем. Яны ўбачылі Сонца, што ўзышло з дзявочай хмары, і прынесьлі Яму дары.

Вось прыходзіць Дзева, маючы ва ўлоньні Ягнё, што адымае грахі сьвету. Хай радуецца і сьвяткуе ўсё стварэньне!

Сказаньні прарокаў, што прадказалі зьяўленьне Хрыста, сёньня атрымалі збавеннае спаўненьне. Вось Ён прыходзіць у целе, каб прасьвятліць тых, што пакутуюць у цемры.

Песьня 5

Ірмас. Хадайнікам Бога і людзей Ты быў, Хрысьце Божа: Табою, Уладару, мы атрымалі доступ з ночы няведаньня да Начальніка сьвятла, Айца Твайго.

Хай людзі, што некалі сядзелі ў цемры, убачаць Незаходнае Сьвятло – Таго, каго зорка абвясьціла пэрскім царам–агнепаклоньнікам.

Вялікі Ўладар і магутны Бог сьпяшаецца ўвайсьці ў малую пячору, каб мяне, скоранага, узьвялічыць, і, зьбяднелага, узбагаціць бязьмерным багацьцем.

Сёньня ад Якуба, як прадказаў Валаам, родзіцца Хрыстос, які будзе панаваць над народамі, і валадарства Ягонае, узмоцненае ласкаю, застанецца назаўсёды.

Песьня 6

Ірмас. З бездані грахоў маіх неспасьціглую бездань міласэрнасьці Тваёй клічу: ад тленнасьці, Божа, уздымі мяне.

У дзівосны спосаб Хрыстос прыходзіць да сваіх: дык пакінем грахі і прымем Яго, бо Ён жыве ў пакорных, ціхіх і лагодных душах.

Ты, Бэтлееме, ня меншы за іншыя гарады, бо ў табе народзіцца Ўладар і Госпад, які будзе пасьвіць свой народ.

Як гэта малая пячора можа зьмясьціць Цябе, каго ўвесь сьвет зьмясьціць ня можа? Як гэта Ты, спрадвечны з Айцом, аб'яўляешся нам, як немаўля?


Кандак (тон 3). Сёньня Дзева ідзе ў невыказны спосаб радзіць у пячоры Спрадвечнае Слова: сьвяткуй, сусьвет, і разам з анёламі і пастушкамі слаў Бога спрадвечнага, які, як дзіцятка малое, на сьвет прыходзіць.

Ікас. Сказаньні прарокаў сёньня спаўняюцца: вось Дзева родзіць Дасканалага ў горадзе Бэтлееме ў пячоры. Усё стварэньне хай абнаўляецца, цешыцца і сьвяткуе, бо між слугаў жыць прыходзіць Уладар усіх, каб выбавіць нас, падуладных тленнасьці, ад варожай улады; у пялёны спавіваецца спрадвечны Бог, які, як дзіцятка малое, на сьвет прыходзіць.

Песьня 7

Ірмас. Богапраціўны загад беззаконнага мучыцеля ўзьняў высока полымя; расу духоўную паслаў набожным юнаком Хрыстос блаславёны і ўсяслаўны.

Хай хмары пояць зямлю расою, бо вось Той, для каго хмары служаць усходамі, прыходзіць ва ўлоньні Дзевы, быццам на хмары. Сьвятло незаходнае ідзе зазьзяць тым, што раней сядзелі ў цемры.

Хоры анёлаў, рыхтуйцеся, каб уславіць у песьнях невыказны Божы зыход. Мудрацы, ідзеце хутка, пастухі, сьпяшайцеся: бо вось прыходзіць Хрыстос, чаканьне і збаўленьне народаў.

"Што гэта за дзіўны і вялікі цуд? Як гэта я буду насіць Цябе, які словам сваім носіш усё? Невыказнае нараджэньне Тваё, спрадвечны Сыне мой", – кажа Ўсячыстая, трымаючы на руках са страхам Хрыста.

Песьня 8

Ірмас. Некалі печ вогненная ў Бабілёне хальдэяў спаліла, а верных на загад Бога акрапіла расою, і яны запяялі: "Усе творы Гасподнія, блаславіце Госпада!".

Беззаганная дзівілася велічы тайны, больш недаступнай розуму за неба, і казала: "Пасад нябесны гарыць полымем, калі Ты сядзіш на ім: дык як жа Я буду насіць Цябе, Сыне мой?".

Ты, Сыне мой, – вобраз і падабенства Айца, дык як гэта Ты, зьбяднеўшы, прыняў выгляд слугі? Як пакладу ў ясьлях неразумных жывёлаў Цябе, які збаўляе нас ад неразумнасьці? Слаўлю Тваю дабрыню.

Радуйся, зямля, бо вось Хрыстос ужо набліжаецца да Бэтлеему, каб там нарадзіцца. Мора, весяліся, хоры прарокаў, сьпявайце, убачыўшы спаўненьне вашых прароцтваў, і ўсе людзі, радуйцеся.

Песьня 9

Ірмас. Сын спрадвечнага Айца, Госпад і Бог, прыняў ад Дзевы цела і зьявіўся нам, каб прасьвятліць тых, што ў цемры, і сабраць расьцярушаных. Дзеля гэтага мы ўсяхвальную Багародзіцу ўзьвялічваем.

Хай ўсе зямныя ўладары пяюць, хай цешацца народы: сёньня горы, даліны, узгоркі, рэкі, мора і ўсе стварэньні ўзьвялічваюць Госпада, які нарадзіўся.

Некалі Ты зьяўляўся прарокам, наколькі яны маглі бачыць Цябе; а ў апошні час Ты стаўся чалавекам і аб'явіўся ўсім у Юдэйскім месьце Бэтлееме, і зорка паказала Цябе тым, што вывучалі зоркі.

"Любае Дзіця маё! Як я буду карміць Цябе, які корміш усё; як буду трымаць Цябе, які рукою сваёю трымаеш усё? Як спаўю ў пялёны Цябе, які спавіваеш зямлю імглою?" – усклікнула ўсячыстая Дзева, якую мы няспынна ўзьвялічваем.


Экзапастыляр (сьвяцільнік). Той, хто жыве ў недасяжным сьвятле і трымае ў быцьці ўсё, у невыказнай дабрыні родзіцца ад Дзевы, і спавіваецца ў пялёны як немаўля; у пячоры кладзецца ў ясьлі неразумнай жывёлы. Дык пойдзем хутка ў Бэтлеем з мудрацамі, каб пакланіцца Яму і прынесьці ў дар плён нашых добрых учынкаў.

Слава ... цяпер ...

Прынясем, верныя, песьню хвалы Дзеве Марыі, што сёньня ідзе ў Бэтлеем, каб нарадзіць Хрыста Спаса. Мудрацы з дарамі, ідзеце за зоркаю разам з намі пакланіцца Яму; пастухі, сьпяшайцеся разам з анёламі ўсхваліць Таго, Хто мае нарадзіцца: "Слава Табе, які нарадзіўся ў пячоры і быў пакладзены ў ясьлях!".

Пахвальныя псалмы

(Тон 6). Зорка зазьзяла ад Якуба ў пячоры, дык пачнем сьвяткаваць, пойдзем разам з мудрацамі і пастухамі, і ўбачым Бога, спавітага ў пялёны, і Дзеву, якая корміць Яго. Вялікі Цуд! Цар Ізраіля, Хрыстос, прыходзіць на сьвет!

Хоры анёлаў славявць сёньня Цябе, Усячыстая Дзева Маці, і радуюцца з Твайго сынараджэньня: "Радуйся, надзея верных; радуйся, заступніца тых, што славяць Цябе! З імі і мы ўсклікаем: "Блаславёны Ты, Божа, які прыйшоў на сьвет. Слава Табе!".

Сьвятло зазьзяла з кораня Ясеевага, як прадказаў сьвяты прарок: бачым Дзеву, што звышпрыродна родзіць у пячоры дарагую кветку, роўнапасадную Айцу на вышынях. Дык усклікнем, людзі: "Блаславёны Ты, Божа, які прыйшоў на сьвет. Слава Табе!".

Сёньня Адам пакліканы ад блуду і ад змрочнага ашуканства ворага, бо Хрыстос, прыняўшы цела ад Дзевы і стаўшыся чалавекам, абнаўляе яго і адмяняе праклён Эвы. Дык усклікнем, людзі: "Блаславёны Ты, Божа, які прыйшоў на сьвет. Слава Табе!".

Слава ...

(Тон 6). Хадзі, Бэтлееме, рыхтуйся да родаў. Ідзі, Язэпе, з Марыяю на перапіс. О, чыстыя ясьлі, о баганосныя пялёны, у якіх спавітае Жыцьцё – Хрыстос Бог наш – разрывае путы сьмерці і прыводзіць людзей да нятленнасьці.

Цяпер ...

Блаславёнае ўлоньне Божае Дзевы сталася больш прасторным за неба, бо насіла ў сабе Таго, каго неба зьмясьціць ня можа. Блаславёныя грудзі Дзевы, што кармілі Хрыста, які корміць усё жывое стварэньне, і які прыняў цела ад Тае, што ня знала мужа.


Вершапесьні

(Тон 2). Ты, Дзева, явілася домам Усемагутнага! У Табе пасяліўся Госпад славы, які сёньня ідзе нарадзіцца.

Верш. Бог ідзе з поўдня, Сьвяты з гары, пакрытай цяністым гаем.

У Бэтлееме ў ясьлях родзіцца ад Дзевы дзіцятка – Бог спрадвечны. Які цуд!

Верш. Госпадзе, я пачуў голас Твой і спалохаўся; зразумеў учынкі Твае і жахнуўся.

Духоўныя хоры анельскія на вышынях, разам з пастухамі і мудрацамі, усклікніце Богу, які нарадзіўся: "Слава Табе!".

Слава ...: Слава Табе, Ойча, Сыне і Духу, бо праз Цябе страшная тайніца абнаўленьня людзей сталася.

Цяпер ...: Радуйся, Дзева Багародзіца, што ад Духа Сьвятога нарадзіла Жыцьцё для збаўленьня ўсіх.


