На "Госпадзе, Цябе клічу..."
чатыры песьні нядзельныя 4 тону, тры Паловы сьвята і тры
Самаранкі:
Паловы сьвята (тон 4). Настала сярэдзіна дзён...
Сыён, пачуўшы вестку...
Набліжаецца, як напісана, шчодрае выліцьцё Боскага Духа...
Самаранкі (тон 1). Крыніца цудаў прыходзіць а
шостай гадзіне да крыніцы, каб улавіць дачку Эвы. Некалі Эва, ашуканая зьмяёю,
была выгнаная з раю. А цяпер прыходзіць самаранка зачарпнуць вады. Убачыўшы яе,
Збавіцель кажа: "Дай Мне напіцца, і Я напаю цябе вадой жывою". Навучаная, яна
вярнулася ў горад і сказала людзям: "Ідзіце пабачыць Хрыста Госпада, Збаўцу душ
нашых".
(Тон 2). Калі Госпад прыйшоў да студні, самаранка
прасіла Добрасардэчнага: "Дай мне напіцца з крыніцы веры, каб мне атрымаць ваду
хросту, радасьць і збаўленьне". Жыцьцядаўча Госпадзе, слава Табе!
Спрадвечны і адзінасутны Сын і Слова Бога Айца, Крыніца
аздараўленьняў, прыйшоў да крыніцы. Тады з Самарыі прыйшла жанчына зачэрпнуць
вады, і Збавіцель кажа ёй: "Дай мне напіцца вады і ідзі, пакліч мужа твайго".
Яна, жадаючы схаваць праўду ад Бога, быццам ад чалавека, кажа: "Ня маю мужа".
Настаўнік жа ёй у адказ: "Праўду сказала ты, што мужа ня маеш. Ты мела пяць
мужоў, і той, якога маеш цяпер, ня муж табе". Яна зьдзівілася гэтым словам і
пабегла ў горад, голасна расказваючы людзям і кажучы: "Хадзіце пабачыць Хрыста,
які дае сьвету багацьце зьмілаваньня".
Слава...
(Тон 6). Каля студні Якуба сустракае Ісус
самаранку, і Той, які хмарамі спавівае зямлю, просіць у яе вады. Што за цуд!
Той, каго носяць хэрувімы, размаўляе з блудніцай; просіць вады Той, хто над
водамі зямлю павесіў; вады шукае Той, хто напаўняе вадою крыніцы і азёры. Ён
жадае прыцягнуць да сябе зьняволеную ненавісным ворагам і напаіць жывою вадою
тую, якая мучылася грэшнай гарачкаю, як адзіны добрасардэчны і Чалавекалюбны.
Цяпер...
Дагматык 4 тону (гл. нядзельную службу 4 тону).
Вершапесьні
(Тон 4). Ты, Госпадзе, узышоўшы на крыж,
прадзедаў праклён адмяніў і, зышоўшы ў пекла, вечных вязьняў вызваліў, і дараваў
несьмяротнасьць людзкому роду. Дзеля гэтага ў песьнях славім жыцьцядайнае і
збавеннае ўваскрасеньне Тваё.
Верш. Хай уваскрэсьне Бог і разьбягуцца ворагі
Яго, і хай уцякуць ад Яго ўсе ненавісьнікі Яго.
Пасха сьветлая нам сёньня зьявілася, Пасха новая, сьвятая,
Пасха тайная, Пасха ўсяслаўная, Пасха – Хрыстос Збавіцель, Пасха чыстая, Пасха
вялікая, Пасха верных, Пасха, што дзьверы райскія нам адчыняе, Пасха –
асьвячэньне ўсіх верных.
Верш. Хай зьнікнуць так, як зьнікае дым, і як тае
воск ад агню.
Ідзеце, жанчыны-дабравесьніцы, і, што бачылі, Сыёну скажыце:
Прымі ад нас радасную вестку пра ўваскрасеньне Хрыстовае; весяліся, сьвяткуй і
радуйся, Ерусаліме, бачачы Ўладара Хрыста, які, быццам жаніх, з магілы
выходзіць.
Верш. Так хай згінуць грэшнікі ад аблічча Божага,
а праведнікі хай узрадуюцца.
Жанчыны-міраносіцы, што прыйшлі на досьвітку да магілы
Жыцьцядаўца, знайшлі анёла, які сядзеў на камені, і той абвясьціў ім, кажучы:
Чаму шукаеце Жывога сярод мёртвых, чаму плачаце па Несьмяротным, быццам Ён
сьмяротны? Ідзеце, занясіце добрую вестку вучням Яго.
Верш. Вось дзень, што Госпад стварыў, дзень радасьці і
вясельля для ўсіх нас.
Пасха красная, Пасха Гасподняя, Пасха; Пасха ўсяслаўная
сёньня зазьзяла нам. Пасха – радасна адзін аднаго абдымем! О, Пасха –
вызваленьне ад суму, бо сёньня з магілы, быццам з хораму, зазьзяў Хрыстос, і
жанчынаў напоўніў радасьцю, кажучы ім: Нясеце добрую вестку апосталам.
Слава...
(Тон 8). Калі Ты, Хрысьце Божа, у невыказным
провідзе Тваім зьявіўся на зямлі, самаранка, пачуўшы слова Тваё, Чалавекалюбча,
пакінула ля крыніцы вёдры і пабегла ў горад сказаць: "Хадзіце пабачыць
Сэрцазнаўца: ці часам ня Ён – чаканы Хрыстос, што мае багацьце міласэрнасьці?"
Цяпер...
Уваскрасеньня дзень! Прасьветлімся ўрачыстасьцю і адзін
аднаго абдымем; скажам "Браты" і тым, што ненавідзяць нас, прабачыўшы ўсё дзеля
ўваскрасеньня; і ўсклікнем вось так:
Хрыстос уваскрос з мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў і тым,
што ў магілах, жыцьцё дараваў.
Адпушчальныя трапары
Уваскрэсны (тон 4). Сьветлую вестку аб
уваскрасеньні і аб адмене прадзедаўскага асуджэньня ад анёла пачуўшы, Гасподнія
вучаніцы апосталам з радасьцю сказалі: "Сьмерць пераможаная, Госпад Бог
уваскрос, даючы сьвету багацьце свайго зьмілаваньня".
Слава... цяпер...
Трапар Паловы сьвята (тон 8). У палове сьвята
сасьмяглую душу маю вадою набожнасьці напаі, Збавіцелю, бо Ты ж некалі ўсклікнуў
да ўсіх: "Хто мае смагу, хай прыходзіць да Мяне і п'е". Крыніца жыцьця нашага,
Хрысьце Божа, слава Табе. |