Галоўная > Мінэя - Сьнежань > 25 сьнежня - Нараджэньне Госпада, Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста

25 сьнежня - Нараджэньне Госпада, Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста


16 чэрвеня 2008.

Вячэрня

 

 

Заўвага: У суботу і нядзелю ўвечары бывае сама вячэрня. У іншыя дні тыдня служыцца вячэрня разам з Літургіяй сьв. Базыля Вялікага.

 

На "Госпадзе, Цябе клічу ...": наступныя песьні з паўтарэньнем:

(Тон 2). Прыйдзіце, будзем радавацца ў Госпадзе і разважаць над сёньняшняй тайнай: загарода раю зьнішчаецца, вогненны меч зьнікае, хэрувім адступае ад дрэва жыцьця, а мы, выгнаныя з раю за непаслушэнства, зноў прыступаем да райскае спажывы. Нязьменны вобраз Айца, водбліск Ягонае спрадвечнасьці, прымае выгляд слугі. Прыйшоўшы ад Дзевы Маці і не зазнаўшы ніякае зьмены, Ён застаецца тым, кім быў – сапраўдным Богам, – і прымае тое, чым ня быў, стаўшыся чалавекам дзеля чалавекалюбства. Дык усклікнем Яму: "Божа, што нарадзіўся ад Дзевы, зьмілуйся над намі!".

Калі Госпад нарадзіўся ад сьвятое Дзевы, увесь сьвет прасьвятліўся: пастухі гралі, мудрацы пакланяліся, анёлы сьпявалі, а Ірад устрывожыўся, што зьявіўся ў целе Бог, Збавіцель душаў нашых.

Валадарства Тваё, Хрысьце Божа, – валадарства ўсіх вякоў, і дзяржава Твая з пакаленьня ў пакаленьне. Ты прыняў цела ад Духа Сьвятога і стаўся чалавекам ад Дзевы Марыі. Прыйсьце Тваё, Хрысьце Божа, было для нас ясным сьвітанкам. Ты – Сьвятло ад Сьвятла, зьзяньне славы Айца. Ты прасьвятліў усё стварэньне, і таму ўсё жывое славіць Цябе. Вобраз славы Айца, што быў і заўжды ёсьць, і зазьзяў ад Дзевы, Божа, зьмілуйся над намі!

Чым мы Табе аддзячым, Хрысьце, за тое, што Ты стаўся чалавекам дзеля нас на зямлі? Кожнае стварэньне, што прыйшло праз Цябе да быцьця, прыносіць падзяку Табе: анёлы – сьпевы, неба – зорку, мудрацы – дары, пастушкі – абвяшчэньне цуду, зямля – пячору, пустыня – ясьлі, а мы прыносім Табе Маці Дзеву. Спрадвечны Божа, зьмілуйся над намі!

Слава ... цяпер ...

(Тон 2). Калі Аўгуст быў адзіным уладаром на зямлі, шматуладзьдзе людзей скончылася; калі ж Ты стаўся чалавекам ад Усячыстае, адмененае было ідальскае многабожжа. Пад адзіным зямным уладаром апынуліся ўсе краіны, і ўсе людзі ўверылі ў адзіную Божую ўладу. На загад кесара людзі пайшлі запісвацца, і мы, верныя, таксама запісаліся ў Бога нашага, што стаўся чалавекам. Вялікая Твая міласэрнасьць, Госпадзе. Слава Табе!

 

Уваход з Евангельлем.

Пракімен: дня.

 

 

Чытаньне кнігі Роду

 

Спачатку Бог стварыў неба і зямлю. Зямля была неўпарадкаваная і пустая, цемра была над безданьню, і дух Божы насіўся над водамі. І сказаў Бог: "Хай будзе сьвятло!". І сталася сьвятло. І Бог убачыў, што сьвятло добрае і аддзяліў яго ад цемры. І назваў Бог сьвятло днём, а цемру назваў ноччу. І настаў вечар і раніца – дзень першы. А потым Бог сказаў: "Хай паўстане скляпеньне сярод водаў і хай разьдзеліць назаўжды адны воды ад другіх!". І ўчыніўшы скляпеньне, Бог аддзяліў воды пад скляпеньнем ад водаў над скляпеньнем. І назваў Бог скляпеньне небам. І быў вечар, а за ім раніца – дзень другі. Тады Бог сказаў: "Хай зьбяруцца воды пад скляпеньнем у адно месца і хай пакажацца суша!". І калі так сталася, Бог назваў сушу зямлёю, а збор водаў – морам. І ўбачыў Бог, што гэта добра. І сказаў Бог: "Хай зямля праросьціць зялёныя расьліны: травы, што расьсяваюць насеньне; фруктовыя дрэвы, што прыносяць плады з сямёнамі ў іх, кожнае паводле свайго роду на зямлі!". І сталася так. Зямля вывела з сябе расьліны: траву, што расьсявае насеньне, і фруктовыя дрэвы, што родзяць плады з сямёнамі паводле свайго роду. І ўбачыў Бог, што гэта добра. І настаў вечар і раніца – дзень трэці. (1:1–13)


Чытаньне кнігі Лікаў

 

Дух Божы спачыў на Валааме, і ён пачаў абвяшчаць сваё прароцтва, кажучы: "Як цудоўныя шатры твае, Якубе, і паселішчы твае, Ізраілю. Яны быццам лугі, быццам сады на берагах ручаёў, быццам дубы, што Госпад пасадзіў, быццам кедры над водамі. Вада ліецца з вёдраў яго, і ягоныя пасевы маюць удосталь вільгаці. Уладар ягоны мацнейшы за Агага, валадарства ягонае ўзьнесена высока. А Бог, які вывеў яго з Ягіпту – для яго Ён быццам рогі зубрыныя. Ён зьнішчыць народы варожыя яму, сатрэ іхнія косьці, стрэламі павыбівае іх. Ён лёг спачыць, быццам леў і быццам львіца – хто наважыцца разбудзіць яго? Блаславёныя тыя, што бласлаўляюць цябе і праклятыя, што цябе праклінаюць. Зазьзяе зорка ад Якуба, і ўстане чалавек ад Ізраіля, ён выб'е князёў Маабіцкіх і возьме ў палон усіх сыноў Эдомскіх, і будзе Эдом ягоным набыткам, і будуць нашчадкі Ісава ворагамі ягонымі, і моц Ізраіля ўзрасьце". (24: 2–3, 5–9, 17–18)


Чытаньне кнігі прарока Міхея

 

"У той дзень, – кажа Госпад, – зьбяру калекаў і пазьбіраю ўсіх выгнаньнікаў, і тых, каго Я засмуціў. І зраблю калекаў іх астаткам, а з выгнаньнікаў учыню народ магутны, і Госпад будзе панаваць над імі на гары Сыён ад сёньня і давеку". І ты, Бэтлеем-Эўфрата, найменшы сярод плямёнаў Юдавых! З цябе выйдзе той, хто будзе панаваць у Ізраілю, і паходжаньне ягонае з давён-даўна, з дзён спрадвечных. Дзеля гэтага Ён (Госпад) пакіне іх да часу, пакуль народзіць тая, што мае радзіць. І тады рэшта братоў ягоных вернецца да Ізраіля. І ўстане, і будзе пасьвіць паству сваю сілаю Госпада. І ў славе імя Госпада Бога свайго будзе прабываць, пакуль не пашырыць улады сваёй да канцоў зямлі. (4:6–7; 5:1–4)


Людзі (Тон 6): Таемна Ты нарадзіўся ў пячоры, але неба, Збавіцелю, зьяўленьнем зоркі абвясьціла ўсім Цябе. І прывяло да Цябе мудрацоў, каб у веры пакланіцца Табе. З імі разам і нам пакажы міласэрнасьць Тваю.

Чытальнік: Госпад любіць Сыён, які Ён збудаваў на гарах сьвятых, больш за ўсе паселішчы Якуба. Гавораць пра цябе рэчы поўныя пахвалы, места Божае! Рааб і Бабілён сярод тых, што шануюць мяне. (Пс 86:2–4)

Людзі: І прывяло да Цябе мудрацоў, каб у веры пакланіцца Табе. З імі разам і нам пакажы міласэрнасьць Тваю.

