Галоўная > Мінэя - Верасень > 14 верасьня - Сусьветнае Ўзвышэньне Пачэснага і Жыцьцядайнага Крыжа (Узьвіжаньне)
14 верасьня - Сусьветнае Ўзвышэньне Пачэснага і Жыцьцядайнага Крыжа (Узьвіжаньне)2 красавіка 2009. |
|
Вячэрня
Ютрань -
Літургія
На „Госпадзе, Цябе клічу...“: (Тон 6). Крыжу сьвяты! Майсей даў нам вобраз твой, калі ў змаганьні з Амалекам рукі падняў да неба. Ты – пахвала верных, умацаваньне мучанікаў, слава апосталаў, перамога праведных і абарона ўсіх сьвятых. Углядаючыся на тваё ўзвышэньне, радуецца ўсё стварэньне, сьвяткуе і славіць Хрыста, які ў вялікай дабрыні сваёй сабраў у адно ўсіх расьцярушаных. (Двойчы) Крыжу слаўны! Цябе з радасьцю акружаюць анельскія хоры, і мы цябе сёньня ўрачыста ўзносім. Ты ж, з волі Божае, узносіш усіх, хто за спажываньне забароненага плоду быў выгнаны з раю і асуджаны на сьмерць. Дзеля гэтага, цалуючы цябе з вераю вуснамі і сэрцам, атрымліваем асьвячэньне і клічам: „Узьвялічвайце Хрыста, усеміласэрнага Бога, і пакланяйцеся Ягонаму Божаму падножжу!“ (Двойчы) Слава... цяпер... (Тон 2). Прыйдзіце, людзі, паклонімся блаславёнаму дрэву, праз якое завершанае было наша апраўданьне. Бо вось д'ябал, які праз дрэва ашукаў праайца Адама, быў пераможаны Крыжом, і той, які ў няволі трымаў стварэньне Гасподняе, зазнаў найбольшае паразы. Божаю крывёю абмытая была зьмяіная атрута і, дзякуючы няправеднаму прысуду на Праведніка, адменены быў справядлівага прысуду праклён. Трэба было, каб дрэва дрэвам ацалілася, і каб мукамі Непадуладнага цярпеньням былі адмененыя мукі асуджанага за правіны ля райскага дрэва. Хрысьце Ўладару наш, слава Твайму вялікаму страшнаму для нас провіду, якім Ты збавіў усіх, бо Ты добры і Чалавекалюбец.
Чытаньне кнігі Выхаду Майсей загадаў сыном Ізраіля ісьці ад Чырвонага мора ў напрамку пустыні Шур. Ішлі яны тры дні цераз пустыню і не знайшлі вады. І прыйшлі да месца, якое называлася Мара, і не маглі там піць вады, бо была горкая. Дзеля гэтага і далі гэтаму месцу імя Мара. Людзі пачалі наракаць на Майсея і казалі: „Што будзем піць?“ Майсей паклікаў Госпада, і Госпад паказаў яму кусок дрэва: (Майсей) кінуў яго ў ваду, і яна сталася салодкай. Там Госпад устанавіў для іх законы і парадкі і там іх выпрабоўваў. І казаў: „Калі будзеш верна слухаць голас Госпада Бога твайго і чыніць тое, што справядлівае ў вачох Ягоных, і будзеш захоўваць Ягоныя законы і прыказаньні, дык не пашлю на цябе ніякай кары, якой Я караў Ягіпет, бо Я, Госпад, хачу быць тваім лекарам“. Потым прыйшлі ў Ялім, дзе было дванаццаць крыніцаў і семдзесят пальмаў, і там затрымаліся. Пасьля пайшлі далей з Яліму. І прыйшла ўся грамада сыноў Ізраільскіх у пустыню Сін, што ляжыць між Ялімам і Сынаем. (15:22-16:1)
Чытаньне кнігі Прыповесьцяў Сыне, не пагарджай пакараньнем Гасподнім, і не адкідай напамінаў Ягоных, бо Госпад карае тых, каго любіць, як бацька мілага сына. Шчасьлівы той, хто знайшоў мудрасьць, муж, які прыдбаў разважнасьць; бо лепш мець яе за срэбра, набываць яе лепш як золата. Яна больш каштоўная за пэрлы; ніякія дарагія каменьні ёй не раўняюцца. Даўгалецьце ў правай руцэ яе, а ў левай – багацьце і слава. З вуснаў яе цячэ справядлівасьць, закон і міласэрнасьць на языку ў яе. Дарогі яе добрыя, і сьцежкі яе мірныя. Для тых, хто яе сьцеражэ, яна ёсьць дрэвам жыцьця, і той, хто спадзяецца на яе, не пахісьнецца. (3:11-18)
