Ютрань
Пасьля „Госпад – Бог...“:
Трапар (тон 1). Збаў, Госпадзе, людзей Тваіх...
(Тройчы)
Сядальная песьня 1 (тон
6). Калі дрэва крыжовае было ўзьнятае, асновы сьмерці захісталіся,
Госпадзе. Ненаеднае пекла сёньня адпусьціла з трапятаньнем усіх, каго раней
паглынула. Славім Цябе, Сыне Божы, бо Ты, Сьвяты, явіў нам збаўленьне Тваё.
Зьмілуйся над намі.
Слава... цяпер...
(Тон 1). Пакланяемся Крыжу Твайму, Чалавекалюбча,
да якога Ты, Жыцьцё ўсіх, быў прыбіты. Ты, Збавіцелю, адчыніў рай разбойніку,
які з вераю зьвярнуўся да Цябе: „Успомні мяне, Госпадзе“. Прымі, як яго, і нас,
якія клічам: „Мы ўсе зграшылі, але ў добрасардэчнасьці Тваёй не пагардзі намі“.
Сядальная песьня 2 (тон
6). Сёньня спраўдзілася прарочае слова: вось пакланяемся месцу, дзе
стаялі ногі Твае, Госпадзе. Мы прынялі дрэва збаўленьня і атрымалі вызваленьне
ад грахоўных страсьцяў малітвамі Багародзіцы, адзіны Чалавекалюбча.
Слава... цяпер...
(Тон 8). Некалі Ісус Навін явіў нам вобраз Крыжа
Твайго, Збавіцелю мой, калі ён крыжом распасьцёр рукі, і сонца затрымалася,
пакуль не перамог ворагаў, што супрацівіліся Табе, Божа. Сёньня тое самае сонца
пацямнела, калі ўбачыла Цябе на Крыжы, якім Ты перамог дзяржаву сьмерці і ўвесь
сьвет узьняў з сабою.
Паліелей: Хваліце імя Гасподняе...
Узьвялічваньне. Узьвялічваем Цябе, Жыцьцядаўца
Хрысьце, і аддаем пашану Крыжу Твайму, якім Ты вызваліў нас з варожай няволі.
Верш 1. Судзі, Божа тых, што крыўдзяць мяне,
перамагай тых, што нападаюць на мяне. (Пс 34:1)
Верш 2. Усе куткі зямлі ўбачылі збаўленьне Бога
нашага.
Верш 3. Узьвялічвайце Госпада Бога нашага і
пакланяйцеся падножжу Ягонаму, бо Ён сьвяты.
Верш 4. Сьпявайце Госпаду новую песьню, бо Ён цуды
ўчыніў.
Слава... цяпер...
Алілуя, алілуя, алілуя. Слава Табе, Божа.
(Тройчы)
Сядальная песьня (тон 8).
Некалі дрэва ў раі мяне агаліла, калі вораг, спакусіўшы, прынёс сьмерць.
Крыжовае дрэва прынесла людзям вопратку несьмяротнасьці. Пастаўленае на зямлі,
яно напоўніла ўвесь сьвет радасьцю. Гледзячы на яго ўзьнясеньне, усклікніце,
людзі, з вераю Богу: „Дом Твой поўны славы!“
Узыходная песьня: Першы
антыфан 4 тону.
Пракімен (Пс 97:3). Усе куткі зямлі ўбачылі
збаўленьне Бога нашага.
Верш (Пс 97:1):
Сьпявайце Госпаду новую песьню, бо Ён цуды ўчыніў.
Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Яна
Сказаў Госпад: „Ойча, праслаў імя Тваё“. Тады прыйшоў голас з
неба: „І праславіў, і яшчэ праслаўлю“. Народ жа, які стаяў і чуў, казаў:
„Загрымела“. Іншыя казалі: „Анёл гаварыў з Ім“. Ісус сказаў у адказ: „Не для
мяне гэты голас, а для вас. Цяпер суд гэтаму сьвету, цяпер князь гэтага сьвету
будзе выкінуты вон. І калі буду ўзьнесены ад зямлі, прыцягну ўсіх да сябе“. Гэта
Ён сказаў, даўшы зразумець, якой сьмерцю належала Яму памерці. А народ адказаў
Яму: „Мы чулі з Закону, што Хрыстос застанецца навекі, а як жа Ты кажаш, што Сын
Чалавечы павінен быць узьнесены? Хто гэты Сын Чалавечы?“ Ісус сказаў ім: „Яшчэ
малы час сьвятло між вас. Хадзеце, пакуль маеце сьвятло, каб цемра не агарнула
вас, бо хто ходзіць у цемры, ня ведае, куды ідзе. Пакуль маеце сьвятло, верце ў
сьвятло, каб стацца сынамі сьвятла“. (12:28-36)
„Убачыўшы ўваскрасеньне Хрыстова...“.
Пасьля 50 Псалму:
Слава...: (тон 2).
Крыжу Хрыстовы, ты мая непахісная абарона. Асьвяці мяне сілаю тваёю, каб мне з
вераю і любоўю славіць і ўзьвялічваць цябе.
Цяпер...: тое самае.
Зьмілуйся нада мною, Божа...:
(Тон 6). Крыжу Хрыстовы, надзея хрысьціянаў,
правадніку тых, што зблудзілі, прыстанішча тых што ў буры, перамога ў змаганьні,
умацаваньне сусьвету, лекару хворых, уваскрасеньне мёртвых, зьмілуйся над намі.
Канон
(тон 8)
Песьня 1.
Ірмас. Зрабіўшы на вадзе сваім кіем знак Крыжа,
Майсей разьдзяліў Чырвонае мора і вызначыў просты шлях для пераходу Ізраіля.
Тады ён зрабіў другі раз знак на вадзе і злучыў яе ў адно, патапіўшы калясьніцы
фараона. Дзеля гэтага пяём Хрысту Богу нашаму, бо Ён праславіўся.
Прыпеў. Слава, Госпадзе, пачэснаму Крыжу Твайму.
Некалі Майсей, стоячы між двух мужоў Божых, явіў у сваёй
асобе вобраз пачэсных Пакутаў. Расьцягнуўшы крыжом рукі, ён узьняў сьцяг
перамогі і перамог сілу зьнішчальнага Амалека. Дзеля гэтага пяем Хрысту Богу
нашаму, бо Ён праславіўся.
Майсей узьняў на драўляным жэзьле, які быў вобразам Крыжа,
лякарства, што ратавала ад сьмяротнага ўкусу зьмяі. Ён прымацаваў да яго
мядзяную зьмяю, і такім чынам адхіліў бяду. Мы ж пяём Хрысту Богу нашаму, бо Ён
праславіўся.
Як знак перамогі на небе зьявіўся ахоўніку веры, цару
Канстантыну, Крыж, якім гордая самаўпэўненасьць ворагаў была пасаромленая, мана
выкрытая, і сьвятая вера распаўсюджаная да канцоў зямлі. Дзеля гэтага пяём
Хрысту Богу нашаму, бо Ён праславіўся.
Катавасія: Зрабіўшы на вадзе знак...
Песьня 3.
Ірмас. Кій Аарона быў вобразам тайны: зацьвіўшы,
ён паказаў, хто павінен быць сьвятаром. Гэтаксама ў раней няплоднай Царкве
зацьвіло дрэва крыжовае, напаўняючы сілаю і ўмацоўваючы яе.
Ад удару жэзлам вада пацякла ручаём са скалы для
цьвёрдасардэчных і непаслухмяных людзей. Гэта быў вобраз тайны Богам пакліканай
Царквы, для якое Крыж – моц і аснова.
З прабітага кап'ём усячыстага боку Твайго, Госпадзе, пацякла
кроў і вада, засноўваючы Новы Запавет і абмываючы грэх. Крыж Твой – пахвала
верных, і сіла і ўмацаваньне ўладароў.
Сядальная песьня (тон 4).
Табою, тройчы блаславёны жыцьцядайны Крыжу, людзі ўмацоўваюцца і сьвяткуюць
разам з анельскімі хорамі. Першасьвятары набожна ў песьнях славяць цябе, мноствы
манахаў і посьнікаў пакланяюцца табе, і мы ўсе славім расьпятага Хрыста.
