Галоўная > Сёмуха > Зыход сьвятога Духа - ютрань
Зыход сьвятога Духа - ютрань18 траўня 2010. |
|
Трапар (Тон 8). Блаславёны Ты, Хрысьце Божа наш, што рыбакоў напоўніў мудрасьцю, паслаўшы ім Духа Сьвятога, і праз іх улавіў увесь сусьвет. Чалавекалюбча, слава Табе. (Тройчы)
Сядальная песьня 1 (тон 4). Сёньня сьвяткуем заключную ўрачыстасьць – Пяцідзесятніцу, – і спаўненьне абяцаньня, што было нам дадзенае. У гэты дзень Суцяшальнік зышоў на зямлю ў выглядзе вогненных языкоў. Ён прасьвятліў вучняў і адкрыў ім нябесныя тайны. Сьвятло Суцяшальніка прыйшло і прасьвятліла сьвет. (Двойчы) Сядальная песьня 2 (тон 5). Крыніца Духа зышла на людзей вогненнымі ручаямі; яна арасіла апосталаў сьвятлом. Дождж з вогненнай хмары іх асьвяціў. Праз іх і мы агнём і вадою прынялі ласку, бо сьвятло Суцяшальніка прыйшло і прасьвятліла сьвет. (Двойчы)
Узьвялічваньне пасьля паліелею: Узьвялічваем Цябе, Жыцьцядаўча Хрысьце, і славім Сьвятога Духа Твайго, якога Ты ад Айца паслаў боскім вучням Тваім. Верш 1. Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, аб творах рук Ягоных расказвае небасхіл. Верш 2. Пасылаеш духа Твайго, і яны ажываюць, і Ты абнаўляеш твар зямлі. Верш 3. Госпад сілу людзям сваім дае, Госпад бласлаўляе людзей сваіх супакоем. Слава... цяпер... Алілуя, алілуя, Алілуя: Слава Табе, Божа! (Тройчы) Сядальная песьня 3 (тон 8). Пасьля ўваскрасеньня з магілы і боскага ўзьнясеньня на вышыню нябесную, Ты, Хрысьце Збавіцелю, явіў славу Тваю, дух правы абнавіўшы ў вучнях Тваіх. I яны, быццам стройныя гусьлі, згодна аб'явілі, Шчодры, Тваё навучаньне і Твой провід. Узыходная песьня: першы антыфан 4 тону.
Пракімен. Хай Дух Твой добры вядзе мяне па правым шляху. Верш: Госпадзе, пачуй малітву маю, будзь уважлівы да просьбы маёй у праўдзе Тваёй, і выслухай мяне. Чытаньне Сьвятога Евангельля паводле Яна Вечарам таго самага першага дня тыдня, калі дзьверы дому, дзе сабраліся вучні, былі зачыненыя дзеля страху перад гэбрэямі, прыйшоў Ісус, стаў пасярэдзіне і сказаў ім: "Мір вам". Сказаўшы гэта, паказаў ім рукі свае і бок. I ўсьцешыліся вучні, убачыўшы Госпада. А Ісус сказаў ім ізноў: "Мір вам! Як паслаў Мяне Айцец, так Я пасылаю вас". Сказаўшы гэта, дыхнуў на іх і сказаў: "Прыміце Духа Сьвятога. Каму адпусьціце грахі, таму будуць адпушчаныя, а каму затрымаеце, на тым застануцца". (20:19-23)
"Уваскрасеньне Хрыстова..." не сьпяваецца. Пасьля Пс 50: Слава..: Малітвамі апосталаў... Цяпер..: Малітвамі Багародзіцы... Зьмілуйся над намі, Божа...: Уладару Нябесны...
КАНОНЫ Песьня 1 Канон 1 (тон 7). Ірмас. Пяём Таму, хто ў моры патапіў фараона з калясьніцамі і моцнай рукою скрышыў тых, што шукалі вайны, бо Ён праславіўся. Ты, чалавекалюбны Хрысьце, паслаў вучням Тваім Духа Суцяшальніка, як абяцаў, і прасьвятліў увесь сьвет Сёньня споўнілася прадказанае некалі Законам і прарокамі: сёньня зазьзяла ўсім верным ласка Боскага Духа. Канон 2 (тон 4). Ірмас. Агорнуты боскай хмараю, заіклівы Майсей абвясьціў Богам напісаны закон; страсянуўшы твань з вачэй сэрца свайго, ён убачыў Таго, хто ёсьць, і, навучаны Духам розуму, усхваліў Яго ў натхнёных песьнях. Пачэсныя і чыстыя вусны сказалі: "Ня будзе разлучэньня, прыяцелі мае! Сеўшы разам з Айцом на пасадзе, вылью на тых, што жадаюць, шчодрую ласку Духа". Слова праўдзівае перайшло мяжу і споўніла жаданьні ціхага сэрца. Скончыўшы сваю справу, Хрыстос усьцешыў прыяцеляў сваіх, калі даў ім моцным подыхам абяцанага Духа ў выглядзе вогненных языкоў. Катавасія. Ірмасы абодвух канонаў. Песьня 3 Канон 1 (тон 7). Ірмас. Ты, Хрысьце, сказаў вучням Тваім: "Заставайцеся ў Ерусаліме, пакуль не атрымаеце сілы з вышыні. Я пашлю вам узамен за Мяне іншага Суцяшальніка, Духа Майго і Айцовага, якім вы ўмацуецеся". Сіла Духа, што зышла з вышыні, злучыла ў суладнае адно мовы, што некалі былі разьдзеленыя праз злую змову, і навучыла верных разуменьню Тройцы, якою ўмацоўваемся. Канон 2 (тон 4). Ірмас. Некалі пакорлівая малітва прарочыцы Ганны ў скрусе сэрца да Ўсемагутнага Бога разьвязала путы няплоднага ўлоньня, і пасароміла гордасьць і пыху пладавітае. Недасяжная моц Божая найсьцем Духа ўчыніла някніжных рыбакоў мудрымі настаўнікамі, што словам выбаўляюць з беспрасьветнай бездані людзей. Асьляпляльнае Сьвятло зьявілася, і вогненны голас на Сыёне аб'явіў людзям, што гэта зьзяньне існасьці Айца, якое зыходзіць ад Яго праз Сына.
Сядальная песьня (тон 8). Прыяцелі Збавіцеля напоўніліся радасьцю і, баязьлівыя раней, сталіся сьмелымі: бо Дух Сьвяты зышоў сёньня з вышыні на дом, дзе былі вучні, і кожны з іх пачаў гаварыць рознымі мовамі да людзей. Вогненныя языкі зышлі на іх і не апалілі, але асьвяжылі іх, быццам расою. Песьня 4 Канон 1 (тон 7). Ірмас. У прадбачаньні Твайго, Хрысьце, апошняга прыйсьця, прарок усклікнуў: "Я ўбачыў, Госпадзе, сілу Тваю, бо Ты прыйшоў збавіць усіх памазанцаў Тваіх". Бог, сапраўдны Суцяшальнік, які гаварыў праз прарокаў і некалі аб'явіў недасканалым людзям закон, сёньня даецца слугам і сьведкам Слова. Дух быў дадзены разьдзельна апосталам у выглядзе полымя, як адбітак Боскай пячаці, і аб'явіўся ім у дары розных моваў. Ён – Боская ўладарная сіла, што ад Айца зыходзіць. Канон 2 (тон 4). Ірмас. Ты, Уладару ўладароў, Адзіны ад Адзінага, Слова, што выходзіць ад Айца беспачатнага, паслаў раўнамоцнага Твайго Духа апосталам Тваім, якія Табе як Дабрачынцу пяюць: "Слава сіле Тваёй, Госпадзе!" Прыгатаваўшы словам адным купелю адраджэньня для сатлелай прыроды, Ты, Слова Божае, праліў на мяне струмень нятленнасьці з прабітага боку Твайго і запячатаў цеплынёю Духа. Усе схіляюцца перад Суцяшальнікам, Сынам Айца, зьеднаным прыродаю з Айцом, і вызнаюць у трох асобах адну Існасьць, недаступную, вечную і адзіную: бо зазьзяла на ўвесь сьвет ласка Духа. Усе слугі Трысьвятое існасьці, напоўніцеся Божай сілаю: Дабрачынца наш Хрыстос звышпрыродна робіць нас дасканалымі і ўзбуджае жаданьне збаўленьня ласкаю Духа. Песьня 5 Канон 1 (тон 7). Ірмас. Дух збаўленьня некалі аб'явіўся на зямлі праз прарокаў, якія прынялі Яго ва ўлоньні сваім у страху Тваім; цяпер Ён робіць чыстымі сэрцы апосталаў, і абнаўляе дух правы ў сэрцах верных, для якіх прыказаньні Твае, Госпадзе – сьвятло і супакой. Сіла добрага Духа зышла на нас сёньня – Духа мудрасьці Божай, Духа, што ад Айца выходзіць і аб'яўляецца праз Сына ўсім верным, і, пасяліўшыся ў іх, зьдзяйсьняе сьвятасьць, у якой бывае пазнавальны. Канон 2 (тон 4). Ірмас. Як дасканалае ачышчэньне грахоў, прыміце, сьветлыя дзеці Царквы, палымяную расу Духа. Сёньня з Сыёну выйшлі новы закон і ласка Духа ў выглядзе вогненных языкоў. Дух уладарны зыходзіць ад Айца і навучае мовам апосталаў. Ён накладае пячаць на жыцьцядайныя словы Збавіцеля, бо мае сілу і прыроду Айца. Бог-Слова, пачатак усяго, што існуе, ачысьціў душы нашыя ад граху, і ўчыніў апосталаў беззаганным жыльлём, у якім сьветласьць раўнамагутнага і адзінасутнага Ягонага Духа сёньня пасяляецца. Песьня 6 Канон 1 (тон 7). Ірмас. Топячыся ў марнасьці жыцьцёвых клопатаў з караблём, поўным грахоў, я трапіў у пашчу душагубнага зьвера і, як некалі Ёна, клічу: "Са сьмяротнай бездані выратуй мяне!" Ты, Госпадзе, выліў Духа Твайго шчодра на кожнае цела, як абяцаў, і ўсе зразумелі, што Ты – Сын, які спрадвеку нярэчыўна нарадзіўся ад Айца, і што Дух ад Яго неразьдзельна зыходзіць. Канон 2 (тон 4). Ірмас. Ты, Хрысьце Ўладару, нашае ачышчэньне і збаўленьне, зазьзяў ад Дзевы і, быццам прарока Ёну з нутра марскога зьвера, вызваліў ад тленнасьці ўвесь заняпалы Адамаў род. Аднаві, Усемагутны, у душах нашых, пакліканых да несьмяротнасьці, Дух правы, да якога імкнемся; Дух, вечна зьяднаны з Айцом, ад якога зыходзіць; Дух, які паліць ненавісныя заганы рэчыўнае прыроды і ачышчае пачуцьці. Дух, сьведка народжанага ад Айца Слова, умацоўвае вогненным подыхам пабожнасьць апосталаў, што сабраліся на Сыёне ў чаканьні Ягонага прыйсьця, і выкрывае хлусьню вучэньняў паганскага збору.
Кандак (тон 8). Калі Ўсявышні, зышоўшы, мовы зьмяшаў, Ён разьдзяліў між сабой народы; калі ж паслаў вогненныя языкі, да еднасьці ўсіх паклікаў. Дзеля гэтага мы ўсе згодна славім Усесьвятога Духа. Ікас. Хуткае і пэўнае суцяшэньне дай слугам Тваім, Ісусе, калі душы нашыя сумуюць; не адыходзь ад душаў нашых у тузе, будзь у думках нашых у няшчасьцях, але заўжды сьпяшайся нам на дапамогу. Будзь з намі, блізка будзь, Усюдыпрысутны. Як Ты заўсёды быў з Тваімі апосталамі, так і тых, што жадаюць Цябе, злучы з сабою, Усядобры; каб, зьяднаныя з Табою, мы славілі ў песьнях Усесьвятога Духа. Песьня 7 Канон 1 (тон 7). Ірмас. Укінутыя ў вогненную печ, набожныя юнакі агонь на расу перамянілі і пяялі: "Блаславёны Ты, Божа айцоў нашых!" Няверным здавалася, што апосталы, якія прапаведавалі веліч Божую, былі п'яныя. Не зразумелі яны дзеяньня Духа Сьвятога, дзякуючы якому пазнаецца Тройца, адзіны Бог айцоў нашых. Прававерна вызнаем непадзельную існасьць Бога Айца спрадвечнага, і адзінасутнага з Ім Слова і Духа, і клічам: "Блаславёны Ты, Божа айцоў нашых!" Канон 2 (тон 4). Ірмас. Гучаньне музыкі клікала на пакланеньне залатому бяздушнаму ідалу. Праменная ж ласка Суцяшальніка ўздымае нас, і мы ўсклікаем: "Тройца адзіная, раўнасільная, беспачатная, блаславёная Ты!" Неразумныя не пазналі прарочых прадказаньняў і, пачуўшы дзіўныя словы ад апосталаў, думалі, што тыя ўпіліся віном. Мы ж пабожна клічам: "Дабрачынца ўсіх, блаславёны Ты!" Яэль у натхненьні загрымеў магутным і богаўладным словам, кажучы: "Тыя, на каго вылью Духа Майго, усклікнуць: "Трохпраменная існасьць, блаславёная Ты!" Трэцяя гадзіна ўдастоілася ласкі явіць тры Асобы ў адзінстве існасьці Божай, і таму мы ў гэты дзень Гасподні клічам: "Ойча, Сыне і Духу – Божа, блаславёны Ты!" Песьня 8 Канон 1 (тон 7). Ірмас. Ахоплены агнём на Сынаі куст, што не згараў, аб'явіў Бога заікліваму Майсею; а руплівасьць Божая паказала непераможнымі трох юнакоў, якія пяялі: "Усе творы Гасподнія, слаўце Госпада і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі!" Калі жыцьцядайны подых Усесьвятога Духа вогненнымі языкамі з вялікім шумам зышоў з неба на рыбакоў, яны пачалі прапаведаваць веліч Божую і клікалі: "Усе творы Гасподнія, слаўце Госпада і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі!" Як тыя, што не баяццца агню і падыходзяць да недатыкальнай гары, хадзіце, станем на гары Сыёнскай, у горадзе Бога жывога, і злучым нашыя галасы з вучнямі, што, поўныя Духа Сьвятога, пяюць: "Усе творы Гасподнія, слаўце Госпада і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі!" Канон 2 (тон 4). Ірмас. Тройчы сьветлы вобраз Боскай велічы разрывае путы і вылівае расу на полымя. Юнакі славяць Яго і ўсё стварэньне бласлаўляе, як Дабрачынца, адзінага Збавіцеля і Творцу ўсяго. Ты, Хрысьце, пасылаеш апосталам Духа ў выглядзе вогненных языкоў, каб умацаваць у іхняй памяці словы, якія Ты чуў ад Айца і ім перадаў. I ўсё стварэньне славіць Цябе. Ты прыйшоў самаўладна для нашага збаўленьня і, як Сьвятло і Падавец сьвятла, спаўняеш Тваё абяцаньне і даеш апосталам і прыяцелям Тваім Духа, які ўсё напаўняе. Натхнёныя вусны прарокаў прапаведавалі Тваё прыйсьце ў целе, Уладару, і Дух, што з улоньня Айца паходзіць, няствораны, раўнапасадны і раўнатворчы з Табою, сьведчыць верным пра Тваё ўчалавечаньне. "Больш годную пашаны..." не сьпяваецца. Песьня 9 Канон 1 (тон 7). Ірмас. Узьвялічваем Цябе, што засталася нятленнаю пасьля родаў і дала цела Слову ўсемагутнаму, Маці беззаганная, Дзева Багародзіца, Умяшчальня Незьмяшчальнага Творцы Твайго. Першы прысьпеў. Найсьвятая Тройца, Божа наш, слава Табе! Некалі руплівец Ільля, які ўзьнёсься радасна на вогненнай калясьніцы, быў правобразам вогненнага дыханьня, што сёньня зышло на апосталаў. Асьвячаныя Ім, яны прапаведавалі ўсім Тройцу. Дзіўныя надпрыродныя рэчы сталіся з вучнямі. Яны прамаўлялі аднагалосна ласкаю Духа Сьвятога, і ўсе людзі чулі, кожны ў сваёй мове, прапаведаваньне велічы Божай, і прыходзілі да пазнаньня Тройцы. Другі прысьпеў. Узьвялічвай, душа мая, у трох асобах адзінае Боства. Канон 2 (тон 4). Ірмас. Радуйся, Уладарка, пахвала дзеваў і матак; ніякія красамоўныя вусны ня ў стане дастойна ўславіць Цябе, і розум бясьсільны зразумець сынараджэньне Тваё. Дзеля гэтага мы ўсе суладна Цябе славім. Дастойна ёсьць славіць Дзеву Карміцельку: Яна, адзіная сярод жанчынаў, мела ва ўлоньні Слова, якое ацаліла хворую людзкую прыроду, а цяпер сядзіць па правай руцэ Айца і пасылае нам ласку Духа. Усе мы, на каго Боская ласка дыхнула з вышыні, зьмяніліся, сталіся сьветлымі і, назіраючы раўнасільную неразьдзельную мудрасьць, славім Трысьветлую Існасьць.
Экзапастыляр (тон 3). Усесьвяты Духу, што ад Айца праз Сына зышоў на нявучаных апосталаў, збаў і асьвяці ўсіх, што пазналі Цябе як Бога. Слава... цяпер... Сьвятло – Айцец, Сьвятло – Слова, Сьвятло – і Дух Сьвяты, які быў пасланы ў выглядзе вогненных языкоў на апосталаў, і які прасьвятляе сьвет і навучае славіць Сьвятую Тройцу.
Пахвальныя псалмы (Тон 4). Слаўныя рэчы бачылі сёньня ўсе народы ў месьце Давідавым, калі Дух Сьвяты зышоў у выглядзе вогненных языкоў, як расказвае Богам натхнёны Лука: "Калі вучні Хрыстовыя сабраліся, пачуўся шум, быццам подых буры, і напоўніў дом, дзе яны сядзелі; і ўсе пачалі гаварыць чужымі мовамі дзіўныя навукі, дзівосную хвалу Ўсесьвятой Тройцы". (Двойчы) Дух Сьвяты заўсёды быў, і ёсьць, і будзе: Ён ня мае ні пачатку ні канца, але заўжды з Айцом і Сынам зьяднаны і адзінасутны. Ён – Жыцьцё і Творца жыцьця; Ён Сьвятло і Падаўца сьвятла, сам Добры і Крыніца дабра. Праз Яго мы пазнаем Айца, і Сына праслаўляем, і вызнаем адзіную сілу, адзіную годнасьць, адзіную хвалу Сьвятой Тройцы. Дух Сьвяты – Сьвятло і Жыцьцё. Ён жыве і крынічыць жыцьцё; Дух разважнасьці, Дух розуму; добры, правы, мудры; Ён усім кіруе і ачышчае правіны. Ён Бог і Той, хто абагаўляе; Агонь, што ад Агню паходзіць; Ён прамаўляе, дае і разьдзяляе дараваньні. Прарокі ўсе праславіліся Ім, разам з боскімі апосталамі і мучанікамі. Дзіўныя рэчы чуем, дзівосныя рэчы бачым: агонь разьдзяляецца, каб раздаваць дары. Слава... цяпер.... (Тон 6). Уладару Нябесны, Суцяшальніку, Духу праўды, Ты ўсюды прысутны і ўсё напаўняеш, Скарбніца дабра і жыцьця Падаўча! Прыйдзі і пасяліся ў нас і ачысьці нас ад усяго благога, і збаў, Добры, душы нашыя.
Пасьля Вялікага ўслаўленьня: Трапар Пяцідзесятніцы (тон 8). Блаславёны Ты, Хрысьце Божа наш, што рыбакоў напоўніў мудрасьцю, паслаўшы ім Духа Сьвятога, і праз іх улавіў увесь сусьвет. Чалавекалюбча, слава Табе. (Тройчы) Далей звычайнае заканчэньне сьвяточнай ютрані. Водпуст. Хрыстос, праўдзівы Бог наш, які ў выглядзе вогненных языкоў паслаў з неба Ўсесьвятога Духа на сьвятых сваіх вучняў і апосталаў, малітвамі найчыстае свае Маці, сьвятых, слаўных і ўсяхвальных апосталаў, і ўсіх сьвятых, хай зьмілуецца над намі і збавіць нас, бо Ён добры і Чалавекалюбец. Вярнуцца назад |