Чытаньне кнігі прарока Ісаі Так кажа Госпад: „Адчыняцца вароты твае, Ерусалім, і будуць адчыненыя заўсёды ўдзень і ўночы, каб прапускаць да цябе сілу народаў, і ўладароў іхніх, што іх вядуць. Бо народы і іхнія ўладары, якія ня будуць служыць табе, згінуць; і пагане зусім будуць зьнішчаныя. Слава Лібану прыйдзе да цябе, а з ёю кіпарысы, вязы і кедры, каб упрыгожыць месца сьвятое тваё. І ўслаўлю месца, дзе стаяць ногі Мае. І пойдуць да цябе з паклонам сыны тваіх перасьледвальнікаў, і ўпадуць да тваіх ног усе, што пагарджалі табою. І назавуць цябе Горадам Гасподнім, Сыёнам Сьвятога Ізраілевага. За тое, што ты быў ненавісны, пагарджаны і пакінуты, зраблю цябе хвалой вечнай, радасьцю для ўсіх пакаленьняў. Будзеш ссаць малако народаў, грудзі каралеўскія ссаць будзеш і зразумееш, што Я, Госпад – твой Збавіцель, Бог Ізраіля – твой Вызваліцель“. (60:11-16)
Ліцьця
(Тон 1). Сёньня ўзвышаецца дрэва праўдзівага жыцьця, пасаджанае на месцы чэрапу, дзе спрадвечны Ўладар учыніў збаўленьне пасярод зямлі. Яно асьвячае ўсе куткі сьвету. І вось абнаўляецца сьвятыня Ўваскрасеньня. Анёлы ў небе радуюцца, і цешацца людзі на зямлі, клічуць і кажуць сьледам за Давідам: „Узьвялічвайце Госпада Бога нашага і падайце ніцма перад падножжам Ягоным, бо Ён сьвяты і дае сьвету веліч зьмілаваньня!“ Патрыярх Якуб даў вобраз Крыжа Твайго, Хрысьце, калі блаславіў унукаў, усклаўшы на іхнія галовы накрыж рукі свае. Мы ж сёньня, Збавіцелю, узносім крыж і клічам: „Дай перамогу над усімі нягодамі Царкве Тваёй і захавай яе ў супакоі!“ (Тон 2). Быццам шматкаштоўны скарб схаваны ў зямлі, Крыж Жыцьцядаўца зьявіўся на небе Канстантыну цару як знак перамогі над ворагамі. І ён, усьцешаны Божай ласкаю, з вераю і любоўю жадаў бачыць яго ўзвышэньне і з вялікай пашанаю вынес яго з зямлі – для адкупленьня сьвету і збаўленьня душ нашых.Патрыярх Якуб, склаўшы накрыж рукі, каб блаславіць унукаў сваіх, даў нам вобраз дзяржаўнага Крыжа Твайго. Маючы яго за нашую абарону, адганяем ім дэманаў, нішчым пыху і дзёрзкасьць ворага, перамагаем згубную сілу Амалека. Бачачы яго сёньня ўзвышаным для ачышчэньня грахоў нашых, з набожнасьцю і пашанаю прыбягаем да Тваей дабрыні і міласэрнасьці і клічам: „Добры Госпадзе, які нарадзіўся ад Дзевы, зьмілуйся над творамі рук Тваіх!“ Ты – нашае магутнае покрыва, найсьвяцейшы Крыжу Хрыстовы! Асьвяці нас сілаю тваёю, каб нам з вераю і любоўю пакланіцца табе. (Тон 4). Пакажам сёньня радасьць урачыстымі песьнямі і, са сьветлымі тварамі, звонкім голасам запяём: „Ты, Хрысьце, дзеля нас прыняў прысуд, апляваньні і раны, быў апрануты ў акрываўленую вопратку і ўзьняты на крыж“. Калі Цябе сонца і месяц пабачылі, яны ня далі сьвятла, і зямля ў жаху скаланулася, і заслона ў сьвятыні разарвалася надвое. Дай нам сёньня Твой сьвяты Крыж, каб ён нам быў абаронаю, што праганяе дэманаў; каб усе мы, цалуючы яго, клікалі: „Збаў нас, Крыжу, сілаю тваёю; асьвяці нас, Крыжу, тваёю сьветласьцю, і умацуй нас тваім узвышэньнем, бо ты дараваў Сьвятло і збаўленьне душам нашым“.Ты, Крыжу, зьзяеш ясна між зорак. Ты быў знакам перамогі для набожнага цара, маці якога, Алена, знайшоўшы цябе, паказала сьвету ўсяму. Сёньня хоры сьвятых бачаць цябе ўзвышаным і ўсклікаюць: „Крыжу жыцьцядайны, прасьвятлі нас сьветласьцю тваёю, асьвяці нас сілаю тваёю; Крыжу пачэсны, узвышаны на абарону ад ворагаў, умацуй нас узвышэньнем тваім“. Слава... цяпер... (Тон 4). Майсей даў нам правобраз сілы Крыжа Твайго, Хрысьце, перамогшы ў пустыні ворага Амалека. Калі ён крыжом узьнімаў рукі свае, людзі мацнелі духам. Сёньня тое самае спаўняецца на нас: Крыж узвышаецца і дэманы ўцякаюць, і ўсё стварэньне вызваляецца ад тленнасьці, бо дзеля Крыжа ўсе ласкі пацяклі на нас. Дзеля гэтага з радасьцю падаем ніцма перад Табою і клічам: „Якія вялікія творы Твае Госпадзе. Слава Табе!“