Песьня 4.
Ірмас. Я пачуў тайну провіду Твайго, Госпадзе,
разважаў над Тваімі дзеямі і ўславіў Боскасьць Тваю.
Горкую ваду з крыніцаў у пустыні Майсей некалі дрэвам
перамяніў, даючы вобраз навароту Крыжом паганаў да веры.
Некалі вострая сякера ўпала ў Ярдан, і ён вярнуў яе ўзамен за
ўкінуты ў ваду кавалак дрэва. Гэта быў вобраз зьнішчэньня граху праз Крыж і
хрост.
Чатыры станы войска Ізраільскага пакрыліся славаю, калі ў
крыжападобным строю ішлі перад Каўчэгам Запавету.
Дзівосна распасьцёрты, Крыж точыць сонечныя промні, і нябёсы
абвяшчаюць славу Божую.
Песьня 5.
Ірмас. Табою, тройчы сьвятое Дрэва, на якім быў
расьпяты Хрыстос, Уладар і Госпад, быў пераможаны той, хто дрэвам спакусіў
чалавека. Ён патрапіў у пастку, калі Бог быў прыбіты целам да цябе, даючы сьвету
веліч зьмілаваньня.
Вогненны меч, што сьцярог уваход у рай, збаяўся цябе,
вечнахвальны Крыжу. Страшны хэрувім адступіў і даў дарогу Хрысту, які быў
расьпяты на табе і дараваў супакой душам нашым.
Падземныя сілы, нашыя ворагі, дрыжаць у страху, калі бачаць
Крыж, узьнесены высока, а нябесныя жыхары і ўсе, што нарадзіліся на зямлі,
згінаюць калены перад Хрыстом, які дае супакой душам нашым.
Боскі Крыж сьвеціць нятленнымі промнямі ўсім народам, што
зблудзілі ў змроку спакусы і маны, і яднае іх з Хрыстом, які быў укрыжаваны на
ім, каб дараваць супакой душам нашым.
Песьня 6.
Ірмас. Ёна ў нутры кіта працягнуў крыжом рукі
свае, даючы вобраз збавенных мукаў; выкінуты адтуль пасьля трох дзён, ён
прадвяшчаў цудоўнае ўваскрасеньне Хрыста Бога нашага, які быў укрыжаваны ў целе
і прасьвятліў сьвет уваскрасеньнем сваім на трэці дзень.
Якуб, сагнуты ад старасьці і хваробы, зноў стаў проста, калі
склаў накрыж рукі і явіў сілу жыцьцядайнага Крыжа. Бо Бог, які быў укрыжаваны на
ім, устанавіў Новы Закон – замест Старога, што быў толькі ягоным ценем, – і
немачы душагубнай маны адагнаў.
Сьвяты Ізраіль усклаў складзеныя накрыж рукі на галовы ўнукаў
на знак, што тым, хто служыць Закону, належыцца годнасьць першародных. Хоць і
памыліўся, ён не зьмяніў жыцьцядайнага знаку, „Бо, – усклікнуў, – новы народ
Хрыста Бога нашага, узмоцнены Крыжом, будзе мець вышэйшую годнасьць“.
Кандак (тон 4). Хрысьце Божа, які з волі
сваёй быў узьняты на Крыжы, даброты Твае даруй новым людзям, якія носяць імя
Тваё; дай радасьць належным нашым уладам сілаю Тваёю, настаўляючы іх на кожную
добрую справу: хай дапамогаю будзе ім Твой Крыж – непераможная зброя міру.
Ікас. Той, хто быў узьнесены да трэцяга неба і чуў
боскія словы, якіх нельга вымавіць людзкому языку, так піша да Галятаў – тыя,
што вывучаюць Пісаньне, хай чытаюць і разумеюць: „Мне няма чым хваліцца, як
толькі адным Крыжом Хрыстовым, на якім Ён сваёй Пакутаю забіў нашыя страсьці“.
Дык і мы таксама будзем трымацца моцна Крыжа Гасподняга і аддамо хвалу яму, бо
ён для нас – збавеннае дрэва, непераможная зброя міру.
