Галоўная > Малебны > Малебен на Новы Год - 1 Студзеня

Малебен на Новы Год - 1 Студзеня


10 лютага 2009.

Дыякан: Блаславі, ойча!

Сьвятар: Блаславёны Бог наш спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Чытальнік: Амін. Слава Табе, Божа наш, слава Табе.

Уладару нябесны, Пацяшыцелю, Духу праўды, Ты ўсюды прысутны і ўсё напаўняеш, Скарбніца дабра і жыцьця Падаўча, прыйдзі і пасяліся ў нас, і ачысьці нас ад усяго благога, і збаў, Добры, душы нашы.

Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі. (Тройчы)

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Усесьвятая Тройца, зжалься над намі: Госпадзе, ачысьці грахі нашы; Уладару, даруй бясчынствы нашы; Сьвяты, наведай і аздараві немачы нашы дзеля Твайго імя.

Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня, і адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.


Сьвятар: Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Чытальнік: Амін.

Госпадзе, зьмілуйся. (12 разоў)

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Прыйдзіце, паклонімся Уладару нашаму Богу.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста, Уладара нашага і Бога.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да самога Хрыста, Уладара і Бога нашага.


Псалом 64

Табe, Бoжа, налeжыць xвала на Сыёнe; Табe спoўняцца абяцаньнi ў Eрусалiмe.

Да Цябe, штo выслуxoўваeш малiтву, прыxoдзiць кoжны сьмярoтны .

Бeззакoнныя ўчынкi прыгнятаюць нас: Ты ж ачысьцi правiны нашыя.

Шчасьлiвы тoй, кагo Ты выбраў i прыгарнуў: ён будзe жыць у xoрамаx Тваix.

O, каб нам насыцiцца дабрoтамi дoму Твайгo, сьвятасьцю сьвятынi Тваёй!

У справядлiвасьцi Тваёй выслуxай нас, Бoжа, Збавiцeлю наш, дзiвoсны ў цудаx Тваix, надзeя ўсix канцoў зямлi i тыx, штo далёка на мoры.

Ты ўмацoўваeш гoры сiлаю Тваёю, Ты падпeразаны магутнасьцю.

Ты суцiшаeш бурную глыбiню марскую, шум xваляў i бунт нарoдаў!

З-за цудаў Тваix устрывoжацца тыя, штo жывуць на мeжаx зямлi.

Надыxoд ранiцы i вeчара Ты ўпрыгoжваeш.

Ты навeдваeш зямлю i навадняeш яe, узбагачаeш яe бязьмeрна.

Струмeнь Бoжы пoўны вады. Ты рыxтуeш xлeб, бo так Ты ўладкаваў зямлю.

Ты навадняeш eйныя барoзны, выраўнoўваeш eйныя скiбы, разьмягчаeш яe крoплямi дажджу, i бласлаўляeш eйныя плады .

Вянчаeш гoд ласкаю Тваёю, i сьляды Тваe аплываюць сытoю.

Пашы пoўняцца расoю, узгoркi падпярэзваюцца радасьцю.

Лугi адзяюцца ў чарoды (авeчак), i далiны пакрываюцца пшанiцаю.

Усё радасна ўсклiкаe i пяe.


Слава... цяпер...

Алілуя, алілуя, алілуя. Слава Табе, Божа. (Тройчы)


Дыякан: У супакоі Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных прашэньняў)

Дыякан: За супакой з вышыняў і збаўленьне душ нашых Госпаду памолімся.

– За супакой на ўсім сьвеце, добры стан сьвятых Божых цэркваў і зьяднаньне ўсіх Госпаду памолімся.

– За гэтую сьвятую царкву і тых, што з вераю, пашанаю і страхам Божым уваходзяць у яе, Госпаду памолімся.

– За Сьвятога Айца нашага сусьветнага біскупа ... (імя), Папу Рымскага, дастойнага арцыбіскупа (багалюбнага біскупа) нашага ... (імя), пачэсных сьвятароў, дыяканаў у Хрысьце, усё духавенства і людзей Госпаду памолімся.

– За яго (яе) міласьць ... (імя галавы дзяржавы), за ўрад, належныя ўлады і ўсіх, што сьцерагуць цэласьці і спакою гэтае краіны, Госпаду памолімся.

