Галоўная > нядзеля міраносіцаў > Панядзелак пасьля Міраносіцаў увечары
Панядзелак пасьля Міраносіцаў увечары18 траўня 2010. |
|
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
(Тон 2). Міраносіцы прыйшлі на досьвітку з духмянымі алейкамі і з плачам шукалі Цябе, Хрысьце, усіх Жыцьцё. Яны ўбачылі ля магілы юнака, які ім сказаў: "Спыніце плач і радуйцеся з вашага збаўленьня, і абвяшчайце ўсім, што Госпад уваскрос!" Быццам на хэрувімскім пасадзе, ты, высакародны Язэп, меў на руках тваіх Уладара ўсіх Хрыста, калі ты зьняў Яго з крыжа. Блаславёныя рукі твае і вочы, шчасьлівыя далоні, якімі ты нёс Сонца, Слова і Бога, і паклаў Яго ў магілу. Дзеля гэтага з любоўю спраўляем памяць тваю. Сьвята багалюбных міраносіцаў і пачэснага Язэпа, быццам новы рай, адкрывае ўсім крыніцу жыцьця, з якой цякуць на ўвесь сьвет воды ласкі ўваскрасеньня Хрыстовага. Дзеля гэтага мноства верных сьвяткуе і кліча: "Слава Таму, хто дараваў сьвету ўваскрасеньне!" Тры песьні з мінеі. Слава... цяпер... (Тон 2). Міраносіцы прыйшлі зранку да магілы і, прыпаўшы, шукалі Цябе, Хрысьце, каб памазаць усячыстае цела Тваё. Пачуўшы вестку ад анёла, яны з радасьцю сказалі апосталам, што ўваскрос Уладар нашага збаўленьня. Ён паланіў сьмерць і даў сьвету вечнае жыцьцё і багацьце зьмілаваньня свайго. Вершапесьні (Тон 2). Хрыстос Спас наш адмяніў прысуд на нас, прыбіўшы яго да крыжа, і зьнішчыў сьмерці ўладу. Пакланяемся Ягонаму трохдзённаму ўваскрасеньню. Быццам мытнік, Хрысьце, клічу моцным голасам: "Ачысьці мяне, як некалі яго, і зьмілуйся нада мною, Божа!" Малітвамі сьвятых мучанікаў і ўслаўленьнем Хрыста ўся мана разьвейваецца, і род людзкі вераю збаўляецца. Слава... цяпер... (Тон 2). Чаму, вучаніцы, зьмешваеце міра са сьлязамі? Гляньце: вось камень адвалены і магіла пустая; Жыцьцё перамагло тленнасьць – сьведчаць пра гэта пячаці і вартаўнікі, што паснулі. Божым целам сьмяротнае збаўляецца, а пекла галосіць. Дык ідзіце і з радасьцю абвясьціце апосталам: "Хрыстос – першынец з мёртвых, – умярцьвіў сьмерць і чакае вас у Галілеі." Трапары адпушчальныя Нядзельны (тон 2). Калі Ты зышоў да сьмерці... Слава...: Трапар сьвятога дня. Цяпер...: міраносіцаў: Анёл зьявіўся ля магілы жанчынам-міраносіцам і ўсклікнуў: "Алейкі мёртвым патрэбныя, Хрыстос жа тленнасьці не зазнаў. Дык усклікніце: Уваскрос Хрыстос, даючы сьвету багацьце свайго зьмілаваньня". Вярнуцца назад |