Галоўная > нядзеля Тамаша > Панядзелак пасьля Тамаша ўвечары

Панядзелак пасьля Тамаша ўвечары


18 траўня 2010.

На "Госпадзе, Цябе клічу...":

(Тон 4). Уваскросшы з магілы, Ты, Усясільны, прыйшоў да вучняў Тваіх, хоць дзьверы былі зачыненыя, і Тамашу, які не паверыў, паказаў раны ад цьвікоў, і бок, прабіты кап'ём, і гэтым умацаваў і ўпэўніў яго, што Ты, Слова, – Той, які ў міласэрнасьці сваёй пацярпеў збавенныя мукі.

"Бачыш Маю вялікую спагадлівасьць і бязьмежную міласэрнасьць, дзеля якіх Я панізіў сябе; дык не сумнявайся, Блізьнюк, але ўпэўніся і павер, – Госпад сказаў. – Гэта Я, які пацярпеў і ўваскрос на трэці дзень з магілы, разбурыў пекельную крэпасьць і адвеку памёрлых ажывіў".

Тамаш, убачыўшы Цябе, Усемагутны, сумеўся і ўсклікнуў: "Ты – Бог мой і Госпад. Веру, Чалавекалюбча, што Ты той, які пацярпеў, каб аздаравіць немачы душаў нашых. Пакланяюся магутнасьці Тваёй і абвяшчаю сьвету Тваё страшнае і вялікае ўваскрасеньне!"

Тры песьні з мінеі.

Слава... цяпер...

(Тон 1). На восьмы дзень зьявіўся Збавіцель сабраным вучням, што ўсё яшчэ сумняваліся, і, прывітаўшы іх, сказаў Тамашу: "Хадзі, апостале, дакраніся да далоняў, прабітых цьвікамі!" О шчасьлівае няверства Тамаша, што змусіла яго ў страху ўсклікнуць і разагнаць сумненьні ў сэрцах верных: "Госпад мой і Бог мой! Слава Табе!"


Вершапесьні

(Тон 1). Абыдзіце, людзі, Сыён, і абдыміце яго, і аддайце славу Таму, хто ў ім з мёртвых уваскрос, бо Ён Бог наш, які выбавіў нас ад беззаконьняў нашых.

Мае паганыя думкі і благія ўчынкі асудзілі мяне, Збавіцелю, але Ты, Божа, дай мне духа каяньня, каб я мог усклікнуць Табе: "Збаў мяне, Дабрачынца мой, і зьмілуйся нада мною".

Вашыя вызнаньні на судзе, сьвятыя, дэманаў запалохалі і вызвалілі людзей ад маны; калі вас забівалі, вы клікалі: "Няхай ахвяра душ нашых будзе прыемнай Табе, Госпадзе Чалавекалюбча, бо мы, палюбіўшы Цябе, ня дбаем пра жыцьцё дачаснае".

Слава... цяпер...

(Тон 2). Пасьля ўваскрасеньня Твайго, Госпадзе, калі сабраліся вучні і дзьверы былі зачыненыя, Ты стаў сярод іх, даючы ім супакой. Агледзеўшы Твае рукі і бок, Тамаш паверыў і вызнаў Цябе як Госпада і Бога, і Збаўцу тых, што спадзяюцца на Цябе, Чалавекалюбча.


Адпушчальныя трапары

Трапар сьвятога дня

Слава... цяпер...

Трапар сьвята (тон 7). Хоць магіла была запячатаная, Ты, Хрысьце Божа, зазьзяў з магілы; і хоць дзьверы былі зачыненыя, Ты, Уваскрасеньне ўсіх, прыйшоў і стаў сярод вучняў Тваіх, абнаўляючы ў нас праз іх дух правы ў вялікай міласэрнасьці Тваёй.


Вярнуцца назад