На "Госпадзе, Цябе клічу..." (6 песьняў):
(Тон 1). Пасьля таго, як Ты, Хрысьце Жыцьцядаўца,
устаў з мёртвых, не парушыўшы магільных пячацяў, Ты прыйшоў да апосталаў Тваіх,
хоць дзьверы былі зачыненыя, і ўсьцешыў іх дарам Духа Твайго праведнага ў
вялікай міласэрнасьці Тваёй.
Тамаш Блізьнюк ня быў прысутны, калі Ты, Госпадзе, зьявіўся
вучням. Ён не паверыў Твайму ўваскрасеньню, і тым, што бачылі, сказаў: "Пакуль
не ўкладу пальца майго ў Ягоны бок і ў раны ад цьвікоў, не паверу, што Ён
устаў".
"Дакраніся да Мяне, калі жадаеш – Хрыстос сказаў Тамашу, –
укладзі руку тваю і пераканайся, што маю косьці і цела, і ня будзь няверным, але
вер, як іншыя". А ён тады ўсклікнуў: "Ты – Бог мой і Госпад мой. Слава
ўваскрасеньню Твайму!"
Тры песьні з мінеі.
Слава... цяпер...
(Тон 1). Дзьверы, дзе сабраліся вучні, былі
зачыненыя, калі Ты, Усемагутны Ісусе, Божа наш, неспадзявана стаў сярод іх і
сказаў: "Мір вам". І напоўніліся яны Духам Сьвятым. Ты загадаў ім заставацца ў
Ерусаліме, пакуль ня атрымаюць сілы з вышыні. Дзеля гэтага славім Цябе і пяем:
"Прасьвятленьне, уваскрасеньне і супакой наш, слава Табе!"
Вялікі пракімен
(Пс.76:14,15,11,12): Які бог роўны веліччу Богу
нашаму? Ты – Бог, што чыніш цуды.
Верш 1. Ты паказаў сярод людзей сілу Тваю.
Верш 2. Я сказаў: Цяпер зразумеў я, што гэта
зьмена волі Ўсявышняга.
Верш 3. Я прыгадаў усё, што Бог учыніў, ад пачатку
прыгадаў цуды Твае.
Вершапесьні
(Тон 1). Вячэрнія нашы малітвы прымі, сьвяты
Госпадзе, і дай нам адпушчэньне грахоў, бо Ты адзіны, што даеш сьвету
адпушчэньне.
Верш. Я ўзьнёс вочы мае...
(Гл. парадак штодзённай вячэрні)
Быццам бездань марская, безьліч маіх бясчынстваў, Збавіцелю,
і я таплюся ў грахох, але Ты, Божа, як некалі Пятру, працягні збавенную руку
Тваю і збаў мяне.
Верш. Зьмілуйся над намі...
Малітвамі ўсіх сьвятых і Багародзіцы, даруй нам, Госпадзе,
мір Твой і зьмілуйся над намі, бо Ты адзіны Добры.
Слава... цяпер...
На восьмы дзень пасьля ўваскрасеньня Твайго, Госпадзе, Ты
зьявіўся сабраным вучням Тваім і сказаў: "Мір вам". Вучню, які раней не паверыў,
Ты паказаў свае ўсячыстыя рукі і бок. Упэўніўшыся, той усклікнуў: "Госпад мой і
Бог мой. Слава Табе!"
Адпушчальныя трапары
Трапар сьвятога дня
Слава... цяпер...
Трапар сьвята (тон 7).
Хоць магіла была запячатаная, Ты, Хрысьце Божа, зазьзяў з магілы; і хоць дзьверы
былі зачыненыя, Ты, Уваскрасеньне ўсіх, прыйшоў і стаў сярод вучняў Тваіх,
абнаўляючы ў нас праз іх дух правы ў вялікай міласэрнасьці Тваёй. |