Вячэрня
На "Госпадзе, Цебе клічу...":
(Тон 2). Церпячы мужна дачаснае, цешачыся надзеяю,
сьвятыя мучанікі казалі адзін аднаму: "Мы ня скінулі вопратку сваю, але адклалі
старога чалавека. Лютая зіма, але салодкі рай; балюча мерзнуць да сьмерці, але
ласкавая радасьць, што чакае нас. Дык не заломімся, сябры па зброі! Пацерпім
крыху, каб атрымаць вянцы перамогі ад Хрыста і Збаўцы душаў нашых.
Скінуўшы ўсю вопратку і ўвайшоўшы без трапятаньня ў возера,
сьвятыя мучанікі казалі адзін аднаму: "Дзеля раю, які мы страцілі, не пашкадуем
сёньня тленнай вопраткі, у якую мы былі апранутыя з-за згубнага зьмея і якую мы
цяпер адкідаем у надзеі агульнага ўваскрасеньня. Ня будзем зважаць на лёд, за
нішто палічым пакуты цялесныя, каб нам атрымаць вянцы перамогі ад Хрыста і
Збаўцы душаў нашых.
Гледзячы на цярпеньні як на асалоду, бегучы да замерзлага
возера, як да жаданай цеплыні, сьвятыя мучанікі казалі: "Не спалохаемся часу
зімовага, каб нам пазьбегнуць страшнага агню пякельнага; хай згіне нага, каб нам
цешыцца вечна; хай адымецца рука, каб нам толькі ўзьняцца да Госпада. Не
пашкадуем сьмяротнай прыроды, лепш прымем сьмерць, каб нам атрымаць вянцы
перамогі ад Хрыста і Збаўцы душаў нашых.
Слава...: Церпячы мужна...
(першая сьціхіра)
Цяпер...: Цень Закону мінуў з прыйсьцем ласкі: як некалі
куст, ахоплены агнём, не згараў, так і Ты, Дзева, пасьля родаў дзеваю засталася;
замест слупа вогненнага Сонца праведнае зазьзяла; замест Майсея – Хрыстос,
Збавіцель душаў нашых
Пасьля уваходу, пракімен і чытаньні дня з Трыядзі поснай, а
таксама наступныя:
Чытаньне кнігі прарока Ісаі
Так кажа Госпад: Усе народы хай зьбяруцца разам, і зыдуцца
князі іх. Хто між іх можа аб’явіць гэта, і расказаць пра тое, што было? Хай
прывядуць сьведкаў сваіх на сваё апраўданьне, каб іх пачуць і сказаць: “Сапраўды
так”. Вы сьведкі мае, кажа Госпад, і слугі Мае, якіх Я выбраў, каб вы маглі
пазнаць і паверыць Мне, і зразумець, што толькі Я ёсьць: перада мною не было
іншага бога, і пасьля мяне ня будзе. Я – Госпад, толькі Я ёсьць, і апроч Мяне
няма Збаўцы. Я сказаў, Я вызваліў, Я аб’явіў, а ня нехта чужы сярод вас. Вы
сьведкі мае, што Я Госпад Бог, і ад самага пачатку Я ёсьць; і няма (нікога),
хто б выбавіў ад рук Маіх. Я чыню, і хто можа адмяніць гэта?" – Так кажа Госпад
Бог, ваш Збаўца, Сьвяты Ізраіля. (43: 9-14)
Чытаньне кнігі Мудрасьці
Душы праведных у руцэ Бога, і мука не кране іх. Вачам
неразумных здавалася, што яны памерлі, іхняе перастаўленьне ўважалася за
няшчасьце, і адыход іх ад нас – за згубу; але яны прабываюць у супакоі. Бо, хоць
паводле людзкога разуменьня іх сустрэла кара, надзея іх поўная несьмяротнасьці.
