Галоўная > Мінэя - Сакавік > 9 сакавіка - Памяць 40 мучанікаў сэбастыйскіх

9 сакавіка - Памяць 40 мучанікаў сэбастыйскіх


4 лютага 2009.

Вячэрня

На "Госпадзе, Цебе клічу...":

(Тон 2). Церпячы мужна дачаснае, цешачыся надзеяю, сьвятыя мучанікі казалі адзін аднаму: "Мы ня скінулі вопратку сваю, але адклалі старога чалавека. Лютая зіма, але салодкі рай; балюча мерзнуць да сьмерці, але ласкавая радасьць, што чакае нас. Дык не заломімся, сябры па зброі! Пацерпім крыху, каб атрымаць вянцы перамогі ад Хрыста і Збаўцы душаў нашых.

Скінуўшы ўсю вопратку і ўвайшоўшы без трапятаньня ў возера, сьвятыя мучанікі казалі адзін аднаму: "Дзеля раю, які мы страцілі, не пашкадуем сёньня тленнай вопраткі, у якую мы былі апранутыя з-за згубнага зьмея і якую мы цяпер адкідаем у надзеі агульнага ўваскрасеньня. Ня будзем зважаць на лёд, за нішто палічым пакуты цялесныя, каб нам атрымаць вянцы перамогі ад Хрыста і Збаўцы душаў нашых.

Гледзячы на цярпеньні як на асалоду, бегучы да замерзлага возера, як да жаданай цеплыні, сьвятыя мучанікі казалі: "Не спалохаемся часу зімовага, каб нам пазьбегнуць страшнага агню пякельнага; хай згіне нага, каб нам цешыцца вечна; хай адымецца рука, каб нам толькі ўзьняцца да Госпада. Не пашкадуем сьмяротнай прыроды, лепш прымем сьмерць, каб нам атрымаць вянцы перамогі ад Хрыста і Збаўцы душаў нашых.

Слава...: Церпячы мужна... (першая сьціхіра)

Цяпер...: Цень Закону мінуў з прыйсьцем ласкі: як некалі куст, ахоплены агнём, не згараў, так і Ты, Дзева, пасьля родаў дзеваю засталася; замест слупа вогненнага Сонца праведнае зазьзяла; замест Майсея – Хрыстос, Збавіцель душаў нашых

Пасьля уваходу, пракімен і чытаньні дня з Трыядзі поснай, а таксама наступныя:

Чытаньне кнігі прарока Ісаі

Так кажа Госпад: Усе народы хай зьбяруцца разам, і зыдуцца князі іх. Хто між іх можа аб’явіць гэта, і расказаць пра тое, што было? Хай прывядуць сьведкаў сваіх на сваё апраўданьне, каб іх пачуць і сказаць: “Сапраўды так”. Вы сьведкі мае, кажа Госпад, і слугі Мае, якіх Я выбраў, каб вы маглі пазнаць і паверыць Мне, і зразумець, што толькі Я ёсьць: перада мною не было іншага бога, і пасьля мяне ня будзе. Я – Госпад, толькі Я ёсьць, і апроч Мяне няма Збаўцы. Я сказаў, Я вызваліў, Я аб’явіў, а ня нехта чужы сярод вас. Вы сьведкі мае, што Я Госпад Бог, і ад самага пачатку Я ёсьць; і няма (нікога), хто б выбавіў ад рук Маіх. Я чыню, і хто можа адмяніць гэта?" – Так кажа Госпад Бог, ваш Збаўца, Сьвяты Ізраіля. (43: 9-14)