Чытальнік: Філістыны і Тыр, і Куш – яны ўсе нарадзіліся тут. А пра Сыён скажуць: "Усе да аднаго нарадзіліся ў ім, і Найвышэйшы Госпад умацаваў яго". (Пс 86:4–5)

Людзі: І прывяло ...

Чытальнік: Госпад напіша ў кнізе народаў: "Яны нарадзіліся тут". І, танцуючы, запяюць яны: "У табе ўсе мае крыніцы". (Пс 86:6–7)

Людзі: І прывяло ...

Чытальнік: Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Людзі: Таемна Ты нарадзіўся ў пячоры, але неба, Збавіцелю, зьяўленьнем зоркі абвясьціла ўсім Цябе. І прывяло да Цябе мудрацоў, каб у веры пакланіцца Табе. З імі разам і нам пакажы міласэрнасьць Тваю.

 

Чытаньне кнігі прарока Ісаі

 

Так кажа Госпад: "Парастак вырасьце з кораня Ясея, галінка з камля ягонага. І Дух Госпада спачыне на ім, дух мудрасьці і розуму, дух разважнасьці і мужнасьці, дух веды і набожнасьці. Дух страху Гасподняга напоўніць яго, і будзе судзіць не паводле вонкавага выгляду, і даваць прысуд не паводле чутак. У справядлівасьці ён будзе чыніць суд бедным, і пакорным дасьць справядлівы прысуд. Палкаю слоў сваіх ён ударыць прыгнятальніка, дыханьнем вуснаў сваіх умярцьвіць нязбожнага. Справядлівасьць будзе поясам на сьцёгнах яго, і праўда – падперазаньнем паясьніцы яго. Тады воўк будзе жыць супольна з ягняткам, а леапард будзе ляжаць побач з казьлём, цяля і леў будуць разам пасьвіцца, а малое хлапчанё паганяць іх будзе. Карова і мядзьведзіца будуць жыць мірна, і іхнія малыя разам ляжаць будуць. Леў, як і вол, будзе есьці салому, немаўля гуляць будзе ля нары гадзюкі; і дзіцятка ўложыць руку ў зьмяіную нару. Ня будуць чыніць нічога благога і ніякай шкоды на ўсёй гары маёй сьвятой, бо зямля так будзе поўная прысутнасьці Госпада, як мора поўнае вады. І ў той час станецца: корань Ясея будзе знакам для ўсіх народаў; да яго ўсе людзі прыйдуць з малітваю, і слаўным будзе месца ягонага супачынку". (11:1–10)


Чытаньне кнігі прарока Ярэмы

 

Такі Бог наш: ніхто чужы не ўстаіць супраць Яго, ніхто Яму ня роўны. Ён зьведаў усе сьцежкі мудрасьці, і даў яе Якубу, слузе свайму, і Ізраілю любаму свайму. А потым яна (мудрасьць) зьявілася на зямлі і з людзьмі прабывала. А мудрасьцю гэтай была кніга прыказаньняў Божых, і Закон, які трывае давеку. Усе, што трымаюцца яе, жыць будуць. А тыя, што ёю пагарджаюць, памруць. Навярніся, Якубе, хадзі ў зьзяньні ейнага сьвятла. Не аддавай іншаму славы тваёй, і народу чужому тваіх прывілеяў. Якія мы, Ізраілю, шчасьлівыя, бо ведаем, што да спадобы Богу. (Барух 3:35–4:4)


Чытаньне кнігі прарока Данілы

 

Сказаў Даніла Набухаданосару: "Ты, цару, бачыў: вось статуя – статуя агромністых памераў і незвычайнага блеску, – стала перад табою, і выгляд ейны быў жахлівы. Галава гэтай статуі была з золата найчысьцейшага, грудзі і плечы са срэбра, жывот і сьцёгны з жалеза, ногі часткова з жалеза і часткова з гліны. Ты ўглядаўся на яе, і вось камень адарваўся ад гары, без дапамогі рук, і ўдарыў статую ў ногі ейныя з жалеза і гліны, і разьбіў іх. Тады ўсё развалілася – жалеза, медзь, срэбра і золата, – і сталася быццам мякіна на таку ўлетку; і вецер разнёс іх так, што і сьледу не засталося. А той камень, які ўдарыў ідала, стаўся вялікай гарою і напоўніў усю зямлю. Гэта быў сон, і мы патлумачым значэньне яго цару. Бог неба ўстановіць валадарства, якое не праміне, і панаваньне якога не пяройдзе да іншага народу. Яно разбурыць і зьнішчыць усе іншыя валадарствы, а само будзе трываць давеку, як той камень, што ты бачыў, які адарваўся ад гары без удзелу рук і разьбіў гліну, жалеза, медзь, срэбра і золата. Бог вялікі паказаў цару, што мае быць. Сон праўдзівы і тлумачэньне яго пэўнае". (2:31–36;44–45)


Людзі (тон 6): Ты зазьзяў, Хрысьце, ад Дзевы, быццам духоўнае сонца праведнасьці, і зорка паказала Цябе, Незьмяшчальнага, які зьмясьціўся ў пячоры. Ты прывёў мудрацоў пакланіцца Табе. З імі разам і мы ўзьвялічваем Цябе: Жыцьцядаўча, слава Табе!

Чытальнік: Госпад пануе, Ён апрануўся ў красу, апрануўся Госпад у сілу і падперазаўся. Ён умацаваў сусьвет, што не зварухнецца. Пасад Твой непахісны ад пачатку сьвету, Ты ж вечна існуеш. (Пс 92)

Людзі: Ты прывёў мудрацоў пакланіцца Табе. З імі разам і мы ўзьвялічваем Цябе: Жыцьцядаўча, слава Табе!

Чытальнік: Узьнімаюць рэкі, Госпадзе, узьнімаюць рэкі голас свой; узьнімаюць рэкі рокат грамавы.

Людзі: Ты прывёў ...

Чытальнік: Госпад на вышынях мацнейшы за рокат водаў вялікіх, больш магутны за хвалі марскія. Сьведчаньні Твае праўдзівыя, сьвятасьць належыцца дому Твайму, Госпадзе, праз усе дні.

Людзі: Ты прывёў ...

Чытальнік: Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Людзі: Ты зазьзяў, Хрысьце, ад Дзевы, быццам духоўнае сонца праведнасьці, і зорка паказала Цябе, Незьмяшчальнага, які зьмясьціўся ў пячоры. Ты прывёў мудрацоў пакланіцца Табе. З імі разам і мы ўзьвялічваем Цябе: Жыцьцядаўча, слава Табе!

 

Чытаньне кнігі прарока Ісаі

Дзіця нарадзілася нам, Сын быў дадзены нам, на ягоных плячах спачыла ўлада. Далі яму імя: Дзіўны дарадчык, Бог усемагутны, Уладар, Айцец вялікі, Князь супакою. Вялікае будзе ягонае панаваньне, і міру ягонаму ня будзе межаў; Ён сядзе на пасадзе Давіда і будзе панаваць над ягоным царствам, якое Ён умацуе і захавае ад сёньня і давеку. Раўнівая любоў Госпада Сіл учыніць гэта. (9:6–7)


Чытаньне кнігі прарока Ісаі

Зноў прамовіў Госпад да Ахаза, кажучы: "Прасі знаку ў Госпада твайго, глыбока пад зямлёю, або высока на гары". Але Ахаз адказаў: "Ня буду прасіць і ня буду спакушаць Госпада". Тады сказаў: "Слухай, доме Давідаў, ці мала табе рабіць прыкрасьці людзям, што яшчэ робіш прыкрасьці Богу майму? Дзеля гэтага сам Госпад дасьць табе знак: вось Дзева зачне і народзіць сына, і дасьць яму імя ‘Эмануэль’. Малако і мёд піць будзе, пакуль навучыцца адкідаць зло і выбіраць дабро. Але перад тым, як навучыцца адкідаць зло і выбіраць дабро, дзяржава двух каралёў, якіх ты баішся, будзе спустошаная". І Госпад сказаў мне: "Вазьмі табліцу новую вялікую і напішы на ёй звычайным пісьмом: Магэр-шаляль-гаш-баз (Скоры-рабунак-хуткая-здабыча). І вазьмі сабе двух вартых даверу сьведкаў: Урыю сьвятара і Захара, сына Еварахія". І я прыступіўся да прарочыцы, і яна зачала і нарадзіла сына. І сказаў мне Госпад: "Назаві яго Магер-шаляль-гаш-баз, бо перад тым, як хлопец навучыцца казаць ‘тата’ і ‘мама’, багацьці Дамаску і здабычы Самарыі будуць прынесеныя перад каралём Асырыі". З намі Бог, зразумейце гэта, ўсе народы, і скарыцеся; пачуйце гэта ўсе канцы зямлі, і скарыцеся! Калі і ўзброіцеся, будзеце пераможаныя; калі ўчыніце змову, Госпад аберне яе ў нішто; і слова вашае не ўстаіць, бо з намі Бог. (7:10–16; 8:1–4, 9–10)


Малая літанія, з воклікам, "Бо Ты сьвяты, Божа наш ..."; "Сьвяты Божа ..." і далей Літургія Сьвятога Базыля.

