Галоўная > Мінэя - Сьнежань > 29 сьнежня - Пасьвяцьце нараджэньня Г. Н. Ісуса Хрыста, памяць дзетак, у Бэтлееме за Хрыста забітых

29 сьнежня - Пасьвяцьце нараджэньня Г. Н. Ісуса Хрыста, памяць дзетак, у Бэтлееме за Хрыста забітых


16 чэрвеня 2008.

і сьвятога айца нашага Маркела


Вячэрня


На "Госпаде, Цябе клічу ...":

Немаўлятаў (Тон 4). Сёньня злосны шукальнік схаванага Скарбу пазабіваў нявінных немаўлятаў. Рахіль бачыла неправеднае забойства і перадчасную сьмерць іх і, поўная болю, безуцешна плакала. Але цяпер яна цешыцца, бо бачыць іх ва ўлоньні Абрагама.

Уладара спрадвечнага, які аб'явіўся ў часе, беззаконны цар шукаў забіць; і, не знайшоўшы, пазабіваў мноства нявінных немаўлятаў. Ён не разумеў, што зрабіў іх мучанікамі і грамадзянамі неба, дзе яны сьведчаць супраць яго.

Калі Ты, спрадвечны Госпадзе, нарадзіўся ад Дзевы, і ў дабрыні Тваёй стаўся дзіцяткам, хор немаўлятаў, абмытых мучаніцкаю крывёю, быў прыведзены да Цябе. Прасьвятліўшы іхнія чыстыя душы, Ты пасяліў іх у жыльлі вечным, дзе яны сьведчаць супраць Ірадавай лютасьці і жорсткае бяздумнасьці.

Сьвятога (тон 4). Баганосны Маркеле, ты быў для манахаў прыкладам устрыманасьці, дзякуючы якой ты, быццам вогненны стоўп, узьнёсься духам ад зямлі да неба; ты жыў у чысьціні, захоўваючы маўчаньне, і явіў сябе адухаўлёным стаўпом мужнасьці і выдатным правілам дабрадзейнасьцяў.

Ты, сьвяты ойча, утаймаваў пажаданьні нядрэмнасьцю, навукаю, пачэрпанаю з Пісаньняў, няспыннаю малітваю і струменямі сьлёз. Дзеля гэтага ты стаўся годным жыльлём Госпада, і аздараўляеш тых, хто з вераю прыходзіць да цябе.

Ты, блаславёны, быў поўны захапленьня ад дабраты Ўладара твайго, што зьявіўся, каб умацаваць зьнямоглых. Маліся за тых, што ў чысьціні спраўляюць тваю сьвятую памяць і ў песьнях і псалмах славяць цябе, каб ім атрымаць міласьць у судны дзень.

Слава ...

(Тон 5). Беззаконны Ірад, убачыўшы зорку, сьвятлейшую за ўсе сьветачы, сумеўся і выхапіў немаўлятаў з абдымкаў матак. Альжбета, узяўшы Яна, прасіла гару: "Схавай маці з дзіцём". Гара прыняла Прадвесьніка, а ясьлі схавалі Скарб, абвешчаны зоркаю мудрацам, якія прыйшлі пакланіцца Яму. Госпадзе, слава Табе!

Цяпер ...

(Тон 5). Слаўны цуд сёньня бачым: прырода абнаўляецца і Бог стаецца чалавекам. Застаўшыся тым, чым быў, Ён ўспрымае тое, чым ня быў, не пацярпеўшы зьмяшаньня ні разьдзяленьня.


Вершапесьні

(Тон 6). Бачу страшную Тайну: Бог, які ў руцэ сваёй трымае ўсё стварэньне, прымае цела; зьмяшчаецца ў ясьлях і спавіваецца ў палатно Той, хто імглою пакрывае марскія прасторы.

Верш. "Ва ўлоньні перад заранкай я нарадзіў цябе", – кляўся Госпад і не раскаяўся.

Бесьцялесны Бог уцелаўляецца, і Спрадвечны бярэ пачатак. Той, хто мае поўню быцьця, сёньня спусташаецца; у маленькай пячоры Дзева корміць быццам немаўля Таго, хто корміць усё жывое.

Верш. Сказаў Госпад Госпаду майму: "Сядзь па правай руцэ маёй".

Пастухі на жалейках славяць нараджэньне Хрыстовае, анёлы пяюць песьню хвалы, зорка сьвеціць над Ім, мудрацы пакланяюцца; людзі, атрымаўшы збаўленьне, узьвялічваюць Багародзіцу.

Слава ...