Вялікія гадзіны

Увага: Калі сьвята Нараджньня Г. Н. Ісуса Хрыста выпадае ў нядзелю або панядзелак, Вялікія гадзіны чытаюцца ў папярэднюю пятніцу.

Першая гадзіна


Сьвятар: Блаславёны Бог наш спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Чытальнік: Амін. Слава Табе, Божа наш, слава Табе.

Уладару нябесны, Суцяшальніку, Духу праўды, Ты ўсюды прысутны і ўсё напаўняеш, Скарбніца дабра і жыцьця Падаўча, прыйдзі і пасяліся ў нас, і ачысьці нас ад усяго благога, і збаў, Добры, душы нашы.

Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі. (Тройчы)

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Усесьвятая Тройца, зжалься над намі: Госпадзе, ачысьці грахі нашы; Уладару, даруй бясчынствы нашы; Сьвяты, наведай і аздараві немачы нашы дзеля Твайго імя.

Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня, і адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.

Сьвятар: Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Чытальнік: Амін.

Госпадзе, зьмілуйся. (12 разоў)

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Прыйдзіце, паклонімся Ўладару нашаму Богу.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста, Уладара нашага і Бога.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да самога Хрыста, Уладара і Бога нашага.


Псалом 5

Пачуй, Госпадзе, словы мае, да ўздыханьняў маіх прыслухайся.

Будзь уважлівы да малітвы маёй, Уладару мой і Божа мой!

Бо да Цябе, Госпадзе, малюся: раніцай голас мой пачуй, раніцай буду маліцца Табе і чакаць.

Бо Ты Бог не такі, што любіць беззаконьне: крывадушнікам няма месца ў Цябе.

Нязбожныя не ўстаяць перад Табою, Ты ненавідзіш усіх, што робяць беззаконьне;

Губіш усіх, што кажуць няпраўду. Госпаду агідныя крыважэрныя і няшчырыя.

Я ж, дзякуючы вялікай ласцы Тваёй, увайду ў дом Твой, пакланюся сьвятыні Тваёй у страху перад Табою.

Госпадзе, у справядлівасьці Тваёй будзь мне правадыром сярод ворагаў маіх, зрабі роўным шлях перада мною.

Бо ў вуснах іх няма шчырасьці, сэрцы іх пустыя, горлы іх – магілы адчыненыя, языкі іх лісьлівыя.

Судзі іх, Божа, хай абернуцца ў нішто намеры іх, дзеля безьлічы бясчынстваў іх адкінь іх, бо яны збунтаваліся супраць Цябе.

Хай узрадуюцца ўсе, што спадзяюцца на Цябе, хай цешацца давеку.

Ахоўвай іх: хай цешацца з Табою тыя, што любяць імя Тваё.

Бо Ты, Госпадзе, бласлаўляеш праведніка: быццам шчытом, пакрываеш яго.

Псалом 44

З сэрца майго б'юць крыніцай прыгожыя словы: песьню маю пяю Ўладару; Язык мой – пяро пісца.

Ты найпрыгажэйшы выглядам сярод сыноў людзкіх, ласка точыцца з вуснаў тваіх; дзеля гэтага паблаславіў цябе Бог на векі.

Прывяжы меч твой да боку твайго, Сільны, – гордасьць тваю і красу!

Сядзь на калясьніцу ва ўсёй красе тваёй і ідзі ўперад дзеля праўды, лагоднасьці і справядлівасьці, і хай правая рука твая праславіцца вялікімі справамі.

Стрэлы твае вострыя, народы пакараюцца табе, і млее сэрца ворагаў Уладара.

Пасад твой, Божа, на век вякоў; скіпетр валадарства твайго – скіпетр праведнасьці;

Ты любіш справядлівасьць і ненавідзіш беззаконьне: дзеля гэтага Бог, Бог твой, памазаў цябе алеем радасьці над усімі таварышамі тваімі.

Вопратка твая пахне мірам, касіяй і алоем; у харомах з косьці слановай цешаць цябе гукі радасныя;

Дочкі царскія – насустрач табе, каралева стаіць па правай руцэ тваёй, упрыгожаная ў золата афірскае.

Слухай, дачка, глянь і прыхілі вуха тваё, і забудзь народ твой, і дом бацькі твайго.

І ўладар будзе прагнуць красы тваёй: ён – твой госпад, і яму служы.

Вось дачка Тыру прыходзіць з дарамі; вяльможы людзкія будуць шукаць ласкі ў цябе.

Дачка каралеўская ўваходзіць ва ўсёй красе сваёй, апранутая ў залататканую вопратку.

У шматкаляровым вышываным адзеньні прыводзяць яе да Ўладара; усьлед за ёю ідуць дзевы, дружкі яе праводзяць яе.

Сярод радасьці і вясельля ўводзяць іх, і яны ўваходзяць у царскі хорам.

Замест бацькоў тваіх, будуць табе сыны твае: паставіш іх князямі па ўсёй зямлі.

Імя тваё зраблю памятным з пакаленьня ў пакаленьне; і на век вякоў будуць славіць цябе ўсе народы.

Псалом 45

Бог – мой прытулак і сіла: у цяжкасьцях Ён паказаў сябе магутным памочнікам.

Таму не збаімся, нават калі б зямля правалілася, і горы ўпалі ў сярэдзіну мора.

Хай воды марскія бушуюць і кіпяць, Хай горы хістаюца пад іхнім напорам: Госпад сіл з намі, Бог Якуба – абарона наша.

Плынь ракі нясе весялосьць у горад Божы – сьвятое жыльлё Ўсявышняга.

Бог сярод яго – дык не пахісьнецца, Бог перад сьвітаньнем дапаможа яму.

Захваляваліся народы, узбурыліся царствы, Госпад загрымеў громам, зямля задрыжэла.

Госпад сіл з намі, Бог Якуба – наша абарона.

Прыйдзіце, гляньце на ўчынкі Гасподнія, дзівосныя ўчынкі, што зрабіў на зямлі.

Ён прыпыняе войны па ўсёй зямлі, нішчыць лукі, ломіць коп'і, шчыты агнём паліць.

"Спыніцеся і пазнайце, што Я – Бог, вышэйшы за ўсе народы, вышэйшы за зямлю".

Госпад сіл з намі, Бог Якуба – наша абарона.

Слава ... цяпер ...

Алілуя, алілуя, алілуя, слава Табе, Божа. (Тройчы)

Госпадзе, зьмілуйся (Тройчы)

Слава ...

Трапар (Тон 4). Марыя, маючы ва ўлоньні сваім без семя Зачатага, пайшла разам з Язэпам на перапіс у Бэтлеем, бо была з дому Давідавага. Надышоў час радзіць Ёй, і нідзе не знайшлося месца для Яе. І вось пячора сталася сьветлым хорамам Каралевы. Хрыстос родзіцца, каб раней упалы вобраз узьняць.

Цяпер ...

Багародзічны. Як нам назваць Цябе, Поўная ласкі: небам, бо з Цябе зазьзяла Сонца Справядлівасьці? раем, бо Ты вырасьціла Кветку нятленнасьці? Дзеваю, бо Ты засталася непарушнаю? Чыстаю Маці, бо Ты мела ў абдымках Тваіх Сына, Бога ўсіх? Малі Яго за збаўленьне душ нашых.

(Тон 8). Бэтлееме, рыхтуйся, прыгатуйцеся, ясьлі; прымай, пячора: вось Праўда прыходзіць. Цень мінае, і Бог ад Дзевы людзям яўляецца, апрануўшыся ў нас і абагавіўшы цела. Таму і Адам абнаўляецца і разам з Эваю ўсклікае: "Ласка на зямлі зьявілася на збаўленьне роду людзкому!". (Двойчы)

Верш. Бог ідзе з поўдня, Сьвяты з гары, пакрытай цяністым гаем.

(Тон 3). Ужо блізка спаўненьне прароцкага прадказаньня, што кажа: "І ты, Бэтлеем, зямля Юды, што рыхтуеш пячору, нічым ня меншы сярод уладароў: з цябе прыйдзе для мяне Ўладар народаў, Хрыстос Бог наш, народжаны ад Дзевы, і, як Пастыр, Ён будзе пасьвіць людзей сваіх, новы Ізраіль". Дык уславім Яго!

Верш. Госпадзе, я пачуў голас Твой і спалохаўся; зразумеў учынкі Твае і жахнуўся.

Тое самае.

Слава ...

(Тон 8). Язэп кажа Дзеве: "Што гэта я бачу, што здарылася з Табою, Марыя? Не разумею і дзіўлюся, і жахаюся розумам, дык адыдзі ад мяне хутка паціху. Што гэта я бачу, што сталася з Табою, Марыя? Замест гонару – сорам; замест радасьці – сум; замест пахвалы Ты мне прынесла дакор. Не сьцярплю больш ганьбы ад людзей, бо ад сьвятароў, з сьвятыні Гасподняй я прыняў Цябе беззаганнаю. А цяпер што бачу?".

Цяпер ...: тое самае.


Пракімен (Пс 2:7). Госпад сказаў мне: Ты Сын Мой, сёньня Я нарадзіў Цябе.

Верш. Прасі ў Мяне, і дам Табе народы ў спадчыну Тваю, і канцы зямлі ва ўладаньне Тваё.


