Галоўная > нядзеля Тамаша > Чацьвер пасьля Тамаша ўвечары

Чацьвер пасьля Тамаша ўвечары


18 траўня 2010.

На "Госпадзе, Цябе клічу...":

(Тон 1). Апранутыя ў вопратку праведнасьці, бялейшую за сьнег, будзем цешыцца ў гэты дзень Пасхі, у які Хрыстос, Сонца Справядлівасьці, зазьзяў з мёртвых і асьвятліў усіх нас нятленнасьцю.

Сапраўды гэты дзень, што Госпад стварыў, – свята сьвятаў. У гэты дзень узрадуемся ўсе душою, як пяе Давід, бо пры зачыненых дзьвярох Хрыстос дараваў супакой вучням сваім.

Збавенным было няверства Тамаша: ён дакрануўся дапытлівай рукою да ранаў на руках і нагах Збавіцеля і даў сьвету доказ уваскрасеньня з цемры апраметнай Слова Богачалавека.

Тры песьні з мінеі.

Слава... цяпер...

(Тон 2). Пры зачыненых дзьвярох стаў Ісус сярод вучняў і даў ім мужнасьць і супакой. Ён сказаў Тамашу: "Чаму ня верыш, што Я ўваскрос з мёртвых? Дай руку тваю і ўкладзі яе ў мой бок, каб праз няверства тваё ўсе дазналіся пра Мае цярпеньні і ўваскрасеньне, і каб з табою ўсклікнулі: "Госпад мой і Бог мой, слава Табе!"


Вершапесьні

(Тон 1). Крыж пачэсны Збавіцеля – непарушная сьцяна для нас усіх, бо, спадзеючыся на яго, атрымліваем збаўленьне.

Вячэрнія нашы малітвы прымі, сьвяты Госпадзе, і дай нам адпушчэньне грахоў, бо Ты адзіны, які паказаў сьвету ўваскрасеньне.

Малітвамі ўсіх сьвятых і Багародзіцы, даруй нам, Госпадзе, мір Твой і зьмілуйся над намі, бо Ты адзіны добры.

Слава... цяпер...

(Тон 8). "Дакраніся, Тамаш, да Майго боку – кажа Хрыстос, – і агледзь раны ад цьвікоў: вераю дасьледуй і будзь верным, а не няверным". Тамаш дакрануўся да Ўладара і голасна ўсклікнуў: "Ты, Добрасардэчны, – мой Бог і Госпад. Слава Табе!"


Адпушчальныя трапары

Трапар сьвятога дня

Слава... цяпер...

Трапар сьвята (тон 7). Хоць магіла была запячатаная, Ты, Хрысьце Божа, зазьзяў з магілы; і хоць дзьверы былі зачыненыя, Ты, Уваскрасеньне ўсіх, прыйшоў і стаў сярод вучняў Тваіх, абнаўляючы ў нас праз іх дух правы ў вялікай міласэрнасьці Тваёй.


Вярнуцца назад