Галоўная > Мінэя - Студзень > 4 студзеня - Перадсьвяцьце Богазьяўленьня; Сабор 70-ці апосталаў, пачэснага Тэактыста
4 студзеня - Перадсьвяцьце Богазьяўленьня; Сабор 70-ці апосталаў, пачэснага Тэактыста27 чэрвеня 2008. |
|
Вячэрня На "Госпадзе, Цябе клічу...": Апосталаў (Тон 4). Кляопу, Андроніка, Сілуана і Агава, Ананію і Піліпа, Прахора, Ніканора, Руфа і Састэна, Ліна і Стахія, Сьцяпана, Цімона, Эрма, Флеганта, Марка, Луку, Сасіпатра, Ясона і Гая, Ціхіка і Філімона сьвятымі песьнямі сёньня, верныя, уславім. Наркіс і Трахім, Кесар, Зін і Арыстарх, Марк, Сіла і Гай, Эрмій і Асынкрыт, Апалён і Кіфа, Клім і Юст, Куарт, Эраст, Лука, Нічыпар, Карп і Явод, Масей і Якуб, Урван і Арыстабул, Ціхік і Арыстарх, хай будуць належна ўслаўленыя. Пуда, Ірадзіёна і Арцёма, Філёляга, Алімпа і Радыёна, Апеля і Амплія, Патрова і Марка, Тэрція і Тадэя, Эпэнэта добрага, Ахаіка, Акілу, Лукія, Варнаву і Фартуната, Апола слаўнага і Крыска, пачэсных прапаведнікаў Божых ушануем. Сьвятога (тон 2). Калі ты, блаславёны, параніў душу тваю жаданьнем Бога, ты з радасьцю ўзяў твой крыж і пайшоў усьлед за Хрыстом; умярцьвіўшы жаданьні цела ўстрыманасьцю, ты атрымаў дар духоўны цяплом Богу прыемных малітваў разганяць зіму недамаганьняў. Дзеля гэтага славім цябе. Стараннымі малітвамі і строгім пастом ты, ойча, ачысьціў жаданьні душы і стаўся сьвятыняй трохсонечнага Боства. Атрымаўшы ласку сьвятарства, ты увайшоў у сьвятое сьвятых, прыносячы ў ахвяры Таго, хто стаўся ахвярай за нас у сваёй вялікай міласэрнасьці. Нораў твой, ойча Тэакцісьце, быў лагодны і ціхі, і таму атрымаў ты ў спадчыну зямлю ціхіх і, цераз удзел у Боскім жыцьці, удастоіўся сапраўднай радасьці. Дык не забывай ніколі пра тых, якія шануюць цябе і спраўляюць памяць твайго ўсьпеньня. Слава... цяпер...: (Тон 3). Сьветлае мінулае сьвята, больш слаўнае аднак тое, што мае быць. Тады мудрацы пакланіліся Збавіцелю, цяпер верны слуга хрысьціць Уладара. Тады пастухі, што гралі на жалейках, былі сьведкамі цуду; цяпер голас Айца абвяшчае Адзінароднага Сына.
Вершапесьні (Тон 8). "Ты нясьцерпны агонь, я ж, Хрысьце Божа, гліна і сена; як гэта Ты схіліў Тваю сьвятую галаву, перад якой дрыжаць мноствы анёлаў? – Ян кажа Творцу, калі той прыйшоў хрысьціцца. – Вялікая Твая, Добрасардэчны, спагадлівасьць!" Верш. Дзеля гэтага згадваю Цябе ў краіне Ярданскай і Гэрмонскай. Вось наша Прасьвятленьне, Адкупленьне і Збаўленьне ідзе дабравольна да Ярдану, каб упакорыцца перад усімі бачна і пакрыцца вадою, быццам вопраткаю; Ён пакрывае аголенасьць тых, якія сталіся голымі за намоваю злога зьмея. Верш. Воды ўбачылі Цябе, Божа, воды ўбачылі Цябе і спалохаліся. Нясьцерпны агонь з уласнай волі прыходзіць да Ярдану, каб ачысьціць мяне, апаганенага страшнаю правінаю; у дабрыні і міласэрнасьці сваёй Ён прымае, стоячы ў вадзе, нябесны дождж, каб абмыць ім агіду мноства грахоў маіх. Слава... цяпер...: (Тон 6). Хрыстос-Праўда ідзе да Ярдану, каб ахрысьціцца ад Яна, а той кажа Яму: "Мне трэба хрысьціцца ў Цябе, як жа Ты прыходзіш да мяне? Я – сена, і ня сьмею дакрануцца да агню. Ты, Уладару, асьвяці мяне Тваім Боскім зьяўленьнем".
Адпушчальныя трапары Трапар апосталаў (тон 3). Апосталы сьвятыя, маліце міласэрнага Бога, каб Ён дараваў душам нашым адпушчэньне грахоў. Слава...: Сьвятога (тон 8). У табе, ойча, верна захаваўся вобраз Божы: узяўшы крыж, ты пайшоў усьлед за Хрыстом і на справе навучаў не клапаціцца аб целе, бо яно прамінае, але дбаць пра душу, рэч несьмяротную. Дзеля гэтага разам з анёламі радуецца, сьвяты Тэакцісьце, дух твой. Цяпер...: Трапар перадсьвяцьця (тон 4). Рыхтуйся, Забулён; красуйся Нэфталім; рака Ярдан, затрымайся і прымі з радасьцю Уладара, які ідзе хрысьціцца ў табе. Весяліцеся, Адам з прамаці Эваю, не хавайцеся, як некалі ў раі: убачыўшы вас голымі, Ён прыйшоў, каб апрануць вас у першую вопратку. Хрыстос зьявіўся, каб усё стварэньне абнавіць. Вярнуцца назад |