і сьвятога айца нашага Маркела
Вячэрня
На "Госпаде, Цябе клічу ...":
Немаўлятаў (Тон 4). Сёньня злосны шукальнік
схаванага Скарбу пазабіваў нявінных немаўлятаў. Рахіль бачыла неправеднае
забойства і перадчасную сьмерць іх і, поўная болю, безуцешна плакала. Але цяпер
яна цешыцца, бо бачыць іх ва ўлоньні Абрагама.
Уладара спрадвечнага, які аб'явіўся ў часе, беззаконны цар
шукаў забіць; і, не знайшоўшы, пазабіваў мноства нявінных немаўлятаў. Ён не
разумеў, што зрабіў іх мучанікамі і грамадзянамі неба, дзе яны сьведчаць супраць
яго.
Калі Ты, спрадвечны Госпадзе, нарадзіўся ад Дзевы, і ў
дабрыні Тваёй стаўся дзіцяткам, хор немаўлятаў, абмытых мучаніцкаю крывёю, быў
прыведзены да Цябе. Прасьвятліўшы іхнія чыстыя душы, Ты пасяліў іх у жыльлі
вечным, дзе яны сьведчаць супраць Ірадавай лютасьці і жорсткае бяздумнасьці.
Сьвятога (тон 4). Баганосны Маркеле, ты быў для
манахаў прыкладам устрыманасьці, дзякуючы якой ты, быццам вогненны стоўп,
узьнёсься духам ад зямлі да неба; ты жыў у чысьціні, захоўваючы маўчаньне, і
явіў сябе адухаўлёным стаўпом мужнасьці і выдатным правілам дабрадзейнасьцяў.
Ты, сьвяты ойча, утаймаваў пажаданьні нядрэмнасьцю, навукаю,
пачэрпанаю з Пісаньняў, няспыннаю малітваю і струменямі сьлёз. Дзеля гэтага ты
стаўся годным жыльлём Госпада, і аздараўляеш тых, хто з вераю прыходзіць да
цябе.
Ты, блаславёны, быў поўны захапленьня ад дабраты Ўладара
твайго, што зьявіўся, каб умацаваць зьнямоглых. Маліся за тых, што ў чысьціні
спраўляюць тваю сьвятую памяць і ў песьнях і псалмах славяць цябе, каб ім
атрымаць міласьць у судны дзень.
Слава ...
(Тон 5). Беззаконны Ірад, убачыўшы зорку,
сьвятлейшую за ўсе сьветачы, сумеўся і выхапіў немаўлятаў з абдымкаў матак.
Альжбета, узяўшы Яна, прасіла гару: "Схавай маці з дзіцём". Гара прыняла
Прадвесьніка, а ясьлі схавалі Скарб, абвешчаны зоркаю мудрацам, якія прыйшлі
пакланіцца Яму. Госпадзе, слава Табе!
Цяпер ...
(Тон 5). Слаўны цуд сёньня бачым: прырода
абнаўляецца і Бог стаецца чалавекам. Застаўшыся тым, чым быў, Ён ўспрымае тое,
чым ня быў, не пацярпеўшы зьмяшаньня ні разьдзяленьня.
Вершапесьні
(Тон 6). Бачу страшную Тайну: Бог, які ў руцэ
сваёй трымае ўсё стварэньне, прымае цела; зьмяшчаецца ў ясьлях і спавіваецца ў
палатно Той, хто імглою пакрывае марскія прасторы.
Верш. "Ва ўлоньні перад заранкай я нарадзіў цябе",
– кляўся Госпад і не раскаяўся.
Бесьцялесны Бог уцелаўляецца, і Спрадвечны бярэ пачатак. Той,
хто мае поўню быцьця, сёньня спусташаецца; у маленькай пячоры Дзева корміць
быццам немаўля Таго, хто корміць усё жывое.
Верш. Сказаў Госпад Госпаду майму: "Сядзь па
правай руцэ маёй".
Пастухі на жалейках славяць нараджэньне Хрыстовае, анёлы
пяюць песьню хвалы, зорка сьвеціць над Ім, мудрацы пакланяюцца; людзі, атрымаўшы
збаўленьне, узьвялічваюць Багародзіцу.
Слава ...
(Тон 8). Калі Ісус нарадзіўся ў Бэтлееме Юдэйскім,
дзяржава Юдэйская была скасаваная. Хай цешацца немаўляты, за Хрыста забітыя, хай
сумуе Юдэя, бо ў Раме чутны, як напісана, несуцешны плач Рахілі па дзецях сваіх.