У суботу і нядзелю ўвечары: вячэрня бывае без Літургіі, і "Сьвяты Божа" не сьпяваецца.


Пракімен (Пс 2:7,8). Госпад сказаў мне: "Ты сын мой, сёньня Я нарадзіў Цябе".

Верш. Прасі ў мяне, і дам Табе ў спадчыну народы, і канцы зямлі ва ўладаньне Тваё.

 

Чытаньне лісту сьвятога Апостала Паўла да Гэбрэяў

Шматразова і рознымі спосабамі прамаўляў некалі Бог да айцоў праз прарокаў, у канцы ж гэтых дзён прамовіў да нас праз Сына, якога Ён паставіў спадкаемцам усяго і праз якога сьвет стварыў. Ён – водбліск Ягонае славы і вобраз Ягонае асобы, – трымаючы ўсё сваім магутным словам, і споўніўшы ачышчэньне грахоў, сеў на вышынях па правай руцэ Велічы, і стаўся так вышэйшым ад анёлаў, як вышэйшае атрымаў у спадчыну імя. Бо калі якому з анёлаў Ён сказаў: "Ты – Сын мой, сёньня Я цябе нарадзіў"? І зноў: "Я буду Яму Айцом, а Ён будзе Мне Сынам?" Калі ж зноў увёў Першароднага на сьвет, сказаў: "Хай пакланяюцца Яму ўсе анёлы Божыя". А да анёлаў сказаў: "Ён чыніць вятры пасланцамі сваімі, і слугамі сваімі полымя агню". А Сыну: "Пасад твой, Божа, на век вякоў; скіпетр валадарства твайго – скіпетр праведнасьці. Ты любіш справядлівасьць і ненавідзіш беззаконьне: дзеля гэтага Бог, Бог твой, памазаў цябе алеем радасьці над усімі таварышамі тваімі". Таксама: "Спачатку Ты, Госпадзе, заснаваў зямлю, і неба – твор рук Тваіх. Яны прамінуць, а Ты застаешся. Быццам вопратка, яны састарэюць, і, як адзеньне, Ты згортваеш іх, і яны мяняюцца. А Ты ўсё той самы, і гадом Тваім няма канца". (1:1–12)


Алілуя (Пс 109:1,2,3): Сказаў Госпад Госпаду майму: "Сядзь па правай руцэ маёй, пакуль пакладу ворагаў Тваіх пад ногі Табе".

Верш 1. Госпад пашле Табе жэзл сілы з Сыёну, і будзеш панаваць над ворагамі Тваімі.

Верш 2. "Ва ўлоньні перад заранкай Я нарадзіў Цябе", – кляўся Госпад і не раскаяўся.

 

Чытаньне Сьвятога Евангельля паводле Лукі

У тыя дні выйшаў загад кесара Аўгуста зрабіць перапіс (насельніцтва) усяе дзяржавы. Першы гэты перапіс адбыўся, калі Сырыяй правіў Квірын. І вось усе людзі пайшлі запісвацца, кожны ў сваё места. Пайшоў і Язэп з Галілеі, з места Назарэту, у Юдэю, у места Давідава, званае Бэтлеем – бо ён быў з дому Давіда, – запісацца з пашлюбаванай з ім Марыяй, якая была цяжарная. Калі яны былі там, настаў час Марыі радзіць. І нарадзіла яна Сына першароднага свайго, спавіла яго ў пялёны і паклала ў ясьлях, бо не знайшлося ім месца ў гасподзе. Былі ж у той аколіцы ў полі пастухі, што пільнавалі ўночы свой статак. Раптам стаў перад імі анёл Гасподні, і сьветласьць Гасподняя адусюль зазьзяла ім, так што яны вельмі спалохаліся. Але анёл сказаў ім: "Ня бойцеся, бо вось абвяшчаю вам вялікую радасьць, што будзе радасьцю ўсяго народу. Сёньня нарадзіўся вам у месьце Давідавым Збавіцель, ён жа Госпад Хрыстос. А вось вам знак: вы знойдзеце дзіця, спавітае ў пялёнкі, што ляжыць у ясьлях". І ў тую хвіліну прылучылася да анёла вялікае мноства нябесных сілаў, якія славілі Бога і пяялі: "Слава на вышынях Богу, супакой на зямлі людзям добрай волі". Калі анёлы адышлі ад іх да неба, пастухі сказалі адзін аднаму: "Хадзем да Бэтлеему, паглядзім, што гэта за здарэньне, пра якое Госпад абвясьціў нам". І, хутка пайшоўшы, знайшлі Марыю, Язэпа і Немаўлятка, што ляжала ў ясьлях. Убачыўшы Яго, яны расказалі пра тое, што ім было сказана пра гэтае Дзіцятка. І ўсе, што чулі, дзівіліся таму, што казалі пастухі. А Марыя пільна зьберагала ўсе гэтыя словы, разважаючы ў сэрцы сваім. І вярнуліся пастухі, сьпяваючы і славячы Бога за ўсё, што чулі і бачылі, так, як ім было сказана. (2:1–20)


Калі няма Літургіі: Гал 3:15–22, Мц 13: 31–36а.

Пасьля Евангельля: літанія "Скажам усе разам...", услаўленьне "Дай, Госпадзе, у гэты вечар...", літанія "Дапоўнім вячэрнюю малітву..."; пасьля вокліку "Хай моц валадарства...", сьвятар кажа: "Мудрасьць" і бывае звычайнае заканчэньне вячэрні.

Пасьля вячэрні, як пасьля літургіі, бывае ўслаўленьне сьвята сярод царквы.

Задастойнік (беларуская традыцыя): Не сумнявайся, Маці, што бачыш сёньня малым дзіцем Мяне, каго Айцец ва ўлоньні сваім нарадзіў раней заранкі. Я прыйшоў зноў узьнесьці і ўславіць паўшы род людзкі, які з вераю і любоўю ўзьвялічвае Цябе.

Прычасьник: Хваліце Госпада з нябёсаў, хваліце Яго на вышынях. Алілуя, алілуя, алілуя.

 

Услаўленьне сьвята пасьля літургіі (або вячэрні):

Трапар (тон 4). Нараджэньне Тваё, Хрысьце Божа наш, зазьзяла на ўвесь сьвет сьвятлом пазнаньня. І вось тыя, што зоркам служылі, ад зоркі навучыліся пакланяцца Табе, Сонцу справядлівасьці, і зразумелі, што Ты – Сьвітаньне з вышыняў. Госпадзе, слава Табе!

Слава ... цяпер ...

Кандак (тон 3). Дзева сёньня родзіць Надпрыроднага, і зямля пячору Недаступнаму прыносіць; анёлы з пастушкамі ў песьнях Яго славяць, мудрацы з зоркаю падарожнічаюць. Дзеля нас нарадзілася Дзіцятка малое, спрадвечны Бог.

Вялікая Павячэрніца

Ліцьця

(Тон 1). Неба і зямля сёньня з прарокамі хай весяляцца, анёлы і людзі хай усьцешацца духам, бо Бог, нарадзіўшыся ад Дзевы, зьявіўся ў целе для тых, што былі ў цемры і ценю. Пячора і ясьлі прымаюць Яго, пастухі цуд абвяшчаюць, мудрацы з Усходу ў Бэтлеем прыносяць дары. Мы ж недастойнымі вуснамі хвалу разам з анёламі прыносім: Слава на вышынях Богу, на зямлі супакой, бо вось прыйшла надзея народаў, каб вызваліць нас з варожай няволі.

