Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » 14 верасьня - Сусьветнае Ўзвышэньне Пачэснага і Жыцьцядайнага Крыжа (Узьвіжаньне)


 

 

14 верасьня - Сусьветнае Ўзвышэньне Пачэснага і Жыцьцядайнага Крыжа (Узьвіжаньне)

Літургія

Антыфан першы

(Пс.21:2а,2б,3,4)

Чытальнік: Божа, Божа мой, пачуй мяне: чаму Ты мяне пакінуў?

Людзі: Малітвамі Багародзіцы, Збавіцелю, збаў нас. (Так пасьля наступных вершаў)

Чытальнік: Далёка ад збаўленьня майго голас плачу майго.

- Божа мой, клічу ўдзень, і Ты ня чуеш; уночы клічу і не знаходжу супакою.

- Ты ж у сьвятыні жывеш, хвала Ізраіля.

- Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Людзі: Малітвамі Багародзіцы, Збавіцелю збаў нас.

Антыфан другі

(Пс. 73:1,2а,2б,12)

Чытальнік: Чаму Ты, Госпадзе, адкінуў нас зусім?

Людзі: Сыне Божы, што быў укрыжаваны ў целе, збаў нас, якія пяём Табе: Алілуя. (Так пасьля наступных вершаў)

Чытальнік: Успомні народ Твой, які Ты ад пачатку прызначыў для сябе.

- Успомні гару Сыён, на якой Ты пасяліўся.

- Бог – Уладар наш спрадвеку: Ён учыніў збаўленьне пасярод зямлі.

Людзі: Сыне Божы, што быў укрыжаваны ў целе...

Слава... цяпер...

Адзінародны Сыне...

Антыфан трэці

(Пс 98,1а,1б,2,9)

Чытальнік: Госпад пануе – хай дрыжаць людзі!

Людзі (тон 1). Збаў, Госпадзе, людзей Тваіх і блаславі набытак Твой. Даруй супакой сьвятой Тваёй Царкве і перамогу над усімі нягодамі, і захавай верны Твой народ сілаю Твайго Крыжа. (Так пасьля наступных вершаў)

Чытальнік: Ён сядзіць на хэрувімах – хай ускалыхнецца зямля!

- Госпад – Бог вялікі ў Сыёне, Ён узвышаецца над усімі народамі.

- Пакланяйцеся Госпаду на месцы сьвятым Яго!

Людзі: Збаў, Госпадзе, людзей Тваіх...

Сьвятар (уваходны верш): Узьвялічвайце Госпада Бога нашага і пакланяйцеся падножжу Ягонаму, бо Ён сьвяты!

Людзі: Сыне Божы, што быў укрыжаваны ў целе, збаў нас, якія пяём Табе: Алілуя.

Трапар (тон 1). Збаў, Госпадзе, людзей Тваіх і блаславі набытак Твой. Даруй супакой сьвятой Тваёй Царкве і перамогу над усімі нягодамі, і захавай верны Твой народ сілаю Твайго Крыжа.

Слава... цяпер...

Кандак (тон 4). Хрысьце Божа, які з волі сваёй быў узьняты на Крыжы, даброты Твае даруй новым людзям, якія носяць імя Тваё; дай радасьць належным нашым уладам сілаю Тваёю, настаўляючы іх на кожную добрую справу: хай дапамогаю будзе ім Твой Крыж – непераможная зброя міру.

Замест „Сьвяты Божа“: Крыжу Твайму пакланяемся, Уладару наш, і сьвятое ўваскрасеньне Тваё славім.

Пракімен (Пс 98:5,1). Узьвялічвайце Госпада Бога нашага і пакланяйцеся падножжу Ягонаму, бо Ён сьвяты!

Верш: Госпад пануе – хай дрыжаць людзі; Ён сядзіць на хэрувімах – хай ускалыхнецца зямля!

Чытаньне першага лісту сьвятога Апостала Паўла да Карынцянаў

Браты, навука аб Крыжы ёсьць дурасьцю для тых, што ідуць да загубы, для нас жа, якія збаўляемся – сілаю Божаю. Бо напісана: Загублю мудрасьць мудрацоў і розум разумных зьнішчу. Дзе мудрэц? Дзе вучоны? Дзе дасьледчык гэтага веку? Ці ж не ўчыніў Бог мудрасьць сьвету дурасьцю? Бо калі сьвет сваёй мудрасьцю не пазнаў мудрасьці Божай, захацеў Бог дурасьцю прапаведаваньня збавіць тых, што вераць. Дык вось калі гэбрэі жадаюць знакаў, а грэкі шукаюць мудрасьці, мы абвяшчаем Хрыста ўкрыжаванага, які зьяўляецца спакусаю для гэбрэяў, дурасьцю для паганаў, а для пакліканых – гэбрэяў і грэкаў, – Хрыстом, Божай сілаю і Божай мудрасьцю. (1:18-24)

Алілуя (Пс 73:2,12). Успомні народ Твой, які Ты ад пачатку прызначыў для сябе.

