Ютрань
Пасьля "Госпад – Бог ...": трапар перадсьвяцьця
тройчы.
Сядальная песьня 1 (тон
6). Сёньня спаўняюцца прадказаньні прарокаў: Бог наш, застаючыся
нязьменным, ідзе радзіцца невыказна ад Дзевы Марыі. Мудрацы зьбіраюцца ў дарогу
з дарамі, пастухі чакаюць на полі, і мы разам з імі пяём: "Госпадзе, які
нарадзіўся ад Дзевы, слава Табе!".
Слава ... цяпер ...: тое самае.
Сядальная песьня 2 (тон
8). Анёлы ўсклікнулі пастухом, якія гралі на жалейках: "Спыніце
граньне, апекуны статкаў, але засьпявайце радасна і ўсклікніце, што нарадзіўся
Госпад Хрыстос Бог, каб збавіць род людзкі".
Слава ... цяпер ...: тое самае.
Канон (тон 2)
Песьня 1
Ірмас. Як некалі Магутная Сіла патапіла ў глыбіні
марской фараонава войска, так Слова, што сталася целам, злосны грэх знішчыла:
Усяхвальны Госпад уславіўся.
На загад кесара, Ты, Уладару ўсіх, запісаны, каб запісаць
чалавека ў кнізе жыцьця. Ты прыйшоў да сваіх як чужы, і клічаш да неба тых, што
страцілі яго.
Прымай, Бэтлееме, Хрыста, які прыходзіць да цябе, каб прыняць
цела і адкрыць мне рай. Рыхтуйся, пячора, зьмясьціць у сабе Незьмяшчальнага, які
ў велічы добрасардэчнасьці сваёй сёньня стаўся ўбогім дзеля нас.
Хрыстос ідзе радзіцца, каб, як Бог, адрадзіць нашчадкаў
Адама. Цешся, чалавечая прырода, што стался няплоднай як пустыня, бо вось
прыходзіць Уладар зрабіць цябе шматдзетнай.
Песьня 3
Ірмас. Царква народаў, што раней была няплоднай,
быццам пустыня, зацьвіла, як кветка, прыйсьцем Тваім, Госпадзе. У ёй умацавалася
сэрца маё.
Каб выбавіць мяне ад грэшных путаў, Ты, Чалавекалюбча,
захацеў быць спавітым у пялёны, як немаўля. Пакланяюся Тваёй Боскай
спагадлівасьці.
Дзева ідзе радзіць у часе Цябе, які зазьзяў спрадвеку ад
Айца, каб вызваліць ад часовых страсьцяў душы нашыя.
У пошуках мяне, што заблудзіў у сваіх правінах, Ты,
шматміласэрны і добры, зрабіў сабе жыльлём пячору, быццам неба, каб прыгатаваць
мне нябеснае жыльлё.
Сядальная песьня (тон 8).
Сёньня зямля мне здаецца небам, бо на ёй, у Бэтлееме Юдэйскім,
родзіцца Творца і кладзецца ў ясьлі. Пастухі з анёламі няспынна пяюць: "Слава на
вышынях, супакой на сьвеце". Яны бачылі зорку, што ішла перад мудрацамі, якія
сьпяшаліся прынесьці дары – золата, сьмірну і ладан, – існаму Богу і Творцу
ўсіх, і Ўладару спрадвечнаму, які ў міласэрнасьці сваёй нарадзіўся ў пячоры.
Песьня 4
Ірмас. Не хадайнік, не анёл, але сам Ты, Госпадзе,
прыйшоў ад Дзевы і збавіў мяне, чалавека. Таму я ўсклікаю: Слава сіле Тваёй,
Госпадзе!
Хай усё стварэньне адкіне старое, убачыўшы Цябе, Творцу
ўсяго, у выглядзе немаўляці. У Тваім нараджэньні Ты нанова стварыў і абнавіў
усё, і вярнуў да першаснае красы.
Мудрацы, скіроўваныя боскаю зоркаю, сталі ў зьдзіўленьні
перад Тваім слаўным нараджэньнем. Яны ўбачылі Сонца, што ўзышло з дзявочай
хмары, і прынесьлі Яму дары.
Вось прыходзіць Дзева, маючы ва ўлоньні Ягнё, што адымае
грахі сьвету. Хай радуецца і сьвяткуе ўсё стварэньне!
Сказаньні прарокаў, што прадказалі зьяўленьне Хрыста, сёньня
атрымалі збавеннае спаўненьне. Вось Ён прыходзіць у целе, каб прасьвятліць тых,
што пакутуюць у цемры.
Песьня 5
Ірмас. Хадайнікам Бога і людзей Ты быў, Хрысьце
Божа: Табою, Уладару, мы атрымалі доступ з ночы няведаньня да Начальніка
сьвятла, Айца Твайго.
Хай людзі, што некалі сядзелі ў цемры, убачаць Незаходнае
Сьвятло – Таго, каго зорка абвясьціла пэрскім царам–агнепаклоньнікам.
Вялікі Ўладар і магутны Бог сьпяшаецца ўвайсьці ў малую
пячору, каб мяне, скоранага, узьвялічыць, і, зьбяднелага, узбагаціць бязьмерным
багацьцем.
Сёньня ад Якуба, як прадказаў Валаам, родзіцца Хрыстос, які
будзе панаваць над народамі, і валадарства Ягонае, узмоцненае ласкаю, застанецца
назаўсёды.
Песьня 6
Ірмас. З бездані грахоў маіх неспасьціглую бездань
міласэрнасьці Тваёй клічу: ад тленнасьці, Божа, уздымі мяне.
У дзівосны спосаб Хрыстос прыходзіць да сваіх: дык пакінем
грахі і прымем Яго, бо Ён жыве ў пакорных, ціхіх і лагодных душах.
Ты, Бэтлееме, ня меншы за іншыя гарады, бо ў табе народзіцца
Ўладар і Госпад, які будзе пасьвіць свой народ.
Як гэта малая пячора можа зьмясьціць Цябе, каго ўвесь сьвет
зьмясьціць ня можа? Як гэта Ты, спрадвечны з Айцом, аб'яўляешся нам, як немаўля?
Кандак (тон 3).
Сёньня Дзева ідзе ў невыказны спосаб радзіць у пячоры Спрадвечнае Слова:
сьвяткуй, сусьвет, і разам з анёламі і пастушкамі слаў Бога спрадвечнага, які,
як дзіцятка малое, на сьвет прыходзіць.
Ікас. Сказаньні прарокаў сёньня спаўняюцца: вось
Дзева родзіць Дасканалага ў горадзе Бэтлееме ў пячоры. Усё стварэньне хай
абнаўляецца, цешыцца і сьвяткуе, бо між слугаў жыць прыходзіць Уладар усіх, каб
выбавіць нас, падуладных тленнасьці, ад варожай улады; у пялёны спавіваецца
спрадвечны Бог, які, як дзіцятка малое, на сьвет прыходзіць.
Песьня 7
Ірмас. Богапраціўны загад беззаконнага мучыцеля
ўзьняў высока полымя; расу духоўную паслаў набожным юнаком Хрыстос блаславёны і
ўсяслаўны.
Хай хмары пояць зямлю расою, бо вось Той, для каго хмары
служаць усходамі, прыходзіць ва ўлоньні Дзевы, быццам на хмары. Сьвятло
незаходнае ідзе зазьзяць тым, што раней сядзелі ў цемры.
Хоры анёлаў, рыхтуйцеся, каб уславіць у песьнях невыказны
Божы зыход. Мудрацы, ідзеце хутка, пастухі, сьпяшайцеся: бо вось прыходзіць
Хрыстос, чаканьне і збаўленьне народаў.
"Што гэта за дзіўны і вялікі цуд? Як гэта я буду насіць Цябе,
які словам сваім носіш усё? Невыказнае нараджэньне Тваё, спрадвечны Сыне мой", –
кажа Ўсячыстая, трымаючы на руках са страхам Хрыста.
Песьня 8
Ірмас. Некалі печ вогненная ў Бабілёне хальдэяў
спаліла, а верных на загад Бога акрапіла расою, і яны запяялі: "Усе творы
Гасподнія, блаславіце Госпада!".
Беззаганная дзівілася велічы тайны, больш недаступнай розуму
за неба, і казала: "Пасад нябесны гарыць полымем, калі Ты сядзіш на ім: дык як
жа Я буду насіць Цябе, Сыне мой?".
Ты, Сыне мой, – вобраз і падабенства Айца, дык як гэта Ты,
зьбяднеўшы, прыняў выгляд слугі? Як пакладу ў ясьлях неразумных жывёлаў Цябе,
які збаўляе нас ад неразумнасьці? Слаўлю Тваю дабрыню.
Радуйся, зямля, бо вось Хрыстос ужо набліжаецца да Бэтлеему,
каб там нарадзіцца. Мора, весяліся, хоры прарокаў, сьпявайце, убачыўшы
спаўненьне вашых прароцтваў, і ўсе людзі, радуйцеся.
Песьня 9
Ірмас. Сын спрадвечнага Айца, Госпад і Бог, прыняў
ад Дзевы цела і зьявіўся нам, каб прасьвятліць тых, што ў цемры, і сабраць
расьцярушаных. Дзеля гэтага мы ўсяхвальную Багародзіцу ўзьвялічваем.
Хай ўсе зямныя ўладары пяюць, хай цешацца народы: сёньня
горы, даліны, узгоркі, рэкі, мора і ўсе стварэньні ўзьвялічваюць Госпада, які
нарадзіўся.
Некалі Ты зьяўляўся прарокам, наколькі яны маглі бачыць Цябе;
а ў апошні час Ты стаўся чалавекам і аб'явіўся ўсім у Юдэйскім месьце Бэтлееме,
і зорка паказала Цябе тым, што вывучалі зоркі.
"Любае Дзіця маё! Як я буду карміць Цябе, які корміш усё; як
буду трымаць Цябе, які рукою сваёю трымаеш усё? Як спаўю ў пялёны Цябе, які
спавіваеш зямлю імглою?" – усклікнула ўсячыстая Дзева, якую мы няспынна
ўзьвялічваем.
Экзапастыляр (сьвяцільнік). Той, хто жыве ў
недасяжным сьвятле і трымае ў быцьці ўсё, у невыказнай дабрыні родзіцца ад
Дзевы, і спавіваецца ў пялёны як немаўля; у пячоры кладзецца ў ясьлі неразумнай
жывёлы. Дык пойдзем хутка ў Бэтлеем з мудрацамі, каб пакланіцца Яму і прынесьці
ў дар плён нашых добрых учынкаў.
Слава ... цяпер ...
Прынясем, верныя, песьню хвалы Дзеве Марыі, што сёньня ідзе ў
Бэтлеем, каб нарадзіць Хрыста Спаса. Мудрацы з дарамі, ідзеце за зоркаю разам з
намі пакланіцца Яму; пастухі, сьпяшайцеся разам з анёламі ўсхваліць Таго, Хто
мае нарадзіцца: "Слава Табе, які нарадзіўся ў пячоры і быў пакладзены ў
ясьлях!".
Пахвальныя псалмы
(Тон 6). Зорка зазьзяла ад Якуба ў пячоры, дык
пачнем сьвяткаваць, пойдзем разам з мудрацамі і пастухамі, і ўбачым Бога,
спавітага ў пялёны, і Дзеву, якая корміць Яго. Вялікі Цуд! Цар Ізраіля, Хрыстос,
прыходзіць на сьвет!
Хоры анёлаў славявць сёньня Цябе, Усячыстая Дзева Маці, і
радуюцца з Твайго сынараджэньня: "Радуйся, надзея верных; радуйся, заступніца
тых, што славяць Цябе! З імі і мы ўсклікаем: "Блаславёны Ты, Божа, які прыйшоў
на сьвет. Слава Табе!".
Сьвятло зазьзяла з кораня Ясеевага, як прадказаў сьвяты
прарок: бачым Дзеву, што звышпрыродна родзіць у пячоры дарагую кветку,
роўнапасадную Айцу на вышынях. Дык усклікнем, людзі: "Блаславёны Ты, Божа, які
прыйшоў на сьвет. Слава Табе!".
Сёньня Адам пакліканы ад блуду і ад змрочнага ашуканства
ворага, бо Хрыстос, прыняўшы цела ад Дзевы і стаўшыся чалавекам, абнаўляе яго і
адмяняе праклён Эвы. Дык усклікнем, людзі: "Блаславёны Ты, Божа, які прыйшоў на
сьвет. Слава Табе!".
Слава ...
(Тон 6). Хадзі, Бэтлееме, рыхтуйся да родаў. Ідзі,
Язэпе, з Марыяю на перапіс. О, чыстыя ясьлі, о баганосныя пялёны, у якіх
спавітае Жыцьцё – Хрыстос Бог наш – разрывае путы сьмерці і прыводзіць людзей да
нятленнасьці.
Цяпер ...
Блаславёнае ўлоньне Божае Дзевы сталася больш прасторным за
неба, бо насіла ў сабе Таго, каго неба зьмясьціць ня можа. Блаславёныя грудзі
Дзевы, што кармілі Хрыста, які корміць усё жывое стварэньне, і які прыняў цела
ад Тае, што ня знала мужа.
Вершапесьні
(Тон 2). Ты, Дзева, явілася домам Усемагутнага! У
Табе пасяліўся Госпад славы, які сёньня ідзе нарадзіцца.
Верш. Бог ідзе з поўдня, Сьвяты з гары, пакрытай
цяністым гаем.
У Бэтлееме ў ясьлях родзіцца ад Дзевы дзіцятка – Бог
спрадвечны. Які цуд!
Верш. Госпадзе, я пачуў голас Твой і спалохаўся;
зразумеў учынкі Твае і жахнуўся.
Духоўныя хоры анельскія на вышынях, разам з пастухамі і
мудрацамі, усклікніце Богу, які нарадзіўся: "Слава Табе!".
Слава ...: Слава Табе, Ойча, Сыне і Духу, бо праз Цябе
страшная тайніца абнаўленьня людзей сталася.
Цяпер ...: Радуйся, Дзева Багародзіца, што ад Духа
Сьвятога нарадзіла Жыцьцё для збаўленьня ўсіх.
|