Чытаньне кнігі прарока Міхея

Так кажа Госпад: "І ты, Бэтлееме-Эўфрата, найменшы сярод плямёнаў Юды! З цябе выйдзе Мне Той, хто будзе панаваць у Ізраілю. Паходжаньне Ягонае з давён-даўна, з дзён спрадвечных. Таму ён пакіне іх да часу, калі народзіць тая, што мае нарадзіць. Тады рэшта братоў ягоных вернецца да сыноў Ізраіля. І ўстане ён, і будзе пасьвіць у сіле Госпада, у славе імя Госпада Бога свайго. А яны сядуць, бо веліч Ягоная будзе аж да канцоў зямлі". (5:1–3)


Чытаньне лісту сьвятога апостала Паўла да Гэбрэяў

Шматразова і рознымі спосабамі прамаўляў некалі Бог да айцоў праз прарокаў, у канцы ж гэтых дзён прамовіў да нас праз Сына, якога Ён паставіў спадкаемцам усяго і праз якога сьвет стварыў. Ён – водбліск Ягонае славы і вобраз Ягонае асобы, – трымаючы ўсё сваім магутным словам, і споўніўшы ачышчэньне грахоў, сеў на вышынях па правай руцэ Велічы, і стаўся так вышэйшым ад анёлаў, як вышэйшае атрымаў у спадчыну імя. Бо калі якому з анёлаў Ён сказаў: "Ты – Сын мой, сёньня Я цябе нарадзіў?" І зноў: "Я буду Яму Айцом, а Ён будзе Мне Сынам?" Калі ж зноў увёў Першароднага на сьвет, сказаў: "Хай пакланяюцца Яму ўсе анёлы Божыя". А да анёлаў сказаў: "Ён чыніць вятры пасланцамі сваімі, і слугамі сваімі полымя агню". А Сыну: "Пасад твой, Божа, на век вякоў; скіпетр валадарства твайго – скіпетр праведнасьці. Ты любіш справядлівасьць і ненавідзіш беззаконьне: дзеля гэтага Бог, Бог твой, памазаў цябе алеем радасьці над усімі таварышамі тваімі". Таксама: "Спачатку Ты, Госпадзе, заснаваў зямлю, і неба – твор рук Тваіх. Яны прамінуць, а Ты застаешся. Быццам вопратка, яны састарэюць, і, як адзеньне, Ты згортваеш іх, і яны мяняюцца. А Ты ўсё той самы, і гадом Тваім няма канца". (1:1–12)


Чытаньне Сьвятога Евангельля паводле Мацьвея

Нараджэньне Ісуса Хрыста адбылося так. Пасьля заручынаў Ягонае Маці Марыі з Язэпам, перш чым ім зысьціся, выявілася, што Яна мае ва ўлоньні ад Сьвятога Духа. Язэп, муж ейны, будучы праведным, не хацеў зьняславіць яе і намерваўся адпусьціць яе ўпотай. Калі ён падумаў так, вось зьявіўся яму ў сьне Анёл Гасподні і сказаў: "Язэпе, сыне Давіда! Ня бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо зачатае Ёю – ад Духа Сьвятога. Народзіць Яна Сына, і дасі Яму імя ‘Ісус’, бо Ён збавіць народ свой ад грахоў". А ўсё гэта сталася, каб спраўдзілася слова, сказанае Госпадам праз прарока: "Вось Дзева зачне і народзіць сына, і дадуць яму імя ‘Эмануэль’, што значыць ‘З намі Бог’. Прачнуўшыся, Язэп зрабіў, як загадаў яму Анёл Гасподні і прыняў жонку сваю да сябе. Але не зыходзіўся з ёю, пакуль нарадзіла сына, і даў яму імя Ісус. (1:18–25)


Чытальнік: Настаў мае крокі на выкананьне прыказаньняў Тваіх: хай не апануе мною беззаконьне. Вызваль мяне ад намоваў людзкіх, каб мне захаваць Твае запаветы.

Дай бачыць слузе Твайму сьветласьць твару Твайго і навучы мяне Тваёй справядлівасьці.

Хай мае вусны будуць поўныя хвалы Тваёй, Госпадзе, каб мне пяяць славу Тваю, праз увесь дзень веліч Тваю.

Сьвяты Божа ... Усесьвятая Тройца ... Ойча наш ...

Сьвятар: Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Чытальнік: Амін.


Кандак (тон 3). Сёньня Дзева ідзе ў невыказны спосаб радзіць у пячоры Спрадвечнае Слова: сьвяткуй, сусьвет, і разам з анёламі і пастушкамі слаў Бога спрадвечнага, які, як дзіцятка малое, на сьвет прыходзіць.

Госпадзе, зьмілуйся. (40 разоў)

Доўгацярплівы, шматміласэрны, і ўсеспагадлівы Хрысьце Божа, што ўвесь час і ў кожную хвіліну, на небе і на зямлі прымаеш хвалу і пакланеньне, любіш праведнікаў і мілуеш грэшнікаў, і клічаш усіх да збаўленьня абяцаньнем дабротаў, якія чакаюць нас: прымі, Госпадзе, і ў гэтую хвіліну нашыя малітвы, і накіруй жыцьцё наша да запаветаў Тваіх; душы нашыя асьвяці, целы ачысьці, думкі выправі, дай ясны розум; выбаў нас ад усякага суму, жалю і злосьці; ахіні нас сваімі анёламі, каб мы, пад іхняй аховаю і кіраўніцтвам, маглі дасягнуць еднасьці веры і пазнаньня недаступнае Твае славы, бо Ты блаславёны на вякі вякоў. Амін.

Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаьня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога–Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.

Імем Гасподнім блаславі, ойча.

Сьвятар: Божа, будзь ласкавы да нас і блаславі нас: прасьвятлі нас зьзяньнем твару Твайго і зьмілуйся над намі.

Малітва. Хрысьце, Сьвятло праўдзівае, што прасьвятляе і асьвячае кожнага чалавека, які прыходзіць на сьвет, хай зазьзяе нам сьветласьць твару Твайго, каб нам убачыць сьвятло недаступнае; накіруй крокі нашы да выкананьня Тваіх запаветаў, малітвамі найчыстае Твае Маці і ўсіх сьвятых. Амін.


Трэцяя гадзіна


Прыйдзіце, паклонімся Ўладару нашаму Богу.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста, Уладара нашага і Бога.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да самога Хрыста, Уладара і Бога нашага


Псалом 66

Божа, будзь ласкавы да нас і блаславі нас: прасьвятлі нас зьзяньнем твару Твайго і зьмілуйся над намі.

Каб мы маглі пазнаць на зямлі шлях Твой, сярод людзей усіх збаўленьне Тваё.

Хай славяць Цябе, Божа, усе народы, хай славяць Цябе ўсе людзі.

Хай узрадуюцца і ўсьцешацца ўсе народы, бо Ты чыніш справядлівы суд людзям, і кіруеш народамі на зямлі.

Хай славяць Цябе, Божа, усе народы, хай славяць Цябе ўсе людзі.

Зямля дала плён свой: Бог наш, Бог блаславіў нас.

Блаславі нас, Божа, і хай баяцца Цябе ўсе канцы зямлі.

Псалом 86

Госпад любіць брамы Сыёну, асновы якога на гарах сьвятых, больш за ўсе паселішчы Якубавы.

Слаўнае гавораць пра цябе, места Божае!

Рааб і Бабілён сярод тых, што шануюць мяне. А вось Філістыны і Тыр, і Куш – яны ўсе нарадзіліся тут.

А пра Сыён скажуць: "Усе да аднога нарадзіліся ў ім, і Найвышэйшы Госпад умацаваў яго".

Госпад напіша ў кнізе народаў: "Яны нарадзіліся тут".

І, танцуючы, запяюць яны: "У табе ўсе мае крыніцы".

Псалом 50

Зьмілуйся нада мною, Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці і паводле мноства дабротаў Тваіх адымі беззаконьне маё.

Асабліва абмый мяне з віны маёй і ад грахоў маіх ачысьці мяне.

Бо беззаконьне маё я знаю, і грэх мой заўжды перада мною.

Табе адзінаму я зграшыў і зло перад Табою ўчыніў. Ты ж справядлівы ў Тваім прыгаворы і правы ў судзе Тваім.

Вось я быў зачаты ў беззаконьні, і ў граху нарадзіла мяне мая маці.

Але Ты, які любіш шчырасьць сэрца, паказаў мне глыбіню і тайны мудрасьці Тваёй.

Акрапі мяне гісопам, і ачышчуся, абмый мяне, і стану бялейшым за сьнег.

Дай мне пачуць голас радасьці і вясельля: хай узрадуюцца ўпакораныя косьці.

Адвярні твар Твой ад маіх бясчынстваў і ачысьці мяне ад усіх грахоў маіх.

Сэрца чыстае ствары ўва мне, Божа, і дух правы абнаві ў нутры маім.

Не адкінь мяне ад Твайго аблічча і Духа Твайго Сьвятога не адымі ад мяне.

Вярні мне радасьць Твайго збаўленьня і ўмацуй ува мне дух ахвярнасьці.

Буду навучаць грэшнікаў шляхом Тваім, і грэшнікі зноў вернуцца да Цябе.

Вызвалі мяне ад крыві пралітай, Божа, Божа майго збаўленьня, хай язык мой у радасьці славіць Тваю справядлівасьць.

Адчыні мае вусны, Госпадзе, і вусны мае пачнуць абвяшчаць хвалу Тваю.

Калі б Ты захацеў ахвяры, я даў бы яе: на цэлапаленьні, аднак, Ты не глядзіш прыхільна.

Ахвяра Богу – дух скрушлівы: сэрцам пакорным і поўным скрухі Ты, Божа, не пагардзіш.

Пакажы, Госпадзе, з ласкі Тваёй спагаду Сыёну: хай муры Ерусаліму будуць зноў узьнесеныя.

Тады глянеш прыхільна на правыя ахвяры, дары і цэлапаленьні, тады ўскладуць цялят на Твой ахвярнік.

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Алілуя, алілуя, алілуя. Слава Табе, Божа. (Тройчы)

Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся.


Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.

Трапар (Тон 4). Марыя, маючы ва ўлоньні сваім без семя Зачатага, пайшла разам з Язэпам на перапіс у Бэтлеем, бо была з дому Давідавага. Надышоў час радзіць Ёй, і нідзе не знайшлося месца для Яе. І вось пячора сталася сьветлым хорамам Каралевы. Хрыстос родзіцца, каб раней упалы вобраз узьняць.

Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Багародзічны. Багародзіца, Ты – існая вінаградная лаза, што ўзрасьціла нам плод жыцьця. Просім Цябе, Уладарка: разам са сьвятымі апосталамі маліся за збаўленьне душ нашых.

(Тон 6). Вось Бог наш, і няма іншага роўнага Яму. Ён нарадзіўся ад Дзевы і жыў сярод людзей. Людзі бачылі Сына адзінароднага, які ляжаў у ясьлях. Госпад Славы спавіваецца ў пялёны; і мудрацом зорка абвяшчае, і кліча на пакланеньне Яму. Мы ж пяём: "Тройца сьвятая, збаў душы нашыя!". (Двойчы)

Верш. Бог ідзе з поўдня, Сьвяты з гары, пакрытай цяністым гаем.