Песьня 7.
Ірмас. Бязглузды загад злоснага мучыцеля, поўны
пагрозаў і боганенавісных блюзьнерстваў, прывёў людзей у зман; але тры юнакі не
спалохаліся зьверскай лютасьці, ані агню, што паліў усё: стоячы сярод полымя,
асьвежаныя росным ветрам, яны пяялі: „Блаславёны і ўсяхвальны Ты, Божа айцоў
нашых!“
Першы чалавек, пакаштаваўшы ад забароненага дрэва, быў
асуджаны на выгнаньне, і стаўся падуладным тленнасьці, якую ён перадаў усяму
роду людзкому. А цяпер жыхары зямлі, адноўленыя Дрэвам Крыжовым, клічуць
голасна: „Усяхвальны Божа айцоў і наш, блаславёны Ты!“
За непаслушэнства Закону Божаму дрэва прынесла сьмерць
людзям, калі яны пакаштавалі забароненага плоду. Яно было пад аховаю аж да часу,
калі вызнаньне разумнага разбойніка адчыніла доступ да яго. Паміраючы, ён
усклікнуў: „Усяхвальны Божа айцоў і наш, блаславёны Ты!“
Ізраіль прадбачыў будучыню, калі пакланіўся верху жэзла
Язэпавага, паказаўшы, што ў адзін дзень Крыж будзе аховаю ўсіх верных. Ён –
пахвала ўладароў і сьвятло для тых, што клічуць: „Усяхвальны Божа айцоў і наш,
блаславёны Ты!“
Песьня 8.
Ірмас. Блаславіце, юнакі, роўныя лікам з Тройцай,
Творцу Бога Айца, і Слова, што зышло на зямлю і перамяніла агонь на расу; і
ўзьвялічвайце над усім Духа ўсесьвятога, які дае ўсім жыцьцё, праз усе вякі.
Узьнесенае Дрэва, акропленае крывёю ўцелаўлёнага Божага
Слова, слаўце ў песьнях, нябесныя сілы, сьвяткуючы аднаўленьне сьмяротных
людзей. Верныя, аддайце хвалу Крыжу Хрыстоваму, праз які ўваскрасеньне было
дадзенае сьвету на ўсе вякі.
Зямныя распарадчыкі ласкі, уздыміце рукамі вашымі Крыж, на
якім вісеў Хрыстос Бог наш; і кап'ё, якім быў прабіты бок Бога Слова. Хай усе
народы бачаць Божае збаўленьне і ўзьвялічваюць Яго праз усе вякі.
Радуйцеся, хрысьціянскія ўладары, абраныя Божым провідам,
атрымайце ад Бога пачэсны Крыж, хай ён будзе вам непераможнай зброяю, што
разганяе нязбожных ворагаў на ўсе вякі.
Замест „Душа мая абвяшчае веліч Госпада...“ бяруцца асобыя
прыпевы.
Прыпеў. Узьвялічвай, душа мая, пачэсны Крыж
Гасподні.
Песьня 9.
Ірмас. Багародзіца, Ты – таемны рай, бо Ты бяз
высілку ўзрасьціла нам Хрыста, які пасадзіў пасярод зямлі жыцьцядайнае дрэва
крыжовае. Бачачы яго сёньня ўзьнесеным, пакланяемся яму і Цябе славім.
Хай цешацца ўсе дрэвы дубровы, бо іх асьвяціў Хрыстос, які іх
сьпярша пасадзіў і сам распасьцёр рукі на дрэве. У дзень узвышэньня мы
ўзьвялічваем Яго і пакланяемся Ягонаму крыжу.
Крыж, узьнесены для ўмацаваньня ўсіх Божых людзей, пазначаных
яго знакам на чале, пераможна ламае рогі злосных духоўных ворагаў. У дзень
узвышэньня мы ўзьвялічваем Хрыста і пакланяемся Ягонаму Крыжу.
Іншы прыпеў. Узьвялічвай, душа мая, узвышэньне
жыцьцядайнага Крыжа Гасподняга.
