Галоўная > нядзеля Сьлепанароджанага > Нядзеля Сьлепанароджанага - ютрань
Нядзеля Сьлепанароджанага - ютрань18 траўня 2010. |
|
Трапары як на вячэрні. Служба нядзельная 5 тону. Евангельле нядзельнае 8. Канон Вялікодны і сьлепанароджанага (9 песьня).
Катавасіі Канона сьлепанароджанага (тон 5) 1. Адзінаму Збавіцелю Богу, які свой народ правёў праз мора посуху, а фараона з ягоным войскам патапіў, пяём, бо Ён уславіўся. 3. Сілаю Крыжа Твайго, Хрысьце, умацуй мае думкі, каб мне пяяць і славіць Тваё збавеннае ўзьнясеньне.
Кандак Велікодны (тон 8). Хоць Ты, Несьмяротны, і зышоў у магілу, Ты зьнішчыў пекла ўладу і ўваскрос пераможна, Хрысьце Божа, жанчынам міраносіцам кажучы "Радуйцеся", і Тваім апосталам супакой даруючы, Ты, што даеш памёрлым уваскрасеньне. Ікас. Устаўшы да сьвітаньня, жанчыны выйшлі шукаць, быццам дня, Сонца, што было раней за сонца і зайшло ў магілу, і казалі адна адной: "Хадзем, сяброўкі, памажам духмянымі алейкамі ў магіле жыцьцядайнае цела Таго, хто ўваскрасіў памёрлага Адама; пойдзем хутка і, як некалі мудрацы, прынясем у дар духмянае міра Таму, хто ляжыць, спавіты не ў пялёны, але ў пахавальнае палатно; заплачам і ўсклікнем: Устань, Уладару, Ты, што даеш памёрлым уваскрасеньне!"
Сядальная песьня Сьлепанароджанага (тон 8). Уладар усіх сустрэў сьляпога, які сядзеў пры дарозе, плакаў і казаў: "Ня бачыў я ў жыцьці маім зьзяньня сонца, ані сьвятла месяца. Таму прыходжу да Цябе і прашу, чалавекалюбны Ўладару Хрысьце Божа, які нарадзіўся ад Дзевы і ўвесь сьвет прасьвятліў, у велічы добрасардчнасьці і міласэрнасьці Тваёй дай мне адпушчэньне грахоў".
4. Я пачуў, Госпадзе, пра сілу Крыжа, якім рай быў адчынены, і ўсклікнуў: "Слава сіле Тваёй, Госпадзе!" 5. Сярод нядрэмнай ночы клічам Цябе, Госпадзе: "Збаў нас, бо Ты Бог наш, апроч Цябе іншага ня знаем". 6. Бездань агарнула мяне, кіт стаўся маёй магілаю, і я паклікаў Цябе, чалавекалюбны Госпадзе, і рука Твая збавіла мяне.
Кандак сьлепанароджанага (тон 4). З асьлеплымі вачыма душы маёй прыходжу да Цябе, Хрысьце і, як некалі сьлепанароджаны, каюся і клічу: "Ты – сьвятло тых, што ў цемры!" Ікас. Хрысьце-Сьвятло, што сьвеціш у цемры, і Настаўнік тых, што ў спакусах, дай мне напіцца з крыніцы невымоўнае мудрасьці і нябеснага розуму, каб я, няшчасны, мог зьведаць Твой цуд ацаленьня сьляпога, пра які расказвае Боская кніга Евангельля. Ён быў сьляпы ад нараджэньня, а Ты яму адчыніў вочы цялесныя і душэўныя, і ён з вераю ўсклікнуў: "Ты – сьвятло тых, што ў цемры!"
7. У вогненнай печы Ты збавіў юнакоў, якія сьпявалі Табе: "Блаславёны Бог айцоў нашых!" 8. Сына і Бога, які раней за ўсе вякі нарадзіўся ад Айца, а ў апошнія дні прыняў цела ад Дзевы Маці, сьвятары, блаславіце, людзі, узьвялічвайце праз усе вякі. "Больш годную пашаны..." не сьпяваецца. Канон сьлепанароджанага. Песьня 9 (тон 5). Ірмас. Вялікія рэчы ўчыніў Табе Ўсемагутны: Ён захаваў Цябе пасьля родаў Дзеваю, бо Ты нарадзіла без семя Творцу свайго. Таму Цябе, Багародзіца, узьвялічваем. Ты даў Сябе прыбіць да крыжовага дрэва, Хрысьце Божа, і перамог варожыя сілы, і зьнішчыў першы праклён. Таму мы Цябе як належыць узьвялічваем. Калі пекла ўбачыла Цябе з душою ўнізе, яно застагнала і адпусьціла ў страху ўсіх памёрлых, адчуўшы веліч улады Тваёй. Дзеля гэтага Цябе як належыць узьвялічваем. Зборышча гэбрэяў напоўнілася зайздрасьцю, убачыўшы знакі і вялікія цуды, якія рабіў Той, хто ўваскрасеньнем сваім паланіў пекла і сілаю сваёю ўзьняў усіх. Ты, Жыцьцядаўца, тварыў цуды і вяртаў зрок сьляпым; уваскросшы з магілы, як прадказаў, Ты явіўся сьвятым вучням Тваім. З ім і разам і мы ўзьвялічваем Цябе на ўсе вякі. Слава...: Хвалю Сьвятло-Айца, слаўлю Сьвятло-Сына, пяю веліч Сьвятла-Духа правага, адно Сьвятло неразьдзельнае ў трох асобах – Бога і Ўладара ўсяго стварэньня. Цяпер...: Ты явілася больш прасторнай за неба, Дзева чыстая, бо зьмясьціла ў Сабе незьмяшчальнага Бога ў целе, і нарадзіла Збаўленьне ўсіх, што з вераю непахісна славяць Цябе. Катавасія. Цябе, Маці Божая, што вышэй за розум і словы невыказна нарадзіла ў часе Спрадвечнага, мы, верныя, аднадушна ўзьвялічваем.
Экзапастыляр. Вялікодны. Целам заснуўшы як мёртвы, Уладару і Госпадзе, на трэці дзень Ты ўваскрос і Адама ад тленнасьці ўзьняў, перамогшы сьмерць. Пасха нятленная, сьвету збаўленьне! Слава...: Вочы майго розуму, асьлеплыя ад змрочнага граху, прасьвятлі Госпадзе, дай мне пакору і абмый мяне слязьмі пакаяньня. Цяпер...: Збавіцель, ідучы, сустрэў сьляпога. Плюнуўшы на зямлю і зрабіўшы гразь, Ён памазаў яму вочы і загадаў ісьці памыцца ў Сілааме. Ён пайшоў, памыўся і ўбачыў сьвятло Тваё, Хрысьце мой.
Пахвальныя псалмы Сем песьняў нядзельных 5 тону, тады наступныя: Верш. Глянь на мяне і зьмілуйся нада мною. (Тон 8). Дзеля вялікай любові Ты, Хрысьце Божа, прыняў цела і ў невыказнай міласэрнасьці Тваёй зжаліўся над тым, хто ад нараджэньня ня бачыў сьвятла. Дакрануўшыся да ягоных зрэнак Тваімі творчымі пальцамі, Ты ўдастоіў яго Боскага зьзяньня. Цяпер, адзіны Добры Сьветладаўца, прасьвятлі і нашыя душэўныя пачуцьці. Слава...: (тон 8). Хто выкажа сілу Тваю, Хрысьце, або хто зможа палічыць безьліч цудаў Тваіх? Як дзеля вялікай любові Ты зьявіўся ў дзьвюх прыродах, так і нямоглым даваў падвойнае аздараўленьне. Ты сьлепанароджанаму адкрыў вочы ня толькі цялесныя, але і душэўныя. Таму ён вызнаў Цябе Богам, што дае ўсім багацьце зьмілаваньня. Цяпер...: Найблаславёная Ты... Вярнуцца назад |