Вячэрня
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
(Тон 1). Мы пазналі цябе, як чалавека Божага ня
толькі па імю, але на справе: выбраўшы тут на зямлі беднасьць і прыцясьненьні,
ты зазьзяў дабрадзейнасьцямі і цудамі, якімі ты ўмацоўваў верных. Цяпер маліся,
каб душам нашым атрымаць супакой і веліч зьмілаваньня.
Расою любові ты, Аляксей, патушыў гарачыя пажаданьні
цялесныя, пабожна памяняў шлюбны хорам на жабрачае жыцьцё, і, адкінуўшы дачасныя
асалоды, стаўся падобны да анёлаў. Разам з імі маліся, каб душам нашым атрымаць
супакой і веліч зьмілаваньня.
Ты, мудры, прабываў непазнаны і зьневажаны перад варотамі
дому высакародных бацькоў тваіх, і доўгі час пераносіў зьдзекі ад уласных
слугаў. Памёршы, ты аб’явіўся ўсім цудамі, ацаляючы многіх, і выганяючы духаў
нячыстых.
Слава... цяпер...:
Багародзічны: Немачную душу маю, апанаваную лютымі
страсьцямі, ацалі, Усесьвятая, што нарадзіла Лекара і Збаўцу ўсіх Хрыста, які
ацаляе ўсялякую рану, нанесеную злосьцю ворага, і ад сьмерці выбаўляе нас.
Крыжабагародзічны: Калі беззаганная Авечка і
Уладарка ўбачыла Ягнё сваё на крыжы, бяз выгляду і красы, яна з плачам
усклікнула: "Гора мне, дзе падзелася дабрыня Твая, дзе прыгажосьць, дзе краса
вобразу Твайго, Сыне наймілейшы мой?"
---
Трапар (тон 4). Узьняўшыся да вышыняў
дабрадзейнасьці і ачысьціўшы розум, ты, Аляксей блаславёны, асягнуў жаданую
мэту: ўпрыгожыўшы бясстраснасьцю жыцьцё сваё, ты з чыстым сумленьнем, падобна
анёлу, прабываў у малітве і пасьце, і зазьзяў, быццам сонца, на ўвесь сьвет.
Кандак (тон 2). Дом бацькоў маючы за чужы,
ты пасяліўся ў ім пад выглядам жабрака і, пераставіўшыся, атрымаў вянец славы,
Аляксею, чалавеку Божы. Для людзей і анёлаў ты быў дзіўным сьветачам на зямлі. |