Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » 14 верасьня - Сусьветнае Ўзвышэньне Пачэснага і Жыцьцядайнага Крыжа (Узьвіжаньне)


 

 

14 верасьня - Сусьветнае Ўзвышэньне Пачэснага і Жыцьцядайнага Крыжа (Узьвіжаньне)

Вячэрня

Ютрань - Літургія

На „Госпадзе, Цябе клічу...“:

(Тон 6). Узвышэньне Крыжа Гасподняга заахвочвае ўсё стварэньне славіць укрыжаванага Хрыста і сьвятыя мукі Яго. Умярцьвіўшы на ім таго, хто некалі нас умярцьвіў, у бязьмежнай дабрыні сваёй Ён ажывіў памёрлых, вярнуў ім ранейшую красу і зрабіў годнымі жыцьця ў небе. Дзеля гэтага славім радасна Ягонае імя і ўзьвялічваем Ягоную бязьмежную міласэрнасьць. (Двойчы)

Крыжу сьвяты! Майсей даў нам вобраз твой, калі ў змаганьні з Амалекам рукі падняў да неба. Ты – пахвала верных, умацаваньне мучанікаў, слава апосталаў, перамога праведных і абарона ўсіх сьвятых. Углядаючыся на тваё ўзвышэньне, радуецца ўсё стварэньне, сьвяткуе і славіць Хрыста, які ў вялікай дабрыні сваёй сабраў у адно ўсіх расьцярушаных. (Двойчы)

Крыжу слаўны! Цябе з радасьцю акружаюць анельскія хоры, і мы цябе сёньня ўрачыста ўзносім. Ты ж, з волі Божае, узносіш усіх, хто за спажываньне забароненага плоду быў выгнаны з раю і асуджаны на сьмерць. Дзеля гэтага, цалуючы цябе з вераю вуснамі і сэрцам, атрымліваем асьвячэньне і клічам: „Узьвялічвайце Хрыста, усеміласэрнага Бога, і пакланяйцеся Ягонаму Божаму падножжу!“ (Двойчы)

Слава... цяпер...

(Тон 2). Прыйдзіце, людзі, паклонімся блаславёнаму дрэву, праз якое завершанае было наша апраўданьне. Бо вось д'ябал, які праз дрэва ашукаў праайца Адама, быў пераможаны Крыжом, і той, які ў няволі трымаў стварэньне Гасподняе, зазнаў найбольшае паразы. Божаю крывёю абмытая была зьмяіная атрута і, дзякуючы няправеднаму прысуду на Праведніка, адменены быў справядлівага прысуду праклён. Трэба было, каб дрэва дрэвам ацалілася, і каб мукамі Непадуладнага цярпеньням былі адмененыя мукі асуджанага за правіны ля райскага дрэва. Хрысьце Ўладару наш, слава Твайму вялікаму страшнаму для нас провіду, якім Ты збавіў усіх, бо Ты добры і Чалавекалюбец.

Чытаньне кнігі Выхаду

Майсей загадаў сыном Ізраіля ісьці ад Чырвонага мора ў напрамку пустыні Шур. Ішлі яны тры дні цераз пустыню і не знайшлі вады. І прыйшлі да месца, якое называлася Мара, і не маглі там піць вады, бо была горкая. Дзеля гэтага і далі гэтаму месцу імя Мара. Людзі пачалі наракаць на Майсея і казалі: „Што будзем піць?“ Майсей паклікаў Госпада, і Госпад паказаў яму кусок дрэва: (Майсей) кінуў яго ў ваду, і яна сталася салодкай. Там Госпад устанавіў для іх законы і парадкі і там іх выпрабоўваў. І казаў: „Калі будзеш верна слухаць голас Госпада Бога твайго і чыніць тое, што справядлівае ў вачох Ягоных, і будзеш захоўваць Ягоныя законы і прыказаньні, дык не пашлю на цябе ніякай кары, якой Я караў Ягіпет, бо Я, Госпад, хачу быць тваім лекарам“. Потым прыйшлі ў Ялім, дзе было дванаццаць крыніцаў і семдзесят пальмаў, і там затрымаліся. Пасьля пайшлі далей з Яліму. І прыйшла ўся грамада сыноў Ізраільскіх у пустыню Сін, што ляжыць між Ялімам і Сынаем. (15:22-16:1)

