На "Госпадзе, Цябе клічу...":
(Тон 4). Уваскросшы з магілы, Ты, Усясільны,
прыйшоў да вучняў Тваіх, хоць дзьверы былі зачыненыя, і Тамашу, які не паверыў,
паказаў раны ад цьвікоў, і бок, прабіты кап'ём, і гэтым умацаваў і ўпэўніў яго,
што Ты, Слова, – Той, які ў міласэрнасьці сваёй пацярпеў збавенныя мукі.
"Бачыш Маю вялікую спагадлівасьць і бязьмежную міласэрнасьць,
дзеля якіх Я панізіў сябе; дык не сумнявайся, Блізьнюк, але ўпэўніся і павер, –
Госпад сказаў. – Гэта Я, які пацярпеў і ўваскрос на трэці дзень з магілы,
разбурыў пекельную крэпасьць і адвеку памёрлых ажывіў".
Тамаш, убачыўшы Цябе, Усемагутны, сумеўся і ўсклікнуў: "Ты –
Бог мой і Госпад. Веру, Чалавекалюбча, што Ты той, які пацярпеў, каб аздаравіць
немачы душаў нашых. Пакланяюся магутнасьці Тваёй і абвяшчаю сьвету Тваё страшнае
і вялікае ўваскрасеньне!"
Тры песьні з мінеі.
Слава... цяпер...
(Тон 1). На восьмы дзень зьявіўся Збавіцель
сабраным вучням, што ўсё яшчэ сумняваліся, і, прывітаўшы іх, сказаў Тамашу:
"Хадзі, апостале, дакраніся да далоняў, прабітых цьвікамі!" О шчасьлівае
няверства Тамаша, што змусіла яго ў страху ўсклікнуць і разагнаць сумненьні ў
сэрцах верных: "Госпад мой і Бог мой! Слава Табе!"
Вершапесьні
(Тон 1). Абыдзіце, людзі, Сыён, і абдыміце яго, і
аддайце славу Таму, хто ў ім з мёртвых уваскрос, бо Ён Бог наш, які выбавіў нас
ад беззаконьняў нашых.
Мае паганыя думкі і благія ўчынкі асудзілі мяне, Збавіцелю,
але Ты, Божа, дай мне духа каяньня, каб я мог усклікнуць Табе: "Збаў мяне,
Дабрачынца мой, і зьмілуйся нада мною".
Вашыя вызнаньні на судзе, сьвятыя, дэманаў запалохалі і
вызвалілі людзей ад маны; калі вас забівалі, вы клікалі: "Няхай ахвяра душ нашых
будзе прыемнай Табе, Госпадзе Чалавекалюбча, бо мы, палюбіўшы Цябе, ня дбаем пра
жыцьцё дачаснае".
Слава... цяпер...
(Тон 2). Пасьля ўваскрасеньня Твайго, Госпадзе,
калі сабраліся вучні і дзьверы былі зачыненыя, Ты стаў сярод іх, даючы ім
супакой. Агледзеўшы Твае рукі і бок, Тамаш паверыў і вызнаў Цябе як Госпада і
Бога, і Збаўцу тых, што спадзяюцца на Цябе, Чалавекалюбча.
Адпушчальныя трапары
Трапар сьвятога дня
Слава... цяпер...
Трапар сьвята (тон 7).
Хоць магіла была запячатаная, Ты, Хрысьце Божа, зазьзяў з магілы; і хоць дзьверы
былі зачыненыя, Ты, Уваскрасеньне ўсіх, прыйшоў і стаў сярод вучняў Тваіх,
абнаўляючы ў нас праз іх дух правы ў вялікай міласэрнасьці Тваёй. |