Галоўная > нядзеля Тамаша > Пятніца пасьля Тамаша ўвечары

Пятніца пасьля Тамаша ўвечары


18 траўня 2010.

На "Госпадзе, Цябе клічу...":

Першыя тры песьні з нядзелі Тамаша. (Тон 1). (Тон 1). Дзьверы, дзе сабраліся вучні, былі зачыненыя, калі Ты, Усемагутны Ісусе, Божа наш, неспадзявана стаў сярод іх і сказаў: "Мір вам". І напоўніліся яны Духам Сьвятым. Ты загадаў ім заставацца ў Ерусаліме, пакуль не атрымаюць сілы з вышыні. Дзеля гэтага славім Цябе і пяем: "Прасьвятленьне, уваскрасеньне і супакой наш, слава Табе!"

На восьмы дзень пасьля ўваскрасеньня Твайго, Госпадзе, Ты зьявіўся сабраным вучням Тваім і сказаў: "Мір вам". Вучню, які раней не паверыў, Ты паказаў свае ўсячыстыя рукі і ўсячысты бок. Упэўніўшыся, той усклікнуў: "Госпад мой і Бог мой, слава Табе!"

Калі Ты, Хрысьце, увайшоў праз зачыненыя дзьверы, Тамаш, празваны Блізьнюком, ня быў з іншымі вучнямі і таму не паверыў, калі яму пра гэта сказалі. Каб перамяніць ягонае няверства на веру, Ты, Міласэрны, дазволіў яму дакрануцца да ўсячыстага боку Твайго і да ранаў на руках і нагах. Уклаўшы руку сваю ў раны Твае, ён упэўніўся, што Ты ня прывід і не звычайны чалавек і, вызнаўшы Цябе як Бога, усклікнуў: "Госпад мой і Бог мой, слава Табе!"

Тры песьні з мінеі

Слава...

(Тон 6). Хоць дзьверы былі зачыненыя, Ты, Хрысьце, прыйшоў да вучняў Тваіх. Тамаш тады ня быў разам з імі, і таму ён, прыйшоўшы, сказаў: "Не паверу, пакуль не пабачу Ўладара, і не дакрануся да Ягонага боку, з якога пацякла кроў і вада хросту; і ранаў, якія вылечылі чалавека ад вялікай раны граху, і не пераканаюся, што Ён - ня дух, але мае цела і косьці". Госпадзе, які перамог сьмерць і Тамаша да веры прывёў, слава Табе!

Цяпер...

Дагматык (тон 1). Сусьветную славу, што ад людзей нарадзілася і Ўладара нарадзіла, Дзьверы нябесныя, усхвалім Марыю Дзеву, анёлаў песьню і верных красу. Яна, стаўшыся небам і Боскім хорамам, зьнішчыла сьцяну варожасьці, устанавіла мір і адчыніла Валадарства. Умацаваныя Ёю ў веры, мы знайшлі абаронцу ў Госпадзе, які нарадзіўся ад Яе. Дык сьмела, людзі Божыя, будзьце добрай думкі, бо Ён як усемагутны ворагаў перамог.


Вершапесьні

(Тон 1). Вячэрнія нашы малітвы прымі, сьвяты Госпадзе, і дай нам адпушчэньне грахоў, бо Ты адзіны, які паказаў сьвету ўваскрасеньне.

Верш. Госпад пануе, Ён апрануўся ў красу. Апрануўся Госпад у сілу і падперазаўся.

Абыдзіце, людзі, Сыён і абдыміце яго, і аддайце славу Таму, хто ў ім з мёртвых уваскрос, бо Ён Бог наш, які выбавіў нас ад беззаконьняў нашых.

Верш. Ён умацаваў сусьвет, што не зварухнецца.

Прыйдзіце, людзі, усхвалім у песьнях Хрыста і паклонімся Яму, славячы Ягонае з мёртвых уваскрасеньне, бо Ён Бог наш, які выбавіў нас ад варожай маны.

Верш. Дому Твайму належыцца сьвятасьць, Госпадзе, праз усе дні.

Мукамі Тваімі, Хрысьце, мы ад мук вызваліліся, і ўваскрасеньнем Тваім мы сталіся свабоднымі ад тленнасьці. Госпадзе, слава Табе!

Слава... цяпер...

(Тон 5). Вялікае і бяспрыкладнае багацьце міласэрнасьці Тваёй, Чалавекалюбча! Ты паказаў Тваю доўгацярплівасьць, калі мучыцелі Твае білі Цябе па твары, вучань дакрануўся да Цябе, а недаверкі выпытвалі Цябе, як гэта Ты прыняў цела і як, сам бязгрэшны, быў укрыжаваны. Настаў нас на розум, як некалі Тамаша, каб нам усклікнуць: "Госпад мой і Бог мой! Слава Табе!"


Адпушчальны трапар

Трапар сьвята (тон 7). Хоць магіла была запячатаная, Ты, Хрысьце Божа, зазьзяў з магілы; і хоць дзьверы былі зачыненыя, Ты, Уваскрасеньне ўсіх, прыйшоў і стаў сярод вучняў Тваіх, абнаўляючы ў нас праз іх дух правы ў вялікай міласэрнасьці Тваёй.


Вярнуцца назад