Трапар нядзельны
(тон 4). Сьветлую весьць аб уваскрасеньні і аб адмене прадзедаўскага
асуджэньня ад анёла пачуўшы, Гасподнія вучаніцы апосталам з радасьцю сказалі:
"Сьмерць пераможаная, Госпад Бог уваскрос, даруючы сьвету багацьце свайго
зьмілаваньня".
Трапар Паловы сьвята (тон 8). У палове сьвята
сасьмяглую душу маю вадою набожнасьці напаі, Збавіцелю, бо Ты ж некалі ўсклікнуў
да ўсіх: "Хто мае смагу, хай прыходзіць да Мяне і п'е". Крыніца жыцьця нашага,
Хрысьце Божа, слава Табе.
Слава...
Кандак Самаранкі (тон 8).
Прыйшоўшы з вераю да студні, Самаранка ўбачыла Цябе, мудрасьці Крыніцу, і
напіўшыся з яе ўдосталь, атрымала ў спадчыну вечнае валадарства і непрамінальную
славу.
Цяпер...
Кандак Паловы сьвята (тон 4). Калі настала палова
законнага сьвята, Ты, Творча ўсяго і Ўладару, Хрысьце Божа, сказаў прысутным:
"Хадзіце, зачэрпніце вады несьмяротнасьці". Таму вось і мы прыходзім да Цябе і
даверліва клічам: "Даброты Твае даруй нам, бо Ты – Крыніца жыцьця нашага".
Пракімен (Пс. 46:7,2). Сьпявайце
Богу нашаму, сьпявайце; сьпявайце Ўладару нашаму, сьпявайце.
Верш. Усе народы, пляскайце ў далоні, усклікніце
Госпаду радасным голасам.
Апостал: Дзеяньні 11:19-30
Алілуя (Пс. 44:5,8). Падрыхтуйся і
ідзі ўперад пераможна дзеля праўды, набожнасьці і справядлівасьці.
Верш. Ты палюбіў праўду і ўзьненавідзеў
беззаконьне.
Евангельле: Ян 4:5-42
Задастойнік. Анёл усклікнуў Поўнай ласкі: Чыстая
Дзева, радуйся! І зноў кажу "Радуйся", бо твой Сын уваскрос на трэці дзень з
магілы і мёртвых узьняў з сабою. Людзі, весяліцеся.
Сьвяціся, сьвяціся, новы Ерусаліме, бо слава Гасподняя
зазьзяла над табой. Радуйся сёньня і весяліся, Сыёне! Ты ж, Чыстая, красуйся,
Багародзіца, бо Той, каго ты нарадзіла, з мёртвых устаў.
Прычасьнік. Хваліце Госпада з нябёсаў, хваліце Яго
на вышынях. Алілуя, алілуя, алілуя. |