Галоўная > нядзеля Тамаша > Серада пасьля Тамаша ўвечары

Серада пасьля Тамаша ўвечары


18 траўня 2010.

На "Госпадзе, Цябе клічу...":

(Тон 2). Ты, Хрысьце, зьявіўся ў целе на зямлі, не пакінуўшы ўлоньня Айца, і ў добрасардэчнасьці Тваёй пацярпеў мукі і сьмерць, і на трэці дзень уваскрос. Як усемагутны, Ты ўвайшоў у сьвятліцу, хоць дзьверы былі зачыненыя; і Тамаш, дакрануўшыся да Твайго Боскага боку, радасна ўславіў Цябе як Бога і Творцу.

Ты, Хрысьце, быў прыбіты цьвікамі да Крыжа і прабіты ў бок кап'ём, пакаштаваў жоўці і пацярпеў сьмерць, і пакладзены як мёртвы ў магілу. Як Бог, Ты разарваў путы пекла і ўзьняў з сабою мёртвых, што былі там адвеку; і, не парушыўшы магільных пячацяў, зьявіўся вучням Тваім, упэўніўшы іх у Тваім уваскрасеньні.

Сёньняшняя ўрачыстасьць – нашая Пасха: Пасха тайная, Пасха Боская, Пасха збавенная; Пасха, што адымае ўвесь сум ад нас; Пасха, што вучням прыносіць радасную вестку. Таму і Тамаш усклікнуў: "Ты – Госпад і Бог мой, які паланіў пекла!"

Тры песьні з мінеі.

Слава... цяпер...

(Тон 4). Слаўны цуд! Няверства нарадзіла непахісную веру. Тамаш сказаў: "Не паверу, пакуль не пабачу!" Дакрануўшыся да боку Ўцелаўлёнага, ён праславіў Яго як Сына Божага, бо пазнаў у Ім Таго, хто целам пацярпеў. Ён вызнаў Яго як уваскрослага Бога і ўсклікнуў узрушаным голасам: "Госпад мой і Бог мой. Слава Табе!"


Вершапесьні

(Тон 1). Мукамі Тваімі, Хрысьце, мы ад мукаў вызваліліся, і ўваскрасеньнем Тваім мы сталіся свабоднымі ад тленнасьці. Госпадзе, слава Табе!

Апостальскае велічнае навучаньне, Сьвятым Духам натхнёнае, мярзотныя ахвяры бесаў адмяніла і прапаведаваньнем адзінага Госпада выбавіла народы ад ідальскай спакусы і навучыла пакланяцца Тройцы адзінасутнай.

Усяхвальныя мучанікі, вас зямля не магла ўтрымаць, а неба, адчыніўшы райскія дзьверы, прыняла вас, і вы, увайшоўшы, спажываеце ў асалоду з дрэва жыцьця. Маліце Хрыста даць душам нашым супакой і веліч зьмілаваньня.

Слава... цяпер...

(Тон 4). Слаўны цуд! Сена дакранулася да агню і засталося цэлым! Тамаш уклаў руку ў рэбры Ісуса Хрыста-Бога, быццам у вагонь, і не згарэў, але, усхваляваны, перамяніў няверства на веру непахісную і ўсклікнуў з глыбіні душы: "Ты мой Уладар і Бог, які ўваскрос з мёртвых. Слава Табе!"


Адпушчальныя трапары

Трапар сьвятога дня

Слава... цяпер...

Трапар сьвята (тон 7). Хоць магіла была запячатаная, Ты, Хрысьце Божа, зазьзяў з магілы; і хоць дзьверы былі зачыненыя, Ты, Уваскрасеньне ўсіх, прыйшоў і стаў сярод вучняў Тваіх, абнаўляючы ў нас праз іх дух правы ў вялікай міласэрнасьці Тваёй.


Вярнуцца назад