Верш: Бог – Уладар наш спрадвеку: Ён учыніў збаўленьне пасярод зямлі.

Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Яна

У той час першасьвятары і старшыні народу ўчынілі раду супраць Ісуса, каб забіць Яго. Яны прыйшлі да Пілата, кажучы: „Укрыжуй, укрыжуй Яго“. Пілат кажа ім: „Бярыце Яго і ўкрыжуйце самі, бо я ніякай віны не знаходжу ў ім“. А юдэі яму: „У нас такі закон, і згодна з законам Ён павінен памерці, бо зрабіў сябе Сынам Божым“. Пачуўшы гэта, Пілат яшчэ больш устрывожыўся. Ён увайшоў зноў у прэторыю і спытаўся ў Ісуса: „Адкуль Ты?“ Але Ісус ня даў яму адказу. Пілат сказаў Яму: „Ня хочаш размаўляць са мною? Ці ж ня ведаеш, што маю ўладу Цябе адпусьціць і ўладу ўкрыжаваць Цябе?“ Ісус адказаў: „Ты ня меў бы нада Мною ніякай улады, калі б табе не было дадзена згары“. Пачуўшы гэтыя словы, Пілат вывеў Ісуса і сеў на судзе, на месцы, якое завецца па-грэцку Літостратон, а па-гэбрэйску Гавата. А быў дзень прыгатаваньня Пасхі, каля шостай гадзіны. І сказаў гэбрэям: „Вось кароль ваш!“ А яны крычалі: „Далоў, далоў, укрыжуй Яго!“ Пілат сказаў ім: „Ці ж маю вашага караля ўкрыжаваць?“ і адказалі першасьвятары: „Няма ў нас караля, апроч кесара!“ Тады аддаў ён Яго ім на ўкрыжаваньне. І ўзялі Ісуса. І, несучы сам крыж свой, Ён прыйшоў на месца, званае Чэрапавым, якое па-гэбрэйску завецца „Гальгота“, дзе Яго ўкрыжавалі, а з ім двух іншых, па два бакі ад Яго, а пасярэдзіне Ісуса. А Пілат загадаў зрабіць надпіс і паставіць яго на крыжы. Было напісана: „Ісус Назарэй, Кароль Юдэйскі“. Гэты надпіс на дошцы чыталі многія з юдэяў, бо тое месца, дзе быў укрыжаваны Ісус, было блізка гораду; і было напісана па-гэбрэйску, па-рымску і па-грэцку. Стаялі ж ля крыжа Ягоная Маці, і сястра Ягонай Маці, Марыя, жонка Кляопы, і Марыя Магдалена. Калі Ісус убачыў Маці і вучня, якога Ён любіў, што стаяў побач з Ёю, сказаў Маці: „Жанчына, вось сын Твой“. А вучню сказаў: „Вось Маці твая“. З таго часу вучань узяў Яе да сябе. Потым Ісус, ведаючы, што ўсё ўжо споўнілася, схіліўшы галаву, аддаў духа. А так як гэта была пятніца, дык гэбрэі, каб не пакінуць целаў на крыжы ў суботу – бо гэты дзень суботні быў вялікім сьвятам, – прасілі Пілата прабіць ім галёнкі і зьняць іх. І вось прыйшлі жаўнеры і прабілі галёнкі першаму і другому, што былі з ім укрыжаваныя. Падышоўшы ж да Ісуса, яны ўбачылі, што Ён ужо памёр, дык не прабівалі Яму галёнкаў. Толькі адзін з жаўнераў прабіў Яму кап'ём бок, і адразу пацякла кроў і вада. І той, хто бачыў, пасьведчыў, і сьведчаньне яго праўдзівае. (19:6-11а, 13-20, 25-28а, 30-35а)

Задастойнік. Багародзіца, Ты – таемны рай, бо Ты бяз высілку ўзрасьціла нам Хрыста, які пасадзіў пасярод зямлі жыцьцядайнае дрэва крыжовае. Бачачы яго сёньня ўзьнесеным, пакланяемся яму і Цябе славім.

Прычасьнік (Пс 4:7). Хай зазьзяе нам сьвятло аблічча Твайго, Госпадзе. Алілуя, алілуя, алілуя.


Папярэдняя старонка | Старонка 3 з 3
 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст