Галоўная > Мінэя - Сакавік > 24 сакавіка - Перадсьвяцьце Дабравешчаньня

24 сакавіка - Перадсьвяцьце Дабравешчаньня


4 лютага 2009.

Вячэрня

На "Госпадзе, Цябе клічу...": песьні Трыядзі, пасьля наступныя:

(Тон 4). Арханёл Габрыель пацьвярджае тайну, няведамую і схаваную ад анёлаў; ён прыходзіць да Цябе, чыстая і добрая Галубка, выбраная з роду людзкога, і кліча: "Радуйся, Усесьвятая, рыхтуйся прыняць словам маім Бога-Слова ва ўлоньне Тваё".

Азораны хорам – чыстае ўлоньне Слугі Тваёй, – падрыхтавана Табе, Госпадзе. Дык зыйдзі і пасяліся ў ім; у дабраце і спагадлівасьці да твораў Тваіх збаў нас ад няволі сьмерці і аднаві нашу першасную красу. Тваім прыйсьцем дай нам супакой і збаўленьне.

Арханёл Габрыель прыходзіць да Цябе, Усячыстая, і кліча: "Радуйся, Вызваленьне ад праклёну; радуйся, Устаньне тых, што ўпалі; радуйся, адзіная Выбраньніца Бога; радуйся, Калясьніца Сонца славы! Прымай Бесьцялеснага, які захацеў пасяліцца ва ўлоньні Тваім.

Слава... цяпер...:

(Тон 2). Сёньня Габрыель прыносіць добрую вестку Поўнай ласкі, кажучы: "Радуйся, Дзева Маці, што ня ведала мужа! Не дзівіся майму незвычайнаму выгляду і ня бойся, бо я арханёл. Некалі зьмяя ашукала Эву, сёньня ж я прыношу Табе радасную вестку, што Ты, Усячыстая, не зазнаеш тленнасьці і народзіш Госпада".

Далей звычайны парадак вялікапоснай вячэрні, або (у сераду і пятніцу) Літургіі раней асьвячаных Дароў.

Літургія

(калі ёсьць)

Трапар (тон 4). Сёньня пачатак сусьветнай радасьці заахвочвае нас запяяць перадсьвяточную песьню; Габрыель прыходзіць да Дзевы з добрай весткаю, усклікаючы: "Радуйся, Поўная ласкі, Госпад з Табою!"

Кандак (тон 8). Ты, Багародзіца – пачатак збаўленьня для ўсіх нас. Слуга Божы, вялікі начальнік анёлаў Габрыель, быў пасланы да Цябе, каб абвясьціць вялікую радасьць. Дзеля гэтага і мы клічам: "Радуйся, Дзева Маці!"


Вярнуцца назад