Галоўная > Мінэя - Травень > 3 траўня - Сьвятога айца нашага Хвядоса Кіевапячэрскага
3 траўня - Сьвятога айца нашага Хвядоса Кіевапячэрскага23 лютага 2009. |
|
Вячэрня
(Тон 5). Сьвяты баганосны ойча Хвядосе, ты шмат папрацаваў у гэтым жыцьці: у нядрэмнасьці, пастах і малітве ты быў узорам для вучняў тваіх. Сёньня ты цешышся з анёламі, славячы няспынна Хрыста – ад Бога Бога-Слова і Збавіцеля, што памёр дабравольна на крыжы і вызваліў ад маны род людзкі. Малі Яго, ойча сьвяты, каб Ён дараваў сьвету супакой і веліч зьмілаваньня. Сьвяты і баганосны ойча Хвядосе, ты сапраўды ўдастоіўся вечнай радасьці, здабыўшы яе чысьцінёю жыцьця і пастом; адрокшыся ад марнасьцяў гэтага сьвету, ты перайшоў да сапраўднага жыцьця. Цяпер, праслаўляючы няспынна з анёламі Госпада, які невыказна прыняў цела ад Дзевы, зьнішчыў уладу пекла і памёрлых уваскрасіў, малі Яго, ойча сьвяты, каб Ён дараваў сьвету супакой і веліч зьмілаваньня. Сьвяты і баганосны ойча Хвядосе, ты палюбіў чысьціню і знайшоў жыцьцё. Ласка Духа Сьвятога пасялілася ў табе, прасьвятліўшы цябе сваімі чыстымі промнямі. Праслаўляючы безупынна адзінага ў дзьвюх прыродах Хрыста, які пацярпеў на крыжы як чалавек, але як Бог застаўся нязьменным, малі Яго, ойча сьвяты, дараваць сьвету супакой і веліч зьмілаваньня. Слава...: (Тон 8). Прыйдзіце верныя, узьвялічым у песьнях айца нашага Хвядоса! Яшчэ юнаком ён пачуў з вышыні пакліканьне, атрымаўшы імя, што значыць "Божы дар". Ён – настаўнік праўдзівай веры, бацька міласэрны сірот, заступнік удоваў, пацеха сумных і крыніца жывой вады для ўсіх, што прыходзяць да яго, і безупынку моліцца за збаўленьне душаў нашых. Цяпер...: сьвята
Слава...: (Тон 8). Цябе, ойча, манахаў настаўніку, што цудамі прасьвятляеш усіх, Бог ад маладых год выбраў пастырам духоўных авечак. Дзеля гэтага хор сьвятых прыняў цябе з радасьцю. Маліся за нас, просім цябе, каб нам атрымаць адпушчэньне грахоў. Цяпер...: сьвята
Трапар (тон 8).
Змагаючыся за чысьціню, ты з маладосьці палюбіў ціхае жыцьцё. Ты пасяліўся ў
пячоры, дзе знайшоў зьдзяйсьненьне жаданьня твайго і, прабываючы ў няспыннай
малітве і пасьце, зазьзяў на ўвесь сьвет дабрадзейнасьцямі. Сьвяты ойча Хвядосе,
малі Хрыста Бога за збаўленьне душ нашых.
Вярнуцца назад |