Вячэрня
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
(Тон 5). Сьвяты баганосны ойча Хвядосе, ты шмат
папрацаваў у гэтым жыцьці: у нядрэмнасьці, пастах і малітве ты быў узорам для
вучняў тваіх. Сёньня ты цешышся з анёламі, славячы няспынна Хрыста – ад Бога
Бога-Слова і Збавіцеля, што памёр дабравольна на крыжы і вызваліў ад маны род
людзкі. Малі Яго, ойча сьвяты, каб Ён дараваў сьвету супакой і веліч
зьмілаваньня.
Сьвяты і баганосны ойча Хвядосе, ты сапраўды ўдастоіўся
вечнай радасьці, здабыўшы яе чысьцінёю жыцьця і пастом; адрокшыся ад марнасьцяў
гэтага сьвету, ты перайшоў да сапраўднага жыцьця. Цяпер, праслаўляючы няспынна з
анёламі Госпада, які невыказна прыняў цела ад Дзевы, зьнішчыў уладу пекла і
памёрлых уваскрасіў, малі Яго, ойча сьвяты, каб Ён дараваў сьвету супакой і
веліч зьмілаваньня.
Сьвяты і баганосны ойча Хвядосе, ты палюбіў чысьціню і
знайшоў жыцьцё. Ласка Духа Сьвятога пасялілася ў табе, прасьвятліўшы цябе сваімі
чыстымі промнямі. Праслаўляючы безупынна адзінага ў дзьвюх прыродах Хрыста, які
пацярпеў на крыжы як чалавек, але як Бог застаўся нязьменным, малі Яго, ойча
сьвяты, дараваць сьвету супакой і веліч зьмілаваньня.
Слава...:
(Тон 8). Прыйдзіце верныя, узьвялічым у песьнях
айца нашага Хвядоса! Яшчэ юнаком ён пачуў з вышыні пакліканьне, атрымаўшы імя,
што значыць "Божы дар". Ён – настаўнік праўдзівай веры, бацька міласэрны сірот,
заступнік удоваў, пацеха сумных і крыніца жывой вады для ўсіх, што прыходзяць да
яго, і безупынку моліцца за збаўленьне душаў нашых.
Цяпер...: сьвята
Вершапесьні сьвята
Слава...:
(Тон 8). Цябе, ойча, манахаў настаўніку, што
цудамі прасьвятляеш усіх, Бог ад маладых год выбраў пастырам духоўных авечак.
Дзеля гэтага хор сьвятых прыняў цябе з радасьцю. Маліся за нас, просім цябе, каб
нам атрымаць адпушчэньне грахоў.
Цяпер...: сьвята
Адпушчальны трапар
Трапар (тон 8).
Змагаючыся за чысьціню, ты з маладосьці палюбіў ціхае жыцьцё. Ты пасяліўся ў
пячоры, дзе знайшоў зьдзяйсьненьне жаданьня твайго і, прабываючы ў няспыннай
малітве і пасьце, зазьзяў на ўвесь сьвет дабрадзейнасьцямі. Сьвяты ойча Хвядосе,
малі Хрыста Бога за збаўленьне душ нашых.
|