Неба і зямля сёньня злучыліся, бо Хрыстос нарадзіўся. Сёньня Бог прыйшоў на зямлю, і чалавек узышоў на неба. Сёньня дзеля нас, людзей, Нябачны па прыродзе стаецца бачным у целе. Дык уславім Яго ў песьнях і ўсклікнем: "Слава на вышынях Богу, на зямлі супакой, які Ты даў нам прыйсьцем Тваім, Збавіцелю. Слава Табе!

Сёньня чую ў Бэтлееме анёлаў, якія пяюць: "Слава на вышынях Богу, які захацеў прынесьці супакой на зямлю!". Дзева сёньня зьявілася больш прасторнай за неба; сьвятло зазьзяла тым, што ў цемры і ўзвысіла пакорных пад сьпеў анёлаў: "Слава на вышынях Богу!".

Угледзеўшы, як створаны на вобраз Божы чалавек заняпаў праз грэх, Ісус нахіліў нябёсы і, застаўшыся нязьменным, зышоў і пасяліўся ва ўлоньні Дзевы, каб аднавіць сатлелага Адама, які кліча: "Слава зьяўленьню Твайму, Збавіцелю і Божа мой!".

Слава ...

(Тон 5). Мудрацы з пэўнасьцю ведалі, што Ты, Уладару Нябесны, нарадзіўся на зямлі. Ідучы ўсьлед за сьветлаю зоркаю, яны прыйшлі ў Бэтлеем з каштоўнымі дарамі – золатам, ладанам і смірнаю, – і, угледзеўшы ў пячоры Дзіцятка, чыім гадом няма ліку, пакланіліся Яму.

Цяпер ...

(Тон 6). Сёньня цешацца ў небе анёлы, людзі радуюцца, і ўсё стварэньне сьвяткуе, бо ў Бэтлееме нарадзіўся Збавіцель Госпад. Гіне ідальская мана, і Хрыстос пануе вечна.

 

Вершапесьні

(Тон 2). Вялікі і слаўны цуд адбыўся сёньня! Дзева родзіць, захаваўшы дзявоцтва; Слова родзіцца, не разлучаючыся з Айцом, анёлы з пастухамі славяць Народжанага, а з імі і мы ўсклікаем: "Слава на вышынях Богу і на зямлі супакой!".

Верш. "Ва ўлоньні перад заранкаю я нарадзіў цябе", – кляўся Госпад і не раскаяўся.

(Тон 3). Сёньня Дзева родзіць Творцу ўсіх, рай прыносіць пячору, і зорка паказвае Хрыста тым, што ў цемры; мудрацы з дарамі пакланяюцца, і пастухі стаюцца сьведкамі цуду пад сьпеў анёлаў, якія ўсклікаюць: "Слава на вышынях Богу!".

Верш. Сказаў Госпад Госпаду майму: "Сядзь па правай руцэ маёй".

Калі Госпад Ісус нарадзіўся ў Бэтлееме Юдэйскім, мудрацы, што прыйшлі з Усходу, пакланіліся Богу, які стаўся чалавекам, і, адкрыўшы свае скарбы, ахвяравалі іх у дары Яму: золата выпрабаванае, як Уладару ўсіх вякоў; ладан, як Богу ўсіх; сьмірну, як Несьмяротнаму, які меўся пацярпець трохдзённую сьмерць. Усе народы, прыйдзіце пакланіцца Народжанаму для збаўленьня душаў нашых.

Слава ...

(Тон 4). Цешся, Ерусаліме, сьвяткуйце ўсе, што любіце Сыён, сёньня часовыя путы Адамавага асуджэньня разьвязваюцца, рай адчыняецца, зьмяя перамагаецца; жанчына, якую перш спакусіла яна, сёньня ўбачыла Маці Творцы. О глыбіня мудрасьці і розуму Божага! Дзеля Багародзіцы тая, што была грэшным посудам і прычынаю сьмерці ўсіх людзей, сталася пачаткам збаўленьня ўсяго сьвету. Дзіцятка, якое нарадзілася ад Дзевы, захаваўшы ейнае дзявоцтва, было дасканалым Богам. Спавіты ў пялёнкі, Ён разьвязаў путы граху і суняў Эвін боль і сум. Хай цешыцца ўсё стварэньне, хай сьвяткуе радасна, бо Хрыстос прыйшоў аднавіць усё і збавіць душы нашыя.

Цяпер ...

(Тон 4). Калі Ты, Хрысьце, пасяліўся ў пячоры, споўніліся прадказаньні прарокаў аб Табе: ясьлі прынялі Цябе, пастухі і мудрацы Табе пакланіліся, анельскія сілы дзіваваліся, усклікаючы: "Слава прыйсьцю Твайму, адзіны Чалавекалюбча!".

 

На бласлаўленьне хлябоў:

Трапар (тон 4). Нараджэньне Тваё, Хрысьце Божа наш, зазьзяла на ўвесь сьвет сьвятлом пазнаньня. І вось тыя, што зоркам служылі, ад зоркі навучыліся пакланяцца Табе, Сонцу справядлівасьці, і зразумелі, што Ты – Сьвітаньне з вышыняў. Госпадзе, слава Табе! (Тройчы)


Ютрань


Пасьля "Госпад – Бог ...":

Трапар (тон 4). Нараджэньне Тваё, Хрысьце Божа наш, зазьзяла на ўвесь сьвет сьвятлом пазнаньня. І вось тыя, што зоркам служылі, ад зоркі навучыліся пакланяцца Табе, Сонцу справядлівасьці, і зразумелі, што Ты – Сьвітаньне з вышыняў. Госпадзе, слава Табе! (Тройчы)


 

Сядальная песьня 1 (тон 1). Ты, доўгацярплівы Збавіцелю, стаўся дабравольна дзіцем і быў пакладзены ў ясьлях дзеля нас. Пастухі з анёламі ўсхвалілі Цябе ў песьнях, клічучы: "Слава і хвала Хрысту Богу нашаму, які нарадзіўся на зямлі і абагавіў людзкую прыроду!".

Слава ... цяпер ...: тое самае.


Сядальная песьня 2. Ты, Багародзіца, насіла ва ўлоньні Спрадвечнага і Недасяжнага, адзінасутнага з нябачным Айцом, адзінае і нязьлітнае ў Тройцы Боства. Ласка Твая, Усяхвальная, зазьзяла на ўвесь сьвет, і мы няспынна ўсклікаем Табе: "Радуйся, чыстая Дзева Маці!".

 

Паліелей: Хваліце імя Гасподняе ...

 

Узьвяліваньне: Узьвялічваем Цябе, Жыцьцядаўча Хрысьце, які дзеля нас сёньня нарадзіўся ад беззаганнае і чыстае Дзевы Марыі.

Верш 1. Усклікніце Госпаду, уся зямля! Слаўце ў песьнях імя Яго, аддайце хвалу велічы Яго!

Верш 2. Скажыце Госпаду: Якія цудоўныя творы Твае! Ад велічы магутнасьці Тваёй дрыжаць перад Табою ворагі Твае.

Верш 3. Адкупленьне паслаў Госпад народу свайму.

Верш 4. Госпад сказаў мне: Ты Сын мой, сёньня Я нарадзіў цябе.

Слава ... цяпер ...

Алілуя, алілуя, алілуя. Слава Табе, Божа. (Тройчы)

Прыпеў баўгарскі: Прыйдзіце, засьпявайма разам з анельскімі хорамі: Слава на вышынях Богу, што нарадзіўся ў пячоры!

 

Сядальная песьня (Тон 4). Прыйдзіце, верныя, пабачыць, дзе нарадзіўся Хрыстос, разам з мудрацамі пойдзем усьлед за зоркаю. Там анёлы пяюць няспынна славу Яму, пастухі на жалейках граюць Яму дастойную песьню: "Слава на вышынях Таму, хто сёньня ў Бэтлееме Юдэйскім у пячоры нарадзіўся ад Дзевы Багародзіцы!".

 

Узыходныя песьні: першы антыфан 4 тону.


Пракімен: "Перад заранкай ва ўлоньні Я нарадзіў Цябе" – кляўся Госпад і не раскаяўся.