Вершапесьні (Тон 5). Верш: Узьвялічвайце Госпада Бога нашага і пакланяйцеся падножжу Ягонаму, бо Ён сьвяты.Радуйся, жыцьцядайны ўсепачэсны Крыжу, якім чалавецтва вызваляецца ад праклёну, існай радасьці знак, узвышаны на выгнаньне ворага. Ты – памочнік нас усіх, уладароў сіла, умацаваньне праведных, сьвятароў слава; знак твой – выбаўленьне ад злога; ты – жэзл сілы, што намі кіруе, зброя міру, якую са страхам акружаюць анёлы; Хрыста Бога слава, што дае сьвету веліч зьмілаваньня. Верш: Бог – Уладар наш спрадвеку: Ён учыніў збаўленьне пасярод зямлі.Радуйся, сляпых правадыру, нядужых лекару, уваскрасеньне памёрлых. Ты, Крыжу пачэсны, узьняў нас ад тленнасьці, у якую мы ўпалі; табою праклён быў зьнішчаны і закрасавала нятленнасьць, і мы, зямныя, абагавіліся, а д'ябал быў зьвержаны ўніз. Сёньня бачым цябе ўзвышаным рукамі архісьвятара, хвалім Таго, хто быў ўзьнесены на табе, і пакланяемся табе, што даеш нам шчодра веліч зьмілаваньня. Слава... цяпер... (Тон 8). Некалі Майсей ў перамозе над Амалекам даў нам, Хрысьце Божа, вобраз Крыжа Твайго, які мы сёньня славім недастойнымі вуснамі, і якому Давід загадаў пакланяцца як падножжу Твайму, бо на ім Ты захацеў быць расьпятым. Славім Цябе і молімся: „Разам з разбойнікам зрабі нас годнымі валадарства Твайго, Госпадзе!“
Адпушчальны трапар (Тон 1).
Ютрань
Пасьля „Госпад – Бог...“: Трапар (тон 1).
Сядальная песьня 1 Слава... цяпер... (Тон 1). Пакланяемся Крыжу Твайму, Чалавекалюбча, да якога Ты, Жыцьцё ўсіх, быў прыбіты. Ты, Збавіцелю, адчыніў рай разбойніку, які з вераю зьвярнуўся да Цябе: „Успомні мяне, Госпадзе“. Прымі, як яго, і нас, якія клічам: „Мы ўсе зграшылі, але ў добрасардэчнасьці Тваёй не пагардзі намі“.
Сядальная песьня 2 Слава... цяпер... (Тон 8). Некалі Ісус Навін явіў нам вобраз Крыжа Твайго, Збавіцелю мой, калі ён крыжом распасьцёр рукі, і сонца затрымалася, пакуль не перамог ворагаў, што супрацівіліся Табе, Божа. Сёньня тое самае сонца пацямнела, калі ўбачыла Цябе на Крыжы, якім Ты перамог дзяржаву сьмерці і ўвесь сьвет узьняў з сабою.
Паліелей:
Узьвялічваньне. Верш 1. Судзі, Божа тых, што крыўдзяць мяне, перамагай тых, што нападаюць на мяне. (Пс 34:1)Верш 2. Усе куткі зямлі ўбачылі збаўленьне Бога нашага.Верш 3. Узьвялічвайце Госпада Бога нашага і пакланяйцеся падножжу Ягонаму, бо Ён сьвяты.Верш 4. Сьпявайце Госпаду новую песьню, бо Ён цуды ўчыніў.Слава... цяпер... Алілуя, алілуя, алілуя. Слава Табе, Божа. (Тройчы)
Сядальная песьня
Узыходная песьня:
Пракімен (Пс 97:3). Верш (Пс 97:1): Сьпявайце Госпаду новую песьню, бо Ён цуды ўчыніў.
Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Яна Сказаў Госпад: „Ойча, праслаў імя Тваё“. Тады прыйшоў голас з неба: „І праславіў, і яшчэ праслаўлю“. Народ жа, які стаяў і чуў, казаў: „Загрымела“. Іншыя казалі: „Анёл гаварыў з Ім“. Ісус сказаў у адказ: „Не для мяне гэты голас, а для вас. Цяпер суд гэтаму сьвету, цяпер князь гэтага сьвету будзе выкінуты вон. І калі буду ўзьнесены ад зямлі, прыцягну ўсіх да сябе“. Гэта Ён сказаў, даўшы зразумець, якой сьмерцю належала Яму памерці. А народ адказаў Яму: „Мы чулі з Закону, што Хрыстос застанецца навекі, а як жа Ты кажаш, што Сын Чалавечы павінен быць узьнесены? Хто гэты Сын Чалавечы?“ Ісус сказаў ім: „Яшчэ малы час сьвятло між вас. Хадзеце, пакуль маеце сьвятло, каб цемра не агарнула вас, бо хто ходзіць у цемры, ня ведае, куды ідзе. Пакуль маеце сьвятло, верце ў сьвятло, каб стацца сынамі сьвятла“. (12:28-36)
„Убачыўшы ўваскрасеньне Хрыстова...“.
