Галоўная > нядзеля Самаранкі > Нядзеля Самаранкі - вячэрня ў суботу
Нядзеля Самаранкі - вячэрня ў суботу18 траўня 2010. |
|
На "Госпадзе, Цябе клічу..." чатыры песьні нядзельныя 4 тону, тры Паловы сьвята і тры Самаранкі: Паловы сьвята (тон 4). Настала сярэдзіна дзён... Сыён, пачуўшы вестку... Набліжаецца, як напісана, шчодрае выліцьцё Боскага Духа... Самаранкі (тон 1). Крыніца цудаў прыходзіць а шостай гадзіне да крыніцы, каб улавіць дачку Эвы. Некалі Эва, ашуканая зьмяёю, была выгнаная з раю. А цяпер прыходзіць самаранка зачарпнуць вады. Убачыўшы яе, Збавіцель кажа: "Дай Мне напіцца, і Я напаю цябе вадой жывою". Навучаная, яна вярнулася ў горад і сказала людзям: "Ідзіце пабачыць Хрыста Госпада, Збаўцу душ нашых". (Тон 2). Калі Госпад прыйшоў да студні, самаранка прасіла Добрасардэчнага: "Дай мне напіцца з крыніцы веры, каб мне атрымаць ваду хросту, радасьць і збаўленьне". Жыцьцядаўча Госпадзе, слава Табе! Спрадвечны і адзінасутны Сын і Слова Бога Айца, Крыніца аздараўленьняў, прыйшоў да крыніцы. Тады з Самарыі прыйшла жанчына зачэрпнуць вады, і Збавіцель кажа ёй: "Дай мне напіцца вады і ідзі, пакліч мужа твайго". Яна, жадаючы схаваць праўду ад Бога, быццам ад чалавека, кажа: "Ня маю мужа". Настаўнік жа ёй у адказ: "Праўду сказала ты, што мужа ня маеш. Ты мела пяць мужоў, і той, якога маеш цяпер, ня муж табе". Яна зьдзівілася гэтым словам і пабегла ў горад, голасна расказваючы людзям і кажучы: "Хадзіце пабачыць Хрыста, які дае сьвету багацьце зьмілаваньня". Слава... (Тон 6). Каля студні Якуба сустракае Ісус самаранку, і Той, які хмарамі спавівае зямлю, просіць у яе вады. Што за цуд! Той, каго носяць хэрувімы, размаўляе з блудніцай; просіць вады Той, хто над водамі зямлю павесіў; вады шукае Той, хто напаўняе вадою крыніцы і азёры. Ён жадае прыцягнуць да сябе зьняволеную ненавісным ворагам і напаіць жывою вадою тую, якая мучылася грэшнай гарачкаю, як адзіны добрасардэчны і Чалавекалюбны. Цяпер... Дагматык 4 тону (гл. нядзельную службу 4 тону). Вершапесьні (Тон 4). Ты, Госпадзе, узышоўшы на крыж, прадзедаў праклён адмяніў і, зышоўшы ў пекла, вечных вязьняў вызваліў, і дараваў несьмяротнасьць людзкому роду. Дзеля гэтага ў песьнях славім жыцьцядайнае і збавеннае ўваскрасеньне Тваё. Верш. Хай уваскрэсьне Бог і разьбягуцца ворагі Яго, і хай уцякуць ад Яго ўсе ненавісьнікі Яго. Пасха сьветлая нам сёньня зьявілася, Пасха новая, сьвятая, Пасха тайная, Пасха ўсяслаўная, Пасха – Хрыстос Збавіцель, Пасха чыстая, Пасха вялікая, Пасха верных, Пасха, што дзьверы райскія нам адчыняе, Пасха – асьвячэньне ўсіх верных. Верш. Хай зьнікнуць так, як зьнікае дым, і як тае воск ад агню. Ідзеце, жанчыны-дабравесьніцы, і, што бачылі, Сыёну скажыце: Прымі ад нас радасную вестку пра ўваскрасеньне Хрыстовае; весяліся, сьвяткуй і радуйся, Ерусаліме, бачачы Ўладара Хрыста, які, быццам жаніх, з магілы выходзіць. Верш. Так хай згінуць грэшнікі ад аблічча Божага, а праведнікі хай узрадуюцца. Жанчыны-міраносіцы, што прыйшлі на досьвітку да магілы Жыцьцядаўца, знайшлі анёла, які сядзеў на камені, і той абвясьціў ім, кажучы: Чаму шукаеце Жывога сярод мёртвых, чаму плачаце па Несьмяротным, быццам Ён сьмяротны? Ідзеце, занясіце добрую вестку вучням Яго. Верш. Вось дзень, што Госпад стварыў, дзень радасьці і вясельля для ўсіх нас. Пасха красная, Пасха Гасподняя, Пасха; Пасха ўсяслаўная сёньня зазьзяла нам. Пасха – радасна адзін аднаго абдымем! О, Пасха – вызваленьне ад суму, бо сёньня з магілы, быццам з хораму, зазьзяў Хрыстос, і жанчынаў напоўніў радасьцю, кажучы ім: Нясеце добрую вестку апосталам. Слава... (Тон 8). Калі Ты, Хрысьце Божа, у невыказным провідзе Тваім зьявіўся на зямлі, самаранка, пачуўшы слова Тваё, Чалавекалюбча, пакінула ля крыніцы вёдры і пабегла ў горад сказаць: "Хадзіце пабачыць Сэрцазнаўца: ці часам ня Ён – чаканы Хрыстос, што мае багацьце міласэрнасьці?" Цяпер... Уваскрасеньня дзень! Прасьветлімся ўрачыстасьцю і адзін аднаго абдымем; скажам "Браты" і тым, што ненавідзяць нас, прабачыўшы ўсё дзеля ўваскрасеньня; і ўсклікнем вось так: Хрыстос уваскрос з мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў і тым, што ў магілах, жыцьцё дараваў.
Адпушчальныя трапары Уваскрэсны (тон 4). Сьветлую вестку аб уваскрасеньні і аб адмене прадзедаўскага асуджэньня ад анёла пачуўшы, Гасподнія вучаніцы апосталам з радасьцю сказалі: "Сьмерць пераможаная, Госпад Бог уваскрос, даючы сьвету багацьце свайго зьмілаваньня". Слава... цяпер... Трапар Паловы сьвята (тон 8). У палове сьвята сасьмяглую душу маю вадою набожнасьці напаі, Збавіцелю, бо Ты ж некалі ўсклікнуў да ўсіх: "Хто мае смагу, хай прыходзіць да Мяне і п'е". Крыніца жыцьця нашага, Хрысьце Божа, слава Табе. Вярнуцца назад |