Верш. Сказаў Госпад Госпаду майму: "Сядзь па правай руцэ Маёй, пакуль пакладу ворагаў Тваіх пад ногі Табе".

 

Чытаньне Сьвятога Евангельля паводле Мацьвея

Нараджэньне Ісуса Хрыста адбылося так. Пасьля заручынаў Ягонае Маці Марыі з Язэпам, перш чым ім зысьціся, выявілася, што Яна мае ва ўлоньні ад Сьвятога Духа. Язэп, муж ейны, будучы праведным, не хацеў зьняславіць яе і намерваўся адпусьціць яе ўпотай. Калі ён падумаў так, вось зьявіўся яму ў сьне Анёл Гасподні і сказаў: "Язэпе, сыне Давіда! Ня бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо зачатае Ёю – ад Духа Сьвятога. Народзіць Яна Сына, і дасі Яму імя ‘Ісус’, бо Ён збавіць народ свой ад грахоў". А ўсё гэта сталася, каб спраўдзілася слова, сказанае Госпадам праз прарока: "Вось Дзева зачне і народзіць сына, і дадуць яму імя ‘Эмануэль’, што значыць ‘З намі Бог’. Прачнуўшыся, Язэп зрабіў, як загадаў яму Анёл Гасподні і прыняў жонку сваю да сябе. Але не зыходзіўся з ёю, пакуль нарадзіла сына, і даў яму імя Ісус. (1:18–25)


Пасьля Псалму 50:

 

Слава ...: (Тон 2). Усё сёньня поўніцца радасьцю, бо Хрыстос нарадзіўся ад Дзевы.

Цяпер ...: Усё сёньня поўніцца радасьцю, бо Хрыстос нарадзіўся ў Бэтлееме.

Зьмілуйся нада мною, Божа ...: (Тон 6). Слава на вышынях Богу і на зямлі супакой! Сёньня Бэтлеем прымае Таго, хто сядзіць вечна з Айцом, сёньня анёлы славяць у песьнях народжанае Дзіцятка як Бога, усклікаючы: "Слава на вышынях Богу, на зямлі супакой, добрая воля сярод людзей!".

Каноны (тон 1)

Песьня 1

Канон 1. Ірмас. Хрыстос родзіцца: слаўце Яго; Хрыстос зыходзіць з нябёсаў: сустракайце Яго; Хрыстос на зямлі: цешцеся! Сьпявай Госпаду, уся зямля, людзі, радасна вітайце Яго, бо Ён праславіўся.

Прыпеў: Слава Табе, Божа наш, слава Табе!

Сатлелага ад праступку чалавека, створанага на Божы вобраз, які адпаў ад лепшага Боскага жыцьця, мудры Творца зноў абнаўляе, бо Ён слаўны.

Творца, бачыўшы, як гіне чалавек, якога Ён стварыў сваімі рукамі, зышоў з нябёсаў, прыняў цела ад чыстае Дзевы, стаўся чалавекам, і праславіўся.

Мудрасьць, Слова і Сіла, Сын і зьзяньне Айца, Хрыстос Бог, бяз ведама анёлаў і людзей, стаўся чалавекам, каб ізноў аднавіць нас, і праславіўся.

Канон 2. Ірмас. Некалі Ўладар цудоўна збавіў людзей сваіх, мокрыя хвалі марскія перамяніўшы на сушу. Сёньня сваёй уласнай воляю Ён нарадзіўся ад Дзевы і адкрыў нам шлях да неба. Мы славім Яго, як роўнага прыродаю з Айцом і з людзьмі.

Сьвятое ўлоньне, прадвешчанае ясна ў незгаральным кусьце, нарадзіла Слова. Бог злучыўся з чалавечай прыродаю і адмяніў цяжкі праклён пакутнага ўлоньня Эвы. Яго мы, людзі, славім.

Зорка паказала мудрацом і ўбогім Цябе, Слова, што быў раней за сонца, прыйшоў адмяніць грахі, і ляжыш у пячоры спавіты ў пялёны. Убачыўшы Цябе – Чалавека і Госпада, – яны з радасьцю аддалі хвалу Табе.

Катавасія: ірмасы абодвух канонаў.

Песьня 3

Канон 1. Ірмас. Спрадвеку ад Айца народжанаму нятленнаму Сыну, што ў апошнія дні ад Дзевы бяз семя прыняў цела, Хрысту Богу пяём: "Ты наша сіла. Сьвяты Ты, Госпадзе!".

Адам, хоць створаны з пылу, быў далучаны да вышэйшага дыханьня жыцьця; але ад жаночай хітрасьці пасьлізнуўся і ўпаў у тленнасьць. Убачыўшы Хрыста, які нарадзіўся ад Жанчыны, ён усклікнуў голасна: "Сьвяты Ты, Госпадзе, што дзеля мяне прыняў падабенства маё!".

Ты, Хрысьце, прыняў выгляд пакорнай гліны, і, ўзяўшы на сябе наша цела, далучыў нас да Боскай прыроды. Ты стаўся чалавекам, застаючыся Богам. Ты наша сіла. Слава Табе, Госпадзе!

Весяліся, Бэтлееме, бо ты цар сярод князёў Юды: у табе нарадзіўся целам Пастыр Ізраіля, Хрыстос, што сядзіць на хэрувімах. Ён наша сіла і Ўладар усіх.

Канон 2. Ірмас. Пачуй, Дабрачынца, хвалебныя песьні слугаў Тваіх, упакор ворагаў пыхлівую гордасьць. Госпадзе блаславёны, што бачыш усё, уздымі нас вышэй за нашыя грахі, і ўмацуй нас, якія пяём Табе, на непахіснай аснове веры.

Хор пастухоў, што былі ў полі, сумеўся з дзіўнага відовішча, якое яны ўдастоіліся бачыць. Яны ўбачылі Сына, народжанага ад Чыстае Нявесты, і пачулі анельскія хоры, што славілі ў песьнях Хрыста Ўладара, які бяз семя нарадзіўся.

Той, хто валодае вышынёй нябёсаў, у сваёй міласэрнасьці стаўся адным з нас, нарадзіўшыся ад Дзевы, што мужа ня знала. Той, хто раней быў чыстым Духам, у апошнія дні апрануўся ў цела, каб узьняць і да сябе прывесьці першастворанага.

 

Гіпакоі (тон 8). Паклікаўшы мудрацоў, неба прывяло да Цябе першыя плады народаў, калі Ты як Дзіцятка ляжаў у ясьлях; і яны зьдзівіліся, ня ўбачыўшы нідзе ні скіпетра ані пасаду, але беспрасьветную беднасьць. Бо што можа быць бяднейшым за пячору, і больш сьціплым за пялёны, у якіх зазьзяла багацьце Боства Твайго? Госпадзе, слава Табе!

Песьня 4

Канон 1. Ірмас. Як жэзл з кораня Ясеевага і кветка, што на ім зацьвіла, Ты, Хрысьце, расквітнеў ад Дзевы. Ты, Божа, непадуладны законам прыроды, прыйшоў з гары, ацененай лесам, прыняў цела ад Тае, што мужа ня знала. Слава сіле Тваёй, Госпадзе!

Ты, Хрысьце, якога некалі Якуб прадказаў і назваў Чаканьнем народаў, зазьзяў з калена Юдавага, прыйшоў зьнішчыць сілу Дамаскаву і набытак Самарыі, і перамяніць іхнюю ману на веру, Богу прыемную. Слава сіле Тваёй, Госпадзе!

Ты, Уладару, зазьзяў як зорка ад Якуба і напоўніў радасьцю тых, што вывучалі зоркі і зразумелі правільна словы, сказаныя некалі Валаамам. Як першыя з паганаў, яны былі прыведзеныя да Цябе, і Ты ласкава прыняў іх. Слава сіле Тваёй, Госпадзе.

Як раса на руна, і як кроплі дажджу на зямлю, так Ты, Хрысьце, зышоў у дзявочае ўлоньне. Этыёпія і Тарсіс, і астравы арабскія, Саба і Мэдыя, і ўся зямля палі перад Табою, Збавіцелю. Слава сіле Тваёй, Госпадзе!

Канон 2. Ірмас. Прарок Авакум некалі ўдастоіўся бачыць вобраз нараджэньня Хрыста, і прадказаў песьняю абнаўленьне людзкога роду. Бо вось Дзіця выйшла з Гары-Дзевы, для збаўленьня і аднаўленьня ўсіх людзей.