Чытаньне кнігі Мудрасьці

Душы праведных у руцэ Бога, і мука не кране іх. Вачам неразумных здавалася, што яны памерлі, іхняе перастаўленьне ўважалася за няшчасьце, і адыход іх ад нас – за згубу; але яны прабываюць у супакоі. Бо, хоць паводле людзкога разуменьня іх сустрэла кара, надзея іх поўная несьмяротнасьці. Пацярпеўшы крыху, яны зазнаюць вялікіх дабрадзействаў. Бог іх дасьведчыў і знайшоў годнымі сабе. Ён іх выпрабаваў, як золата ў горне і прыняў іх, як цэлапальную ахвяру. У дзень іхняга наведаньня яны зазьзяюць і рассыплюцца, быццам іскры па іржышчы. Будуць судзіць плямёны і панаваць над народамі, і Госпад будзе ўладаром іхнім давеку. Тыя, што спадзяваліся на Яго, зразумеюць праўду, верныя ў любові будуць з Ім прабываць. Бо ласка і міласэрнасьць Ягоная для сьвятых Яго, і Ён наведае выбраных сваіх. (3:1-10)

Чытаньне кнігі Мудрасьці

Праведнікі вечна жыць будуць, і іхняя ўзнагарода ў Госпада, і Усявышні будзе клапаціцца пра іх. Дзеля гэтага яны атрымаюць карону славы і вянец красы з рукі Госпада. Ён іх пакрые правай рукою сваёй, і будзе ахоўваць іх плячом сваім. За зброю возьме зайздросную любоў сваю, і ўзброіць стварэньне на пакараньне ворагаў. Апранецца ў панцыр справядлівасьці, і шаломам ягоным будзе суд бесстароньні. За шчыт непераможны возьме сабе сьвятасьць, і навострыць, быццам меч, гнеў суровы. І разам з Ім увесь сьвет пойдзе на бой супраць бяздумных. Паляцяць з хмараў стрэлы маланак, паімчацца да мэты, быццам з нацягнутага луку; і прашчы будуць шпурляць град гневу. Воды марскія ўзбурацца супраць іх, і рэкі затопяць іх бязьлітасна. Уздымецца супраць іх дух Магутнасьці і, быццам бура, іх паразьвявае. Так беззаконьне спустошыць зямлю, а нікчэмнасьць разбурыць пасады моцных. Дык слухайце, уладары, і разумейце! Навучыцеся, судзьдзі ўсіх канцоў зямлі! Зважайце, начальнікі многіх, што хваліцеся вялікім лікам вашых падданых! Ад Госпада дадзеная вам улада, і сіла – ад Усявышняга. (5:15-6:3)

Далей Літургія раней асьвячаных дароў. Калі няма Літургіі, тады сьпяваюцца вершапесьні велікапосныя дня.

Слава...:

(Тон 6). Усхвалім песьнямі, верныя, сорак пераможных пакутнікаў, і ўсклікнем суладна: "Радуйцеся, пакутнікі Хрыстовыя, Ізіх, Мэлітон, Іраклі, Смарагд і Доман, Яўнік, Уал і Бібіян, Кляўдзі і Прыск. Радуйцеся, Тэадул, Яўтых і Ян, Ксант, Іліян, Сысын, Кір, Агей, Аятэй і Флявіян. Радуйцеся, Акакі, Якдык, Лісімах, Аляксандар, Ілей і Гаргон, Тэафан, Дамэціян, і Боскі Гай і Кярдон, Мікола і Уалер, Філакцім, Сяверыян і Худ, мучанікі усепачэсныя, што маеце сьмеласьць у Хрыста Бога нашага. Маліце Яго няспынна, каб збавіцца вераю тым, што шануюць вашую памяць.

Цяпер...:

Багародзіца, Ты – існая вінаградная лаза, што ўзрасьціла нам плод жыцьця. Просім Цябе, Уладарка: разам са сьвятымі апосталамі маліся за збаўленьне душаў нашых.

Трапары

(Тон 1). Сьвятых Тваіх цярпеньнямі, каторыя яны дзеля Цябе перанесьлі, зьмілуйся над намі і ацалі немачы нашыя, молімся Табе, Госпадзе Чалавекалюбча.