Пасьля 50 Псалму: Слава...: (тон 2). Крыжу Хрыстовы, ты мая непахісная абарона. Асьвяці мяне сілаю тваёю, каб мне з вераю і любоўю славіць і ўзьвялічваць цябе. Цяпер...: тое самае. Зьмілуйся нада мною, Божа...: (Тон 6). Крыжу Хрыстовы, надзея хрысьціянаў, правадніку тых, што зблудзілі, прыстанішча тых што ў буры, перамога ў змаганьні, умацаваньне сусьвету, лекару хворых, уваскрасеньне мёртвых, зьмілуйся над намі.
Канон (тон 8)
Песьня 1. Ірмас. Прыпеў. Слава, Госпадзе, пачэснаму Крыжу Твайму.Некалі Майсей, стоячы між двух мужоў Божых, явіў у сваёй асобе вобраз пачэсных Пакутаў. Расьцягнуўшы крыжом рукі, ён узьняў сьцяг перамогі і перамог сілу зьнішчальнага Амалека. Дзеля гэтага пяем Хрысту Богу нашаму, бо Ён праславіўся. Майсей узьняў на драўляным жэзьле, які быў вобразам Крыжа, лякарства, што ратавала ад сьмяротнага ўкусу зьмяі. Ён прымацаваў да яго мядзяную зьмяю, і такім чынам адхіліў бяду. Мы ж пяём Хрысту Богу нашаму, бо Ён праславіўся. Як знак перамогі на небе зьявіўся ахоўніку веры, цару Канстантыну, Крыж, якім гордая самаўпэўненасьць ворагаў была пасаромленая, мана выкрытая, і сьвятая вера распаўсюджаная да канцоў зямлі. Дзеля гэтага пяём Хрысту Богу нашаму, бо Ён праславіўся. Катавасія: Зрабіўшы на вадзе знак...
Песьня 3. Ірмас. Ад удару жэзлам вада пацякла ручаём са скалы для цьвёрдасардэчных і непаслухмяных людзей. Гэта быў вобраз тайны Богам пакліканай Царквы, для якое Крыж – моц і аснова. З прабітага кап'ём усячыстага боку Твайго, Госпадзе, пацякла кроў і вада, засноўваючы Новы Запавет і абмываючы грэх. Крыж Твой – пахвала верных, і сіла і ўмацаваньне ўладароў.
Сядальная песьня
Песьня 4. Ірмас. Горкую ваду з крыніцаў у пустыні Майсей некалі дрэвам перамяніў, даючы вобраз навароту Крыжом паганаў да веры. Некалі вострая сякера ўпала ў Ярдан, і ён вярнуў яе ўзамен за ўкінуты ў ваду кавалак дрэва. Гэта быў вобраз зьнішчэньня граху праз Крыж і хрост. Чатыры станы войска Ізраільскага пакрыліся славаю, калі ў крыжападобным строю ішлі перад Каўчэгам Запавету. Дзівосна распасьцёрты, Крыж точыць сонечныя промні, і нябёсы абвяшчаюць славу Божую.
Песьня 5. Ірмас. Вогненны меч, што сьцярог уваход у рай, збаяўся цябе, вечнахвальны Крыжу. Страшны хэрувім адступіў і даў дарогу Хрысту, які быў расьпяты на табе і дараваў супакой душам нашым. Падземныя сілы, нашыя ворагі, дрыжаць у страху, калі бачаць Крыж, узьнесены высока, а нябесныя жыхары і ўсе, што нарадзіліся на зямлі, згінаюць калены перад Хрыстом, які дае супакой душам нашым. Боскі Крыж сьвеціць нятленнымі промнямі ўсім народам, што зблудзілі ў змроку спакусы і маны, і яднае іх з Хрыстом, які быў укрыжаваны на ім, каб дараваць супакой душам нашым.
Песьня 6. Ірмас. Якуб, сагнуты ад старасьці і хваробы, зноў стаў проста, калі склаў накрыж рукі і явіў сілу жыцьцядайнага Крыжа. Бо Бог, які быў укрыжаваны на ім, устанавіў Новы Закон – замест Старога, што быў толькі ягоным ценем, – і немачы душагубнай маны адагнаў. Сьвяты Ізраіль усклаў складзеныя накрыж рукі на галовы ўнукаў на знак, што тым, хто служыць Закону, належыцца годнасьць першародных. Хоць і памыліўся, ён не зьмяніў жыцьцядайнага знаку, „Бо, – усклікнуў, – новы народ Хрыста Бога нашага, узмоцнены Крыжом, будзе мець вышэйшую годнасьць“.
Кандак (тон 4). Ікас. Той, хто быў узьнесены да трэцяга неба і чуў боскія словы, якіх нельга вымавіць людзкому языку, так піша да Галятаў – тыя, што вывучаюць Пісаньне, хай чытаюць і разумеюць: „Мне няма чым хваліцца, як толькі адным Крыжом Хрыстовым, на якім Ён сваёй Пакутаю забіў нашыя страсьці“. Дык і мы таксама будзем трымацца моцна Крыжа Гасподняга і аддамо хвалу яму, бо ён для нас – збавеннае дрэва, непераможная зброя міру.