Чытаньне кнігі Прыповесьцяў

Сыне, не пагарджай пакараньнем Гасподнім, і не адкідай напамінаў Ягоных, бо Госпад карае тых, каго любіць, як бацька мілага сына. Шчасьлівы той, хто знайшоў мудрасьць, муж, які прыдбаў разважнасьць; бо лепш мець яе за срэбра, набываць яе лепш як золата. Яна больш каштоўная за пэрлы; ніякія дарагія каменьні ёй не раўняюцца. Даўгалецьце ў правай руцэ яе, а ў левай – багацьце і слава. З вуснаў яе цячэ справядлівасьць, закон і міласэрнасьць на языку ў яе. Дарогі яе добрыя, і сьцежкі яе мірныя. Для тых, хто яе сьцеражэ, яна ёсьць дрэвам жыцьця, і той, хто спадзяецца на яе, не пахісьнецца. (3:11-18)

Чытаньне кнігі прарока Ісаі

Так кажа Госпад: „Адчыняцца вароты твае, Ерусалім, і будуць адчыненыя заўсёды ўдзень і ўночы, каб прапускаць да цябе сілу народаў, і ўладароў іхніх, што іх вядуць. Бо народы і іхнія ўладары, якія ня будуць служыць табе, згінуць; і пагане зусім будуць зьнішчаныя. Слава Лібану прыйдзе да цябе, а з ёю кіпарысы, вязы і кедры, каб упрыгожыць месца сьвятое тваё. І ўслаўлю месца, дзе стаяць ногі Мае. І пойдуць да цябе з паклонам сыны тваіх перасьледвальнікаў, і ўпадуць да тваіх ног усе, што пагарджалі табою. І назавуць цябе Горадам Гасподнім, Сыёнам Сьвятога Ізраілевага. За тое, што ты быў ненавісны, пагарджаны і пакінуты, зраблю цябе хвалой вечнай, радасьцю для ўсіх пакаленьняў. Будзеш ссаць малако народаў, грудзі каралеўскія ссаць будзеш і зразумееш, што Я, Госпад – твой Збавіцель, Бог Ізраіля – твой Вызваліцель“. (60:11-16)

Ліцьця

(Тон 1). Сёньня споўнілася сьвятое слова прарока Давіда, бо вось пакланяемся падножжу Твайму, усядобры Госпадзе, і, у спадзяваньні на ахову крылаў Тваіх, клічам: „Шматміласэрны Хрысьце, хай зьявіцца нам сьветласьць аблічча Твайго, узвысі рог верных людзей Тваіх узвышэньнем пачэснага Крыжа Твайго!“

Сёньня ўзвышаецца дрэва праўдзівага жыцьця, пасаджанае на месцы чэрапу, дзе спрадвечны Ўладар учыніў збаўленьне пасярод зямлі. Яно асьвячае ўсе куткі сьвету. І вось абнаўляецца сьвятыня Ўваскрасеньня. Анёлы ў небе радуюцца, і цешацца людзі на зямлі, клічуць і кажуць сьледам за Давідам: „Узьвялічвайце Госпада Бога нашага і падайце ніцма перад падножжам Ягоным, бо Ён сьвяты і дае сьвету веліч зьмілаваньня!“

Патрыярх Якуб даў вобраз Крыжа Твайго, Хрысьце, калі блаславіў унукаў, усклаўшы на іхнія галовы накрыж рукі свае. Мы ж сёньня, Збавіцелю, узносім крыж і клічам: „Дай перамогу над усімі нягодамі Царкве Тваёй і захавай яе ў супакоі!“

(Тон 2). Быццам шматкаштоўны скарб схаваны ў зямлі, Крыж Жыцьцядаўца зьявіўся на небе Канстантыну цару як знак перамогі над ворагамі. І ён, усьцешаны Божай ласкаю, з вераю і любоўю жадаў бачыць яго ўзвышэньне і з вялікай пашанаю вынес яго з зямлі – для адкупленьня сьвету і збаўленьня душ нашых.

Патрыярх Якуб, склаўшы накрыж рукі, каб блаславіць унукаў сваіх, даў нам вобраз дзяржаўнага Крыжа Твайго. Маючы яго за нашую абарону, адганяем ім дэманаў, нішчым пыху і дзёрзкасьць ворага, перамагаем згубную сілу Амалека. Бачачы яго сёньня ўзвышаным для ачышчэньня грахоў нашых, з набожнасьцю і пашанаю прыбягаем да Тваей дабрыні і міласэрнасьці і клічам: „Добры Госпадзе, які нарадзіўся ад Дзевы, зьмілуйся над творамі рук Тваіх!“

Ты – нашае магутнае покрыва, найсьвяцейшы Крыжу Хрыстовы! Асьвяці нас сілаю тваёю, каб нам з вераю і любоўю пакланіцца табе.