Слава... цяпер...:

Як толькі пачуўся голас Габрыеля, які казаў Табе, Дзева:"Радуйся!", Уладар усіх узяў цела ад Цябе, сьвятая Скарбніца, як прадказаў праведны Давід. Ты сталася больш прасторнай за неба, бо насіла ў сабе Творцу ўсяго. Слава Таму, хто пасяліўся ў Табе; слава Таму, хто выйшаў з Цябе; слава Таму, хто вызваліў нас нараджэньне сваім.

Літанія, тры паклоны і водпуст.

------------------------------------------------------------------

Кандак (тон 6). Пакінуўшы зямное войска, вы, блаславёныя сорак пакутнікаў Гасподніх, пайшлі за Уладаром нябесным і, перайшоўшы праз агонь і ваду, дастойна атрымалі славу з нябёсаў і мноства вянцоў.


9 сакавіка

ўвечары

Вячэрня

На "Госпадзе, Цябе клічу...": песьні з Трыядзі і наступныя:

(Тон 1). Хор соракпраменны, Богам абраныя воі зазьзялі ў час посту пачэснымі пакутамі, асьвячаючы і прасьвятляючы душы нашыя.

(Тон 2). Возера выдалася раем, а сьцюжа – цеплынёю, Хрысьце Божа, для мучанікаў, што не спалохаліся пагрозаў мучыцеляў не збаяліся мукаў: сілаю крыжа, што быў для іх зброяю, яны перамаглі ворага і атрымалі вянцы ласкі.

Хто ня ўсхваліць сорак мучанікаў, хто не запяе? Яны ўвайшлі сьмела ў возера і, нягледзячы на нясьцерпны холад, запяялі песьню Госпаду: "Няўжо і ў вадзе, будзеш гневацца на нас, Госпадзе? Няўжо будзеш гневацца, Чалавекалюбча? Аблягчы нашыя пакуты, бо ногі нашыя ўсе ў крыві, і ўвядзі нас, Божа, у вечныя Твае харомы, каб нам сагрэцца ва ўлоньні Абрагама.

Слава...:

Прарок Давід усклікнуў у псалмах: "Мы перайшлі праз агонь і ваду, але Ты вывеў нас на свабоду". Праўдзівасьць гэтых словаў, вы, пакутнікі Хрыстовыя, даказалі сваімі ўчынкамі: перайшоўшы праз агонь і ваду, вы ўвайшлі ў валадарства нябеснае. Дык маліцеся цяпер, сорак існых пакутнікаў, каб нам атрымаць веліч зьмілаваньня.

Цяпер...:

Багародзічны: Усю надзею маю ўскладаю на Цябе, Маці Божая: захавай мяне пад покрывам Тваім.

Або крыжабагародзічны: Убачыўшы як Творца ўсяго цярпеў усялякія зьнявагі і быў узьнесены на крыж, Усячыстая з плачам казала: "Усяслаўны Госпадзе, Сыне і Божа мой, як гэта ты за тое, што хацеў ушанаваць творы Твае, церпіш зьнявагі? Слава шматміласэрнасьці і спагадлівасьці Тваёй, Чалавекалюбча.

Уваход з Евангельем. Літургія Раней асьвячаных дароў. Чытаньні дня з Трыядзі.

Пасьля "Хай малітва мая..." і паклонаў:

Пракімен: Ты, Госпадзе, сьцеражы нас і захавай нас ад гэтага роду давеку.

Верш: Збаў мяне, Госпадзе, бо не засталося праведніка: няма верных сярод сыноў людзкіх.

Апостал: Гэб. 12:1-10

Алілуя: Усклікніце Госпаду, уся зямля, сьпявайце славу імю Яго, аддайце хвалу велічы Яго.

Верш: Ты, Божа, дасьведчыў нас і выпрабаваў агнём, як выпрабоўваюць срэбра.

Евангельле: Мц 20:1-16


Вярнуцца назад