Песьня 7. Ірмас. Першы чалавек, пакаштаваўшы ад забароненага дрэва, быў асуджаны на выгнаньне, і стаўся падуладным тленнасьці, якую ён перадаў усяму роду людзкому. А цяпер жыхары зямлі, адноўленыя Дрэвам Крыжовым, клічуць голасна: „Усяхвальны Божа айцоў і наш, блаславёны Ты!“ За непаслушэнства Закону Божаму дрэва прынесла сьмерць людзям, калі яны пакаштавалі забароненага плоду. Яно было пад аховаю аж да часу, калі вызнаньне разумнага разбойніка адчыніла доступ да яго. Паміраючы, ён усклікнуў: „Усяхвальны Божа айцоў і наш, блаславёны Ты!“ Ізраіль прадбачыў будучыню, калі пакланіўся верху жэзла Язэпавага, паказаўшы, што ў адзін дзень Крыж будзе аховаю ўсіх верных. Ён – пахвала ўладароў і сьвятло для тых, што клічуць: „Усяхвальны Божа айцоў і наш, блаславёны Ты!“
Песьня 8. Ірмас. Узьнесенае Дрэва, акропленае крывёю ўцелаўлёнага Божага Слова, слаўце ў песьнях, нябесныя сілы, сьвяткуючы аднаўленьне сьмяротных людзей. Верныя, аддайце хвалу Крыжу Хрыстоваму, праз які ўваскрасеньне было дадзенае сьвету на ўсе вякі. Зямныя распарадчыкі ласкі, уздыміце рукамі вашымі Крыж, на якім вісеў Хрыстос Бог наш; і кап'ё, якім быў прабіты бок Бога Слова. Хай усе народы бачаць Божае збаўленьне і ўзьвялічваюць Яго праз усе вякі. Радуйцеся, хрысьціянскія ўладары, абраныя Божым провідам, атрымайце ад Бога пачэсны Крыж, хай ён будзе вам непераможнай зброяю, што разганяе нязбожных ворагаў на ўсе вякі.
Замест „Душа мая абвяшчае веліч Госпада...“ бяруцца асобыя
прыпевы.
Прыпеў.
Песьня 9. Ірмас. Хай цешацца ўсе дрэвы дубровы, бо іх асьвяціў Хрыстос, які іх сьпярша пасадзіў і сам распасьцёр рукі на дрэве. У дзень узвышэньня мы ўзьвялічваем Яго і пакланяемся Ягонаму крыжу. Крыж, узьнесены для ўмацаваньня ўсіх Божых людзей, пазначаных яго знакам на чале, пераможна ламае рогі злосных духоўных ворагаў. У дзень узвышэньня мы ўзьвялічваем Хрыста і пакланяемся Ягонаму Крыжу.
Іншы прыпеў. Іншы канон. Ірмас. Сёньня сьмерць, што прыйшла да чалавека, калі ён пакаштаваў плоду з забароненага дрэва, адмяняецца дрэвам крыжовым. Праклён маці Эвы, што цяжыў над усім родам людзкім, здымаецца плодам Чыстай Багародзіцы, якую ўсе сілы нябесныя ўзьвялічваюць.Ня ў змозе трываць сьмяротнай горычы дрэва, Ты зьнішчыў яе Крыжом. У падобны спосаб Ты некалі дрэвам зьнішчыў горыч водаў Мары, яўляючы вобраз сілы Крыжа, які ўсе сілы нябесныя ўзьвялічваюць. Сёньня Ты, Госпадзе, узьняў нашых прабацькоў ад сумнага стану, у які яны трапілі праз хцівасьць; і нас аднавіў у нашай спадчыне Крыжом Тваім, які мы, верныя, узьвялічваем. Вобраз Крыжа, якому пакланяюцца ўсе куткі зямлі, Ты, Госпадзе, явіў уладару на небе як непераможную зброю, што зьзяла нясьцерпным сьвятлом. Дзеля гэтага ўсе сілы нябесныя Цябе ўзьвялічваюць. Катавасія: абодва ірмасы.
Экзапастыляр Слава... цяпер... Крыж узвышаецца сёньня, і сьвет асьвячаецца: бо на ім Ты, Хрысьце, што сядзіш разам з Айцом і Духам Сьвятым, рукі свае распасьцёр і прывёў усіх да пазнаньня Цябе. Зрабі годнымі боскае славы нас, якія спадзяемся на Цябе.
Пахвальныя псалмы (Тон 8). Слаўны цуд! Быццам поўная жыцьця вінаградная гронка, сёньня бачна ўзносіцца над зямлёю Крыж, што насіў на сабе Ўсявышняга: мы ўсе ім да Бога прыцягваемся, і сьмерць да канца перамагаецца. Пачэснае Дрэва! Праз цябе мы атрымалі райскі плод несьмяротнасьці – Хрыста. Слаўны цуд! Шырыня і даўжыня Крыжа роўная небу, бо ён асьвячае нас боскаю ласкаю, перамагае нязбожных ворагаў і ўмацоўвае справядлівасьць. Табою, Боскае Дрэва, мы ўзыходзім да неба і ўзьвялічваем у песьнях Хрыста Госпада. Слава... цяпер... (Тон 6). Сёньня ўзвышаецца Крыж Гасподні, і верныя з любоўю ідуць пакланіцца яму, і атрымліваюць аздараўленьні ад недамаганьняў цела і душы. Дык цалуйма яго са страхам і радасьцю: са страхам як грэшныя і нягодныя; з радасьцю, бо расьпяты на ім Хрыстос Госпад дае сьвету збаўленьне ў вялікай міласэрнасьці сваёй.
