Галоўная > Мінэя - Сакавік > 17 сакавіка - Аляксея, чалавека Божага
17 сакавіка - Аляксея, чалавека Божага4 лютага 2009. |
|
Вячэрня На "Госпадзе, Цябе клічу...": (Тон 1). Мы пазналі цябе, як чалавека Божага ня толькі па імю, але на справе: выбраўшы тут на зямлі беднасьць і прыцясьненьні, ты зазьзяў дабрадзейнасьцямі і цудамі, якімі ты ўмацоўваў верных. Цяпер маліся, каб душам нашым атрымаць супакой і веліч зьмілаваньня. Расою любові ты, Аляксей, патушыў гарачыя пажаданьні цялесныя, пабожна памяняў шлюбны хорам на жабрачае жыцьцё, і, адкінуўшы дачасныя асалоды, стаўся падобны да анёлаў. Разам з імі маліся, каб душам нашым атрымаць супакой і веліч зьмілаваньня. Ты, мудры, прабываў непазнаны і зьневажаны перад варотамі дому высакародных бацькоў тваіх, і доўгі час пераносіў зьдзекі ад уласных слугаў. Памёршы, ты аб’явіўся ўсім цудамі, ацаляючы многіх, і выганяючы духаў нячыстых. Слава... цяпер...: Багародзічны: Немачную душу маю, апанаваную лютымі страсьцямі, ацалі, Усесьвятая, што нарадзіла Лекара і Збаўцу ўсіх Хрыста, які ацаляе ўсялякую рану, нанесеную злосьцю ворага, і ад сьмерці выбаўляе нас. Крыжабагародзічны: Калі беззаганная Авечка і Уладарка ўбачыла Ягнё сваё на крыжы, бяз выгляду і красы, яна з плачам усклікнула: "Гора мне, дзе падзелася дабрыня Твая, дзе прыгажосьць, дзе краса вобразу Твайго, Сыне наймілейшы мой?" --- Трапар (тон 4). Узьняўшыся да вышыняў дабрадзейнасьці і ачысьціўшы розум, ты, Аляксей блаславёны, асягнуў жаданую мэту: ўпрыгожыўшы бясстраснасьцю жыцьцё сваё, ты з чыстым сумленьнем, падобна анёлу, прабываў у малітве і пасьце, і зазьзяў, быццам сонца, на ўвесь сьвет. Кандак (тон 2). Дом бацькоў маючы за чужы, ты пасяліўся ў ім пад выглядам жабрака і, пераставіўшыся, атрымаў вянец славы, Аляксею, чалавеку Божы. Для людзей і анёлаў ты быў дзіўным сьветачам на зямлі. Вярнуцца назад |