Галоўная > Мінэя - Студзень > 2 студзеня - Перадсьвяцьце Богазьяўленьня; сьвятаначальніка Сыльвэстра, папы Рымскага

2 студзеня - Перадсьвяцьце Богазьяўленьня; сьвятаначальніка Сыльвэстра, папы Рымскага


27 чэрвеня 2008.

Вячэрня


На "Госпадзе, Цябе клічу...":

(Тон 4). Пачнем сьвяткаваць набожна пачэсны хрост Бога нашага. Вось Ён зьбіраецца, як чалавек, прыйсьці да Прадвесьніка свайго і прасіць збавеннага хрышчэньня для абнаўленьня ўсіх, прасьветленых вераю, і атрыманьня Духа Сьвятога.

Хрыстос прыходзіць, Бог зьяўляецца, як некалі Давід прадвясьціў, і ідзе да слугі прасіць хрышчэньня. Хай цешыцца Ярдан, а з ім разам зямля і мора, горы і ўзгоркі. І вы, людзі, узрадуйцеся ў сэрцах, атрымаўшы духоўнае прасьвятленьне.

Госпадзе ўсемагутны, Ты, як напісана, – рака супакою і струмень радасьці. Дык як жа Цябе ўспрымаюць струмені рачныя? Як уваходзіш голы ў ваду? Ты ж пакрываеш неба хмарамі, робіш яўнаю злосьць ворага, і апранаеш людзей у нятленнасьць.

(Тон 8). Прасьветлены сьвятарствам, ты, ойча сьвятаначальніку Сыльвэстар, прасьвятліў верных вучэньнямі тваімі, навучыў іх належна ўшаноўваць адзінага Бога ў трох асобах і адагнаў безьліч ерасяў. Дзеля гэтага мы з радасьцю сьвяткуем тваю сьветлую памяць.

Ойча баганосны Сыльвэстар, ты, быццам вогненны стоўп, старшынстваваў на сьвятым саборы; як хмара ценем сваім, так ты праўдзівымі навучаньнямі пакрываеш верных ад ягіпскае спакусы і вядзеш іх да абяцанай зямлі Боскай навукі. Дзеля гэтага шануем тваю слаўную і сьвятую памяць.

Ойча богапрапаведніку Сыльвэстар, струменямі малітваў тваіх ты паланіў шматтварага зьмея. Мы дзівімся тваёй сьвятарскае дзейнасьці, якой ты мноства грэкаў прывёў да Бога, суняў суровасьць гэбрэяў і ўчыніў сярод іх вялікія цуды. Дзеля гэтага шануем і бласлаўляем цябе.

Слава... цяпер...:

(Тон 6). Хрыстос-Праўда ідзе да Ярдану, каб ахрысьціцца ад Яна, а той кажа Яму: "Мне трэба хрысьціцца ў Цябе, як жа Ты прыходзіш да мяне? Я – сена, і ня сьмею дакрануцца да агню. Ты, Уладару, асьвяці мяне Тваім Боскім зьяўленьнем".


Вершапесьні

(Тон 1). Сьветлым было, Збавіцелю, мінулае сьвята, яшчэ сьвятлейшае тое, што мае прыйсьці. Анёл быў вестуном першага, а гэтаму рыхтуе шлях Прадвесьнік. Тады Бэтлеем увесь плакаў, бо бачыў пралітую кроў немаўлятаў і застаўся бязьдзетным; цяпер у блаславёнай вадзе родзіцца безьліч дзяцей. Тады зорка мудрацом абвясьціла Цябе, цяпер Айцец паказаў Цябе сьвету ўсяму. Госпадзе, які прыняў цела і цяпер зноў прыходзіш да нас, слава Табе.

Верш. Дзеля гэтага згадваю Цябе ў краіне Ярданскай і Гэрмонскай.

(Тон 2). Ісус ачышчаецца ў Ярдане, або хутчэй ачышчае грахі нашыя. Жадаючы абмыць Адамаву віну, Ён ідзе хрысьціцца і кажа Яну: "Хадзі, Хрысьціцелю, паслужы дзівоснай тайне; хадзі хутчэй, працягні руку тваю і дакраніся да галавы Таго, хто скрышыў галаву зьмея і адкрыў рай, які быў некалі зачынены праз спакусу зьмяіную і спажываньне забароненага плоду".

Верш. Воды ўбачылі Цябе, Божа, воды ўбачылі Цябе і спалохаліся.

(Тон 3). Сьветлае мінулае сьвята, больш слаўнае аднак тое, што мае быць. Тады мудрацы пакланіліся Збавіцелю, цяпер верны слуга хрысьціць Уладара. Тады пастухі, што гралі на жалейках, былі сьведкамі цуду; цяпер голас Айца абвяшчае Адзінароднага Сына.