– За Богам сьцеражоную краіну нашу Беларусь і ўвесь беларускі народ, за стойкасьць у веры, мужнасьць у выпрабаваньнях і вернасьць свайму народу ўсіх нас Госпаду памолімся.

– За гэты горад (гэтую вёску), за ўсе гарады і краіны і за верных людзей, што жывуць у іх, Госпаду памолімся.

– Каб Госпад міласьціва прыняў гэтыя падзякі і малітвы ад нас, недастойных слугаў сваіх, на свой нябесны ахвярнік, і ў добрасардэчнасьці сваёй зьмілаваўся над намі, памолімся.

– Каб нашыя малітвы былі прыемнымі Госпаду, і каб Ён прабачыў нам і ўсім людзям правіны, вольныя і міжвольныя, якія мы ўчынілі ў мінулым годзе, памолімся.

– Каб Госпад, ласкаю свайго чалавекалюбства, блаславіў пачатак і ўвесь круг гэтага году, і дараваў нам часы спакойныя, здаровае паветра, бязгрэшнае і карыснае жыцьцё, памолімся.

– Каб Госпад адвярнуў ад нас свой праведны гнеў за грахі нашыя, памолімся.

– Каб Госпад адагнаў ад нас усякія грэшныя пажаданьні і дрэнныя звычкі, што губяць душу, і ўклаў у сэрцы нашыя свой Боскі страх дзеля спаўненьня запаветаў Ягоных, памолімся.

– Каб Госпад абнавіў у нутрох нашых дух праведны, ўмацаваў нас у праўдзівай веры, і зрабіў нас хуткімі і ахвотнымі да выконваньня добрых учынкаў і захаваньня ўсіх Ягоных прыказаньняў, памолімся.

– Каб Госпад адвярнуў усіх ад маны, прывёў да праўдзівай веры і зьяднаў у сваёй Сьвятой Царкве, памолімся.

– Каб Госпад выбавіў Царкву Сьвятую і ўсіх нас ад усякіх бедаў, суму, гневу і недастатку, і ад усіх ворагаў, бачных і нябачных, і захаваў нас у здароўі, супакоі, даўгалецьці пад аховаю анёлаў сваіх сьвятых, памолімся.

– Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Уладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.

Людзі: Табе, Госпадзе.

Сьвятар: Бо Табе належыцца ўсякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.


Дыякан: Госпад – Бог, і Ён зьявіўся нам: блаславёны той, хто прыходзіць у імя Гасподняе.

Людзі: Госпад – Бог, і Ён зьявіўся нам: блаславёны той, хто прыходзіць у імя Гасподняе. (Так пасьля наступных вершаў)

Дыякан: Дзякуйце Госпаду, бо Ён добры, бо міласэрнасьць Яго на ўсе вякі.

– Акружылі мяне з усіх бакоў, але імем Гасподнім я супрацівіўся ім.

– Не памру, але буду жыць і абвяшчаць учынкі Госпада.

– Камень, адкінуты будаўнікамі, стаўся вуглавым каменем: ад Бога гэта і дзіўнае ў нашых вачох.

Людзі: Госпад – Бог, і Ён зьявіўся нам: блаславёны той, хто прыходзіць у імя Гасподняе.


Трапар (Тон 4). Мы, удзячныя слугі Твае, Госпадзе, зазнаўшы дабрадзействаў, якімі Ты нас абдарыў, славім і бласлаўляем Цябе, аддаем хвалу і дзякуем Табе, узьвялічваем у песьнях Тваю дабрасардэчнасьць і з любоўю ўсклікаем: "Дабрачынца, Збавіцелю наш, слава Табе!"

Слава...

(Тон 3). Удастоіўшыся Тваіх дабрадзействаў і дароў, мы, нягодныя слугі Твае, Уладару, да Цябе шчыра прыбягаем і прыносім пасільную падзяку, і славім Цябе, нашага Творцу і Дабрачынца, усклікаючы: "Усядобры Божа, Слава Табе!"

Цяпер...

(Тон 2). Творча ўсяго стварэньня і Госпадзе, які часы і поры ўстанавіў сілаю сваёю, блаславі пачатак году ласкі Тваёй, захавай у супакоі краіну нашу і ўсіх людзей малітвамі Багародзіцы, і збаў нас.


Дыякан: Будзьма ўважлівыя.

Сьвятар: Мір усім.

Людзі: І твайму духу.

