Вячэрня
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
(Тон 5). Сьвяты баганосны ойча Хвядосе, ты шмат папрацаваў у гэтым
жыцьці, праводзячы час у пасьце, малітве і нядрэмнасьці, і быў прыкладам для
вучняў тваіх; сёньня ты цешышся з анёламі, няспынна славячы Хрыста Збавіцеля,
Бога ад Бога Слова, які схіліў галаву сваю перад Прадвесьнікам і асьвяціў
прыроду вады. Прасі Яго, Яму маліся, ойча сьвяты, дараваць Царкве згоду і
супакой, і веліч зьмілаваньня. (Двойчы)
Сьвяты баганосны ойча Хвядосе, ласка Духа Сьвятога знайшла душу тваю чыстаю і
пасялілася ў ёй. Прасьветлены ейным зьзяньнем, ты славіш няспынна Хрыста, у
дзьвюх прыродах адзінага Сына, які быў ахрышчаны рукою Прадвесьніка, і аб якім
Айцец пасьведчыў голасам сваім. Прасі Яго, Яму маліся, ойча сьвяты, дараваць
сьвету згоду, супакой і веліч зьмілаваньня.
(Двойчы)
Сьвяты баганосны ойча Хвядосе, пастом і чысьцінёю нораваў ты ўдастоіўся
блаславёнага жыцьця. Пераходзячы да жыцьця вышэйшага, ты загадаў усім радавацца,
і цяпер няспынна славіш Хрыста, які невыказна прыняў цела ад Дзевы, і
хрышчэньнем у Ярдане патапіў нашыя грахі. Прасі Яго, Яму маліся, ойча сьвяты,
дараваць сьвету згоду, супакой і веліч зьмілаваньня.
(Двойчы)
Слава...:
(Тон 2). Ойча сьвяты, чыстую душу тваю, быццам горад Бога жывога,
усьцешылі струмені вады адпушчэньня, калі Хрыстос Бог наш увайшоў у Ярдан і
выліў слова веры ўсяму сьвету. Малі Яго, блаславёны Хвядосе, за збаўленьне душ
нашых.
Цяпер...:
(Тон 2). Ты схіліў галаву Тваю перад Прадвесьнікам і скрышыў
галовы зьмеяў. Увайшоўшы ў ваду, Ты прасьвятліў усіх, каб нам славіць Цябе,
Збавіцелю і Прасьветніку душ нашых.
Чытаньне кнігі Мудрасьці
Душы праведных у руцэ Бога, і мука не кране іх. Вачам неразумных здавалася,
што яны памерлі, іхняе перастаўленьне ўважалася за няшчасьце, і адыход іх ад нас
– за згубу; але яны прабываюць у супакоі. Бо, хоць паводле людзкога разуменьня
іх сустрэла кара, надзея іх поўная несьмяротнасьці. Пацярпеўшы крыху, яны
зазнаюць вялікіх дабрадзействаў. Бог іх дасьведчыў і знайшоў годнымі сябе. Ён іх
выпрабаваў, як золата ў горне і прыняў іх, як цэлапальную ахвяру. У дзень іхняга
наведаньня яны зазьзяюць і рассыплюцца, быццам іскры па іржышчы. Будуць судзіць
плямёны і панаваць над народамі, і Госпад будзе ўладаром іхнім давеку. Тыя, што
спадзяваліся на Яго, зразумеюць праўду, верныя ў любові будуць з Ім прабываць.
Бо ласка і міласэрнасьць Ягоная для сьвятых Яго, і Ён наведае выбраных сваіх.
(3:1-10)
Чытаньне кнігі Мудрасьці
Праведнікі вечна жыць будуць, і іхняя ўзнагарода ў Госпада, і Усявышні будзе
клапаціцца пра іх. Дзеля гэтага яны атрымаюць карону славы і вянец красы з рукі
Госпада. Ён іх пакрые правай рукою сваёй, і будзе ахоўваць іх плячом сваім. За
зброю возьме зайздросную любоў сваю, і ўзброіць стварэньне на пакараньне
ворагаў. Апранецца ў панцыр справядлівасьці, і шаломам ягоным будзе суд
бесстароньні. За шчыт непераможны возьме сабе сьвятасьць, і навострыць, быццам
меч, гнеў суровы. І разам з Ім увесь сьвет пойдзе на бой супраць бяздумных.