Іншы канон.
Ірмас. Сёньня сьмерць, што прыйшла да чалавека,
калі ён пакаштаваў плоду з забароненага дрэва, адмяняецца дрэвам крыжовым.
Праклён маці Эвы, што цяжыў над усім родам людзкім, здымаецца плодам Чыстай
Багародзіцы, якую ўсе сілы нябесныя ўзьвялічваюць.
Ня ў змозе трываць сьмяротнай горычы дрэва, Ты зьнішчыў яе
Крыжом. У падобны спосаб Ты некалі дрэвам зьнішчыў горыч водаў Мары, яўляючы
вобраз сілы Крыжа, які ўсе сілы нябесныя ўзьвялічваюць.
Сёньня Ты, Госпадзе, узьняў нашых прабацькоў ад сумнага
стану, у які яны трапілі праз хцівасьць; і нас аднавіў у нашай спадчыне Крыжом
Тваім, які мы, верныя, узьвялічваем.
Вобраз Крыжа, якому пакланяюцца ўсе куткі зямлі, Ты,
Госпадзе, явіў уладару на небе як непераможную зброю, што зьзяла нясьцерпным
сьвятлом. Дзеля гэтага ўсе сілы нябесныя Цябе ўзьвялічваюць.
Катавасія: абодва ірмасы.
Экзапастыляр (тон 2).
Крыж – ахоўнік усяго сьвету, Крыж – краса Царквы, Крыж – уладароў сіла; Крыж –
верных умацаваньне; Крыж – анёлаў слава і дэманаў рана.
Слава... цяпер...
Крыж узвышаецца сёньня, і сьвет асьвячаецца: бо на ім Ты,
Хрысьце, што сядзіш разам з Айцом і Духам Сьвятым, рукі свае распасьцёр і прывёў
усіх да пазнаньня Цябе. Зрабі годнымі боскае славы нас, якія спадзяемся на Цябе.
Пахвальныя псалмы
(Тон 8). Слаўны цуд! Жыцьцядайнае дрэва – Крыж
сьвяты, – узносіцца сёньня на вышыню. Славяць яго ўсе куткі зямлі і ў страху
дрыжаць дэманы. Які вялікі дар быў дадзены людзям! Збаў ім душы нашыя, Хрысьце,
адзіны добрасардэчны. (Двойчы)
Слаўны цуд! Быццам поўная жыцьця вінаградная гронка, сёньня
бачна ўзносіцца над зямлёю Крыж, што насіў на сабе Ўсявышняга: мы ўсе ім да Бога
прыцягваемся, і сьмерць да канца перамагаецца. Пачэснае Дрэва! Праз цябе мы
атрымалі райскі плод несьмяротнасьці – Хрыста.
Слаўны цуд! Шырыня і даўжыня Крыжа роўная небу, бо ён
асьвячае нас боскаю ласкаю, перамагае нязбожных ворагаў і ўмацоўвае
справядлівасьць. Табою, Боскае Дрэва, мы ўзыходзім да неба і ўзьвялічваем у
песьнях Хрыста Госпада.
Слава... цяпер...
(Тон 6). Сёньня ўзвышаецца Крыж Гасподні, і верныя
з любоўю ідуць пакланіцца яму, і атрымліваюць аздараўленьні ад недамаганьняў
цела і душы. Дык цалуйма яго са страхам і радасьцю: са страхам як грэшныя і
нягодныя; з радасьцю, бо расьпяты на ім Хрыстос Госпад дае сьвету збаўленьне ў
вялікай міласэрнасьці сваёй.
Вялікае ўслаўленьне
Падчас сьпеву „Сьвяты Божа“ сьвятар у поўным аблачэньні
кадзіць тройчы вакол ахвярніка, на якім ляжыць крыж. Пасьля бярэ крыж, кладзе
яго сабе на галаву і выносіць паўночнымі дзьвярыма. Дыякан з кадзілам ідзе перад
сьвятаром. Стаўшы перад райскімі дзьвярыма, сьвятар кажа ўголас:
Мудрасьць, устаньце!
