На "Госпадзе, Цябе клічу...":
(Тон 2). Міраносіцы прыйшлі на досьвітку з
духмянымі алейкамі і з плачам шукалі Цябе, Хрысьце, усіх Жыцьцё. Яны ўбачылі ля
магілы юнака, які ім сказаў: "Спыніце плач і радуйцеся з вашага збаўленьня, і
абвяшчайце ўсім, што Госпад уваскрос!"
Быццам на хэрувімскім пасадзе, ты, высакародны Язэп, меў на
руках тваіх Уладара ўсіх Хрыста, калі ты зьняў Яго з крыжа. Блаславёныя рукі
твае і вочы, шчасьлівыя далоні, якімі ты нёс Сонца, Слова і Бога, і паклаў Яго ў
магілу. Дзеля гэтага з любоўю спраўляем памяць тваю.
Сьвята багалюбных міраносіцаў і пачэснага Язэпа, быццам новы
рай, адкрывае ўсім крыніцу жыцьця, з якой цякуць на ўвесь сьвет воды ласкі
ўваскрасеньня Хрыстовага. Дзеля гэтага мноства верных сьвяткуе і кліча: "Слава
Таму, хто дараваў сьвету ўваскрасеньне!"
Тры песьні з мінеі.
Слава... цяпер...
(Тон 2). Міраносіцы прыйшлі зранку да магілы і,
прыпаўшы, шукалі Цябе, Хрысьце, каб памазаць усячыстае цела Тваё. Пачуўшы вестку
ад анёла, яны з радасьцю сказалі апосталам, што ўваскрос Уладар нашага
збаўленьня. Ён паланіў сьмерць і даў сьвету вечнае жыцьцё і багацьце
зьмілаваньня свайго.
Вершапесьні
(Тон 2). Хрыстос Спас наш адмяніў прысуд на нас,
прыбіўшы яго да крыжа, і зьнішчыў сьмерці ўладу. Пакланяемся Ягонаму
трохдзённаму ўваскрасеньню.
Быццам мытнік, Хрысьце, клічу моцным голасам: "Ачысьці мяне,
як некалі яго, і зьмілуйся нада мною, Божа!"
Малітвамі сьвятых мучанікаў і ўслаўленьнем Хрыста ўся мана
разьвейваецца, і род людзкі вераю збаўляецца.
Слава... цяпер...
(Тон 2). Чаму, вучаніцы, зьмешваеце міра са
сьлязамі? Гляньце: вось камень адвалены і магіла пустая; Жыцьцё перамагло
тленнасьць – сьведчаць пра гэта пячаці і вартаўнікі, што паснулі. Божым целам
сьмяротнае збаўляецца, а пекла галосіць. Дык ідзіце і з радасьцю абвясьціце
апосталам: "Хрыстос – першынец з мёртвых, – умярцьвіў сьмерць і чакае вас у
Галілеі."
Трапары адпушчальныя
Нядзельны (тон 2). Калі Ты зышоў да сьмерці...
Слава...: Трапар сьвятога дня.
Цяпер...: міраносіцаў:
Анёл зьявіўся ля магілы жанчынам-міраносіцам і ўсклікнуў: "Алейкі мёртвым
патрэбныя, Хрыстос жа тленнасьці не зазнаў. Дык усклікніце: Уваскрос Хрыстос,
даючы сьвету багацьце свайго зьмілаваньня". |