Слава... цяпер...:

(Тон 6). Прыйдзіце, усе верныя, пакінем Юдэйскую краіну і пойдзем у пустыню, што над Ярданам, каб убачыць там сёньня Таго, хто прыняў цела дзеля нас. Ён просіць хрышчэньня ў Ярданскіх водах, але Хрысьціцель пярэчыць, кажучы: "Ня сьмею дакрануцца маёй тленнаю рукою да агню. Ярдан і мора ўцяклі, Збавіцелю, і пацяклі назад: дык як жа я ўскладу на галаву Тваю руку, калі і хэрувімы са страхам стаяць перад Табою? Ярдан пацёк назад, калі Елісей ударыў яго плашчом Ільлі: як жа ён не ўцячэ ў бездань, убачыўшы Цябе, голага, у вадзе сваёй; як, разагрэты Табою, ён не апячэ мяне?" "Чаго адкладаеш, Хрысьціцелю, хрысьціць Госпада, – Ярдан усклікнуў – чаму не даеш многім ачысьціцца? Ён ужо асьвяціў усё стварэньне, дык няхай асьвяціць і воды мае, бо на тое Ён прыйшоў сюды".


Адпушчальныя трапары

Трапар Сыльвэстра (тон 4). Правілам веры і прыкладам лагоднасьці, настаўнікам устрыманасьці ты быў на справе для статку твайго; дзеля гэтага ты дасягнуў вышыняў пакораю, здабыў багацьці ўбогасьцю. Ойча сьвятаначальніку Сыльвэстар, малі Хрыста Бога, каб Ён збавіў душы нашыя.

Слава... цяпер...:

Трапар перадсьвяцьця (тон 4). Рыхтуйся, Забулён; красуйся, Нэфталім; рака Ярдан, затрымайся і прымі з радасьцю Уладара, які ідзе хрысьціцца ў табе. Весяліцеся, Адам з прамаці Эваю, не хавайцеся, як некалі ў раі: убачыўшы вас голымі, Ён прыйшоў, каб апрануць вас у першую вопратку. Хрыстос зьявіўся, каб усё стварэньне абнавіць.


Літургія


Трапары:

Трапар нядзельны (тон 6). Угледзеўшы анёлаў на магіле Тваёй, вартаўнікі амярцьвелі; і, стоячы ля магілы, Марыя шукала ўсячыстае цела Тваё. Ты паланіў пекла, застаўшыся някранутым ім, выйшаў сустрэць Дзеву, сьвету Жыцьцё. Госпадзе, што ўваскрос з мёртвых, слава Табе!

Трапар перадсьвяцьця (тон 4). Рыхтуйся, Забулён; красуйся, Нэфталім; рака Ярдан, затрымайся і прымі з радасьцю Уладара, які ідзе хрысьціцца ў табе. Весяліцеся, Адам з прамаці Эваю, не хавайцеся, як некалі ў раі: убачыўшы вас голымі, Ён прыйшоў, каб апрануць вас у першую вопратку. Хрыстос зьявіўся, каб усё стварэньне абнавіць.

Трапар апосталаў (тон 4). Першыя сярод апосталаў і сусьветныя настаўнікі, Уладара ўсіх маліце, каб ён дараваў супакой усяму сьвету і душам нашым багацьце свайго зьмілаваньня.

Трапар Сыльвэстра (тон 4). Правілам веры і прыкладам лагоднасьці, настаўнікам устрыманасьці ты быў на справе для статку твайго; дзеля гэтага ты дасягнуў вышыняў пакораю, здабыў багацьці ўбогасьцю. Ойча сьвятаначальніку Сыльвэстар, малі Хрыста Бога, каб Ён збавіў душы нашыя.

Слава...:

Кандак Сыльвэстра (тон 3). Між сьвятароў ты быў сьвятаром Уладара і Бога, баганосны субяседніку посьнікаў. Дзеля гэтага сёньня, ойча сьвяты, радуешся ў небе разам з анёламі. Пастыру слаўны Сыльвэстар, малі Хрыста Бога збавіць душы нашыя.

Цяпер...:

Кандак перадсьвяцьця (тон 4). Сёньня Хрыстос стаў у Ярдане і кажа Яну: "Ня бойся хрысьціць Мяне, бо Я прыйшоў збавіць Адама першастворанага".


Пракімен (Пс 27:9,1). Збаў, Госпадзе, людзей Тваіх і блаславі набытак Твой.

Верш. Цябе, Госпадзе, клічу: Божа мой, не адмоўчвайся ад мяне.


Апостал: 2 Цім 4:5-8


Алілуя (Пс 6:2). Няхай Бог зьмілуецца над намі і блаславіць нас.

Верш. Няхай сьветласьць твару Яго зазьзяе над намі.


Евангельле: Мк 1:1-8


Вярнуцца назад