Вячэрня
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
песьні Трыядзі, пасьля наступныя:
(Тон 4). Арханёл Габрыель пацьвярджае тайну,
няведамую і схаваную ад анёлаў; ён прыходзіць да Цябе, чыстая і добрая Галубка,
выбраная з роду людзкога, і кліча: "Радуйся, Усесьвятая, рыхтуйся прыняць словам
маім Бога-Слова ва ўлоньне Тваё".
Азораны хорам – чыстае ўлоньне Слугі Тваёй, – падрыхтавана
Табе, Госпадзе. Дык зыйдзі і пасяліся ў ім; у дабраце і спагадлівасьці да твораў
Тваіх збаў нас ад няволі сьмерці і аднаві нашу першасную красу. Тваім прыйсьцем
дай нам супакой і збаўленьне.
Арханёл Габрыель прыходзіць да Цябе, Усячыстая, і кліча:
"Радуйся, Вызваленьне ад праклёну; радуйся, Устаньне тых, што ўпалі; радуйся,
адзіная Выбраньніца Бога; радуйся, Калясьніца Сонца славы! Прымай Бесьцялеснага,
які захацеў пасяліцца ва ўлоньні Тваім.
Слава... цяпер...:
(Тон 2). Сёньня Габрыель прыносіць добрую вестку
Поўнай ласкі, кажучы: "Радуйся, Дзева Маці, што ня ведала мужа! Не дзівіся майму
незвычайнаму выгляду і ня бойся, бо я арханёл. Некалі зьмяя ашукала Эву, сёньня
ж я прыношу Табе радасную вестку, што Ты, Усячыстая, не зазнаеш тленнасьці і
народзіш Госпада".
Далей звычайны парадак вялікапоснай вячэрні, або (у сераду і
пятніцу) Літургіі раней асьвячаных Дароў.
Літургія
(калі ёсьць)
Трапар (тон 4).
Сёньня пачатак сусьветнай радасьці заахвочвае нас запяяць перадсьвяточную
песьню; Габрыель прыходзіць да Дзевы з добрай весткаю, усклікаючы: "Радуйся,
Поўная ласкі, Госпад з Табою!"
Кандак (тон 8). Ты, Багародзіца – пачатак
збаўленьня для ўсіх нас. Слуга Божы, вялікі начальнік анёлаў Габрыель, быў
пасланы да Цябе, каб абвясьціць вялікую радасьць. Дзеля гэтага і мы клічам:
"Радуйся, Дзева Маці!" |