На "Госпадзе, Цябе клічу...":
(Тон 1). Апранутыя ў вопратку праведнасьці,
бялейшую за сьнег, будзем цешыцца ў гэты дзень Пасхі, у які Хрыстос, Сонца
Справядлівасьці, зазьзяў з мёртвых і асьвятліў усіх нас нятленнасьцю.
Сапраўды гэты дзень, што Госпад стварыў, – свята сьвятаў. У
гэты дзень узрадуемся ўсе душою, як пяе Давід, бо пры зачыненых дзьвярох Хрыстос
дараваў супакой вучням сваім.
Збавенным было няверства Тамаша: ён дакрануўся дапытлівай
рукою да ранаў на руках і нагах Збавіцеля і даў сьвету доказ уваскрасеньня з
цемры апраметнай Слова Богачалавека.
Тры песьні з мінеі.
Слава... цяпер...
(Тон 2). Пры зачыненых дзьвярох стаў Ісус сярод
вучняў і даў ім мужнасьць і супакой. Ён сказаў Тамашу: "Чаму ня верыш, што Я
ўваскрос з мёртвых? Дай руку тваю і ўкладзі яе ў мой бок, каб праз няверства
тваё ўсе дазналіся пра Мае цярпеньні і ўваскрасеньне, і каб з табою ўсклікнулі:
"Госпад мой і Бог мой, слава Табе!"
Вершапесьні
(Тон 1). Крыж пачэсны Збавіцеля – непарушная
сьцяна для нас усіх, бо, спадзеючыся на яго, атрымліваем збаўленьне.
Вячэрнія нашы малітвы прымі, сьвяты Госпадзе, і дай нам
адпушчэньне грахоў, бо Ты адзіны, які паказаў сьвету ўваскрасеньне.
Малітвамі ўсіх сьвятых і Багародзіцы, даруй нам, Госпадзе,
мір Твой і зьмілуйся над намі, бо Ты адзіны добры.
Слава... цяпер...
(Тон 8). "Дакраніся, Тамаш, да Майго боку – кажа
Хрыстос, – і агледзь раны ад цьвікоў: вераю дасьледуй і будзь верным, а не
няверным". Тамаш дакрануўся да Ўладара і голасна ўсклікнуў: "Ты, Добрасардэчны,
– мой Бог і Госпад. Слава Табе!"
Адпушчальныя трапары
Трапар сьвятога дня
Слава... цяпер...
Трапар сьвята (тон 7).
Хоць магіла была запячатаная, Ты, Хрысьце Божа, зазьзяў з магілы; і хоць дзьверы
былі зачыненыя, Ты, Уваскрасеньне ўсіх, прыйшоў і стаў сярод вучняў Тваіх,
абнаўляючы ў нас праз іх дух правы ў вялікай міласэрнасьці Тваёй. |