Галоўная > нядзеля Тамаша > Нядзеля Тамаша ўвечары

Нядзеля Тамаша ўвечары


18 траўня 2010.

На "Госпадзе, Цябе клічу..." (6 песьняў):

(Тон 1). Пасьля таго, як Ты, Хрысьце Жыцьцядаўца, устаў з мёртвых, не парушыўшы магільных пячацяў, Ты прыйшоў да апосталаў Тваіх, хоць дзьверы былі зачыненыя, і ўсьцешыў іх дарам Духа Твайго праведнага ў вялікай міласэрнасьці Тваёй.

Тамаш Блізьнюк ня быў прысутны, калі Ты, Госпадзе, зьявіўся вучням. Ён не паверыў Твайму ўваскрасеньню, і тым, што бачылі, сказаў: "Пакуль не ўкладу пальца майго ў Ягоны бок і ў раны ад цьвікоў, не паверу, што Ён устаў".

"Дакраніся да Мяне, калі жадаеш – Хрыстос сказаў Тамашу, – укладзі руку тваю і пераканайся, што маю косьці і цела, і ня будзь няверным, але вер, як іншыя". А ён тады ўсклікнуў: "Ты – Бог мой і Госпад мой. Слава ўваскрасеньню Твайму!"

Тры песьні з мінеі.

Слава... цяпер...

(Тон 1). Дзьверы, дзе сабраліся вучні, былі зачыненыя, калі Ты, Усемагутны Ісусе, Божа наш, неспадзявана стаў сярод іх і сказаў: "Мір вам". І напоўніліся яны Духам Сьвятым. Ты загадаў ім заставацца ў Ерусаліме, пакуль ня атрымаюць сілы з вышыні. Дзеля гэтага славім Цябе і пяем: "Прасьвятленьне, уваскрасеньне і супакой наш, слава Табе!"


Вялікі пракімен

(Пс.76:14,15,11,12): Які бог роўны веліччу Богу нашаму? Ты – Бог, што чыніш цуды.

Верш 1. Ты паказаў сярод людзей сілу Тваю.

Верш 2. Я сказаў: Цяпер зразумеў я, што гэта зьмена волі Ўсявышняга.

Верш 3. Я прыгадаў усё, што Бог учыніў, ад пачатку прыгадаў цуды Твае.


Вершапесьні

(Тон 1). Вячэрнія нашы малітвы прымі, сьвяты Госпадзе, і дай нам адпушчэньне грахоў, бо Ты адзіны, што даеш сьвету адпушчэньне.

Верш. Я ўзьнёс вочы мае... (Гл. парадак штодзённай вячэрні)

Быццам бездань марская, безьліч маіх бясчынстваў, Збавіцелю, і я таплюся ў грахох, але Ты, Божа, як некалі Пятру, працягні збавенную руку Тваю і збаў мяне.

Верш. Зьмілуйся над намі...

Малітвамі ўсіх сьвятых і Багародзіцы, даруй нам, Госпадзе, мір Твой і зьмілуйся над намі, бо Ты адзіны Добры.

Слава... цяпер...

На восьмы дзень пасьля ўваскрасеньня Твайго, Госпадзе, Ты зьявіўся сабраным вучням Тваім і сказаў: "Мір вам". Вучню, які раней не паверыў, Ты паказаў свае ўсячыстыя рукі і бок. Упэўніўшыся, той усклікнуў: "Госпад мой і Бог мой. Слава Табе!"


Адпушчальныя трапары

Трапар сьвятога дня

Слава... цяпер...

Трапар сьвята (тон 7). Хоць магіла была запячатаная, Ты, Хрысьце Божа, зазьзяў з магілы; і хоць дзьверы былі зачыненыя, Ты, Уваскрасеньне ўсіх, прыйшоў і стаў сярод вучняў Тваіх, абнаўляючы ў нас праз іх дух правы ў вялікай міласэрнасьці Тваёй.


Вярнуцца назад