Дыякан: Мудрасьць. Слухайма ўважліва.


Чытальнік (Пракімен): Буду пяяць Госпаду, які дабро мне ўчыніў, буду славіць імя Госпада ўсявышняга.

Верш: Усьцешыцца сэрца маё ў збаўленьні Тваім.


Дыякан: Мудрасьць.

Чытальнік: Чытаньне лісту сьвятога Апостала Паўла да Цімафея.

Дыякан: Слухайма ўважліва.

Чытальнік: Сыне Цімафею, малю цябе перш за ўсё чыніць малітвы, просьбы і падзякі за ўсіх людзей: за начальнікаў і тых, што маюць уладу, каб нам пажыць ціха і спакойна з ўсякай набожнасьцю і ў чысьціні. Бо гэта добра і міла ў вачох Збавіцеля нашага Бога, які жадае, каб усе людзі былі збаўленыя і прыйшлі да пазнаньня праўды. Адзін Бог, адзін хадайнік між Богам і людзьмі, чалавек Хрыстос Ісус, які аддаў сябе як выкуп за ўсіх. Яму пашана і слава на вякі вякоў. Амін. (1 Цім 2:1–6)


Сьвятар: Мір табе, чытальнік.

Чытальнік: І твайму духу.

Дыякан: Мудрасьць.

Чытальнік: Алілуя, алілуя, алілуя.

Дыякан: І каб быць нам дастойнымі слухаць Сьвятое Евангельле, Госпада Бога молім.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)

Дыякан: Мудрасьць, устаньце, будзем слухаць Сьвятое Евангельле.

Сьвятар: Мір усім.

Людзі: І твайму духу.


Сьвятар: Чытаньне Сьвятога Евангельля паводле Лукі.

Людзі: Слава Табе, Госпадзе, слава Табе.

Дыякан: Слухайма ўважліва.

Сьвятар: У той час Ісус прыйшоў у Назарэт, дзе быў узгадаваны. У дзень суботні Ён, як звычайна, пайшоў у школу і ўстаў там, каб чытаць. Далі Яму кнігу прарока Ісаі. Разгарнуўшы кнігу, Ён знайшоў месца, дзе было напісана: "Дух Гасподні на Мне, бо Ён памазаў Мяне і паслаў Мяне несьці добрую вестку ўбогім, палонным абвяшчаць вызваленьне, сьляпым (вяртаць) зрок, прыгнечаных адсылаць на волю, прапаведаваць год ласкі Гасподняй". І, загарнуўшы кнігу, аддаў слузе і сеў; а вочы ўсіх у сынагозе былі зьвернутыя на Яго. І Ён пачаў казаць ім: "Сёньня споўніліся словы Пісаньня, якія вы чулі". І ўсе засьведчылі Яму і дзівіліся ласкавым словам, што выходзілі з Ягоных вуснаў. (Лк 4:16–22)


Людзі: Слава Табе, Госпадзе, слава Табе.

Дыякан: Зьмілуйся над намі, Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных прашэньняў)

Дыякан: Яшчэ молімся за Сьвятога Айца нашага, сусьветнага біскупа ... (імя), Папу Рымскага, дастойнага арцыбіскупа (багалюбнага біскупа) нашага ... (імя), і ўсіх у Хрысьце братоў нашых.

– Яшчэ молімся за яго (яе) міласьць ... (імя галавы дзяржавы), за ўрад, належныя ўлады і ўсіх, што сьцерагуць цэласьці і спакою гэтае краіны.

– Яшчэ молімся за Богам сьцеражоную краіну нашу Беларусь і ўвесь беларускі народ, за стойкасьць у веры, мужнасьць у выпрабаваньнях і вернасьць свайму народу ўсіх нас.

– Мы, нягодныя слугі Твае, прыходзім да Тваёй спагадлівасьці, Збавіцелю, Уладару і Госпадзе, і дзякуем са страхам і трапятаньнем за ўсе дабрадзействы, якімі Ты нас шчодра абдарыў; і, прыпаўшы, славім Цябе як Бога і пакорна просім: Вызвалі нас ад бедаў і, як заўсёды, міласьціва споўні ўсе нашыя жаданьні, горача молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся.

– Блаславі, Госпадзе, круг новага году ў дабрыні Тваёй, суцішы ў нас усякую варожасьць, непаладкі і сваркі; дай супакой, моцную і шчырую любоў, парадак ва ўсім і дабрадзейнае жыцьцё, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся.