Вялікае ўслаўленьне
Падчас сьпеву „Сьвяты Божа“ сьвятар у поўным аблачэньні
кадзіць тройчы вакол ахвярніка, на якім ляжыць крыж. Пасьля бярэ крыж, кладзе
яго сабе на галаву і выносіць паўночнымі дзьвярыма. Дыякан з кадзілам ідзе перад
сьвятаром. Стаўшы перад райскімі дзьвярыма, сьвятар кажа ўголас: і сьпявае трапар: (Тон 1). Збаў, Госпадзе, людзей Тваіх і блаславі набытак Твой, даруй супакой сьвятой Тваёй Царкве і перамогу над усімі нягодамі, і захавай верны Твой народ сілаю Твайго Крыжа.
Людзі паўтараюць той самы трапар двойчы. Тымчасам сьвятар
кладзе крыж на прыгатаваны сярод царквы стол, кадзіць вокол яго тройчы, пасьля,
узяўшы зноў крыж і стаўшы перад сталом, пачынае літанію: - Зьмілуйся над намі, Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся Людзі: Госпадзе, зьмілуйся (100 разоў, і так пасьля наступных просьбаў)
Падчас сьпеву „Госпадзе, зьмілуйся“, сьвятар, з крыжом у
рукох, робіць паволі паклон да зямлі, пасьля паволі ўзносіць крыж і бласлаўляе
ім людзей. Гэта ён паўтарае пасьля ўсіх наступных просьбаў, гаворачы кожную з іх
стоячы з іншага боку стала, ідучы ў супраць сонца.
- Яшчэ молімся за Сьвятога Айца нашага сусьветнага біскупа ... (імя), папу Рымскага і дастойнага арцыбіскупа (багалюбнага біскупа) нашага ... (імя), і ўсіх у Хрысьце братоў нашых. Скажам ўсе разам! - Яшчэ молімся за яго (яе) міласьць ... (імя галавы дзяржавы), урад, належныя ўлады і ўсіх, што сьцерагуць цэласьці і супакою гэтай краіны; і за Богам сьцеражоную краіну нашу Беларусь і ўвесь беларускі народ. Скажам усе разам! - Яшчэ молімся за кожную душу хрысьціянскую, пакрыўджаную і сумную, што патрабуе суцяшэньня, збаўленьня і адпушчэньня грахоў. Скажам усе разам! - Яшчэ молімся за ўсіх айцоў і братоў нашых, што служылі і служаць у гэтай сьвятой царкве, за іх здароўе, збаўленьне і адпушчэньне грахоў. Скажам усе разам! Людзі, скончыўшы апошнюю сотню „Госпадзе, зьмілуйся“, сьпяваюць: Слава... цяпер... Кандак (тон 4). Хрысьце Божа, які з волі сваёй быў узьняты на Крыжы, даброты Твае даруй новым людзям, якія носяць імя Тваё; дай радасьць належным нашым уладам сілаю Тваёю, настаўляючы іх на кожную добрую справу: хай дапамогаю будзе ім Твой Крыж – непераможная зброя міру.
Пачас сьпеву кандака, сьвятар кладзе Крыж на стол і пасьля
сьпявае тройчы, робячы за кожным разам зямны паклон: Крыжу Твайму пакланяемся, Уладару наш, і сьвятое ўваскрасеньне Тваё славім.
