На "Госпадзе, Цябе клічу...":
Першыя тры песьні з нядзелі Тамаша. (Тон 1).
(Тон 1). Дзьверы, дзе сабраліся вучні, былі
зачыненыя, калі Ты, Усемагутны Ісусе, Божа наш, неспадзявана стаў сярод іх і
сказаў: "Мір вам". І напоўніліся яны Духам Сьвятым. Ты загадаў ім заставацца ў
Ерусаліме, пакуль не атрымаюць сілы з вышыні. Дзеля гэтага славім Цябе і пяем:
"Прасьвятленьне, уваскрасеньне і супакой наш, слава Табе!"
На восьмы дзень пасьля ўваскрасеньня Твайго, Госпадзе, Ты
зьявіўся сабраным вучням Тваім і сказаў: "Мір вам". Вучню, які раней не паверыў,
Ты паказаў свае ўсячыстыя рукі і ўсячысты бок. Упэўніўшыся, той усклікнуў:
"Госпад мой і Бог мой, слава Табе!"
Калі Ты, Хрысьце, увайшоў праз зачыненыя дзьверы, Тамаш,
празваны Блізьнюком, ня быў з іншымі вучнямі і таму не паверыў, калі яму пра
гэта сказалі. Каб перамяніць ягонае няверства на веру, Ты, Міласэрны, дазволіў
яму дакрануцца да ўсячыстага боку Твайго і да ранаў на руках і нагах. Уклаўшы
руку сваю ў раны Твае, ён упэўніўся, што Ты ня прывід і не звычайны чалавек і,
вызнаўшы Цябе як Бога, усклікнуў: "Госпад мой і Бог мой, слава Табе!"
Тры песьні з мінеі
Слава...
(Тон 6). Хоць дзьверы былі зачыненыя, Ты, Хрысьце,
прыйшоў да вучняў Тваіх. Тамаш тады ня быў разам з імі, і таму ён, прыйшоўшы,
сказаў: "Не паверу, пакуль не пабачу Ўладара, і не дакрануся да Ягонага боку, з
якога пацякла кроў і вада хросту; і ранаў, якія вылечылі чалавека ад вялікай
раны граху, і не пераканаюся, што Ён - ня дух, але мае цела і косьці". Госпадзе,
які перамог сьмерць і Тамаша да веры прывёў, слава Табе!
Цяпер...
Дагматык (тон 1). Сусьветную славу, што ад людзей
нарадзілася і Ўладара нарадзіла, Дзьверы нябесныя, усхвалім Марыю Дзеву, анёлаў
песьню і верных красу. Яна, стаўшыся небам і Боскім хорамам, зьнішчыла сьцяну
варожасьці, устанавіла мір і адчыніла Валадарства. Умацаваныя Ёю ў веры, мы
знайшлі абаронцу ў Госпадзе, які нарадзіўся ад Яе. Дык сьмела, людзі Божыя,
будзьце добрай думкі, бо Ён як усемагутны ворагаў перамог.
Вершапесьні
(Тон 1). Вячэрнія нашы малітвы прымі, сьвяты
Госпадзе, і дай нам адпушчэньне грахоў, бо Ты адзіны, які паказаў сьвету
ўваскрасеньне.
Верш. Госпад пануе, Ён апрануўся ў красу.
Апрануўся Госпад у сілу і падперазаўся.
Абыдзіце, людзі, Сыён і абдыміце яго, і аддайце славу Таму,
хто ў ім з мёртвых уваскрос, бо Ён Бог наш, які выбавіў нас ад беззаконьняў
нашых.
Верш. Ён умацаваў сусьвет, што не зварухнецца.
Прыйдзіце, людзі, усхвалім у песьнях Хрыста і паклонімся Яму,
славячы Ягонае з мёртвых уваскрасеньне, бо Ён Бог наш, які выбавіў нас ад
варожай маны.
Верш. Дому Твайму належыцца сьвятасьць, Госпадзе,
праз усе дні.
Мукамі Тваімі, Хрысьце, мы ад мук вызваліліся, і
ўваскрасеньнем Тваім мы сталіся свабоднымі ад тленнасьці. Госпадзе, слава Табе!
Слава... цяпер...
(Тон 5). Вялікае і бяспрыкладнае багацьце
міласэрнасьці Тваёй, Чалавекалюбча! Ты паказаў Тваю доўгацярплівасьць, калі
мучыцелі Твае білі Цябе па твары, вучань дакрануўся да Цябе, а недаверкі
выпытвалі Цябе, як гэта Ты прыняў цела і як, сам бязгрэшны, быў укрыжаваны.
Настаў нас на розум, як некалі Тамаша, каб нам усклікнуць: "Госпад мой і Бог
мой! Слава Табе!"
Адпушчальны трапар
Трапар сьвята (тон 7). Хоць магіла была
запячатаная, Ты, Хрысьце Божа, зазьзяў з магілы; і хоць дзьверы былі зачыненыя,
Ты, Уваскрасеньне ўсіх, прыйшоў і стаў сярод вучняў Тваіх, абнаўляючы ў нас праз
іх дух правы ў вялікай міласэрнасьці Тваёй. |