(Тон 8). Перш чым Ты, Госпадзе, нарадзіўся, нябесныя сілы, гледзячы з трапятаньнем на Твой цуд, дзівіліся: як гэта Ты, што ўпрыгожыў неба зоркамі, захацеў нарадзіцца як дзіця, і ляжыш у жолабе неразумнай жывёлы, – Ты, што ў руцэ Тваёй трымаеш усе канцы зямлі? Такім чынам Ты, Хрысьце паказаў міласэрнасьць Тваю. Вялікая спагадлівасьць Твая: слава Табе!

Верш. Госпадзе, я пачуў голас Твой і спалохаўся; зразумеў учынкі Твае і жахнуўся.

Слава ...

(Тон 3). Скажы нам, Язэпе, як гэта ты прыводзіш у Бэтлеем Дзеву, што мае радзіць зачатага ад Сьвятога? "Я, – кажа, – дасьледаваў прарокаў і, атрымаўшы загад ад анёла, упэўніўся, што Марыя народзіць невыказна Бога, якому мудрацы з дарамі прыйдуць пакланіцца". Госпадзе, што стаўся чалавекам дзеля нас, слава Табе!

Цяпер ...: тое самае.


Пракімен (Іс 9:6). Бо вось Дзіця нарадзілася нам, Сын дадзены нам.

Верш. Улада спачыла на Ягоных плячох.


Чытаньне кнігі прарока Ярэмы

Такі Бог наш: ніхто чужы не ўстаіць супраць Яго, ніхто Яму ня роўны. Ён зьведаў усе сьцежкі мудрасьці, і даў яе Якубу, слузе свайму, і Ізраілю, любаму свайму. А потым яна (мудрасьць) зьявілася на зямлі і з людзьмі прабывала. А мудрасьцю гэтай была кніга запаветаў Божых, і Закон, які трывае давеку. Усе, што трымаюцца яе, жыць будуць. А тыя, што ёю пагарджаюць, памруць. Навярніся, Якубе, хадзі ў зьзяньні ейнага сьвятла. Не аддавай іншаму славы тваёй, і народу чужому тваіх прывілеяў. Якія мы, Ізраілю, шчасьлівыя, бо ведаем, што даспадобы Богу. (Барух 3:35–4:4)


Чытаньне лісту Сьвятога Апостала Паўла да Галятаў

Браты, перш чым прыйшла вера, мы былі замкнёныя пад аховаю Закону ў чаканьні веры, што мела аб'явіцца. Такім чынам, Закон быў нашым настаўнікам, аж да Хрыста, каб вераю мы апраўдаліся. А калі прыйшла вера, то мы ўжо не пад настаўнікам. Бо ўсе вы сыны Божыя праз веру ў Хрыста Ісуса. Усе вы, што ў Хрыста ахрысьціліся, у Хрыста апрануліся. Няма ўжо ні юдэя ані грэка, няма нявольніка ані свабоднага, няма мужчыны ані жанчыны, а ўсе вы адно ў Хрысьце Ісусе. А калі вы Хрыстовыя, дык вы – патомства Абрагама і, згодна з абяцаньнем, спадкаемцы. (3:23–29)


Чытаньне Сьвятога Евангельля паводле Лукі

У тыя дні выйшаў загад кесара Аўгуста зрабіць перапіс (насельніцтва) усяе дзяржавы. Першы гэты перапіс адбыўся, калі Сырыяй правіў Квірын. І вось усе людзі пайшлі запісвацца, кожны ў сваё места. Пайшоў і Язэп з Галілеі, з места Назарэту, у Юдэю, у места Давідава, званае Бэтлеем – бо ён быў з дому Давіда, – запісацца з пашлюбаванай з ім Марыяй, якая была цяжарная. Калі яны былі там, настаў час Марыі радзіць. І нарадзіла яна Сына першароднага свайго, спавіла яго ў пялёны і паклала ў ясьлях, бо не знайшлося ім месца ў гасподзе. Былі ж у той аколіцы ў полі пастухі, што пільнавалі ўночы свой статак. Раптам стаў перад імі анёл Гасподні, і сьветласьць Гасподняя адусюль зазьзяла ім, так што яны вельмі спалохаліся. Але анёл сказаў ім: "Ня бойцеся, бо вось абвяшчаю вам вялікую радасьць, што будзе радасьцю ўсяго народу. Сёньня нарадзіўся вам у месьце Давідавым Збавіцель, ён жа Госпад Хрыстос. А вось вам знак: вы знойдзеце дзіця, спавітае ў пялёны, што ляжыць у ясьлях". І ў тую хвіліну прылучылася да анёла вялікае мноства нябесных сілаў, якія славілі Бога і пяялі: "Слава на вышынях Богу, супакой на зямлі людзям добрай волі". Калі анёлы адышлі ад іх да неба, пастухі сказалі адзін аднаму: "Хадзем да Бэтлеему, паглядзім, што гэта за здарэньне, пра якое Госпад абвясьціў нам". І, хутка пайшоўшы, знайшлі Марыю, Язэпа і Немаўлятка, што ляжала ў ясьлях. Убачыўшы Яго, яны расказалі пра тое, што ім было сказана пра гэтае Дзіцятка. І ўсе, што чулі, дзівіліся таму, што казалі пастухі. А Марыя пільна зьберагала ўсе гэтыя словы, разважаючы ў сэрцы сваім. І вярнуліся пастухі, сьпяваючы і славячы Бога за ўсё, што чулі і бачылі, так, як ім было сказана. (2:1–20)

Госпад Бог блаславёны, блаславёны Госпад з дня ў дзень; памагае нам Бог збаўленьня нашага, Бог наш, Бог, які збаўляе.

Сьвяты Божа ... Усесьвятая Тройца ... Ойча наш ...

Сьвятар: Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Чытальнік: Амін.


Кандак (тон 3). Сёньня Дзева ідзе ў невыказны спосаб радзіць у пячоры Спрадвечнае Слова: сьвяткуй, сусьвет, і разам з анёламі і пастушкамі слаў Бога спрадвечнага, які, як дзіцятка малое, на сьвет прыходзіць.

Госпадзе, зьмілуйся. (40 разоў)

Доўгацярплівы, шматміласэрны, і ўсеспагадлівы Хрысьце Божа, што ўвесь час і ў кожную хвіліну, на небе і на зямлі прымаеш хвалу і пакланеньне, любіш праведнікаў і мілуеш грэшнікаў, і клічаш усіх да збаўленьня абяцаньнем дабротаў, якія чакаюць нас: прымі, Госпадзе, і ў гэтую хвіліну нашыя малітвы, і накіруй жыцьцё наша да запаветаў Тваіх; душы нашыя асьвяці, целы ачысьці, думкі выправі, дай ясны розум; выбаў нас ад усякага суму, жалю і злосьці; ахіні нас сваімі анёламі, каб мы, пад іхняй аховаю і кіраўніцтвам, маглі дасягнуць еднасьці веры і пазнаньня недаступнае Твае славы, бо Ты блаславёны на вякі вякоў. Амін.

Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаьня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога–Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.

Імем Гасподнім блаславі, ойча.

Сьвятар: Малітвамі сьвятых айцоў нашых, Госпадзе Ісусе Хрысьце, Божа наш, зьмілуйся над намі.

Малітва. Уладару Божа Ойча ўсемагутны, Госпадзе Сыне Адзінародны, і Сьвяты Духу, адзінае боства, адзіная сіла, зьмілуйся нада мною грэшным і ў ведамы Табе спосаб збаў мяне, недастойнага слугу Твайго, бо Ты блаславёны на вякі вякоў. Амін.


Шостая гадзіна


Прыйдзіце, паклонімся Ўладару нашаму Богу.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста, Уладара нашага і Бога.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да самога Хрыста, Уладара і Бога нашага.


Псалом 71

Божа, дай суд Твой уладару, і справядлівасьць Тваю сыну ўладара.

Хай ён справядліва кіруе народам Тваім, і праведна паступае з убогімі Тваімі.

Хай горы прынясуць людзям супакой, а ўзгоркі – справядлівасьць.

Хай апекуецца ўпакоранымі, ратуе сыноў убогіх, і скарыць прыгнятальніка.

І жыць будзе доўга, як сонца і як месяц, праз ўсе пакаленьні.

Зыдзе, быццам дождж на траву, і быццам кроплі (дажджу), што падаюць на зямлю.

У дні ягоныя заквітнее справядлівасьць, і будзе супакой і дастатак, аж пакуль месяц пяройдзе.

І панаваць будзе ад мора да мора, ад Ракі аж да канца зямлі.

Перад ім падуць ніцма этыёпы, і ворагі ягоныя будуць лізаць пыл зямны.

Каралі тарсійскія і астравы прынясуць яму дары, каралі Арабіі і Сабы з падаркамі прыйдуць.

І паклоняцца яму ўсе каралі зямлі, і ўсе народы будуць служыць яму.

Бо Ён вызваліць беднага ад (усціску) дужага, і ўбогага, які ня мае памочніка.

Збавіць беднага і ўбогага, выратуе жыцьцё бедаку.

Ад крыўды і несправядлівасьці выбавіць іх, і імя Ягонае будзе пачэсным сярод іх.

І будзе жыць, і дадуць Яму золата з Сабы, і будуць маліцца заўсёды за Яго, няспынна бласлаўляць Яго.

Дастатак збожжа будзе на зямлі, на вяршынях узгоркаў зашумяць каласы, быццам лясы Лібану.

І жыхары гарадоў размножацца, як трава польная.

Імя Ягонае блаславёнае будзе давеку, і будзе трываць доўга, як сонца.

Усе плямёны зямлі будуць блаславёныя ў Ім, і ўсе народы будуць зваць Яго шчасьлівым.

Блаславёны Госпад Бог Ізраіля, адзіны, хто творыць цуды!

Усяхвальнае імя Яго блаславёнае давеку, і на век вякоў.

І хай напоўніцца славаю Ягонаю ўся зямля.