Ірад беззаконны пазабіваў немаўлятаў, спаўняючы Пісаньне, і Юдэю заліў нявіннай
крывёю, а царква ўсіх народаў тайна ачышчаецца і апранаецца ў красу. Праўда
прыйшла, Бог зьявіўся тым, што былі ў цемры, нарадзіўшыся ад Дзевы для
збаўленьня нашага.
Цяпер ...
(Тон 8). Ты, Госпадзе, прыйшоў у Бэтлеем і
пасяліўся ў пячоры; маючы неба пасадам сваім, ты ўзьлёг у ясьлях; Ты, якога
акружаюць хоры анёлаў, у міласэрнасьці сваёй спусьціўся да пастухоў, каб збавіць
род наш. Слава Табе!
Адпушчальныя трапары:
Трапар немаўлятаў (тон
1). Цярпеньнямі сьвятых Тваіх, каторыя яны дзеля Цябе перанесьлі,
зьмілуйся над намі і аздараві немачы нашы, молімся Табе, Госпадзе Чалавекалюбча.
Слава ...
Трапар сьвятога (тон 8). У табе, ойча, верна
захаваўся вобраз Божы: узяўшы крыж, ты пайшоў усьлед за Хрыстом і на справе
навучаў не клапаціца аб целе, бо яно прамінае, але дбаць пра душу, рэч
несьмяротную. Дзеля гэтага разам з анёламі радуецца, сьвяты Маркеле, дух твой.
Цяпер ...
Трапар сьвята: (тон 4). Нараджэньне Тваё, Хрысьце
Божа наш, зазьзяла на ўвесь сьвет сьвятлом пазнаньня. І вось тыя, што зоркам
служылі, ад зоркі навучыліся пакланяцца Табе, Сонцу справядлівасьці, і
зразумелі, што Ты – Сьвітаньне з вышыняў. Госпадзе, слава Табе!
Літургія
Трапары:
Трапар сьвята (тон 4).
Нараджэньне Тваё, Хрысьце Божа наш, зазьзяла на ўвесь сьвет сьвятлом пазнаньня.
І вось тыя, што зоркам служылі, ад зоркі навучыліся пакланяцца Табе, Сонцу
справядлівасьці, і зразумелі, што Ты – Сьвітаньне з вышыняў. Госпадзе, слава
Табе!
Трапар немаўлятаў: Цярпеньнямі сьвятых Тваіх...
Трапар сьвятога: У табе, ойча...
Слава ...
Кандак сьвятых (тон 8). Калі ў Бэтлееме нарадзіўся
Ўладар усіх, мудрацы ўсьлед за зоркаю прыйшлі з Усходу з дарамі, а Ірад
устрывожыўся і пачаў жаць немаўлятаў быццам пшаніцу, плачучы, што ягонай
дзяржаве прыйшоў канец.
Цяпер ...
Кандак сьвята (тон 3).
Дзева сёньня родзіць Надпрыроднага, і зямля пячору Недаступнаму прыносіць; анёлы
з пастушкамі ў песьнях Яго славяць, мудрацы з зоркаю падарожнічаюць. Дзеля нас
нарадзілася Дзіцятка малое, спрадвечны Бог.
Пракімен (Пс 112:1,9). Хваліце, юнакі,
Госпада, хваліце імя Яго.
Верш. Ён прымае бясплодную ў дом і робіць яе
шчасьліваю маці дзяцей.
Апостал: 2 Кар 5:15–21
Алілуя (Пс 78: 3,10). Пралілі кроў іх,
быццам ваду, вакол Ерусаліму, і не было каму пахаваць іх.
Верш. Хай станецца ведамай сярод народаў помста за
пралітую кроў слугаў Тваіх.
Евангельле: Мц 2:13–23
Задастойнік сьвята: Узьвялічвай, душа мая,
больш годную і слаўную за анельскія хоры Дзеву ўсячыстую Багародзіцу.
Дзіўную і слаўную бачу тайну: пячора – неба, Дзева – пасад
хэрувімскі, ясьлі – жыльлё, дзе зьмясьціўся незьмяшчальны Хрыстос, якога мы ў
песьнях славім.
Прычасьнік. Усклікніце, праведныя, Госпаду ў
радасьці: хвала пасуе праведным. Алілуя, алілуя, алілуя. |