Дабравольна Ты, Усявышні, стаўся роўным з людзьмі, прыняў цела ад Дзевы, каб аздаравіць ад зьмяінай атруты і, як Бог, прывесьці ўсіх ад змрочных варотаў сьмерці да жыцьцядайнага сьвятла.

Народы, што былі ў палоне тленнасьці, выратаваныя ад варожай загубы, узносяць рукі, пляскаюць у далоні, і пяюць песьню хвалы адзінаму Хрысту Дабрачынцу, які ў міласэрнасьці сваёй прыйшоў да нас.

Ты, Дзева, што вырасла з кораня Ясеевага, пераўзышла межы чалавечай прыроды, бо Ты нарадзіла спрадвечнае Слова Айца. Ён сам захацеў панізіць сябе і прайшоў праз улоньне Тваё, пакінуўшы яго запячатаным.

Песьня 5

Канон 1. Ірмас. Бог міру і Айцец ласкаў, Ты паслаў нам Анёла вялікай Рады, каб Ён нам прынёс супакой. Скіраваныя Ім да сьвятла, сярод нядрэмнай ночы славім Цябе, Чалавекалюбча.

На загад кесара Ты, Хрысьце, быў запісаны сярод слугаў, скарыўся, і нас, нявольнікаў, вызваліў ад ворага і ад граху. Стаўшыся адным з нас, Ты злучыўся з нашай тленнай прыродаю і абагавіў яе.

Вось Дзева, як было некалі сказана, застаўшыся Дзеваю, прыняла ва ўлоньні і зачала Бога, які стаўся чалавекам. Мы, грэшныя, дзякуючы Ёй прымірыліся з Богам, і славім Яе, як існую Багародзіцу.

Канон 2. Ірмас. Прасьвятлі, Дабрачынца Хрысьце, ноч нашых учынкаў і маны, ачысьці ад іх нас, што нястомна пяём Табе. Зрабі простым наш шлях да славы Твае.

Уладар прыйсьцем сваім перарваў варожасьць між намі і Ім, і зьнішчыў моц забойцы нашых душаў. Зьяднаўшы сьвет з духоўнай існасьцю, Ён зрабіў Творцу ўсіх даступным для стварэньняў.

Людзі, што былі ў цемры, убачылі сьвятло з вышыні. Сын прыводзіць Айцу народы, як спадчыну, і дорыць безьмежную ласку там, дзе некалі грэх панаваў.

Песьня 6

Канон 1. Ірмас. Зьвер марскі выкінуў з нутра свайго Ёну, які быў там, быццам дзіця ва ўлоньні. Слова, што было ва ўлоньні Дзевы і ўзяло цела ад Яе, выйшла адтуль, захаваўшы Яе някранутаю. Сам непадуладны тленнасьці, Хрыстос захаваў нязьменнаю Маці сваю.

Хрыстос Бог наш, якога перад заранкай Айцец нарадзіў, сёньня нарадзіўся ў целе; Той, хто мае ўладу над анёламі, у жолабе ляжыць, спавіты ў пялёны, і разьвязвае путы нашых правінаў.

Дзіцятка ад прыроды Адамавай, Сын родзіцца і даецца верным. Ён Айцец і Князь, і завецца Анёлам Вялікай Рады. Ён Бог усемагутны, Уладар усяго стварэньня.

Канон 2. Ірмас. Ёна ў глыбіні марской прасіў Цябе прыйсьці і суцішыць буру. Я ж, паранены стралою мучыцеля ворага, клічу Цябе, Хрысьце, Пераможца зла, хутчэй прыйсьці і ўзьняць мяне ад майго бязьдзеяньня.

Бог–Слова, што спрадвеку быў з Айцом, сёньня ўмацоўвае нашу прыроду, бясьсільную захаваць еднасьць з Ім. Ён паніжае сябе і вызваляе нас ад грахоў.

Ад семя Абрагама дзеля нас Ён прыйшоў, каб узьняць сваіх сыноў, што ўпалі. Той, што жыве ў сьвятле, не зважаючы на сваю веліч, паклаўся ў ясьлі для збаўленьня людзей.

 

Кандак (тон 3): Дзева сёньня родзіць Надпрыроднага, і зямля пячору Недаступнаму прыносіць; анёлы з пастушкамі ў песьнях Яго славяць, мудрацы з зоркаю падарожнічаюць. Дзеля нас нарадзілася Дзіцятка малое, спрадвечны Бог.

Ікас. Бэтлеем адчыніў рай – гляньце і ўбачыце. Мы знайшлі радасьць у тайне: прыйдзіце, прымем рай унутры пячоры. Там зьявіўся непаліты корань, з якога вырасла кветка прабачэньня; там знаходзіцца студня някопаная, з якое Давід некалі прагнуў напіцца; там Дзева, нарадзіўшы Дзіця, супакоіла смагу Адама і Давіда. Дык пойдзем туды, дзе нарадзілася Дзіцятка малое, спрадвечны Бог.

Песьня 7

Канон 1. Ірмас. Адкінуўшы з пагардаю нязбожны загад, узгадаваныя ў дабрадзейнасьці юнакі не збаяліся пагрозы агню, але сярод полымя сьпявалі: "Божа айцоў нашых, блаславёны Ты!".

Пастухі, што гралі на жалейках, страшную і сьветлую праяву ўбачылі: слава гасподняя зазьзяла ім, і анёл усклікнуў голасна: "Нарадзіўся Хрыстос, блаславёны Бог айцоў!".

Раптам, пасьля словаў анёла, нябесныя хоры засьпявалі: "Слава на вышынях Богу, на зямлі супакой, добрая воля сярод людзей: Хрыстос зазьзяў, блаславёны Бог айцоў!".

"Што гэта значыць? – сказалі пастухі – пойдзем пабачым, што здарылася." Прыйшоўшы ў Бэтлеем, яны пакланіліся Боскаму Хрысту разам з Ягонай Маці і ўсклікнулі: "Блаславёны Ты, Божа айцоў".

Канон 2. Ірмас. Палоненыя любоўю Ўладара ўсіх, юнакі з пагардаю адкінулі нязбожныя пагрозы лютага мучыцеля. І, калі страшны агонь адступіўся ад іх, яны ўсклікнулі Госпаду: "Блаславёны Ты праз усе вякі!".

Печ, сямікротна распаленая, у сваім шале спаліла царскіх слугаў, а юнакоў зьберагла. Калі полымя абняло іх, Госпад паслаў ім шчодра расу, як узнагароду за іхнюю вернасьць .

Дапаможца наш Хрысьце, Ты, стаўшыся чалавекам, пасароміў ворага людзей. Прыняўшы выгляд чалавека, Ты прынёс яму дар абагаўленьня, якім мы некалі хацелі завалодаць і ўпалі з вышыні ў цемру апраметную.

Ты зьнішчыў Тваёй магутнай сілаю страшны грэх, што ўзьняў горда галаву і напоўніў блюзьнерствам сьвет, што згубіў розум. Усіх, што былі ў грахоўным палоне, Ты, Дабрачынца наш, дабравольна прыняўшы цела, сёньня вызваліў.

Песьня 8

Канон 1. Ірмас. Печ, мокрая ад расы, была вобразам надпрыроднага цуду. Як яна не спаліла ў сабе юнакоў, так агонь Боства не пашкодзіў Дзявочага ўлоньня. Дзеля гэтага пяём: "Усе стварэньні хай славяць Госпада і ўзьвялічваюць Яго праз усе вякі!".

Дачка Бабілёнская забрала ў палон дзяцей Давіда з Сыёну. Сёньня яна пасылае сваіх дзяцей, мудрацоў, з дарамі да Дачкі Давіда, што нарадзіла Бога. Дык усклікнем у песьнях: "Усё стварэньне хай бласлаўляе Госпада і ўзьвялічвае Яго праз усе вякі!".

Гусьлі дзяцей Сыёну змоўклі ад суму, бо яны не маглі сьпяваць на чужой зямлі. Хрыстос, што зазьзяў у Бэтлееме, зьнішчыў ману Бабілёнскую. Дык запяем Яму песьню хвалы: "Усё стварэньне хай бласлаўляе Госпада і ўзьвялічвае Яго праз усе вякі!".