– Не прыгадай мноства беззаконьняў нашых і паганых учынкаў, якія мы ў мінулым годзе зрабілі, і ня дай нам паводле нашых заслугаў, але ў міласэрнасьці і дабрыні Тваёй успомні нас, молімся Табе, міласэрны Госпадзе, пачуй нас і зьмілуйся.

– Пашлі нам раньні і позьні дождж у свой час, расу пладаносную, вятры памяркоўныя і цеплыню сонечную, молімся, усядобры Госпадзе, пачуй нас і зьмілуйся.

– Успомні Царкву сьвятую сваю, ўмацуй і пашыр яе па ўсім сьвеце, дай ёй супакой, і захавай у бясьпецы на ўсе вякі, усемагутны Уладару, пачуй нас і зьмілуйся.

– І каб нам выбавіцца ў гэтым годзе і праз усё дні жыцьця нашага ад голаду, пошасьці, землятрусу, патопу, агню, мяча, нападу ворагаў і братабойчай вайны, і ад усякага суму і бяды, молімся Табе, міласэрны Госпадзе, пачуй нас і зьмілуйся.

Сьвятар: Выслухай нас, Божа, Збавіцелю наш, надзея ўсіх, што жывуць на зямлі, і тых, што далёка на моры, і будзь спагадлівы да нас, грэшных, і зьмілуйся над намі. Бо Ты міласэрны і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Сьвятар: Уладару Божа наш, Крыніца жыцьця і несьмяротнасьці, Творча ўсяго бачнага і нябачнага, Ты маеш у сваёй уладзе часы і поры, і ў Тваім мудрым і добрым провідзе кіруеш усім: дзякуем Табе за ўсе даброты Твае, якімі Ты абдарыў і задзівіў нас у мінулым часе жыцьця нашага. Молім Цябе, усяшчодры Госпадзе, блаславі круг новага году ў дабрыні Тваёй. Зышлі згары даброты Твае людзям Тваім: здароўе, супакой і посьпех у кожнай добрай справе. Царкву Тваю сьвятую, краіну нашу Беларусь, гэты горад (гэтую вёску), і ўсе краіны выбаў ад усякае злое прыгоды, і даруй ім супакой. І зрабі нас дастойнымі заўсёды прыносіць падзяку Табе, спрадвечнаму Айцу, і адзінароднаму Твайму Сыну, і ўсесьвятому і жыцьцядайнаму Твайму Духу – адзінаму Богу, – і славіць Тваё ўсяхвальнае імя.

Слава Табе, Божа, Дабрачынца наш, на вякі вякоў.


Людзі: Амін.

І сьпяваюць:

Слава на вышынях Богу і на зямлі супакой, добрая воля сярод людзей.

Хвалім Цябе, бласлаўляем Цябе, кланяемся Табе, у песьнях славім Цябе, дзякуем Табе дзеля вялікай славы Тваёй.

Госпадзе Уладару Нябесны, Божа Ойча ўсемагутны; Госпадзе Сыне адзінародны, Ісусе Хрысьце, і Сьвяты Духу.

Госпадзе Божа, Ягнё Божае, Сыне Айца, што ўзяў на сябе грахі сьвету, зьмілуйся над намі; Ты, што ўзяў на сябе грахі сьвету, прымі малітву нашу; што сядзіш па правай руцэ Айца, зьмілуйся над намі. Бо толькі Ты адзін сьвяты, Ты адзін Госпад, Ісус Хрыстос, на славу Бога Айца. Амін.

Буду штодня бласлаўляць Цябе і хваліць імя Тваё давеку і на век вякоў.

Дай, Госпадзе, у гэты дзень захавацца нам без граху. Блаславёны Ты, Госпадзе, Божа айцоў нашых, і імя Тваё ўсяхвальнае і праслаўленае давеку. Амін.

Хай міласэрнасьць Твая, Госпадзе, спачыне на нас, бо мы ўсклалі надзею на Цябе.

Блаславёны Ты, Госпадзе, навучы мяне запаветаў Тваіх. (Тройчы)

Госпадзе, Ты быў нам прыстанішчам з роду ў род. Я сказаў: Госпадзе, зьмілуйся нада мною, аздараві душу маю, бо я перад Табою зграшыў.

