Галоўная > Мінэя - Сакавік > 14 сакавіка - Пачэснага айца нашага Бэнэдыкта
14 сакавіка - Пачэснага айца нашага Бэнэдыкта4 лютага 2009. |
|
Вячэрня На "Госпадзе, Цябе клічу...": (Тон 2). Адрокшыся сьвету, ты, пачэсны ойча, з вераю і любоўю юнаком радасна пайшоў за расьпятым Хрыстом; умярцьвіўшы шматлікімі подзьвігамі цела сваё, ты атрымаў дар ацаляць хворасьці людзей, сунімаць боль і адганяць злых духаў, выклікаючы гэтым вялікі подзіў у многіх. Стаўшыся красою манахаў, ты, пачэсны Бэнэдыкце, сабраў незьлічонае мноства для хвалы Божай і накіраваў на шлях да неба ўсіх, якія слухалі тваіх боскіх навучаньняў і пераймалі тваё, ойча блаславёны, дабрадзейнае жыцьцё. З імі разам шануем цябе і цешымся з твайго перастаўленьня. Як некалі Ільля, так ты, ойча, боскаю малітваю зьвёў дождж з неба, зрабіў, каб са збана ліўся алей, і мёртвага ўваскрасіў, і ўчыніў іншыя вялікія цуды на славу Збаўцы ўсіх і Бога. Таму, пачэсны ойча наш Бэнэдыкце, з любоўю спраўляем тваю слаўную памяць. Слава... цяпер...: Багародзічны: Усіх тужлівых радасьць, пакрыўджаных заступніца, і ўбогіх карміцелька, бяздомных суцяшэньне, і жазло сьляпых, наведаньне немачных і тых, што ў цяжкасьцях, покрыва і заступніца, памочніца сіротаў, Маці Бога Найвышэйшага, Усячыстая, пасьпяшы з дапамогаю, молімся, збавіцца слугам Тваім. Або крыжабагародзічны: Убачыўшы як Творца ўсяго цярпеў усялякія зьнявагі і быў узьнесены на крыж, Усячыстая з плачам казала: "Усяслаўны Госпадзе, Сыне і Божа мой, як гэта ты за тое, што хацеў ушанаваць творы Твае, церпіш зьнявагі? Слава шматміласэрнасьці і спагадлівасьці Тваёй, Чалавекалюбча. -- Трапар (тон 4). Рупліўца Ільлю ва ўсім пераймаючы і сьледам за Хрысьціцелем ідучы па правым шляху, ты быў жыхаром пустыні, Бэнэдыкце, ойча наш, малітвамі тваімі ўмацоўваючы ўвесь сусьвет. Малі Хрыста Бога збавіць душы нашыя. Вярнуцца назад |