Людзі паўтараюць тое самае тройчы, а пасьля сьпяваюць
наступную песьню, падчас якой усе прысутныя па чарзе падыходзяць пакланіцца
Крыжу: (Тон 2). (Тон 5). Прыйдзіце, людзі, убачыць слаўны цуд і пакланіцца сіле Крыжа. Дрэва ў раі прарасьціла сьмерць, а Крыж зацьвіў жыцьцём, маючы да сябе прыбітага бязгрэшнага Госпада. Праз Яго ўсе народы атрымліваюць нятленнасьць і клічуць: „Ты, што перамог Крыжом сьмерць і вызваліў нас, слава Табе!“Сёньня, Божа, спраўдзіліся словы прарокаў Тваіх Ісаі і Давіда, якія казалі: „Усе народы прыйдуць і паклоняцца Табе, Госпадзе“. Вось людзі напоўніліся дабротамі Тваімі ў дварох Тваіх, Добры, у Ерусаліме. Ты, што пацярпеў Крыж дзеля нас і дараваў нам жыцьцё ўваскрасеньнем Тваім, захавай і збаў нас. (Тон 6). Чатыры канцы зямлі, Хрысьце Божа, асьвячаюцца ўзвышэньнем чатырохканцовага Крыжа Твайго, і разам з ім рог верных людзей Тваіх узвышаецца, зьбіваючы рогі праціўнікаў. Вялікі Ты, Госпадзе, і цудоўныя творы Твае: Слава Табе!Прарокі прадказалі Сьвятое Дрэва, якім Адам быў вызвалены ад праклёну сьмерці. Сёньня, пры ўзвышэньні Крыжа, усё стварэньне ўзносіць голас, просячы ў Бога багацьця зьмілаваньня. Адзіны спагадлівы Госпадзе, ачысьці і збаў нас! (Тон 8). Сёньня спраўдзіліся словы прарока Твайго, Божа, Майсея, які сказаў: „Гляньце на Жыцьцё ваша, што перад вашымі вачыма!“ Сёньня Крыж узьнімаецца, і сьвет вызваляецца ад маны; сёньня ўваскрасеньне Хрыстовае абнаўляецца, і ўся зямля радуецца і, граючы на цымбалах, як некалі Давід, пяе Табе: „Ты, Божа, учыніў збаўленьне пасярод зямлі – Крыж і ўваскрасеньне, якім Ты збавіў нас“. Добры, чалавекалюбны і ўсемагутны Госпадзе, слава Табе!Сёньня Уладар стварэньня і Госпад славы вісіць, прыбіты да Крыжа, і бок Ягоны прабіты кап'ём. Слодыч Царкоўная каштуе воцату. Вянцом з цярніны вянчаецца і апранаецца ў ганебную вопратку Той, хто пакрыў неба хмарамі. Рукой глінянай б'ецца Той, хто сваёй рукой зрабіў чалавека. Церпіць біцьцё па плячох Той, хто пакрывае неба хмарамі, і прымае пляўкі, зьдзек і насьмешкі. Усё цярпліва пераносіць мой Бог і Збаўца дзеля мяне, грэшнага і асуджанага, каб у добрасардэчнасьці сваёй збавіць сьвет ад маны. Слава... цяпер... (Тон 8). Сёньня Недаступны прыродаю робіцца даступным для мяне і церпіць пакуты, каб збавіць мяне ад цярпеньняў. Той, хто вяртае зрок сьляпым, аплёўваецца вуснамі злачынцаў і падстаўляе плечы на біцьцё дзеля палонных. Калі Ягоная Чыстая Маці ўбачыла Яго на крыжы, Яна з болем усклікнула: „Гора мне, Дзіця маё! Чаму Ты гэта зрабіў? Ты, што быў прыгажэйшы за ўсіх сьмяротных людзей, цяпер вісіш без жыцьця і выгляду, без усялякай красы. Гора мне, Сьвятло вачэй маіх! Не магу глядзець, як Ты ляжыш, заснуўшы; маё нутро ўсё параненае, востры меч пратнуў сэрца маё. Слаўлю цярпеньні Твае, пакланяюся Тваёй добрасардэчнасьці. Доўгацярплівы Госпадзе, слава Табе!“
Літургія
Антыфан першы (Пс.21:2а,2б,3,4)
Чытальнік: Людзі: Малітвамі Багародзіцы, Збавіцелю, збаў нас. (Так пасьля наступных вершаў)Чытальнік: Далёка ад збаўленьня майго голас плачу майго.- Божа мой, клічу ўдзень, і Ты ня чуеш; уночы клічу і не знаходжу супакою. - Ты ж у сьвятыні жывеш, хвала Ізраіля. - Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Людзі: Малітвамі Багародзіцы, Збавіцелю збаў нас.
Антыфан другі (Пс. 73:1,2а,2б,12)
Чытальнік: Людзі: Сыне Божы, што быў укрыжаваны ў целе, збаў нас, якія пяём Табе: Алілуя. (Так пасьля наступных вершаў)Чытальнік: Успомні народ Твой, які Ты ад пачатку прызначыў для сябе.- Успомні гару Сыён, на якой Ты пасяліўся. - Бог – Уладар наш спрадвеку: Ён учыніў збаўленьне пасярод зямлі. Людзі: Сыне Божы, што быў укрыжаваны ў целе...Слава... цяпер...
Адзінародны Сыне...
Антыфан трэці (Пс 98,1а,1б,2,9)
Чытальнік: Людзі (тон 1). Збаў, Госпадзе, людзей Тваіх і блаславі набытак Твой. Даруй супакой сьвятой Тваёй Царкве і перамогу над усімі нягодамі, і захавай верны Твой народ сілаю Твайго Крыжа. (Так пасьля наступных вершаў)Чытальнік: Ён сядзіць на хэрувімах – хай ускалыхнецца зямля!- Госпад – Бог вялікі ў Сыёне, Ён узвышаецца над усімі народамі. - Пакланяйцеся Госпаду на месцы сьвятым Яго! Людзі: Збаў, Госпадзе, людзей Тваіх...
Сьвятар (уваходны верш): Людзі: Сыне Божы, што быў укрыжаваны ў целе, збаў нас, якія пяём Табе: Алілуя.
Трапар (тон 1). Слава... цяпер... Кандак (тон 4). Хрысьце Божа, які з волі сваёй быў узьняты на Крыжы, даброты Твае даруй новым людзям, якія носяць імя Тваё; дай радасьць належным нашым уладам сілаю Тваёю, настаўляючы іх на кожную добрую справу: хай дапамогаю будзе ім Твой Крыж – непераможная зброя міру.
