На "Госпадзе, Цябе клічу...":
(Тон 2). Ты, Хрысьце, зьявіўся ў целе на зямлі, не
пакінуўшы ўлоньня Айца, і ў добрасардэчнасьці Тваёй пацярпеў мукі і сьмерць, і
на трэці дзень уваскрос. Як усемагутны, Ты ўвайшоў у сьвятліцу, хоць дзьверы
былі зачыненыя; і Тамаш, дакрануўшыся да Твайго Боскага боку, радасна ўславіў
Цябе як Бога і Творцу.
Ты, Хрысьце, быў прыбіты цьвікамі да Крыжа і прабіты ў бок
кап'ём, пакаштаваў жоўці і пацярпеў сьмерць, і пакладзены як мёртвы ў магілу. Як
Бог, Ты разарваў путы пекла і ўзьняў з сабою мёртвых, што былі там адвеку; і, не
парушыўшы магільных пячацяў, зьявіўся вучням Тваім, упэўніўшы іх у Тваім
уваскрасеньні.
Сёньняшняя ўрачыстасьць – нашая Пасха: Пасха тайная, Пасха
Боская, Пасха збавенная; Пасха, што адымае ўвесь сум ад нас; Пасха, што вучням
прыносіць радасную вестку. Таму і Тамаш усклікнуў: "Ты – Госпад і Бог мой, які
паланіў пекла!"
Тры песьні з мінеі.
Слава... цяпер...
(Тон 4). Слаўны цуд! Няверства нарадзіла
непахісную веру. Тамаш сказаў: "Не паверу, пакуль не пабачу!" Дакрануўшыся да
боку Ўцелаўлёнага, ён праславіў Яго як Сына Божага, бо пазнаў у Ім Таго, хто
целам пацярпеў. Ён вызнаў Яго як уваскрослага Бога і ўсклікнуў узрушаным
голасам: "Госпад мой і Бог мой. Слава Табе!"
Вершапесьні
(Тон 1). Мукамі Тваімі, Хрысьце, мы ад мукаў
вызваліліся, і ўваскрасеньнем Тваім мы сталіся свабоднымі ад тленнасьці.
Госпадзе, слава Табе!
Апостальскае велічнае навучаньне, Сьвятым Духам натхнёнае,
мярзотныя ахвяры бесаў адмяніла і прапаведаваньнем адзінага Госпада выбавіла
народы ад ідальскай спакусы і навучыла пакланяцца Тройцы адзінасутнай.
Усяхвальныя мучанікі, вас зямля не магла ўтрымаць, а неба,
адчыніўшы райскія дзьверы, прыняла вас, і вы, увайшоўшы, спажываеце ў асалоду з
дрэва жыцьця. Маліце Хрыста даць душам нашым супакой і веліч зьмілаваньня.
Слава... цяпер...
(Тон 4). Слаўны цуд! Сена дакранулася да агню і
засталося цэлым! Тамаш уклаў руку ў рэбры Ісуса Хрыста-Бога, быццам у вагонь, і
не згарэў, але, усхваляваны, перамяніў няверства на веру непахісную і ўсклікнуў
з глыбіні душы: "Ты мой Уладар і Бог, які ўваскрос з мёртвых. Слава Табе!"
Адпушчальныя трапары
Трапар сьвятога дня
Слава... цяпер...
Трапар сьвята (тон 7).
Хоць магіла была запячатаная, Ты, Хрысьце Божа, зазьзяў з магілы; і хоць дзьверы
былі зачыненыя, Ты, Уваскрасеньне ўсіх, прыйшоў і стаў сярод вучняў Тваіх,
абнаўляючы ў нас праз іх дух правы ў вялікай міласэрнасьці Тваёй. |