(Тон 4). Пакажам сёньня радасьць урачыстымі песьнямі і, са сьветлымі тварамі, звонкім голасам запяём: „Ты, Хрысьце, дзеля нас прыняў прысуд, апляваньні і раны, быў апрануты ў акрываўленую вопратку і ўзьняты на крыж“. Калі Цябе сонца і месяц пабачылі, яны ня далі сьвятла, і зямля ў жаху скаланулася, і заслона ў сьвятыні разарвалася надвое. Дай нам сёньня Твой сьвяты Крыж, каб ён нам быў абаронаю, што праганяе дэманаў; каб усе мы, цалуючы яго, клікалі: „Збаў нас, Крыжу, сілаю тваёю; асьвяці нас, Крыжу, тваёю сьветласьцю, і умацуй нас тваім узвышэньнем, бо ты дараваў Сьвятло і збаўленьне душам нашым“.

Ты, Крыжу, зьзяеш ясна між зорак. Ты быў знакам перамогі для набожнага цара, маці якога, Алена, знайшоўшы цябе, паказала сьвету ўсяму. Сёньня хоры сьвятых бачаць цябе ўзвышаным і ўсклікаюць: „Крыжу жыцьцядайны, прасьвятлі нас сьветласьцю тваёю, асьвяці нас сілаю тваёю; Крыжу пачэсны, узвышаны на абарону ад ворагаў, умацуй нас узвышэньнем тваім“.

Слава... цяпер...

(Тон 4). Майсей даў нам правобраз сілы Крыжа Твайго, Хрысьце, перамогшы ў пустыні ворага Амалека. Калі ён крыжом узьнімаў рукі свае, людзі мацнелі духам. Сёньня тое самае спаўняецца на нас: Крыж узвышаецца і дэманы ўцякаюць, і ўсё стварэньне вызваляецца ад тленнасьці, бо дзеля Крыжа ўсе ласкі пацяклі на нас. Дзеля гэтага з радасьцю падаем ніцма перад Табою і клічам: „Якія вялікія творы Твае Госпадзе. Слава Табе!“

Вершапесьні

(Тон 5). Радуйся, жыцьцядайны Крыжу, набожнасьці неадольная сіла, брама райская, верных умацаваньне, Царквы абарона! Табою тленнасьць была зьнішчаная і адмененая, і патаптаная сьмерці ўлада, і мы ўзьняліся ад зямлі да неба. Ты – зброя непераможная, бесаў пераможца, слава мучанікаў, сьвятых сапраўдная краса, прытулак збаўленьня, што дае сьвету веліч зьмілаваньня.

Верш: Узьвялічвайце Госпада Бога нашага і пакланяйцеся падножжу Ягонаму, бо Ён сьвяты.

Радуйся, жыцьцядайны ўсепачэсны Крыжу, якім чалавецтва вызваляецца ад праклёну, існай радасьці знак, узвышаны на выгнаньне ворага. Ты – памочнік нас усіх, уладароў сіла, умацаваньне праведных, сьвятароў слава; знак твой – выбаўленьне ад злога; ты – жэзл сілы, што намі кіруе, зброя міру, якую са страхам акружаюць анёлы; Хрыста Бога слава, што дае сьвету веліч зьмілаваньня.

Верш: Бог – Уладар наш спрадвеку: Ён учыніў збаўленьне пасярод зямлі.

Радуйся, сляпых правадыру, нядужых лекару, уваскрасеньне памёрлых. Ты, Крыжу пачэсны, узьняў нас ад тленнасьці, у якую мы ўпалі; табою праклён быў зьнішчаны і закрасавала нятленнасьць, і мы, зямныя, абагавіліся, а д'ябал быў зьвержаны ўніз. Сёньня бачым цябе ўзвышаным рукамі архісьвятара, хвалім Таго, хто быў ўзьнесены на табе, і пакланяемся табе, што даеш нам шчодра веліч зьмілаваньня.

Слава... цяпер...

(Тон 8). Некалі Майсей ў перамозе над Амалекам даў нам, Хрысьце Божа, вобраз Крыжа Твайго, які мы сёньня славім недастойнымі вуснамі, і якому Давід загадаў пакланяцца як падножжу Твайму, бо на ім Ты захацеў быць расьпятым. Славім Цябе і молімся: „Разам з разбойнікам зрабі нас годнымі валадарства Твайго, Госпадзе!“

Адпушчальны трапар

(Тон 1). Збаў, Госпадзе, людзей Тваіх і блаславі набытак Твой. Даруй супакой сьвятой Тваёй Царкве і перамогу над усімі нягодамі, і захавай верны Твой народ сілаю Твайго Крыжа. (Тройчы)


Старонка 1 з 3 | Наступная старонка
 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст