Трапары як на вячэрні.
Служба нядзельная 5 тону. Евангельле нядзельнае 8.
Канон Вялікодны і сьлепанароджанага (9 песьня).
Катавасіі Канона сьлепанароджанага (тон 5)
1. Адзінаму Збавіцелю Богу, які свой народ правёў
праз мора посуху, а фараона з ягоным войскам патапіў, пяём, бо Ён уславіўся.
3. Сілаю Крыжа Твайго, Хрысьце, умацуй мае думкі,
каб мне пяяць і славіць Тваё збавеннае ўзьнясеньне.
Кандак Велікодны (тон 8).
Хоць Ты, Несьмяротны, і зышоў у магілу, Ты зьнішчыў пекла ўладу і ўваскрос
пераможна, Хрысьце Божа, жанчынам міраносіцам кажучы "Радуйцеся", і Тваім
апосталам супакой даруючы, Ты, што даеш памёрлым уваскрасеньне.
Ікас. Устаўшы да сьвітаньня, жанчыны выйшлі
шукаць, быццам дня, Сонца, што было раней за сонца і зайшло ў магілу, і казалі
адна адной: "Хадзем, сяброўкі, памажам духмянымі алейкамі ў магіле жыцьцядайнае
цела Таго, хто ўваскрасіў памёрлага Адама; пойдзем хутка і, як некалі мудрацы,
прынясем у дар духмянае міра Таму, хто ляжыць, спавіты не ў пялёны, але ў
пахавальнае палатно; заплачам і ўсклікнем: Устань, Уладару, Ты, што даеш
памёрлым уваскрасеньне!"
Сядальная песьня Сьлепанароджанага (тон 8).
Уладар усіх сустрэў сьляпога, які сядзеў пры дарозе, плакаў і казаў: "Ня
бачыў я ў жыцьці маім зьзяньня сонца, ані сьвятла месяца. Таму прыходжу да Цябе
і прашу, чалавекалюбны Ўладару Хрысьце Божа, які нарадзіўся ад Дзевы і ўвесь
сьвет прасьвятліў, у велічы добрасардчнасьці і міласэрнасьці Тваёй дай мне
адпушчэньне грахоў".
4. Я пачуў, Госпадзе, пра сілу Крыжа, якім рай быў
адчынены, і ўсклікнуў: "Слава сіле Тваёй, Госпадзе!"
5. Сярод нядрэмнай ночы клічам Цябе, Госпадзе:
"Збаў нас, бо Ты Бог наш, апроч Цябе іншага ня знаем".
6. Бездань агарнула мяне, кіт стаўся маёй магілаю,
і я паклікаў Цябе, чалавекалюбны Госпадзе, і рука Твая збавіла мяне.
Кандак сьлепанароджанага
(тон 4). З асьлеплымі вачыма душы маёй прыходжу да Цябе, Хрысьце і,
як некалі сьлепанароджаны, каюся і клічу: "Ты – сьвятло тых, што ў цемры!"
Ікас. Хрысьце-Сьвятло, што сьвеціш у цемры, і
Настаўнік тых, што ў спакусах, дай мне напіцца з крыніцы невымоўнае мудрасьці і
нябеснага розуму, каб я, няшчасны, мог зьведаць Твой цуд ацаленьня сьляпога, пра
які расказвае Боская кніга Евангельля. Ён быў сьляпы ад нараджэньня, а Ты яму
адчыніў вочы цялесныя і душэўныя, і ён з вераю ўсклікнуў: "Ты – сьвятло тых, што
ў цемры!"
7. У вогненнай печы Ты збавіў юнакоў, якія
сьпявалі Табе: "Блаславёны Бог айцоў нашых!"
8. Сына і Бога, які раней за ўсе вякі нарадзіўся
ад Айца, а ў апошнія дні прыняў цела ад Дзевы Маці, сьвятары, блаславіце, людзі,
узьвялічвайце праз усе вякі.
"Больш годную пашаны..." не сьпяваецца.
Канон сьлепанароджанага.
Песьня 9 (тон 5). Ірмас. Вялікія рэчы
ўчыніў Табе Ўсемагутны: Ён захаваў Цябе пасьля родаў Дзеваю, бо Ты нарадзіла без
семя Творцу свайго. Таму Цябе, Багародзіца, узьвялічваем.
Ты даў Сябе прыбіць да крыжовага дрэва, Хрысьце Божа, і
перамог варожыя сілы, і зьнішчыў першы праклён. Таму мы Цябе як належыць
узьвялічваем.
Калі пекла ўбачыла Цябе з душою ўнізе, яно застагнала і
адпусьціла ў страху ўсіх памёрлых, адчуўшы веліч улады Тваёй. Дзеля гэтага Цябе
як належыць узьвялічваем.
Зборышча гэбрэяў напоўнілася зайздрасьцю, убачыўшы знакі і
вялікія цуды, якія рабіў Той, хто ўваскрасеньнем сваім паланіў пекла і сілаю
сваёю ўзьняў усіх.
Ты, Жыцьцядаўца, тварыў цуды і вяртаў зрок сьляпым;
уваскросшы з магілы, як прадказаў, Ты явіўся сьвятым вучням Тваім. З ім і разам
і мы ўзьвялічваем Цябе на ўсе вякі.
Слава...: Хвалю Сьвятло-Айца, слаўлю Сьвятло-Сына, пяю
веліч Сьвятла-Духа правага, адно Сьвятло неразьдзельнае ў трох асобах – Бога і
Ўладара ўсяго стварэньня.
Цяпер...: Ты явілася больш прасторнай за неба, Дзева
чыстая, бо зьмясьціла ў Сабе незьмяшчальнага Бога ў целе, і нарадзіла Збаўленьне
ўсіх, што з вераю непахісна славяць Цябе.
Катавасія. Цябе, Маці Божая, што вышэй за розум і
словы невыказна нарадзіла ў часе Спрадвечнага, мы, верныя, аднадушна
ўзьвялічваем.
Экзапастыляр. Вялікодны. Целам заснуўшы як
мёртвы, Уладару і Госпадзе, на трэці дзень Ты ўваскрос і Адама ад тленнасьці
ўзьняў, перамогшы сьмерць. Пасха нятленная, сьвету збаўленьне!
Слава...: Вочы майго розуму, асьлеплыя ад змрочнага
граху, прасьвятлі Госпадзе, дай мне пакору і абмый мяне слязьмі пакаяньня.
Цяпер...: Збавіцель, ідучы, сустрэў сьляпога. Плюнуўшы на
зямлю і зрабіўшы гразь, Ён памазаў яму вочы і загадаў ісьці памыцца ў Сілааме.
Ён пайшоў, памыўся і ўбачыў сьвятло Тваё, Хрысьце мой.
Пахвальныя псалмы
Сем песьняў нядзельных 5 тону, тады наступныя:
Верш. Глянь на мяне і зьмілуйся нада мною.
(Тон 8). Дзеля вялікай любові Ты, Хрысьце Божа,
прыняў цела і ў невыказнай міласэрнасьці Тваёй зжаліўся над тым, хто ад
нараджэньня ня бачыў сьвятла. Дакрануўшыся да ягоных зрэнак Тваімі творчымі
пальцамі, Ты ўдастоіў яго Боскага зьзяньня. Цяпер, адзіны Добры Сьветладаўца,
прасьвятлі і нашыя душэўныя пачуцьці.
Слава...: (тон 8).
Хто выкажа сілу Тваю, Хрысьце, або хто зможа палічыць безьліч цудаў Тваіх? Як
дзеля вялікай любові Ты зьявіўся ў дзьвюх прыродах, так і нямоглым даваў
падвойнае аздараўленьне. Ты сьлепанароджанаму адкрыў вочы ня толькі цялесныя,
але і душэўныя. Таму ён вызнаў Цябе Богам, што дае ўсім багацьце зьмілаваньня.
Цяпер...: Найблаславёная Ты... |