Бабілён зваяваў царства Сыёнскае і забраў усё ягонае багацьце. Але Хрыстос вярнуў Сыёну ягоны скарб праз мудрацоў, якім паказаў зоркаю шлях. Дык запяем: "Усё стварэньне хай бласлаўляе Госпада і ўзьвялічвае Яго праз усе вякі!".

Канон 2. Ірмас. Старазапаветныя юнакі ў распаленай печы былі вобразам Дзявочага ўлоньня, што засталося закрытым пасьля Ейных надпрыродных родаў. Ласка Божая ўчыніла абодва цуды і паклікала людзей аддаць хвалу.

Адкінуўшы марныя намаганьні стаць роўным Богу, усё стварэньне, як некалі тры юнакі, пяе ў трапятаньні славу Слову, што сёньня спустошыла сябе.

Ты, Надзея ўсіх народаў, прыйшоў вярнуць людзкую прыроду ад блуканьняў па горах і пустэльнях.

Песьня 9

Замест "Душа мая абвяшчае веліч Госпада..." сьпяваюцца наступныя прыпевы з песьнямі канонаў:

Прыпеў. Узьвялічвай, душа мая, больш годную і слаўную за анельскія хоры Дзеву ўсячыстую Багародзіцу.

Канон 1. Ірмас. Дзіўную і слаўную бачу тайну: пячора – неба, Дзева – пасад хэрувімскі, ясьлі – жыльлё, дзе зьмясьціўся Незьмяшчальны Хрыстос, якога мы ў песьнях славім.

Прыпеў. Узьвялічвай, душа мая, Бога, які нарадзіўся цялесна ад Дзевы.

Тое самае.

Прыпеў. Узьвялічвай, душа мая, Уладара, што нарадзіўся ў пячоры.

Мудрацы заўважылі дзіўны рух новае зоркі, што яркасьцю пераўзыходзіла ўсе сьветачы нябесныя, і зразумелі, што Ўладар Хрыстос нарадзіўся на зямлі ў Бэтлееме для нашага збаўленьня.

Прыпеў. Узьвялічвай, душа мая, Таго, каму мудрацы пакланіліся.

Тое самае.

Прыпеў. Узьвялічвай, душа мая, Таго, каго зорка мудрацам абвясьціла.

"Дзе нованароджанае Дзіця-Уладар, чыю зорку мы бачылі? Мы прыйшлі пакланіцца Яму" – мудрацы казалі. А Ірад богапраціўнік сумеўся і, поўны ярасьці, шукаў забіць Хрыста.

Прыпеў. Узьвялічвай, душа мая, Чыстую Дзеву і адзіную Багародзіцу, што нарадзіла Хрыста.

Тое самае.

Прыпеў. Мудрацы і пастухі прыйшлі пакланіцца Хрысту, што нарадзіўся ў горадзе Бэтлееме.

Ірад выпытаў час зьяўленьня зоркі, што прывяла мудрацоў з дарамі ў Бэтлеем пакланіцца Хрысту. Ведзеныя тою ж зоркаю, яны вярнуліся на бацькаўшчыну, не зайшоўшы да Ірада і пакінуўшы лютага дзетазабойцу ў няведаньні.

Прыпеў другога канону: Сёньня Дзева родзіць у пячоры Ўладара.

Канон 2. Ірмас. Лягчэй было б нам, Дзева, вольным ад усякай небясьпекі, змаўчаць у страху перад вялікім цудам, чым скласьці з любоўю суладную песьню хвалы. Але Ты, Маці, дай нам сілу, каб нам споўніць наш добры намер.

Прыпеў. Сёньня Ўладар родзіцца як дзіцятка ад Маці Дзевы.

Тое самае.

Прыпеў. Сёньня пастухі бачаць Збаўцу, які ляжыць у ясьлях, спавіты ў пялёны.

Сёньня Ўладар, да якога ніхто дакрануцца ня сьмее, ляжыць, спавіты ў пялёны.

Мы бачылі, Чыстая Маці, цьмяныя вобразы Слова, і цені, што прамінаюць. А цяпер Ён ізноў зьявіўся праз зачыненыя дзьверы. Удастоіўшыся бачыць праўдзівае Сьвятло, бласлаўляем, як належыць, улоньне Тваё.

Прыпеў. Сёньня ўсё стварэньне цешыцца і радуецца, бо Хрыстос нарадзіўся ад Дзевы.

Тое самае.

Прыпеў. Узьвялічвай, душа мая, сілу непадзельнага Боства ў трох Асобах.

Людзі, што цешыліся ў Хрысьце, атрымалі спаўненьне жаданьняў і ўдастоіліся прыйсьця Божага. Сёньня цешацца яны ў чаканьні пакланіцца славе адраджэньня да жыцьця вечнага. Дай ім гэтую ласку, Дзева Чыстая!

Прыпеў. Узьвялічвай, душа мая, Таго, хто вызваліў нас ад праклёну.

Тое самае.

Першы прыпеў і ірмас:

Прыпеў. Узьвялічвай, душа мая, больш годную і слаўную за анельскія хоры Дзеву ўсячыстую Багародзіцу.

Ірмас. Дзіўную і слаўную бачу тайну: пячора – неба, Дзева – пасад хэрувімскі, ясьлі – жыльлё, дзе зьмясьціўся Незьмяшчальны Хрыстос, якога мы ў песьнях славім.

Таксама прыпеў другога канону і ірмас:

Прыпеў: Сёньня Дзева родзіць у пячоры Ўладара.

Ірмас. Лягчэй было б нам, Дзева, вольным ад усякай небясьпекі, змаўчаць у страху перад вялікім цудам, чым скласьці з любоўю суладную песьню хвалы. Але Ты, Маці, дай нам сілу, каб нам споўніць наш добры намер.

 

Экзапасатыляр (сьвяцільнік). Збаўца наш, Сьвітанак з усходу, наведаў нас з вышыні, і мы, што сядзелі ў цемры і ценю, знайшлі праўду, бо Госпад нарадзіўся ад Дзевы. (Тройчы)


Пахвальныя псалмы

 

(Тон 4). Весяліцеся, праведныя, радуйцеся, нябёсы, трымціце, горы, бо Хрыстос нарадзіўся. Дзева, быццам пасад хэрувімскі, трымае ў абдымках Бога–Слова, што прыняў цела. Пастухі дзівяцца Нованароджанаму, мудрацы прыносяць дары Ўладару, а анёлы пяюць. Недасяжны Госпадзе, слава Табе!

Ты, Багародзіца, нарадзіўшы Збавіцеля, адмяніла першы праклён Эвы. Як Маці Таго, каго Айцец упадабаў, Ты насіла ва ўлоньні ўцелаўлёнае Слова. Тайна, недаступная разуменьню! Толькі вераю адзінаю спасьцігаем яе, усклікаючы разам з Табою і кажучы: "Недасяжны Госпадзе, слава Табе!".

Прыйдзіце, уславім у песьнях Маці Збавіцеля, што пасьля родаў засталася Дзеваю: "Радуйся, адухоўлены Горад Уладара і Бога, у якім Хрыстос жыў і ўчыніў збаўленьне". Разам з Габрыелем усклікаем, з пастухамі славім, кажучы: "Малі, Багародзіца, Таго, хто прыняў цела ад Цябе, каб нам атрымаць збаўленьне!".

Айцец з добрай сваёй волі захацеў, і Слова сталася целам. Дзева нарадзіла Бога, які стаўся чалавекам. Зорка абвяшчае, мудрацы пакланяюцца, пастухі дзівяцца, і ўсё стварэньне радуецца.

Слава ...

(Тон 6). Калі прыйшоў час Твайго прыйсьця на сьвет, быў першы агульны перапіс; і Ты захацеў запісаць імёны ўсіх, што паверылі ў нараджэньне Тваё. Для перапісу быў агалошаны загад кесара, і Тваё спрадвечнае валадарства зноў сталася яўным. Дзеля гэтага мы, аддаючы зямны падатак уладам, ахвяруем Табе багацьце нашае правае веры, як Богу і Збавіцелю душаў нашых.

Цяпер ...