Паляцяць з хмараў стрэлы маланак, паімчацца да мэты, быццам з нацягнутага луку;
і прашчы будуць шпурляць град гневу. Воды марскія ўзбурацца супраць іх, і рэкі
затопяць іх бязьлітасна. Уздымецца супраць іх дух Магутнасьці і, быццам бура, іх
паразьвявае. Так беззаконьне спустошыць зямлю, а нікчэмнасьць разбурыць пасады
моцных. Дык слухайце, уладары, і разумейце! Навучыцеся, судзьдзі ўсіх канцоў
зямлі! Зважайце, начальнікі многіх, што хваліцеся вялікім лікам вашых падданых!
Ад Госпада дадзеная вам улада, і сіла – ад Усявышняга.
(5:15-6:3)
Чытаньне кнігі Мудрасьці
Праведнік, хоць бы і памёр перадчасна, знойдзе супакой. Старасьць ягоная
пачэсная не даўгалецьцем, яна ня мерыцца лікам гадоў; сівізна ягоная –
мудрасьць, а мера старасьці – жыцьцё беззаганнае. Ён быў даспадобы Богу, знайшоў
міласьць у Яго і, жывучы сярод грэшнікаў, быў забраны, каб злосьць не сапсавала
думкі ягонай, і няшчырасьць не зьвяла душы ягонай. Бо прывабнасьць злога
засланяе добрае, і бура пажадлівасьцяў зацямняе правы розум. Дасягнуўшы рана
дасканаласьці, ён шмат перажыў, бо душа яго была мілая Богу, і таму Ён пасьпяшыў
забраць яго з благога асяродзьдзя. А людзі бачылі гэта і не разумелі, і ня ўзялі
сабе гэтага да сэрца, што міласэрнасьць і ласка Ягоная з выбранымі Ягонымі, і
провід Ягоны са сьвятымі Яго. (4:7-15)
Вершапесьні
(Тон 4). "Ты бачыў, як Я ўпакорыўся і апрануўся ў твой вобраз, які
Я стварыў – Госпад сказаў Яну. – Дык што ж тут дзіўнага, калі Я, быццам слуга,
нахілю галаву маю пад руку тваю, дружа, і, голы, пакрыюся водой, каб у
добрасардэчнасьці Маёй пакрыць голых нятленнасьцю".
Верш. Мора ўбачыла і ўцякло, Ярдан пацёк назад.
"Ты зьявіўся ў целе, і ўлоньне дзявочае, застаўшыся непарушным, прыняла Цябе.
Печ, што не апаліла юнакоў, была вобразам гэтага. Я ж сена, дык як ўскладу руку
на агонь, перад якім дрыжаць усе нябесныя і зямныя стварэньні, Ісусе, Уладару
ўсемагутны, Збавіцелю душ нашых?"
Верш. Што з табой, мора, што ты ўцякло, чаму ты, Ярдане, пацёк
назад?
"Абмый Мяне, беззаганнага, у вадзе Ярданскай, – Госпад адказвае Яну, – і
людзкая прырода, апаганеная праступкам Адама станецца зноў чыстаю. У Маім
хрышчэньні даецца ўсім абнаўленьне вадою і Духам".
Слава...:
(Тон 8). Хоры манахаў лічаць цябе, ойча Хвядосе, сваім
настаўнікам, навучыўшыся хадзіць тваім шляхам. Шчасьлівы ты, бо, папрацаваўшы
для Хрыста і перамогшы варожыя сілы, ты стаўся суразмоўцам анёлаў і
саўдзельнікам жыцьця сьвятых і праведных. Маліся разам з імі Госпаду за
збаўленьне душ нашых.
Цяпер...:
(Тон 8). Анельскія хоры жахнуліся, калі убачылі, як Ты, Збавіцелю,
стаў голы ў Ярдане, і, схіліўшы галаву, прыняў хрост ад Яна. Тваім дабравольным
зьбядненьнем сьвет узбагаціўся. Госпадзе, слава Табе!
Адпушчальныя трапары
Сьвятога (тон 8). Струменямі сьлёз тваіх пустыню бясплодную ты
ўрадліваю зрабіў, і стогнамі душы плады высілкаў тваіх у сто разоў памножыў, і
быў для ўсіх сьветачам, зьзяючы цудамі, Хвядосе, ойча наш. Малі Хрыста Бога
збавіць душы нашыя.
Слава... цяпер...:
Трапар сьвята (тон 1).
Калі Ты, Госпадзе, хрысьціўся ў Ярдане, адбылося пакланеньне Тройцы. Голас Айца
засьведчыў аб Табе, называючы Цябе любым Сынам; і Дух у выглядзе голуба
пацьвердзіў праўдзівасьць гэтых слоў. Хрысьце Божа, які зьявіўся нам і сьвет
асьвяціў, слава Табе. |