Вячэрня
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
(Тон 4). Пачнем сьвяткаваць набожна пачэсны хрост
Бога нашага. Вось Ён зьбіраецца, як чалавек, прыйсьці да Прадвесьніка свайго і
прасіць збавеннага хрышчэньня для абнаўленьня ўсіх, прасьветленых вераю, і
атрыманьня Духа Сьвятога.
Хрыстос прыходзіць, Бог зьяўляецца, як некалі Давід
прадвясьціў, і ідзе да слугі прасіць хрышчэньня. Хай цешыцца Ярдан, а з ім разам
зямля і мора, горы і ўзгоркі. І вы, людзі, узрадуйцеся ў сэрцах, атрымаўшы
духоўнае прасьвятленьне.
Госпадзе ўсемагутны, Ты, як напісана, – рака супакою і
струмень радасьці. Дык як жа Цябе ўспрымаюць струмені рачныя? Як уваходзіш голы
ў ваду? Ты ж пакрываеш неба хмарамі, робіш яўнаю злосьць ворага, і апранаеш
людзей у нятленнасьць.
(Тон 8). Прасьветлены сьвятарствам, ты, ойча
сьвятаначальніку Сыльвэстар, прасьвятліў верных вучэньнямі тваімі, навучыў іх
належна ўшаноўваць адзінага Бога ў трох асобах і адагнаў безьліч ерасяў. Дзеля
гэтага мы з радасьцю сьвяткуем тваю сьветлую памяць.
Ойча баганосны Сыльвэстар, ты, быццам вогненны стоўп,
старшынстваваў на сьвятым саборы; як хмара ценем сваім, так ты праўдзівымі
навучаньнямі пакрываеш верных ад ягіпскае спакусы і вядзеш іх да абяцанай зямлі
Боскай навукі. Дзеля гэтага шануем тваю слаўную і сьвятую памяць.
Ойча богапрапаведніку Сыльвэстар, струменямі малітваў тваіх
ты паланіў шматтварага зьмея. Мы дзівімся тваёй сьвятарскае дзейнасьці, якой ты
мноства грэкаў прывёў да Бога, суняў суровасьць гэбрэяў і ўчыніў сярод іх
вялікія цуды. Дзеля гэтага шануем і бласлаўляем цябе.
Слава... цяпер...:
(Тон 6). Хрыстос-Праўда ідзе да Ярдану, каб
ахрысьціцца ад Яна, а той кажа Яму: "Мне трэба хрысьціцца ў Цябе, як жа Ты
прыходзіш да мяне? Я – сена, і ня сьмею дакрануцца да агню. Ты, Уладару, асьвяці
мяне Тваім Боскім зьяўленьнем".
Вершапесьні
(Тон 1). Сьветлым было, Збавіцелю, мінулае сьвята,
яшчэ сьвятлейшае тое, што мае прыйсьці. Анёл быў вестуном першага, а гэтаму
рыхтуе шлях Прадвесьнік. Тады Бэтлеем увесь плакаў, бо бачыў пралітую кроў
немаўлятаў і застаўся бязьдзетным; цяпер у блаславёнай вадзе родзіцца безьліч
дзяцей. Тады зорка мудрацом абвясьціла Цябе, цяпер Айцец паказаў Цябе сьвету
ўсяму. Госпадзе, які прыняў цела і цяпер зноў прыходзіш да нас, слава Табе.
Верш. Дзеля гэтага згадваю Цябе ў краіне Ярданскай
і Гэрмонскай.
(Тон 2). Ісус ачышчаецца ў Ярдане, або хутчэй
ачышчае грахі нашыя. Жадаючы абмыць Адамаву віну, Ён ідзе хрысьціцца і кажа Яну:
"Хадзі, Хрысьціцелю, паслужы дзівоснай тайне; хадзі хутчэй, працягні руку тваю і
дакраніся да галавы Таго, хто скрышыў галаву зьмея і адкрыў рай, які быў некалі
зачынены праз спакусу зьмяіную і спажываньне забароненага плоду".
Верш. Воды ўбачылі Цябе, Божа, воды ўбачылі Цябе і
спалохаліся.
(Тон 3). Сьветлае мінулае сьвята, больш слаўнае
аднак тое, што мае быць. Тады мудрацы пакланіліся Збавіцелю, цяпер верны слуга
хрысьціць Уладара. Тады пастухі, што гралі на жалейках, былі сьведкамі цуду;
цяпер голас Айца абвяшчае Адзінароднага Сына.