(Тон 2). Сёньня Хрыстос родзіцца ў Бэтлееме ад Дзевы, Спрадвечны бярэ пачатак і стаецца чалавекам. Нябесныя сілы радуюцца, і зямля з людзьмі цешыцца; мудрацы прыносяць Госпаду дары, пастухі дзівяцца Нованароджанаму. Мы ж няспынна ўсклікаем: "Слава на вышынях Богу, і на зямлі супакой, добрая воля сярод людзей!".

 

Пасьля Вялікага ўслаўленьня:

Трапар (тон 4). Нараджэньне Тваё, Хрысьце Божа наш, зазьзяла на ўвесь сьвет сьвятлом пазнаньня. І вось тыя, што зоркам служылі, ад зоркі навучыліся пакланяцца Табе, Сонцу справядлівасьці, і зразумелі, што Ты – Сьвітаньне з вышыняў. Госпадзе, слава Табе!

Літургія

 

Заўвага:

у нядзелю і панядзелак: Літургія Сьвятога Базыля Вялікага,

у іншыя дні: Літургія Сьвятога Яна Залатавуснага.

 

 

 

Антыфан першы (Пс9:2;110:1,2,3)

Чытальнік: Буду хваліць Цябе, Госпадзе, усім сэрцам маім і апавядаць пра ўсе цуды Твае.

Людзі: Малітвамі Багародзіцы, Збавіцелю, збаў нас. (Так пасьля наступных вершаў)

Чытальнік: У коле праведных і ў людзкой грамадзе (буду казаць): "Вялікія дзеяньні Гасподнія!".

– Яны вартыя развагі для ўсіх, хто любуецца імі.

– Усё, што ўчыніў Госпад, – цудоўнае і поўнае славы, і справядлівасьць Ягоная вечна трывае.

– Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Людзі: Малітвамі Багародзіцы, Збавіцелю, збаў нас.

 

Антыфан другі (Пс 111:1,2,3,4).

Чытальнік: Шчасьлівы муж, які баіцца Госпада і пацяшэньне знаходзіць у запаветах Яго.

Людзі: Сыне Божы, што нарадзіўся ад Дзевы, збаў нас, якія пяём Табе: Алілуя. (Так пасьля кожнага наступнага верша)

Чытальнік: Нашчадкі яго будуць магутнымі на зямлі, род праведнага будзе блаславёны.

– Дастатак і багацьце ў доме ягоным, справядлівасьць яго будзе трываць давеку.

– Для праведных ён зьзяе ў цемры, быццам сьветач – лагодны, міласэрны і справядлівы.

Людзі: Сыне Божы ...

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Адзінародны Сыне ...

 

Антыфан трэці (Пс 109:1,2,3)

Чытальнік: Сказаў Госпад Госпаду майму: "Сядзь па правай руцэ маёй, пакуль пакладу ворагаў тваіх пад ногі табе".

Людзі: (тон 4). Нараджэньне Тваё, Хрысьце Божа наш, зазьзяла на ўвесь сьвет сьвятлом пазнаньня. І вось тыя, што зоркам служылі, ад зоркі навучыліся пакланяцца Табе, Сонцу справядлівасьці, і зразумелі, што Ты – Сьвітаньне з вышыняў. Госпадзе, слава Табе! (Так пасьля кожнага наступнага верша)

Чытальнік: Госпад пашле табе жэзл сілы з Сыёну, і будзеш панаваць над ворагамі тваімі.

– З Табою панаваньне ад пачатку ў зьзяньні сьвятасьці.

Людзі: Нараджэньне Тваё ...

Сьвятар (уваходны верш): Ва ўлоньні перад заранкай Я нарадзіў Цябе. Кляўся Госпад і не раскаяўся: "Ты – сьвятар давеку паводле чыну Мэлхісадэка".

Людзі: Сыне Божы, што нарадзіўся ад Дзевы, збаў нас, якія пяём Табе: Алілуя.

Трапар (тон 4). Нараджэньне Тваё, Хрысьце Божа наш, зазьзяла на ўвесь сьвет сьвятлом пазнаньня. І вось тыя, што зоркам служылі, ад зоркі навучыліся пакланяцца Табе, Сонцу справядлівасьці, і зразумелі, што Ты – Сьвітаньне з вышыняў. Госпадзе, слава Табе!

Слава ... цяпер ...

Кандак (тон 3): Дзева сёньня родзіць Надпрыроднага, і зямля пячору Недаступнаму прыносіць; анёлы з пастушкамі ў песьнях Яго славяць, мудрацы з зоркаю падарожнічаюць. Дзеля нас нарадзілася Дзіцятка малое, спрадвечны Бог.

 

Замест "Сьвяты Божа": Усе вы, што ў Хрыста ахрысьціліся, у Хрыста апрануліся. Алілуя. (Тройчы).

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

У Хрыста апрануліся. Алілуя.

Усе вы, што ў Хрыста ахрысьціліся, у Хрыста апрануліся. Алілуя.

 

Пракімен (Пс 65:4,1): Уся зямля хай пакланяецца Табе і славіць Цябе, і хай пяе хвалу імю Твайму, Усявышні.

Верш. Уся зямля хай усклікне радасна Госпаду! Слаўце ў песьнях імя Яго, аддайце славу хвале Яго.

 

Чытаньне лісту сьвятога апостала Паўла да Галятаў

 

Браты, калі прыйшла поўня часу, Бог паслаў Сына свайго, які нарадзіўся ад жанчыны і быў пад законам, каб адкупіць тых, што ў няволі закону, каб нам атрымаць усынаўленьне. А як вы сыны, дык Бог паслаў у сэрцы вашыя Духа Сына свайго, які кліча: Авва, Ойча! Дзеля гэтага ты ўжо не слуга, але сын, а калі сын, дык і насьледнік Божы праз Хрыста. (Гал 4:4–7)


Алілуя (Пс 18:2,3): Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, аб творах рук Ягоных расказвае небасхіл.

Верш. Дзень дню расказвае аб іх, а ноч ночы вестку перадае.

 

Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Мацьвея

 

Калі Ісус нарадзіўся ў Бэтлееме Юдэйскім, вось мудрацы з Усходу прыйшлі ў Ерусалім, кажучы: "Дзе народжаны Цар Юдэйскі? Мы бачылі, што ўзышла ягоная зорка, і прыйшлі пакланіцца Яму". Пачуўшы гэта, цар Ірад устрывожыўся, і ўвесь Ерусалім з ім. І, сабраўшы ўсіх першасьвятароў і кніжнікаў народу, пытаўся ў іх: "Дзе належыць нарадзіцца Хрысту?". Яны сказалі яму: "У Бэтлееме Юдэйскім, бо так напісана праз прарока: І ты, Бэтлеем Юдэйскі, не найменшы сярод гарадоў юдэйскіх, бо з цябе выйдзе Правадыр, які будзе кіраваць народам маім Ізраільскім". Тады Ірад употай паклікаў мудрацоў і выведаў ад іх дакладны час, калі паказалася зорка. І, паслаўшы іх у Бэтлеем, сказаў: "Ідзеце, разьведайце ўсё старанна пра тое Дзіцятка, і калі знойдзеце Яго, скажыце мне, каб і я мог пайсьці і пакланіцца Яму". Яны, выслухаўшы цара, пайшлі ў дарогу. І вось зорка, якую яны бачылі на Ўсходзе, ішла перад імі аж пакуль не затрымалася над месцам, дзе было Дзіцятка. Угледзеўшы зорку, яны вельмі ўсьцешыліся. Увайшоўшы ў дом, яны знайшлі Дзіцятка з Маці ягонай Марыяй, і, упаўшы, пакланіліся Яму і, раскрыўшы свае скарбонкі, ахвяравалі Яму дары: золата, ладан і сьмірну. Атрымаўшы ў сьне наказ не вяртацца да Ірада, яны адышлі іншай дарогаю ў сваю краіну. (2:1–12)


Задастойнік: Узьвялічвай, душа мая, больш годную і слаўную за анельскія хоры Дзеву ўсячыстую Багародзіцу.

Дзіўную і слаўную бачу тайну: пячора – неба, Дзева – пасад хэрувімскі, ясьлі – жыльлё, дзе зьмясьціўся незьмяшчальны Хрыстос, якога мы ў песьнях славім.

 

Прычасьнік. Госпад паслаў збаўленьне людзям сваім. Алілуя, алілуя, алілуя.


Вярнуцца назад