Хай станецца так, хай станецца!

Псалом 131

Успомні, Госпадзе, Давіда і ўсе ягоныя стараньні, як ён кляўся Госпаду, даваў абяцаньне Сільнаму Якубаваму:

"Не ўвайду да пакояў дому майго, і ня ўзыду на пасьцель ложа майго, і ня дам сну вачом маім, і спачынку павекам маім, пакуль не знайду месца для Госпада, памешканьня для Сільнага Якубавага".

Вось мы чулі пра яго ў Эўфраце, знайшлі яго на полі Яару;

Увойдзем у Ягонае жыльлё, падзем ніц перад падножкам ног Ягоных.

Устань, Госпадзе, ідзі на месца спачынку Твайго, Ты і каўчэг сілы Тваёй.

Хай сьвятары Твае апрануцца ў справядлівасьць, і сьвятыя Твае хай узрадуюцца.

З увагі на Давіда, слугу Твайго, не адвяртай твару ад памазанца Твайго.

Кляўся Госпад Давіду моцнай клятваю, і не адступіцца ад яе: Нашчадкаў тваіх пасаджу на пасадзе тваім.

Калі сыны твае захаваюць запавет Мой і прыказаньні, якіх Я іх навучу, дык і іх сыны будуць сядзець на пасадзе тваім давеку.

Бо Госпад выбраў Сыён, пажадаў мець яго сабе за сялібу:

"Вось месца Майго супачынку давеку, дзе буду жыць, бо Я ўпадабаў яго; багацьці ягоныя шчодра пабласлаўлю, бедных яго насычу хлебам;

сьвятароў яго апрану ў збаўленьне, і сьвятыя яго ў радасьці жыць будуць.

Там Я ўздыму рог Давіда, сьветач пастаўлю памазанцу Майму; ворагаў ягоных пакрыю сорамам, а над ім закрасуе сьвятасьць Мая".

Псалом 90

Ты, што жывеш пад апекаю Ўсявышняга і ў ценю Ўсемагутнага прабываеш,

Скажаш Госпаду: Ты – маё прыстанішча, мая абарона, Бог мой, і на Цябе спадзяюся.

Ён выбавіць цябе ад сецяў лаўца і ад наглай загубы.

Ён пакрые цябе пёрамі сваімі і пад крыламі Яго ты знойдзеш прытулак.

Не збаішся жахаў начных, ні стралы, што ляціць удзень;

Ні страху, што крыецца поцемкам; ні мору, што ў поўдзень пустошыць.

І хоць бы тысячы палі побач з табою, і дзесяткі тысяч па правай руцэ тваёй,

Цябе нішто не кране, бо вернасьць Яго – твой шчыт і панцыр.

Ты толькі глянеш навокал, і ўбачыш адплату грэшнікам.

Бо ты сказаў: Госпад мая абарона, – і Ўсявышняга выбраў сваім прыстанкам.

Ніякая бяда не сустрэне цябе, і пошасьць не наблізіцца да жыльля твайго.

Ён загадае анёлам сваім, каб сьцераглі цябе, куды б ты не ішоў.

На руках сваіх панясуць цябе, каб не спатыкнуцца аб камень назе тваёй.

На аспіда і вужа наступіш і патопчаш льва і зьмяю.

"Таму, што ён палюбіў Мяне, Я выбаўлю яго і абараню яго, бо ён спазнаў імя Маё.

Будзе клікаць Мяне, і Я адгукнуся яму; буду з ім у дзень суму, выбаўлю яго і ўслаўлю яго.

Доўгім жыцьцём напоўню яго і дам яму ўбачыць збаўленьне Маё".

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Алілуя, алілуя, алілуя. Слава Табе, Божа. (Тройчы)

Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся.


Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.

Трапар (Тон 4). Марыя, маючы ва ўлоньні сваім без семя Зачатага, пайшла разам з Язэпам на перапіс у Бэтлеем, бо была з дому Давідавага. Надышоў час радзіць Ёй, і нідзе не знайшлося месца для Яе. І вось пячора сталася сьветлым хорамам Каралевы. Хрыстос родзіцца, каб раней упалы вобраз узьняць.

Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Багародзічны. Ня маем сьмеласьці з прычыны шматлікасьці нашых грахоў, але Ты, Багародзіца Дзева, малі Таго, хто нарадзіўся ад Цябе: многа можа малітва Маці да міласэрнасьці Ўладара. Не пагардзі просьбамі грэшных, Усячыстая, бо міласэрны і здольны нас збавіць Той, хто захацеў дабравольна пацярпець за нас.

(Тон 1). Прыйдзеце, верныя, набожна ўзьнясемся, каб бачыць Божае зыходжаньне з вышыняў, што сталася яўным у Бэтлееме. Ачысьцім нашыя думкі, і прынясем замест сьмірны жыцьцё дабрадзейнае, і падрыхтуемся з вераю сустрэць Нараджэньне, захоўваючы скарб у душах нашых і ўсклікаючы: "Слава на вышынях Богу ў Тройцы, дзякуючы якому добрая воля зьявілася між людзей, бо ў сваім чалавекалюбстве Ён збаўляе Адама ад першаснага праклёну". (Двойчы)

Верш. Бог ідзе з поўдня, Сьвяты з гары, пакрытай цяністым гаем.

(Тон 4). Слухай, неба, пачуй, зямля, ускалыхнецеся, асновы, хай задрыжыць апраметная: Вось Бог і Творца ў цела апранаецца! І Той, хто сваёю моцнаю рукою даў выгляд усяму стварэньню, пасяляецца ва ўлоньні Тае, якую стварыў. О глыбіня багацьця, і мудрасьці, і розуму Божага! Як нязьведаныя суды Ягоныя, і недасьледваныя шляхі!

Верш. Госпадзе, я пачуў голас Твой і спалохаўся; зразумеў учынкі Твае і жахнуўся.

Тое самае.

Слава ...

Прыйдзіце, хрыстаносныя людзі, гляньма на цуд, што перавышае ўсякі розум і трымае ў подзіве ўсіх, і набожна ўславім яго. Сёньня Дзева, што мае ва ўлоньні, прыходзіць у Бэтлеем нарадзіць Госпада. Хоры анельскія ідуць перад Ёю, а Язэп, пашлюбаваны з Ёю, убачыўшы тое, што здарылася, усклікнуў: "Што за дзіўная тайна зьдзяйсняецца ў Табе, Дзева? І як народзіш Сына, ня ведаючы мужа?".

Цяпер ...: тое самае.


Пракімен (Пс 109:3). Перад заранкай ва ўлоньні Я нарадзіў Цябе.

Верш. Сказаў Госпад Госпаду майму: Сядзь па правай руцэ маёй, пакуль пакладу ворагаў Тваіх пад ногі Табе.


Чытаньне кнігі прарока Ісаі

Зноў прамовіў Госпад да Ахаза, кажучы: "Прасі знаку ў Госпада твайго, глыбока пад зямлёю, або высока на гары". Але Ахаз адказаў: "Ня буду прасіць і ня буду спакушаць Госпада". Тады сказаў: "Слухай, доме Давідаў, ці мала табе рабіць прыкрасьці людзям, што яшчэ робіш прыкрасьці Богу майму? Дзеля гэтага сам Госпад дасьць табе знак: вось Дзева зачне і народзіць сына, і дасьць яму імя ‘Эмануэль’. Малако і мёд піць будзе, пакуль навучыцца адкідаць зло і выбіраць дабро. Але перад тым, як навучыцца адкідаць зло і выбіраць дабро, дзяржава двух каралёў, якіх ты баішся, будзе спустошаная". І Госпад сказаў мне: "Вазьмі табліцу новую вялікую і напішы на ёй звычайным пісьмом: Магэр-шаляль-гаш-баз (Скоры-рабунак-хуткая-здабыча). І вазьмі сабе двух вартых даверу сьведкаў: Урыю сьвятара і Захара, сына Еварахія". І я прыступіўся да прарочыцы, і яна зачала і нарадзіла сына. І сказаў мне Госпад: "Назаві яго Магер-шаляль-гаш-баз, бо перад тым, як хлопец навучыцца казаць ‘тата’ і ‘мама’, багацьці Дамаску і здабычы Самарыі будуць прынесеныя перад каралём Асырыі". З намі Бог, зразумейце гэта, ўсе народы, і скарыцеся; пачуйце гэта ўсе канцы зямлі, і скарыцеся! Калі і ўзброіцеся, будзеце пераможаныя; калі ўчыніце змову, Госпад аберне яе ў нішто; і слова вашае не ўстаіць, бо з намі Бог. (7:10–16; 8:1–4, 9–10)


Чытаньне лісту сьвятога Апостала Паўла да Гэбрэяў

"Спачатку Ты, Госпадзе, заснаваў зямлю, і неба – твор рук Тваіх. Яны прамінуць, а Ты застанешся: быццам вопратка, яны састарэюць, і як адзеньне Ты згортваеш іх, і яны мяняюцца. А Ты ўсё той самы, і гадом Тваім няма канца". А каму з анёлаў сказаў Ён: "Сядзь па правай руцэ Маёй, пакуль пакладу ворагаў Тваіх пад ногі Табе?" Ці ж яны ўсе ня духі, прызначаныя для служэньня, пасланыя на дапамогу тым, што маюць атрымаць у спадчыну збаўленьне?

Таму неабходна, каб мы з найвялікшай пільнасьцю зьвярталі ўвагу на тое, што чулі, каб часам не зысьці з дарогі. Бо калі слова, аб'яўленае праз анёлаў, мела такую моц, што ўсякае ягонае пераступленьне і непаслушэнства атрымоўвала слушную кару, то як жа мы пазьбегнем (кары), калі ня будзем клапаціцца аб такім вялікім збаўленьні? Яно, сьпярша прагалошанае Госпадам, было пацьверджанае тымі, што яго чулі. (1:10–2:3)


Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Мацьвея

Калі Ісус нарадзіўся ў Бэтлееме Юдэйскім, вось мудрацы з Усходу прыйшлі ў Ерусалім, кажучы: "Дзе народжаны Цар Юдэйскі? Мы бачылі, што ўзышла ягоная зорка, і прыйшлі пакланіцца Яму". Пачуўшы гэта, цар Ірад устрывожыўся, і ўвесь Ерусалім з ім. І, сабраўшы ўсіх першасьвятароў і кніжнікаў народу, пытаўся ў іх: "Дзе належыць нарадзіцца Хрысту?" Яны сказалі яму: "У Бэтлееме Юдэйскім, бо так напісана праз прарока: І ты, Бэтлеем Юдэйскі, не найменшы сярод гарадоў юдэйскіх, бо з цябе выйдзе Правадыр, які будзе кіраваць народам маім Ізраільскім". Тады Ірад употай паклікаў мудрацоў і выведаў ад іх дакладны час, калі паказалася зорка. І, паслаўшы іх у Бэтлеем, сказаў: "Ідзеце, разьведайце ўсё старанна пра тое Дзіцятка, і калі знойдзеце Яго, скажыце мне, каб і я мог пайсьці і пакланіцца Яму". Яны, выслухаўшы цара, пайшлі ў дарогу. І вось зорка, якую яны бачылі на Ўсходзе, ішла перад імі аж пакуль не затрымалася над месцам, дзе было Дзіцятка. Угледзеўшы зорку, яны вельмі ўсьцешыліся. Увайшоўшы ў дом, яны знайшлі Дзіцятка з Маці ягонай Марыяй, і, упаўшы, пакланіліся Яму і, раскрыўшы свае скарбонкі, ахвяравалі Яму дары: золата, ладан і сьмірну. Атрымаўшы ў сьне наказ не вяртацца да Ірада, яны адышлі іншай дарогаю ў сваю краіну. (2:1–12)

Хутка пашлі даброты Твае, Госпадзе, бо мы вельмі зьбяднелі. Памажы нам, Божа Збавіцелю наш, дзеля славы імя Твайго; Госпадзе, збаў нас і ачысьці грахі нашы дзеля Твайго імя.

Сьвяты Божа ... Усесьвятая Тройца ... Ойча наш ...

Сьвятар: Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Чытальнік: Амін.


Кандак (тон 3). Сёньня Дзева ідзе ў невыказны спосаб радзіць у пячоры Спрадвечнае Слова: сьвяткуй, сусьвет, і разам з анёламі і пастушкамі слаў Бога спрадвечнага, які, як дзіцятка малое, на сьвет прыходзіць.

Госпадзе, зьмілуйся. (40 разоў)

Доўгацярплівы, шматміласэрны, і ўсеспагадлівы Хрысьце Божа, што ўвесь час і ў кожную хвіліну, на небе і на зямлі прымаеш хвалу і пакланеньне, любіш праведнікаў і мілуеш грэшнікаў, і клічаш усіх да збаўленьня абяцаньнем дабротаў, якія чакаюць нас: прымі, Госпадзе, і ў гэтую хвіліну нашыя малітвы, і накіруй жыцьцё наша да запаветаў Тваіх; душы нашыя асьвяці, целы ачысьці, думкі выправі, дай ясны розум; выбаў нас ад усякага суму, жалю і злосьці; ахіні нас сваімі анёламі, каб мы, пад іхняй аховаю і кіраўніцтвам, маглі дасягнуць еднасьці веры і пазнаньня недаступнае Твае славы, бо Ты блаславёны на вякі вякоў. Амін.

Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаьня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога–Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.

Імем Гасподнім блаславі, ойча.

Сьвятар: Малітвамі сьвятых айцоў нашых, Госпадзе Ісусе Хрысьце, Божа наш, зьмілуйся над намі.

Малітва. Божа і Госпадзе сілаў і Творча ўсяго, што існуе! Ты дзеля бяспрыкладнай міласэрнасьці Тваёй паслаў адзінароднага Сына Твайго, Госпада нашага Ісуса Хрыста на збаўленьне роду нашага і пачэсным Яго крыжам рукапісаньне грахоў нашых разарваў і перамог моц і ўладу цемры. Дык, чалавекалюбны Уладару, прымі і ад нас, грэшных, гэтыя ўдзячныя і благальныя малітвы і вызвалі нас ад усякага згубнага і змрочнага граху, і ад усіх бачных і нябачных ворагаў, якія жадаюць учыніць нам зло. Прыгвазьдзі да страху Твайго целы нашы, і ня дай ухіліцца сэрцам нашым да слоў і думак нячыстых, але любоўю Тваёю парань душы нашы: каб мы, узіраючыся ўсьцяж на Цябе і Табою прасьветленыя, гледзячы на Тваё недаступнае і вечнае сьвятло, безустанна хвалу і падзяку аддавалі Табе, спрадвечнаму Айцу, разам з адзінародным Тваім Сынам і з усесьвятым, добрым і жыцьцядайным Тваім Духам, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.


Дзевятая гадзіна


Прыйдзіце, паклонімся Ўладару нашаму Богу.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста, Уладара нашага і Бога.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да самога Хрыста, Уладара і Бога нашага.


Псалом 109

Сказаў Госпад Госпаду майму: Сядзь па правай руцэ маёй, пакуль пакладу ворагаў тваіх пад ногі табе.

Госпад пашле табе жэзл сілы з Сыёну, і будзеш панаваць над ворагамі тваімі.

Табе панаваць ад пачатку ў зьзяньні сьвятасьці.

Ва ўлоньні перад заранкай Я нарадзіў Цябе. Кляўся Госпад і не раскаяўся: Ты – сьвятар давеку паводле чыну Малхісадэка.

Госпад па правай руцэ Тваёй: Ён разаб'е цароў у дзень гневу свайго.

Будзе судзіць народы; напоўніць (зямлю) трупамі, скрышыць галовы многіх на зямлі.

З ручая будзе піць па дарозе, таму ўздыме галаву.

Псалом 110

Буду хваліць Цябе, Госпадзе, на зборах праведных і ў людзкой грамадзе.

Вялікія дзеяньні Гасподнія, годныя подзіву для ўсіх, што любяць іх.

Веліч і краса – творы Ягоныя, і справядлівасьць Ягоная трывае давеку.

Ён учыніў цуды, годныя памяці; Госпад міласэрны і ласкавы.

Дае спажыву тым, што баяцца Яго; будзе заўсёды памятаць пра свой саюз.

Ён паказаў людзям сваім моц учынкаў сваіх, даўшы ім спадчыну народаў.

Творы рук Ягоных – праўда і справядлівасьць, усе прыказаньні Ягоныя непарушныя,

Устаноўленыя на вякі вечныя, заснаваныя на справядлівасьці і праўдзе.

Людзям сваім Ён паслаў збаўленьне, на вякі саюз свой устанавіў.

Сьвятое і поўнае хвалы імя Ягонае.

Пачатак мудрасьці – страх Гасподні. Усе, што аддаюць хвалу Яму, разумна робяць.

Хвала Ягоная трывае на вякі вечныя.

Псалом 85

Нахілі, Госпадзе, вуха Тваё, і пачуй мяне: бо я бедны і ўбогі.

Сьцеражы душу маю, бо я Табе адданы; збаў слугу Твайго, які спадзяецца на Цябе.

Зьмілуйся нада мною, Госпадзе, бо Цябе клічу ўвесь дзень.

Узрадуй душу слугі Твайго, бо да Цябе, Госпадзе, узношу сэрца маё.

Бо Ты, Госпадзе, добры і ласкавы, і многаміласэрны да тых, што клічуць Цябе.

Пачуй, Божа, малітву маю, будзь уважлівы да голасу просьбы маёй.

У дзень суму майго клічу Цябе, бо Ты пачуеш мяне.

Між багоў няма роўнага Табе, Госпадзе, няма ўчынкаў падобных да Тваіх.

Усе народы, створаныя Табою, прыйдуць і паклоняцца Табе, Госпадзе, і славу аддадуць імю Твайму.

Бо Ты вялікі і творыш цуды, Ты – Бог адзіны.

Навучы мяне, Госпадзе, шляхом Тваім, каб мне жыць згодна з Тваёй праўдаю, і каб сэрца маё ўсцешылася ў страху імя Твайго.

Буду хваліць Цябе, Госпадзе Божа мой, ад усяго сэрца майго і буду славіць імя Тваё на ўсе вякі.

Бо міласэрнасьць Твая да мяне вялікая: Ты ўзьняў душу маю з бездані апраметнай.

Божа, гордыя паўсталі супроць мяне, і бунтаўнікі шукаюць душы маёй, не маючы Цябе перад вачамі сваімі.

Але Ты, Госпадзе Божа, шчодры і дабратлівы, доўгацярплівы, многаміласэрны і праведны.

Глянь на мяне і зьмілуйся нада мною; дай сілу Тваю слузе Твайму, і збаў сына слугі Тваёй.

Дай мне знак Тваёй спагадлівасьці, каб ненавісьнікі мае ўбачылі і засаромеліся, бо Ты, Госпадзе, дапамог мне і ўсьцешыў мяне.

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Алілуя, алілуя, алілуя. Слава Табе, Божа. (Тройчы)

Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся.


Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.

Трапар (Тон 4). Марыя, маючы ва ўлоньні сваім без семя Зачатага, пайшла разам з Язэпам на перапіс у Бэтлеем, бо была з дому Давідавага. Надышоў час радзіць Ёй, і нідзе не знайшлося месца для Яе. І вось пячора сталася сьветлым хорамам Каралевы. Хрыстос родзіцца, каб раней упалы вобраз узьняць.

Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Багародзічны. Ты, што дзеля нас нарадзіўся ад Дзевы і на крыжы пацярпеў, сьмерцю зьнішчыўшы сьмерць і паказаўшыся Богам у ўваскрасеньні, не пагардзі творамі рук Тваіх, пакажы чалавекалюбства Тваё, Міласэрны, прымі малітвы за нас Багародзіцы, якая нарадзіла Цябе, і збаў, Збавіцелю добры наш, людзей бездапаможных.