Госпадзе, да Цябе прыходжу, навучы мяне чыніць волю Тваю, бо Ты Бог мой: у Табе крыніца жыцьця і ў зьзяньні Тваім убачым сьвятло. Міласэрнасьць Твая хай будзе заўжды з тымі, што пазналі Цябе.


Або Песьня сьв. Амброзыя:

Цябе, Бога, хвалім, Цябе, Госпада, вызнаем, Цябе, спрадвечнага Айца, уся зямля ўзьвялічвае.

Табе ўсе анёлы, Табе нябёсы і ўсе сілы, Табе хэрувімы і сэрафімы несьціханымі галасамі ўсклікаюць: Сьвяты, сьвяты, сьвяты Госпад Бог Сілаў, неба і зямля поўныя хвалы Тваёй!

Цябе слаўны апостальскі збор, Цябе хор пачэсных прарокаў, Цябе сьветлая мучанікаў грамада хваліць.

Цябе па ўсім сьвеце прапаведуе Сьвятая Царква – Айца недасяжнае велічы; роўнага славаю Твайго адзінароднага праўдзівага Сына, і сьвятога Пацяшыцеля Духа.

Ты, Хрысьце – Уладар славы, Ты – Айца спрадвечны Сын; Ты дзеля збаўленьня сьвету стаўся чалавекам, не пагардзіўшы дзявочым улоньнем.

Ты скрышыў джала сьмерці і адчыніў верным валадарства нябеснае.

Ты сядзіш па правай руцэ Бога ў славе Айца, і прыйдзеш зноў як судзьдзя.

Просім Цябе, дапамажы слугам Тваім, якіх Ты выкупіў сваёй пачэснай крывёю, і зрабі іх дастойнымі разам са сьвятымі Тваімі валадарыць у вечнай славе Тваёй.

Збаў людзей Тваіх, Госпадзе, і блаславі набытак Твой, кіруй імі і ўзьнімі іх на вякі.

Будзем штодня бласлаўляць Цябе і хваліць імя Тваё давеку і на век вякоў.

Дай, Госпаде, у гэты дзень захавацца нам без граху.

Зьмілуйся над намі, Госпадзе, зьмілуйся над намі.

Хай міласэрнасьць Твая спачыне на нас, бо мы ўсклалі надзею на Цябе.

На Цябе, Госпадзе, спадзяемся: хай не пасаромеемся давеку. Амін.


Дыякан: Мудрасьць.

Сьвятар: Усесьвятая Багародзіца, збаў нас.

Людзі: Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога–Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.


Сьвятар: Слава Табе, Хрысьце Божа, надзея наша, слава Табе.

Людзі: Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, змілуйся.

Ойча, блаславі.


Сьвятар: Хрыстос, праўдзівы Бог наш, малітвамі ўсячыстае свае Маці, сьвятых слаўных і годных пахвалы апосталаў, сьвятых і баганосных айцоў нашых, сьвятых і праведных богаайцоў Якіма і Ганны, і ўсіх сьвятых, хай зьмілуецца над намі і збавіць нас, бо Ён добры і Чалавекалюбец.

Людзі: Амін.


Дыякан прагалошвае "мнагалецьці":

Дабрадзейнае і спакойнае жыцьцё, здароўе і посьпех у кожнай добрай справе дай, Госпадзе, сьвятому айцу нашаму сусьветнаму біскупу ... (імя) Папу Рымскаму і захавай яго на многія леты!

Дастойнаму арцыбіскупу (багалюбнаму біскупу) нашаму ... (імя) (і ўсім нашым бікупам) дай, Госпадзе, дабрадзейнае і спакойнае жыцьцё, здароўе і збаўленьне, і посьпех у кожнай добрай справе і захавай яго (іх) на многія леты!

Дабрадзейнае і спакойнае жыцьцё, здароўе і збаўленьне, і посьпех у кожнай добрай справе, дай, Госпадзе, яго міласьці ... (імя галавы дзяржавы), і захавай яго на многія леты!

Заснавальнікам і дабрачынцам гэтай сьвятой царквы, парафіянам, тым, што сьпяваюць, працуюць і моляцца ў ёй, і ўсім прававерным хрысціянам, дай, Госпадзе, здароўе і збаўленьне, і посьпех у кожнай добрай справе, і захавай іх на многія леты!


Вярнуцца назад