і сьпявае трапар:
(Тон 1). Збаў, Госпадзе, людзей Тваіх і блаславі
набытак Твой, даруй супакой сьвятой Тваёй Царкве і перамогу над усімі нягодамі,
і захавай верны Твой народ сілаю Твайго Крыжа.
Людзі паўтараюць той самы трапар двойчы. Тымчасам сьвятар
кладзе крыж на прыгатаваны сярод царквы стол, кадзіць вокол яго тройчы, пасьля,
узяўшы зноў крыж і стаўшы перад сталом, пачынае літанію:
- Зьмілуйся над намі, Божа, паводле Тваёй вялікай
міласэрнасьці, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся
(100 разоў, і так пасьля наступных просьбаў)
Падчас сьпеву „Госпадзе, зьмілуйся“, сьвятар, з крыжом у
рукох, робіць паволі паклон да зямлі, пасьля паволі ўзносіць крыж і бласлаўляе
ім людзей. Гэта ён паўтарае пасьля ўсіх наступных просьбаў, гаворачы кожную з іх
стоячы з іншага боку стала, ідучы ў супраць сонца.
- Яшчэ молімся за Сьвятога Айца нашага сусьветнага біскупа
... (імя), папу Рымскага і дастойнага
арцыбіскупа (багалюбнага біскупа) нашага ...
(імя), і ўсіх у Хрысьце братоў нашых. Скажам ўсе разам!
- Яшчэ молімся за яго (яе) міласьць
... (імя галавы дзяржавы), урад, належныя
ўлады і ўсіх, што сьцерагуць цэласьці і супакою гэтай краіны; і за Богам
сьцеражоную краіну нашу Беларусь і ўвесь беларускі народ. Скажам усе разам!
- Яшчэ молімся за кожную душу хрысьціянскую, пакрыўджаную і
сумную, што патрабуе суцяшэньня, збаўленьня і адпушчэньня грахоў. Скажам усе
разам!
- Яшчэ молімся за ўсіх айцоў і братоў нашых, што служылі і
служаць у гэтай сьвятой царкве, за іх здароўе, збаўленьне і адпушчэньне грахоў.
Скажам усе разам!
Людзі, скончыўшы апошнюю сотню „Госпадзе, зьмілуйся“,
сьпяваюць:
Слава... цяпер...
Кандак (тон 4).
Хрысьце Божа, які з волі сваёй быў узьняты на Крыжы, даброты Твае даруй новым
людзям, якія носяць імя Тваё; дай радасьць належным нашым уладам сілаю Тваёю,
настаўляючы іх на кожную добрую справу: хай дапамогаю будзе ім Твой Крыж –
непераможная зброя міру.
Пачас сьпеву кандака, сьвятар кладзе Крыж на стол і пасьля
сьпявае тройчы, робячы за кожным разам зямны паклон:
Крыжу Твайму пакланяемся, Уладару наш, і сьвятое
ўваскрасеньне Тваё славім.
Людзі паўтараюць тое самае тройчы, а пасьля сьпяваюць
наступную песьню, падчас якой усе прысутныя па чарзе падыходзяць пакланіцца
Крыжу:
(Тон 2). Прыйдзіце, верныя, паклонімся
жыцьцядайнаму Крыжу, на якім Уладар славы Хрыстос рукі расьцягнуў, каб нас
вярнуць да першаснага блаславенства, якое ў нас хітрасьцю некалі вораг украў і
ўчыніў нас выгнаньнікамі, ад Бога далёкімі. Прыйдзіце, верныя, паклонімся дрэву,
якім мы скрышылі галовы нябачных ворагаў; прыйдзіце, усе народы зямлі, каб
песьнямі ўсхваліць Крыж Гасподні. Радуйся, Крыжу, поўнае збаўленьне ўпаўшага
Адама: табою хваліцца сьвятая Царква перамагае ўсе нягоды сілаю тваёю. Сёньня
мы, хрысьціяне, са страхам цалуем цябе і славім да цябе прыбітага Бога, кажучы:
„Госпадзе, што быў прыбіты да Крыжа, зьмілуйся над намі, бо Ты добры і
Чалавекалюбец“.
