Вячэрня
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
Увага: Калі 24 сьнежня будзе нядзеля, гл. службу Нядзелі
айцоў.
(Тон 5). Дасканалы вобраз Божы, Ты прыняў Адамаў
выгляд і захацеў, каб Цябе насілі на руках, хоць Ты сам рукою сваёю трымаеш усё
стварэньне. Чыстая і Беззаганная сказала Табе голасна: "Як мне спавіць Цябе ў
пялёны, быццам немаўля; як карміць Цябе, які корміш усіх? Як мне не дзівіцца
ўбогасьці Тваёй, што пераўзыходзіць розум; як я, слуга Твая, буду называць Цябе
Сынам маім? Слаўлю і бласлаўляю Цябе, які даеш сьвету веліч зьмілаваньня".
Усебеззаганная, убачыўшы Дзіця – спрадвечнага Бога, – што
нарадзілася ад Яе, на руках трымаючы Яго і цалуючы, усклікнула, поўная радасьці:
"Божа найвышэйшы, як гэта я бачу Цябе, нябачнага Ўладара? Не магу зразумець
тайны бязьмежнага ўбоства Твайго: маленькая пячора, чужая, зьмяшчае Цябе, які ў
нараджэньні сваім зьбярог маё дзявоцтва і дараваў сьвету веліч зьмілаваньня".
Усячыстая, пачуўшы мудрацоў, што стаялі перад пячораю,
сказала: "Каго вы шукаеце? Бачу, што вы прыйшлі здалёку, бо выгляд ваш незнаёмы
і гутарка; вы пэўна зрабілі вялікае падарожжа, каб прыйсьці пакланіцца
Падарожніку з вышыняў, што дзіўным спосабам ува мне пасяліўся, каб дараваць
сьвету веліч зьмілаваньня".
Сьвятое (тон 5). Пакінуўшы красу сьвету,
прасьвятліўшы высакародную душу тваю дабротамі з вышыні, і захаваўшы ласкаю
чысьціню беззаганную, ты была прыкладам дзявоцтва, Мучаніца Яўгеньня
ўсяхвальная, кветка дасканалая.
Словам і жыцьцём, ласкаю і цярпеньнямі душу сваю ўпрыгожыўшы,
ты прывяла хоры мучанікаў і дзеваў да Таго, хто зазьзяў ад Дзевы і адкрыў усім
уваход да жыцьця, Яўгеньня мудрая. З імі разам малі Яго за збаўленьне душ нашых.
Ахоўнік справядлівасьці ўпрыгожыў цябе падвойным вянцом
Мучаніцы і Дзевы, і пасяліў цябе, нявеста Хрыстовая, у цудоўнымі сьветлым
хораме, узбагаціўшы сваёю ласкаю.
Слава ... цяпер ...
(Тон 2). Ужо блізка час нашага збаўленьня:
рыхтуйся, пячора, бо вось Дзева ідзе радзіць. Бэтлееме, зямля Юдава, красуйся і
цешся, бо з цябе зазьзяў Госпад наш; пачуйце, горы і ўзгоркі, і ўсё навакольле
юдэйскае, бо ідзе Хрыстос, каб, як Чалавекалюбец, збавіць чалавека, якога
стварыў.
Вершапесьні
(Тон 1). Пачуўшы аб нараджэньні Тваім, Уладару,
мудрацы з Усходу прыйшлі і прынесьлі ў дар Табе ладан, смірну і золата; і вось
стаяць перад дзьвярыма. Дык загадай ім увайсьці, каб яны ўбачылі, як Ты,
старэйшы за першага Адама, як немаўля, спачываеш на руках маіх.
Верш. Бог ідзе з поўдня, Сьвяты з гары, пакрытай
цяністым гаем.
"Уваходзьце – Дзева кажа мудрацом, – і гляньце на Нябачнага,
які стаўся бачным у выглядзе дзіцяці". Яны са страхам увайшлі і, пакланіўшыся,
аддалі дары свае, споўніўшы Боскае прароцтва.
Верш. Госпадзе, я пачуў голас Твой і спалохаўся;
зразумеў учынкі Твае і жахнуўся.
"Як немаўля на руках нашу Цябе, які носіш усё, і дзіўлюся –
кажа Бязьвінная Дзева, – як я буду карміць Цябе, які корміш усіх, Сыне і Творча
мой? Слаўлю Тваё прыйсьце да людзей для збаўленьня сьвету ад загубы".
Слава ... цяпер ...
(Тон 6). Сьвяткуй, Сыёне; цешся, Ерусаліме,
горадзе Хрыста Бога, сустрэнь Тварца, які зьмясьціўся ў пячоры ў ясьлях;
адчыніце вароты, каб мне, увайшоўшы, бачыць Дзіцятка, спавітае ў пялёны, –
Жыцьцядаўца Госпада, Збавіцеля душ нашых, які рукою сваёю трымае ўсё стварэньне
і якога анёлы няспынна славяць.
Адпушчальныя трапары:
Сьвятое (тон 4). Ягнё Тваё, Ісусе, Яўгеньня, кліча
моцным голасам: "Цябе, Жаніх мой, люблю і, Цябе шукаючы, мукі перанашу, і
расьпінаюся з Табою, і пахаваньне прымаю ў хрышчэньні Тваім, і цярплю за Цябе,
каб панаваць з Табою, і паміраю за Цябе, каб з Табою жыць; Ты ж прымі мяне, як
ахвяру чыстую, што з любоўю прыносіцца Табе". Малітвамі яе, Міласэрны, збаў душы
нашы.
Слава ... цяпер ...
Чаканьня (тон 4). Марыя, маючы ва ўлоньні сваім
без семя Зачатага, пайшла разам з Язэпам на перапіс у Бэтлеем, бо была з дому
Давідавага. Надышоў час радзіць Ёй, і нідзе не знайшлося месца для Яе. І вось
пячора сталася сьветлым хорамам Каралевы. Хрыстос родзіцца, каб раней упалы
вобраз узьняць.
|