Слава... цяпер...:
(Тон 6). Прыйдзіце, усе верныя, пакінем Юдэйскую
краіну і пойдзем у пустыню, што над Ярданам, каб убачыць там сёньня Таго, хто
прыняў цела дзеля нас. Ён просіць хрышчэньня ў Ярданскіх водах, але Хрысьціцель
пярэчыць, кажучы: "Ня сьмею дакрануцца маёй тленнаю рукою да агню. Ярдан і мора
ўцяклі, Збавіцелю, і пацяклі назад: дык як жа я ўскладу на галаву Тваю руку,
калі і хэрувімы са страхам стаяць перад Табою? Ярдан пацёк назад, калі Елісей
ударыў яго плашчом Ільлі: як жа ён не ўцячэ ў бездань, убачыўшы Цябе, голага, у
вадзе сваёй; як, разагрэты Табою, ён не апячэ мяне?" "Чаго адкладаеш,
Хрысьціцелю, хрысьціць Госпада, – Ярдан усклікнуў – чаму не даеш многім
ачысьціцца? Ён ужо асьвяціў усё стварэньне, дык няхай асьвяціць і воды мае, бо
на тое Ён прыйшоў сюды".
Адпушчальныя трапары
Трапар Сыльвэстра (тон
4). Правілам веры і прыкладам лагоднасьці, настаўнікам устрыманасьці
ты быў на справе для статку твайго; дзеля гэтага ты дасягнуў вышыняў пакораю,
здабыў багацьці ўбогасьцю. Ойча сьвятаначальніку Сыльвэстар, малі Хрыста Бога,
каб Ён збавіў душы нашыя.
Слава... цяпер...:
Трапар перадсьвяцьця (тон 4). Рыхтуйся,
Забулён; красуйся, Нэфталім; рака Ярдан, затрымайся і прымі з радасьцю Уладара,
які ідзе хрысьціцца ў табе. Весяліцеся, Адам з прамаці Эваю, не хавайцеся, як
некалі ў раі: убачыўшы вас голымі, Ён прыйшоў, каб апрануць вас у першую
вопратку. Хрыстос зьявіўся, каб усё стварэньне абнавіць.
Літургія
Трапары:
Трапар нядзельны (тон 6).
Угледзеўшы анёлаў на магіле Тваёй, вартаўнікі амярцьвелі; і, стоячы ля магілы,
Марыя шукала ўсячыстае цела Тваё. Ты паланіў пекла, застаўшыся някранутым ім,
выйшаў сустрэць Дзеву, сьвету Жыцьцё. Госпадзе, што ўваскрос з мёртвых, слава
Табе!
Трапар перадсьвяцьця (тон
4). Рыхтуйся, Забулён; красуйся, Нэфталім; рака Ярдан, затрымайся і
прымі з радасьцю Уладара, які ідзе хрысьціцца ў табе. Весяліцеся, Адам з прамаці
Эваю, не хавайцеся, як некалі ў раі: убачыўшы вас голымі, Ён прыйшоў, каб
апрануць вас у першую вопратку. Хрыстос зьявіўся, каб усё стварэньне абнавіць.
Трапар апосталаў (тон 4).
Першыя сярод апосталаў і сусьветныя настаўнікі, Уладара ўсіх маліце, каб ён
дараваў супакой усяму сьвету і душам нашым багацьце свайго зьмілаваньня.
Трапар Сыльвэстра (тон
4). Правілам веры і прыкладам лагоднасьці, настаўнікам устрыманасьці
ты быў на справе для статку твайго; дзеля гэтага ты дасягнуў вышыняў пакораю,
здабыў багацьці ўбогасьцю. Ойча сьвятаначальніку Сыльвэстар, малі Хрыста Бога,
каб Ён збавіў душы нашыя.
Слава...:
Кандак Сыльвэстра (тон 3). Між сьвятароў ты быў
сьвятаром Уладара і Бога, баганосны субяседніку посьнікаў. Дзеля гэтага сёньня,
ойча сьвяты, радуешся ў небе разам з анёламі. Пастыру слаўны Сыльвэстар, малі
Хрыста Бога збавіць душы нашыя.
Цяпер...:
Кандак перадсьвяцьця (тон 4). Сёньня Хрыстос стаў
у Ярдане і кажа Яну: "Ня бойся хрысьціць Мяне, бо Я прыйшоў збавіць Адама
першастворанага".
Пракімен (Пс 27:9,1).
Збаў, Госпадзе, людзей Тваіх і блаславі набытак Твой.
Верш. Цябе, Госпадзе, клічу: Божа мой, не
адмоўчвайся ад мяне.
Апостал: 2 Цім 4:5-8
Алілуя (Пс 6:2). Няхай Бог зьмілуецца над
намі і блаславіць нас.
Верш. Няхай сьветласьць твару Яго зазьзяе над
намі.
Евангельле: Мк 1:1-8 |