(Тон 8). Калі Ісус нарадзіўся ў Бэтлееме Юдэйскім, дзяржава Юдэйская была скасаваная. Хай цешацца немаўляты, за Хрыста забітыя, хай сумуе Юдэя, бо ў Раме чутны, як напісана, несуцешны плач Рахілі па дзецях сваіх. Ірад беззаконны пазабіваў немаўлятаў, спаўняючы Пісаньне, і Юдэю заліў нявіннай крывёю, а царква ўсіх народаў тайна ачышчаецца і апранаецца ў красу. Праўда прыйшла, Бог зьявіўся тым, што былі ў цемры, нарадзіўшыся ад Дзевы для збаўленьня нашага.

Цяпер ...

(Тон 8). Ты, Госпадзе, прыйшоў у Бэтлеем і пасяліўся ў пячоры; маючы неба пасадам сваім, ты ўзьлёг у ясьлях; Ты, якога акружаюць хоры анёлаў, у міласэрнасьці сваёй спусьціўся да пастухоў, каб збавіць род наш. Слава Табе!


Адпушчальныя трапары:

Трапар немаўлятаў (тон 1). Цярпеньнямі сьвятых Тваіх, каторыя яны дзеля Цябе перанесьлі, зьмілуйся над намі і аздараві немачы нашы, молімся Табе, Госпадзе Чалавекалюбча.

Слава ...

Трапар сьвятога (тон 8). У табе, ойча, верна захаваўся вобраз Божы: узяўшы крыж, ты пайшоў усьлед за Хрыстом і на справе навучаў не клапаціца аб целе, бо яно прамінае, але дбаць пра душу, рэч несьмяротную. Дзеля гэтага разам з анёламі радуецца, сьвяты Маркеле, дух твой.

Цяпер ...

Трапар сьвята: (тон 4). Нараджэньне Тваё, Хрысьце Божа наш, зазьзяла на ўвесь сьвет сьвятлом пазнаньня. І вось тыя, што зоркам служылі, ад зоркі навучыліся пакланяцца Табе, Сонцу справядлівасьці, і зразумелі, што Ты – Сьвітаньне з вышыняў. Госпадзе, слава Табе!


Літургія

Трапары:

Трапар сьвята (тон 4). Нараджэньне Тваё, Хрысьце Божа наш, зазьзяла на ўвесь сьвет сьвятлом пазнаньня. І вось тыя, што зоркам служылі, ад зоркі навучыліся пакланяцца Табе, Сонцу справядлівасьці, і зразумелі, што Ты – Сьвітаньне з вышыняў. Госпадзе, слава Табе!

Трапар немаўлятаў: Цярпеньнямі сьвятых Тваіх...

Трапар сьвятога: У табе, ойча...

Слава ...

Кандак сьвятых (тон 8). Калі ў Бэтлееме нарадзіўся Ўладар усіх, мудрацы ўсьлед за зоркаю прыйшлі з Усходу з дарамі, а Ірад устрывожыўся і пачаў жаць немаўлятаў быццам пшаніцу, плачучы, што ягонай дзяржаве прыйшоў канец.

Цяпер ...

Кандак сьвята (тон 3). Дзева сёньня родзіць Надпрыроднага, і зямля пячору Недаступнаму прыносіць; анёлы з пастушкамі ў песьнях Яго славяць, мудрацы з зоркаю падарожнічаюць. Дзеля нас нарадзілася Дзіцятка малое, спрадвечны Бог.


Пракімен (Пс 112:1,9). Хваліце, юнакі, Госпада, хваліце імя Яго.

Верш. Ён прымае бясплодную ў дом і робіць яе шчасьліваю маці дзяцей.


Апостал: 2 Кар 5:15–21


Алілуя (Пс 78: 3,10). Пралілі кроў іх, быццам ваду, вакол Ерусаліму, і не было каму пахаваць іх.

Верш. Хай станецца ведамай сярод народаў помста за пралітую кроў слугаў Тваіх.


Евангельле: Мц 2:13–23


Задастойнік сьвята: Узьвялічвай, душа мая, больш годную і слаўную за анельскія хоры Дзеву ўсячыстую Багародзіцу.

Дзіўную і слаўную бачу тайну: пячора – неба, Дзева – пасад хэрувімскі, ясьлі – жыльлё, дзе зьмясьціўся незьмяшчальны Хрыстос, якога мы ў песьнях славім.


Прычасьнік. Усклікніце, праведныя, Госпаду ў радасьці: хвала пасуе праведным. Алілуя, алілуя, алілуя.


Вярнуцца назад