Галоўная > Мінэя - Студзень > 11 Студзеня - Пасьвяцьце Богазьяўленьня. Пачэснага Хвядоса Вялікага
11 Студзеня - Пасьвяцьце Богазьяўленьня. Пачэснага Хвядоса Вялікага2 ліпеня 2008. |
|
Вячэрня
На "Госпадзе, Цябе клічу...": (Тон 5). Сьвяты баганосны ойча Хвядосе, ты шмат папрацаваў у гэтым жыцьці, праводзячы час у пасьце, малітве і нядрэмнасьці, і быў прыкладам для вучняў тваіх; сёньня ты цешышся з анёламі, няспынна славячы Хрыста Збавіцеля, Бога ад Бога Слова, які схіліў галаву сваю перад Прадвесьнікам і асьвяціў прыроду вады. Прасі Яго, Яму маліся, ойча сьвяты, дараваць Царкве згоду і супакой, і веліч зьмілаваньня. (Двойчы) Сьвяты баганосны ойча Хвядосе, ласка Духа Сьвятога знайшла душу тваю чыстаю і пасялілася ў ёй. Прасьветлены ейным зьзяньнем, ты славіш няспынна Хрыста, у дзьвюх прыродах адзінага Сына, які быў ахрышчаны рукою Прадвесьніка, і аб якім Айцец пасьведчыў голасам сваім. Прасі Яго, Яму маліся, ойча сьвяты, дараваць сьвету згоду, супакой і веліч зьмілаваньня. (Двойчы) Сьвяты баганосны ойча Хвядосе, пастом і чысьцінёю нораваў ты ўдастоіўся блаславёнага жыцьця. Пераходзячы да жыцьця вышэйшага, ты загадаў усім радавацца, і цяпер няспынна славіш Хрыста, які невыказна прыняў цела ад Дзевы, і хрышчэньнем у Ярдане патапіў нашыя грахі. Прасі Яго, Яму маліся, ойча сьвяты, дараваць сьвету згоду, супакой і веліч зьмілаваньня. (Двойчы) Слава...: (Тон 2). Ойча сьвяты, чыстую душу тваю, быццам горад Бога жывога, усьцешылі струмені вады адпушчэньня, калі Хрыстос Бог наш увайшоў у Ярдан і выліў слова веры ўсяму сьвету. Малі Яго, блаславёны Хвядосе, за збаўленьне душ нашых. Цяпер...: (Тон 2). Ты схіліў галаву Тваю перад Прадвесьнікам і скрышыў галовы зьмеяў. Увайшоўшы ў ваду, Ты прасьвятліў усіх, каб нам славіць Цябе, Збавіцелю і Прасьветніку душ нашых.
Чытаньне кнігі Мудрасьці Душы праведных у руцэ Бога, і мука не кране іх. Вачам неразумных здавалася, што яны памерлі, іхняе перастаўленьне ўважалася за няшчасьце, і адыход іх ад нас – за згубу; але яны прабываюць у супакоі. Бо, хоць паводле людзкога разуменьня іх сустрэла кара, надзея іх поўная несьмяротнасьці. Пацярпеўшы крыху, яны зазнаюць вялікіх дабрадзействаў. Бог іх дасьведчыў і знайшоў годнымі сябе. Ён іх выпрабаваў, як золата ў горне і прыняў іх, як цэлапальную ахвяру. У дзень іхняга наведаньня яны зазьзяюць і рассыплюцца, быццам іскры па іржышчы. Будуць судзіць плямёны і панаваць над народамі, і Госпад будзе ўладаром іхнім давеку. Тыя, што спадзяваліся на Яго, зразумеюць праўду, верныя ў любові будуць з Ім прабываць. Бо ласка і міласэрнасьць Ягоная для сьвятых Яго, і Ён наведае выбраных сваіх. (3:1-10)
Чытаньне кнігі Мудрасьці Праведнікі вечна жыць будуць, і іхняя ўзнагарода ў Госпада, і Усявышні будзе клапаціцца пра іх. Дзеля гэтага яны атрымаюць карону славы і вянец красы з рукі Госпада. Ён іх пакрые правай рукою сваёй, і будзе ахоўваць іх плячом сваім. За зброю возьме зайздросную любоў сваю, і ўзброіць стварэньне на пакараньне ворагаў. Апранецца ў панцыр справядлівасьці, і шаломам ягоным будзе суд бесстароньні. За шчыт непераможны возьме сабе сьвятасьць, і навострыць, быццам меч, гнеў суровы. І разам з Ім увесь сьвет пойдзе на бой супраць бяздумных. Паляцяць з хмараў стрэлы маланак, паімчацца