Замест „Сьвяты Божа“:
Пракімен (Пс 98:5,1). Верш: Госпад пануе – хай дрыжаць людзі; Ён сядзіць на хэрувімах – хай ускалыхнецца зямля!
Чытаньне першага лісту сьвятога Апостала Паўла да Карынцянаў Браты, навука аб Крыжы ёсьць дурасьцю для тых, што ідуць да загубы, для нас жа, якія збаўляемся – сілаю Божаю. Бо напісана: Загублю мудрасьць мудрацоў і розум разумных зьнішчу. Дзе мудрэц? Дзе вучоны? Дзе дасьледчык гэтага веку? Ці ж не ўчыніў Бог мудрасьць сьвету дурасьцю? Бо калі сьвет сваёй мудрасьцю не пазнаў мудрасьці Божай, захацеў Бог дурасьцю прапаведаваньня збавіць тых, што вераць. Дык вось калі гэбрэі жадаюць знакаў, а грэкі шукаюць мудрасьці, мы абвяшчаем Хрыста ўкрыжаванага, які зьяўляецца спакусаю для гэбрэяў, дурасьцю для паганаў, а для пакліканых – гэбрэяў і грэкаў, – Хрыстом, Божай сілаю і Божай мудрасьцю. (1:18-24)
Алілуя Верш: Бог – Уладар наш спрадвеку: Ён учыніў збаўленьне пасярод зямлі.
Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Яна У той час першасьвятары і старшыні народу ўчынілі раду супраць Ісуса, каб забіць Яго. Яны прыйшлі да Пілата, кажучы: „Укрыжуй, укрыжуй Яго“. Пілат кажа ім: „Бярыце Яго і ўкрыжуйце самі, бо я ніякай віны не знаходжу ў ім“. А юдэі яму: „У нас такі закон, і згодна з законам Ён павінен памерці, бо зрабіў сябе Сынам Божым“. Пачуўшы гэта, Пілат яшчэ больш устрывожыўся. Ён увайшоў зноў у прэторыю і спытаўся ў Ісуса: „Адкуль Ты?“ Але Ісус ня даў яму адказу. Пілат сказаў Яму: „Ня хочаш размаўляць са мною? Ці ж ня ведаеш, што маю ўладу Цябе адпусьціць і ўладу ўкрыжаваць Цябе?“ Ісус адказаў: „Ты ня меў бы нада Мною ніякай улады, калі б табе не было дадзена згары“. Пачуўшы гэтыя словы, Пілат вывеў Ісуса і сеў на судзе, на месцы, якое завецца па-грэцку Літостратон, а па-гэбрэйску Гавата. А быў дзень прыгатаваньня Пасхі, каля шостай гадзіны. І сказаў гэбрэям: „Вось кароль ваш!“ А яны крычалі: „Далоў, далоў, укрыжуй Яго!“ Пілат сказаў ім: „Ці ж маю вашага караля ўкрыжаваць?“ і адказалі першасьвятары: „Няма ў нас караля, апроч кесара!“ Тады аддаў ён Яго ім на ўкрыжаваньне. І ўзялі Ісуса. І, несучы сам крыж свой, Ён прыйшоў на месца, званае Чэрапавым, якое па-гэбрэйску завецца „Гальгота“, дзе Яго ўкрыжавалі, а з ім двух іншых, па два бакі ад Яго, а пасярэдзіне Ісуса. А Пілат загадаў зрабіць надпіс і паставіць яго на крыжы. Было напісана: „Ісус Назарэй, Кароль Юдэйскі“. Гэты надпіс на дошцы чыталі многія з юдэяў, бо тое месца, дзе быў укрыжаваны Ісус, было блізка гораду; і было напісана па-гэбрэйску, па-рымску і па-грэцку. Стаялі ж ля крыжа Ягоная Маці, і сястра Ягонай Маці, Марыя, жонка Кляопы, і Марыя Магдалена. Калі Ісус убачыў Маці і вучня, якога Ён любіў, што стаяў побач з Ёю, сказаў Маці: „Жанчына, вось сын Твой“. А вучню сказаў: „Вось Маці твая“. З таго часу вучань узяў Яе да сябе. Потым Ісус, ведаючы, што ўсё ўжо споўнілася, схіліўшы галаву, аддаў духа. А так як гэта была пятніца, дык гэбрэі, каб не пакінуць целаў на крыжы ў суботу – бо гэты дзень суботні быў вялікім сьвятам, – прасілі Пілата прабіць ім галёнкі і зьняць іх. І вось прыйшлі жаўнеры і прабілі галёнкі першаму і другому, што былі з ім укрыжаваныя. Падышоўшы ж да Ісуса, яны ўбачылі, што Ён ужо памёр, дык не прабівалі Яму галёнкаў. Толькі адзін з жаўнераў прабіў Яму кап'ём бок, і адразу пацякла кроў і вада. І той, хто бачыў, пасьведчыў, і сьведчаньне яго праўдзівае. (19:6-11а, 13-20, 25-28а, 30-35а)
Задастойнік.
Прычасьнік Вярнуцца назад |