(Тон 5). Прыйдзіце, людзі, убачыць слаўны цуд і
пакланіцца сіле Крыжа. Дрэва ў раі прарасьціла сьмерць, а Крыж зацьвіў жыцьцём,
маючы да сябе прыбітага бязгрэшнага Госпада. Праз Яго ўсе народы атрымліваюць
нятленнасьць і клічуць: „Ты, што перамог Крыжом сьмерць і вызваліў нас, слава
Табе!“
Сёньня, Божа, спраўдзіліся словы прарокаў Тваіх Ісаі і
Давіда, якія казалі: „Усе народы прыйдуць і паклоняцца Табе, Госпадзе“. Вось
людзі напоўніліся дабротамі Тваімі ў дварох Тваіх, Добры, у Ерусаліме. Ты, што
пацярпеў Крыж дзеля нас і дараваў нам жыцьцё ўваскрасеньнем Тваім, захавай і
збаў нас.
(Тон 6). Чатыры канцы зямлі, Хрысьце Божа,
асьвячаюцца ўзвышэньнем чатырохканцовага Крыжа Твайго, і разам з ім рог верных
людзей Тваіх узвышаецца, зьбіваючы рогі праціўнікаў. Вялікі Ты, Госпадзе, і
цудоўныя творы Твае: Слава Табе!
Прарокі прадказалі Сьвятое Дрэва, якім Адам быў вызвалены ад
праклёну сьмерці. Сёньня, пры ўзвышэньні Крыжа, усё стварэньне ўзносіць голас,
просячы ў Бога багацьця зьмілаваньня. Адзіны спагадлівы Госпадзе, ачысьці і збаў
нас!
(Тон 8). Сёньня спраўдзіліся словы прарока Твайго,
Божа, Майсея, які сказаў: „Гляньце на Жыцьцё ваша, што перад вашымі вачыма!“
Сёньня Крыж узьнімаецца, і сьвет вызваляецца ад маны; сёньня ўваскрасеньне
Хрыстовае абнаўляецца, і ўся зямля радуецца і, граючы на цымбалах, як некалі
Давід, пяе Табе: „Ты, Божа, учыніў збаўленьне пасярод зямлі – Крыж і
ўваскрасеньне, якім Ты збавіў нас“. Добры, чалавекалюбны і ўсемагутны Госпадзе,
слава Табе!
Сёньня Уладар стварэньня і Госпад славы вісіць, прыбіты да
Крыжа, і бок Ягоны прабіты кап'ём. Слодыч Царкоўная каштуе воцату. Вянцом з
цярніны вянчаецца і апранаецца ў ганебную вопратку Той, хто пакрыў неба хмарамі.
Рукой глінянай б'ецца Той, хто сваёй рукой зрабіў чалавека. Церпіць біцьцё па
плячох Той, хто пакрывае неба хмарамі, і прымае пляўкі, зьдзек і насьмешкі. Усё
цярпліва пераносіць мой Бог і Збаўца дзеля мяне, грэшнага і асуджанага, каб у
добрасардэчнасьці сваёй збавіць сьвет ад маны.
Слава... цяпер...
(Тон 8). Сёньня Недаступны прыродаю робіцца
даступным для мяне і церпіць пакуты, каб збавіць мяне ад цярпеньняў. Той, хто
вяртае зрок сьляпым, аплёўваецца вуснамі злачынцаў і падстаўляе плечы на біцьцё
дзеля палонных. Калі Ягоная Чыстая Маці ўбачыла Яго на крыжы, Яна з болем
усклікнула: „Гора мне, Дзіця маё! Чаму Ты гэта зрабіў? Ты, што быў прыгажэйшы за
ўсіх сьмяротных людзей, цяпер вісіш без жыцьця і выгляду, без усялякай красы.
Гора мне, Сьвятло вачэй маіх! Не магу глядзець, як Ты ляжыш, заснуўшы; маё нутро
ўсё параненае, востры меч пратнуў сэрца маё. Слаўлю цярпеньні Твае, пакланяюся
Тваёй добрасардэчнасьці. Доўгацярплівы Госпадзе, слава Табе!“
|