Пацярпеўшы крыху, яны зазнаюць вялікіх дабрадзействаў. Бог іх дасьведчыў і
знайшоў годнымі сабе. Ён іх выпрабаваў, як золата ў горне і прыняў іх, як
цэлапальную ахвяру. У дзень іхняга наведаньня яны зазьзяюць і рассыплюцца,
быццам іскры па іржышчы. Будуць судзіць плямёны і панаваць над народамі, і
Госпад будзе ўладаром іхнім давеку. Тыя, што спадзяваліся на Яго, зразумеюць
праўду, верныя ў любові будуць з Ім прабываць. Бо ласка і міласэрнасьць Ягоная
для сьвятых Яго, і Ён наведае выбраных сваіх. (3:1-10)
Чытаньне кнігі Мудрасьці
Праведнікі вечна жыць будуць, і іхняя ўзнагарода ў Госпада, і
Усявышні будзе клапаціцца пра іх. Дзеля гэтага яны атрымаюць карону славы і
вянец красы з рукі Госпада. Ён іх пакрые правай рукою сваёй, і будзе ахоўваць іх
плячом сваім. За зброю возьме зайздросную любоў сваю, і ўзброіць стварэньне на
пакараньне ворагаў. Апранецца ў панцыр справядлівасьці, і шаломам ягоным будзе
суд бесстароньні. За шчыт непераможны возьме сабе сьвятасьць, і навострыць,
быццам меч, гнеў суровы. І разам з Ім увесь сьвет пойдзе на бой супраць
бяздумных. Паляцяць з хмараў стрэлы маланак, паімчацца да мэты, быццам з
нацягнутага луку; і прашчы будуць шпурляць град гневу. Воды марскія ўзбурацца
супраць іх, і рэкі затопяць іх бязьлітасна. Уздымецца супраць іх дух Магутнасьці
і, быццам бура, іх паразьвявае. Так беззаконьне спустошыць зямлю, а нікчэмнасьць
разбурыць пасады моцных. Дык слухайце, уладары, і разумейце! Навучыцеся,
судзьдзі ўсіх канцоў зямлі! Зважайце, начальнікі многіх, што хваліцеся вялікім
лікам вашых падданых! Ад Госпада дадзеная вам улада, і сіла – ад Усявышняга.
(5:15-6:3)
Далей Літургія раней асьвячаных дароў. Калі няма Літургіі,
тады сьпяваюцца вершапесьні велікапосныя дня.
Слава...:
(Тон 6). Усхвалім песьнямі, верныя, сорак
пераможных пакутнікаў, і ўсклікнем суладна: "Радуйцеся, пакутнікі Хрыстовыя,
Ізіх, Мэлітон, Іраклі, Смарагд і Доман, Яўнік, Уал і Бібіян, Кляўдзі і Прыск.
Радуйцеся, Тэадул, Яўтых і Ян, Ксант, Іліян, Сысын, Кір, Агей, Аятэй і Флявіян.
Радуйцеся, Акакі, Якдык, Лісімах, Аляксандар, Ілей і Гаргон, Тэафан, Дамэціян, і
Боскі Гай і Кярдон, Мікола і Уалер, Філакцім, Сяверыян і Худ, мучанікі
усепачэсныя, што маеце сьмеласьць у Хрыста Бога нашага. Маліце Яго няспынна, каб
збавіцца вераю тым, што шануюць вашую памяць.
Цяпер...:
Багародзіца, Ты – існая вінаградная лаза, што ўзрасьціла нам
плод жыцьця. Просім Цябе, Уладарка: разам са сьвятымі апосталамі маліся за
збаўленьне душаў нашых.
Трапары
(Тон 1). Сьвятых Тваіх цярпеньнямі, каторыя яны
дзеля Цябе перанесьлі, зьмілуйся над намі і ацалі немачы нашыя, молімся Табе,
Госпадзе Чалавекалюбча.