да мэты, быццам з нацягнутага луку; і прашчы будуць шпурляць град гневу. Воды марскія ўзбурацца супраць іх, і рэкі затопяць іх бязьлітасна. Уздымецца супраць іх дух Магутнасьці і, быццам бура, іх паразьвявае. Так беззаконьне спустошыць зямлю, а нікчэмнасьць разбурыць пасады моцных. Дык слухайце, уладары, і разумейце! Навучыцеся, судзьдзі ўсіх канцоў зямлі! Зважайце, начальнікі многіх, што хваліцеся вялікім лікам вашых падданых! Ад Госпада дадзеная вам улада, і сіла – ад Усявышняга. (5:15-6:3)
Чытаньне кнігі Мудрасьці Праведнік, хоць бы і памёр перадчасна, знойдзе супакой. Старасьць ягоная пачэсная не даўгалецьцем, яна ня мерыцца лікам гадоў; сівізна ягоная – мудрасьць, а мера старасьці – жыцьцё беззаганнае. Ён быў даспадобы Богу, знайшоў міласьць у Яго і, жывучы сярод грэшнікаў, быў забраны, каб злосьць не сапсавала думкі ягонай, і няшчырасьць не зьвяла душы ягонай. Бо прывабнасьць злога засланяе добрае, і бура пажадлівасьцяў зацямняе правы розум. Дасягнуўшы рана дасканаласьці, ён шмат перажыў, бо душа яго была мілая Богу, і таму Ён пасьпяшыў забраць яго з благога асяродзьдзя. А людзі бачылі гэта і не разумелі, і ня ўзялі сабе гэтага да сэрца, што міласэрнасьць і ласка Ягоная з выбранымі Ягонымі, і провід Ягоны са сьвятымі Яго. (4:7-15)
Вершапесьні (Тон 4). "Ты бачыў, як Я ўпакорыўся і апрануўся ў твой вобраз, які Я стварыў – Госпад сказаў Яну. – Дык што ж тут дзіўнага, калі Я, быццам слуга, нахілю галаву маю пад руку тваю, дружа, і, голы, пакрыюся водой, каб у добрасардэчнасьці Маёй пакрыць голых нятленнасьцю". Верш. Мора ўбачыла і ўцякло, Ярдан пацёк назад. "Ты зьявіўся ў целе, і ўлоньне дзявочае, застаўшыся непарушным, прыняла Цябе. Печ, што не апаліла юнакоў, была вобразам гэтага. Я ж сена, дык як ўскладу руку на агонь, перад якім дрыжаць усе нябесныя і зямныя стварэньні, Ісусе, Уладару ўсемагутны, Збавіцелю душ нашых?" Верш. Што з табой, мора, што ты ўцякло, чаму ты, Ярдане, пацёк назад? "Абмый Мяне, беззаганнага, у вадзе Ярданскай, – Госпад адказвае Яну, – і людзкая прырода, апаганеная праступкам Адама станецца зноў чыстаю. У Маім хрышчэньні даецца ўсім абнаўленьне вадою і Духам". Слава...: (Тон 8). Хоры манахаў лічаць цябе, ойча Хвядосе, сваім настаўнікам, навучыўшыся хадзіць тваім шляхам. Шчасьлівы ты, бо, папрацаваўшы для Хрыста і перамогшы варожыя сілы, ты стаўся суразмоўцам анёлаў і саўдзельнікам жыцьця сьвятых і праведных. Маліся разам з імі Госпаду за збаўленьне душ нашых. Цяпер...: (Тон 8). Анельскія хоры жахнуліся, калі убачылі, як Ты, Збавіцелю, стаў голы ў Ярдане, і, схіліўшы галаву, прыняў хрост ад Яна. Тваім дабравольным зьбядненьнем сьвет узбагаціўся. Госпадзе, слава Табе!
Адпушчальныя трапары Сьвятога (тон 8). Струменямі сьлёз тваіх пустыню бясплодную ты ўрадліваю зрабіў, і стогнамі душы плады высілкаў тваіх у сто разоў памножыў, і быў для ўсіх сьветачам, зьзяючы цудамі, Хвядосе, ойча наш. Малі Хрыста Бога збавіць душы нашыя. Слава... цяпер...: Трапар сьвята (тон 1). Калі Ты, Госпадзе, хрысьціўся ў Ярдане, адбылося пакланеньне Тройцы. Голас Айца засьведчыў аб Табе, называючы Цябе любым Сынам; і Дух у выглядзе голуба пацьвердзіў праўдзівасьць гэтых слоў. Хрысьце Божа, які зьявіўся нам і сьвет асьвяціў, слава Табе. Вярнуцца назад |