(Тон 7). Гэрад зьдзівіўся, калі пабачыў набожнасьць мудрацоў; поўны злосьці, ён выпытаў дакладна, калі нарадзілася Дзіця. Маткі засталіся бязьдзетнымі, і сьмерць сабрала горкае перадчаснае жніво сярод немаўлятаў, грудзі высахлі і крыніцы малака закрыліся. Вялікае было гора. Дык зьбярэмся, верныя, каб набожна ўславіць нараджэньне Хрыста. (Двойчы)

Верш. Бог ідзе з поўдня, Сьвяты з гары, пакрытай цяністым гаем.

(Тон 2). Калі Язэп, поўны суму, ішоў у Бэтлеем, Ты, Дзева, сказала яму: "Чаму ты, убачыўшы мяне з дзіцём, сумуеш і трывожышся? Ты не разумееш вялікай тайны, што ўва мне зьдзейсьнілася. Адкінь усякі страх і зразумей вялікі цуд: бо ў маім улоньні Бог сёньня прыходзіць на сьвет у вялікай міласэрнасьці, і прымае цела. Ты ўбачыш Яго, як Ён сам захацеў, калі Ён народзіцца; і, напоўніўшыся радасьцю, паклонішся Яму, як твайму Творцу, якога анёлы ў песьнях няспынна славяць, разам з Айцом і Сьвятым Духам".

Верш. Госпадзе, я пачуў голас Твой і спалохаўся; зразумеў учынкі Твае і жахнуўся.

Тое самае.

Слава ...

(Тон 6). Сёньня родзіцца ад Дзевы Той, хто ў руках сваіх трымае ўсё стварэньне. Як чалавек, спавіваецца ў пялёны недасяжны Бог; у ясьлях ляжыць Той, хто на пачатку словам сваім нябёсы ўмацаваў; малаком корміцца Той, хто ў пустыні, быццам дождж, паслаў людзям з неба манну; Жаніх царкоўны прымае мудрацоў; дары атрымлівае Сын Дзевы. Пакланяемся нараджэньню Твайму, Хрысьце! (Тройчы). Дай нам бачыць і Тваё боскае Багазьяўленьне.

Цяпер ...: тое самае.


Пракімен (Пс 86:5). Будуць казаць пра Сыён: "Чалавек нарадзіўся там".

Верш. Асновы ягоныя на горах сьвятых.


Чытаньне кнігі прарока Ісаі (9:6–7)

Дзіця нарадзілася нам, Сын быў дадзены нам, на ягоных плячах спачыла ўлада. Далі яму імя: Дзіўны дарадчык, Бог усемагутны, Уладар, Айцец вялікі, Князь супакою. Вялікае будзе ягонае панаваньне, і супакою ягонаму ня будзе межаў; Ён сядзе на пасадзе Давіда і будзе панаваць над ягоным царствам, якое Ён умацуе і захавае ад сёньня і давеку. Раўнівая любоў Госпада Сіл зробіць гэта.


Чытаньне лісту апостала Паўла да Гэбрэяў

Браты, той, хто асьвячае і тыя, што асьвячаюцца, – усе ад аднаго. Дзеля гэтага Ён не саромеецца назваць іх сваімі братамі, кажучы: "Абвяшчу імя Тваё братом маім, пасярод царквы буду славіць Цябе." І яшчэ: "Вось дзеці мае, якіх даў мне Бог." А так як дзеці прычашчаюцца крыві і целу, і Ён таксама ўспрыняў іх, каб праз сьмерць перамагчы таго, хто мае ўладу над сьмерцю, гэта значыць д'ябла; і каб вызваліць усіх, каго страх сьмерці праз усё жыцьцё трымаў у няволі. Бо сапраўды не анёлаў бярэ да сябе, але бярэ да сябе патомства Абрагама. Таму Ён павінен быў ва ўсім стацца падобным да братоў, каб быць міласэрным і верным Найвышэйшым Сьвятаром перад Богам, каб ачысьціць грахі народу. Бо як Ён сам цярпеў і быў выпрабоўваны, дык можа тым, што выпрабоўваюцца, дапамагчы. (2:11–18)


Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Мацьвея

Калі адышлі мудрацы, вось анёл Гасподні зьявіўся ў сьне Язэпу, кажучы: "Уставай, вазьмі Дзіця і Маці Ягоную і ўцякай у Ягіпет, і будзь там, аж пакуль не скажу табе; бо Ірад зьбіраецца шукаць Дзіцятка, каб загубіць Яго". І ён, устаўшы, узяў Дзіцятка і Ягоную Маці, і той самай ночы пайшоў у Ягіпет. І быў там аж да сьмерці Ірада, каб спраўдзілася сказанае Госпадам праз прарока, які кажа: "З Ягіпту паклікаў Я Сына Майго". Тады Ірад, убачыўшы, што мудрацы насьмяяліся з яго, напоўніўся злосьцю вялікаю, і паслаў пазабіваць у Бэтлееме і па ўсім навакольлі ўсіх дзяцей мужчынскага полу ва ўзросьце да двух гадоў, згодна з часам, які ён дакладна выведаў у мудрацоў. Тады спраўдзілася тое, што сказаў прарок Ярэма: "Голас чутны ў Раме, плач і лямант вялікі: гэта Рахіль плача па дзецях сваіх і ня хоча суцешыцца, бо іх няма". Калі ж памёр Ірад, анёл Гасподні зьявіўся ў сьне Язэпу ў Ягіпце, кажучы: "Уставай, вазьмі Дзіця і Ягоную Маці, і ідзі ў зямлю Ізраільскую, бо памерлі тыя, што шукалі душы Дзіцяці". Ён узяў Дзіця і Ягоную Маці і вярнуўся ў зямлю Ізраільскую. Пачуўшы, аднак, што ў Юдэі пануе Архелай на месцы свайго бацькі Ірада, пабаяўся туды ісьці. Атрымаўшы наказ у сьне, ён пайшоў у краіны Галілейскія. Прыйшоўшы туды, ён пасяліўся ў месьце, што завецца Назарэт. Так мела споўніцца слова прарокаў: "Ён будзе названы Назарэем". (2:13–23)


Не пакінь нас да канца дзеля імя Твайго сьвятога, не разбуры запавету Твайго і не аддалі міласьці Тваёй ад нас, дзеля Абрагама любага Твайго, і Ісаака слугі Твайго, і Ізраіля сьвятога Твайго.

Сьвяты Божа ... Усесьвятая Тройца ... Ойча наш ...

Сьвятар: Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Чытальнік: Амін.


Кандак (тон 3). Сёньня Дзева ідзе ў невыказны спосаб радзіць у пячоры Спрадвечнае Слова: сьвяткуй, сусьвет, і разам з анёламі і пастушкамі слаў Бога спрадвечнага, які, як дзіцятка малое, на сьвет прыходзіць.

Госпадзе, зьмілуйся. (40 разоў)

Доўгацярплівы, шматміласэрны, і ўсеспагадлівы Хрысьце Божа, што ўвесь час і ў кожную хвіліну, на небе і на зямлі прымаеш хвалу і пакланеньне, любіш праведнікаў і мілуеш грэшнікаў, і клічаш усіх да збаўленьня абяцаньнем дабротаў, якія чакаюць нас: прымі, Госпадзе, і ў гэтую хвіліну нашыя малітвы, і накіруй жыцьцё наша да запаветаў Тваіх; душы нашыя асьвяці, целы ачысьці, думкі выправі, дай ясны розум; выбаў нас ад усякага суму, жалю і злосьці; ахіні нас сваімі анёламі, каб мы, пад іхняй аховаю і кіраўніцтвам, маглі дасягнуць еднасьці веры і пазнаньня недаступнае Твае славы, бо Ты блаславёны на вякі вякоў. Амін.

Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаьня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога–Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.

Імем Гасподнім блаславі, ойча.

Сьвятар: Малітвамі сьвятых айцоў нашых, Госпадзе Ісусе Хрысьце, Божа наш, зьмілуйся над намі.

Малітва. Уладару Госпадзе Ісусе Хрысьце, доўгацярплівы да нашых правінаў, Ты прывёў нас аж да гэтай хвіліны, калі, вісячы на жыцьцядайным дрэве, Ты разумнаму разбойніку адчыніў уваход у рай і разбурыў сьмерцю сьмерць. Ачысьці нас грэшных і недастойных слугаў Тваіх, бо мы зграшылі і чынілі благое; і цяпер мы нядастойныя ўзьняць вочы нашы і глянуць на вышыню нябесную, бо мы пакінулі дарогу праўды Тваёй і хадзілі, куды вяло нас сэрца наша. Але вось молім Тваю бязьмерную дабрату: пашкадуй нас, Госпадзе, у Тваёй вялікай міласэрнасьці і збаў нас дзеля імя Твайго сьвятога, бо дні нашыя прапалі ў марнасьці. Вызваль нас з рукі праціўніка, адпусьці нам грахі нашы, і ўмярцьві цялеснае нашае мудраваньне, каб, адклаўшы старога чалавека, у новага апрануліся і жылі дзеля Цябе, Уладара і Дабрачынца; і, ідучы ўсьлед за Тваімі прыказаньнямі, дасягнулі вечнага супакою, дзе для ўсіх праведных радаснае жыльлё. Бо Ты сапраўдная радасьць і вясельле для тых, што любяць Цябе, Хрысьце Божа наш, і Табе славу аддаем, разам з адвечным Тваім Айцом і з усесьвятым, добрым і жыцьцядайным Тваім Духам цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.


Абедніца


Псалом 102

Блаславі, душа мая, Госпада, і ўсё нутро маё хай славіць імя сьвятое Яго.

Блаславі, душа мая, Госпада, і не забывай усіх дабрадзействаў Яго.

Ён ачышчае ўсе бясчынствы твае, і аздараўляе ўсе немачы твае.

Ён вызваляе жыцьцё тваё ад згубы; вянчае цябе ласкаю і міласэрнасьцю.

Ён напаўняе тваё жыцьцё дабром: абнаўляецца, як арол, маладосьць твая.

Госпад чыніць справядлівасьць, і суд усім пакрыўджаным.

Ён паказаў Майсею шляхі свае, сыном Ізраіля ўчынкі свае.

Шчодры Госпад і міласэрны, доўгацярплівы і багаты на ласку.

Ня будзе вечна сварыцца Ён, і ня будзе гневацца давеку.