Слава... цяпер...:
Як толькі пачуўся голас Габрыеля, які казаў Табе,
Дзева:"Радуйся!", Уладар усіх узяў цела ад Цябе, сьвятая Скарбніца, як прадказаў
праведны Давід. Ты сталася больш прасторнай за неба, бо насіла ў сабе Творцу
ўсяго. Слава Таму, хто пасяліўся ў Табе; слава Таму, хто выйшаў з Цябе; слава
Таму, хто вызваліў нас нараджэньне сваім.
Літанія, тры паклоны і водпуст.
------------------------------------------------------------------
Кандак (тон 6). Пакінуўшы зямное войска,
вы, блаславёныя сорак пакутнікаў Гасподніх, пайшлі за Уладаром нябесным і,
перайшоўшы праз агонь і ваду, дастойна атрымалі славу з нябёсаў і мноства
вянцоў.
9 сакавіка
ўвечары
Вячэрня
На "Госпадзе, Цябе клічу...": песьні з Трыядзі і
наступныя:
(Тон 1). Хор соракпраменны, Богам абраныя воі
зазьзялі ў час посту пачэснымі пакутамі, асьвячаючы і прасьвятляючы душы нашыя.
(Тон 2). Возера выдалася раем, а сьцюжа –
цеплынёю, Хрысьце Божа, для мучанікаў, што не спалохаліся пагрозаў мучыцеляў не
збаяліся мукаў: сілаю крыжа, што быў для іх зброяю, яны перамаглі ворага і
атрымалі вянцы ласкі.
Хто ня ўсхваліць сорак мучанікаў, хто не запяе? Яны ўвайшлі
сьмела ў возера і, нягледзячы на нясьцерпны холад, запяялі песьню Госпаду:
"Няўжо і ў вадзе, будзеш гневацца на нас, Госпадзе? Няўжо будзеш гневацца,
Чалавекалюбча? Аблягчы нашыя пакуты, бо ногі нашыя ўсе ў крыві, і ўвядзі нас,
Божа, у вечныя Твае харомы, каб нам сагрэцца ва ўлоньні Абрагама.
Слава...:
Прарок Давід усклікнуў у псалмах: "Мы перайшлі праз агонь і
ваду, але Ты вывеў нас на свабоду". Праўдзівасьць гэтых словаў, вы, пакутнікі
Хрыстовыя, даказалі сваімі ўчынкамі: перайшоўшы праз агонь і ваду, вы ўвайшлі ў
валадарства нябеснае. Дык маліцеся цяпер, сорак існых пакутнікаў, каб нам
атрымаць веліч зьмілаваньня.
Цяпер...:
Багародзічны: Усю надзею маю ўскладаю на Цябе,
Маці Божая: захавай мяне пад покрывам Тваім.
Або крыжабагародзічны: Убачыўшы як Творца ўсяго
цярпеў усялякія зьнявагі і быў узьнесены на крыж, Усячыстая з плачам казала:
"Усяслаўны Госпадзе, Сыне і Божа мой, як гэта ты за тое, што хацеў ушанаваць
творы Твае, церпіш зьнявагі? Слава шматміласэрнасьці і спагадлівасьці Тваёй,
Чалавекалюбча.
Уваход з Евангельем. Літургія Раней асьвячаных дароў.
Чытаньні дня з Трыядзі.
Пасьля "Хай малітва мая..." і паклонаў:
Пракімен: Ты, Госпадзе, сьцеражы нас і захавай нас
ад гэтага роду давеку.
Верш: Збаў мяне, Госпадзе, бо не засталося
праведніка: няма верных сярод сыноў людзкіх.
Апостал: Гэб. 12:1-10
Алілуя: Усклікніце Госпаду, уся зямля, сьпявайце
славу імю Яго, аддайце хвалу велічы Яго.
Верш: Ты, Божа, дасьведчыў нас і выпрабаваў агнём,
як выпрабоўваюць срэбра.
Евангельле: Мц 20:1-16 |