Галоўная > нядзеля Самаранкі > Нядзеля Самаранкі - літургія
Нядзеля Самаранкі - літургія18 траўня 2010. |
|
Трапар нядзельны (тон 4). Сьветлую весьць аб уваскрасеньні і аб адмене прадзедаўскага асуджэньня ад анёла пачуўшы, Гасподнія вучаніцы апосталам з радасьцю сказалі: "Сьмерць пераможаная, Госпад Бог уваскрос, даруючы сьвету багацьце свайго зьмілаваньня". Трапар Паловы сьвята (тон 8). У палове сьвята сасьмяглую душу маю вадою набожнасьці напаі, Збавіцелю, бо Ты ж некалі ўсклікнуў да ўсіх: "Хто мае смагу, хай прыходзіць да Мяне і п'е". Крыніца жыцьця нашага, Хрысьце Божа, слава Табе. Слава... Кандак Самаранкі (тон 8). Прыйшоўшы з вераю да студні, Самаранка ўбачыла Цябе, мудрасьці Крыніцу, і напіўшыся з яе ўдосталь, атрымала ў спадчыну вечнае валадарства і непрамінальную славу. Цяпер... Кандак Паловы сьвята (тон 4). Калі настала палова законнага сьвята, Ты, Творча ўсяго і Ўладару, Хрысьце Божа, сказаў прысутным: "Хадзіце, зачэрпніце вады несьмяротнасьці". Таму вось і мы прыходзім да Цябе і даверліва клічам: "Даброты Твае даруй нам, бо Ты – Крыніца жыцьця нашага".
Пракімен (Пс. 46:7,2). Сьпявайце Богу нашаму, сьпявайце; сьпявайце Ўладару нашаму, сьпявайце. Верш. Усе народы, пляскайце ў далоні, усклікніце Госпаду радасным голасам.
Апостал: Дзеяньні 11:19-30
Алілуя (Пс. 44:5,8). Падрыхтуйся і ідзі ўперад пераможна дзеля праўды, набожнасьці і справядлівасьці. Верш. Ты палюбіў праўду і ўзьненавідзеў беззаконьне.
Евангельле: Ян 4:5-42
Задастойнік. Анёл усклікнуў Поўнай ласкі: Чыстая Дзева, радуйся! І зноў кажу "Радуйся", бо твой Сын уваскрос на трэці дзень з магілы і мёртвых узьняў з сабою. Людзі, весяліцеся. Сьвяціся, сьвяціся, новы Ерусаліме, бо слава Гасподняя зазьзяла над табой. Радуйся сёньня і весяліся, Сыёне! Ты ж, Чыстая, красуйся, Багародзіца, бо Той, каго ты нарадзіла, з мёртвых устаў.
Прычасьнік. Хваліце Госпада з нябёсаў, хваліце Яго на вышынях. Алілуя, алілуя, алілуя. Вярнуцца назад |