Не паводле грахоў нашых паступіў Ён з намі, і не паводле правінаў нашых заплаціў Ён нам.

Бо як высока неба ад зямлі, так вялікая міласэрнасьць Яго для тых, што баяцца Яго.

Як далёка ўсход ад захаду, так аддаліў Ён ад нас нашыя злачынствы.

Як бацька літуецца над сынамі, так літуецца Госпад над набожнымі.

Ён ведае, з чаго мы створаныя, Ён знае, што мы – пыл.

Дні чалавека падобныя да травы: цьвіце ён, быццам кветка ў полі.

Але вось павее вецер – і няма больш яго, і месца, дзе ён быў, яго не пазнае.

А міласэрнасьць Гасподняя вечная і на век вякоў для тых, хто баіцца Яго; і справядлівасьць яго над сынамі сыноў тых, што захоўваюць саюз з Ім, памятаюць запаветы Яго, і выконваюць іх.

Госпад на небе ўстанавіў пасад свой, і валадарства Яго над усім сусьветам.

Блаславіце Госпада, усе анёлы Яго, слугі Яго, што выконваеце загады Яго.

Блаславіце Госпада, усе творы Яго, на кожным месцы Ягонага панаваньня.

Блаславі, душа мая, Госпада!

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.

Псалом 145

Хвалі, душа мая, Госпада.

Праз усё жыцьцё маё буду хваліць Госпада, буду ў песьнях славіць Бога майго, пакуль буду жыць.

Не спадзявайцеся на князёў, ані на чалавека, у якога няма збаўленьня: дух пакідае яго, і ён вяртаецца ў зямлю; і ў той час гінуць усе намеры яго.

Шчасьлівы той, у каго Бог Якуба памочнікам, хто ўскладае надзею на Госпада Бога свайго,

Які стварыў неба і зямлю, мора і ўсё, што ў іх: Ён захоўвае вернасьць давеку;

Ён чыніць суд пакрыўджаным, дае хлеб галодным. Госпад вызваляе палонных.

Госпад раскрывае вочы сьляпым, Госпад падымае пахілых; Госпад любіць праведнікаў.

Госпад ахоўвае прыхадняў, памагае сіраце і ўдаве, а шлях бязбожных разбурае.

Госпад будзе панаваць давеку, Бог твой, Сыёне, з пакаленьня ў пакаленьне.

Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Адзінародны Сыне і Слова Бога, Ты, Несьмяротны, дзеля нашага збаўленьня захацеў прыняць цела ад сьвятое Багародзіцы і заўсёды Дзевы Марыі і, не зазнаўшы зьмены, стаўся чалавекам; Ты быў укрыжаваны, Хрысьце Божа, сьмерцю зьнішчыўшы сьмерць. Будучы адным з Сьвятой Тройцы, роўным славаю Айцу і Сьвятому Духу, збаў нас.

У валадарстве Тваім успомні нас, Госпадзе.

Шчасьлівыя ўбогія духам, бо іх ёсьць валадарства нябеснае.

Шчасьлівыя тыя, што тужаць, бо яны суцешацца.

Шчасьлівыя ціхія, бо яны атрымаюць у спадчыну зямлю.

Шчасьлівыя тыя, што маюць голад і смагу справядлівасьці, бо яны насыцяцца.

Шчасьлівыя міласэрныя, бо яны зьведаюць міласьць.

Шчасьлівыя чыстыя сэрцам, бо яны ўбачаць Бога.

Шчасьлівыя міратворцы, бо яны будуць звацца сынамі Божымі.

Шчасьлівыя тыя, каго прасьледуюць за праўду, бо іх ёсьць валадарства нябеснае.

Шчасьлівыя вы, калі вас крыўдзяць і прасьледуюць, і кажуць усякую няпраўду на вас дзеля мяне: радуйцеся і цешцеся, бо ўзнагарода ваша ў небе вялікая.

Слава ... цяпер ...

Успомні мяне, Госпадзе, калі прыйдзеш у валадарства Тваё.

Успомні мяне, Уладару, калі прыйдзеш у валадарства Тваё.

Успомні мяне, Сьвяты, калі прыйдзеш у валадарства Тваё.

Хор нябесны пяе Табе і кажа: Сьвяты, сьвяты, сьвяты Госпад сіл, неба і зямля поўныя хвалы Тваёй.

Верш. Прыступіце да Яго і прасьвятліцеся, і твар ваш ня будзе пасаромлены.

(тое самае) Хор нябесны пяе Табе і кажа: Сьвяты, сьвяты, сьвяты Госпад сіл, неба і зямля поўныя хвалы Тваёй.

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.

Хор сьвятых анёлаў і арханёлаў, з усімі нябеснымі сіламі пяе Табе і кажа: Сьвяты, сьвяты, сьвяты Госпад сіл, неба і зямля поўныя хвалы Тваёй.

Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Веру ў адзінага Бога Айца, усемагутнага, Тварца неба і зямлі, бачнага ўсяго і нябачнага. І ў адзінага Госпада Ісуса Хрыста, Сына Божага, адзінароднага, ад Айца народжанага перад усімі вякамі; Сьвятло ад Сьвятла, праўдзівага Бога ад праўдзівага Бога, народжанага, нястворанага, адзінасутнага з Айцом, праз якога ўсё стала быць. Ён дзеля нас людзей і дзеля нашага збаўленьня зышоў з неба, прыняў цела ад Духа Сьвятога і Марыі Дзевы і стаўся чалавекам. Быў укрыжаваны за нас пры Понцкім Пілаце, цярпеў і быў пахаваны. І на трэці дзень уваскрос згодна з Пісаньнямі; і ўзышоў на неба, і сядзіць па правай руцэ Айца; і зноў прыйдзе ў славе судзіць жывых і мёртвых, і Яго валадарству ня будзе канца. Веру ў Духа Сьвятога, Госпада, жыватворчага, які ад Айца (і Сына) паходзіць; якому належыцца пакланеньне і слава разам з Айцом і Сынам; які гаварыў праз прарокаў. У адзіную, сьвятую, паўсюдную і апостальскую Царкву. Вызнаю адзіны хрост для адпушчэньня грахоў. Чакаю ўваскрасеньня мёртвых і жыцьця будучага веку. Амін.

Прабач, адпусьці і даруй, Божа, усе мае правіны, вольныя і міжвольныя, якія я ўчыніў словам і ўчынкам, у думках і намерах, удзень і ўночы, сьведама і нясьведама: усё мне прабач, бо Ты добры і Чалавекалюбец.

Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая, як у небе так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня. І адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым. І ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.

Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Кандак (тон 3). Сёньня Дзева ідзе ў невыказны спосаб радзіць у пячоры Спрадвечнае Слова: сьвяткуй, сусьвет, і разам з анёламі і пастушкамі слаў Бога спрадвечнага, які, як дзіцятка малое, на сьвет прыходзіць.

Госпадзе, зьмілуйся. (40 разоў)

Усесьвятая Тройца, адзінасутная дзяржава, неразьдзельнае валадарства, крыніца ўсяго добрага, спагадай і мне, грэшнаму, умацуй і настаў на розум сэрца маё, і адымі ад мяне ўсё маё благоцьце, прасьвятлі мае думкі, каб мне заўжды славіць і хваліць у песьнях Цябе, і пакланяцца Табе, кажучы: Адзін сьвяты, адзін Госпад, Ісус Хрыстос, на славу Бога Айца. Амін.

Хай будзе імя Гасподняе блаславёнае цяпер і давеку. (Тройчы)

Слава ... цяпер ...

Псалом 33

Увесь час бласлаўляць буду Госпада: хвала Ягоная заўжды на вуснах маіх.

Госпадам будзе хваліцца душа мая: хай пачуюць пакорныя і ўзрадуюцца.

Слаўце Госпада са мною: будзем разам узьвялічваць Яго.

Я шукаў Госпада, і Ён пачуў мяне і адняў ад мяне ўсю тугу маю.

Гляньце на Яго і ўзрадуйцеся: хай абліччы вашы ня будуць пасаромленыя.

Вось убогі ўсклікнуў, і Госпад пачуў яго і ад усіх напасьцяў выбавіў яго.

Анёл Гасподні стаіць, быццам мур абаронны, вакол тых, што баяцца Яго, і выбаўляе іх.

Пакаштуйце і ўбачыце, як добры Госпад: шчасьлівы той, хто да Яго прыбягае.

Бойцеся Бога, усе сьвятыя Яго, бо тыя, што Яго баяцца, не зазнаюць бяды.

Багатыя зьбяднелі і церпяць голад; тыя, што шукаюць Госпада, ня будуць мець ні ў чым нястачы.

Хадзеце, дзеці, паслухайце мяне: страху Гасподняму навучу вас.

Хто той чалавек, што любіць жыцьцё і што рады бачыць шчасьлівыя дні?

Устрымай язык твой ад злога і вусны твае ад словаў крывадушных.

Ухіліся ад злога і чыні дабро: шукай супакою і захоўвай яго.

Вочы Госпада зьвернутыя да праведных, вушы Яго чуюць кліч іх.

Твар Госпада супраць тых, што чыняць зло, каб вынішчыць іх памяць на зямлі.

Усклікнулі праведнікі, і Госпад пачуў іх і ад усіх бедаў выбавіў іх.

Блізкі Госпад да скрушлівых сэрцам, прыгнечаных духам Ён выбаўляе.

Шмат бедаў у праведніка, і ад усіх іх ратуе яго Госпад.

Ён сьцеражэ ўсе ягоныя косьці: ніводная з іх ня скрышыцца.

Сьмерць грэшнікаў лютая; грашаць тыя, што ненавідзяць праведніка.

Госпад вызваляе душы слуг сваіх: не зазнае кары той, хто на Яго спадзяецца.

Слава Табе, Хрысьце Божа, надзея наша, слава Табе.

Чытальнік: Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся. Ойча, блаславі.

Сьвятар: Хрыстос, праўдзівы Бог наш, малітвамі найчыстае свае Маці, сьвятых і баганосных айцоў нашых, і ўсіх сьвятых, хай зьмілуецца над намі і збавіць нас, бо Ён добры і Чалавекалюбец.

Чытальнік: Амін.


Вярнуцца назад