Трапар (Тон 8). Блаславёны Ты, Хрысьце Божа
наш, што рыбакоў напоўніў мудрасьцю, паслаўшы ім Духа Сьвятога, і праз іх улавіў
увесь сусьвет. Чалавекалюбча, слава Табе. (Тройчы)
Сядальная песьня 1 (тон 4). Сёньня
сьвяткуем заключную ўрачыстасьць – Пяцідзесятніцу, – і спаўненьне абяцаньня, што
было нам дадзенае. У гэты дзень Суцяшальнік зышоў на зямлю ў выглядзе вогненных
языкоў. Ён прасьвятліў вучняў і адкрыў ім нябесныя тайны. Сьвятло Суцяшальніка
прыйшло і прасьвятліла сьвет. (Двойчы)
Сядальная песьня 2 (тон
5). Крыніца Духа зышла на людзей вогненнымі ручаямі; яна арасіла
апосталаў сьвятлом. Дождж з вогненнай хмары іх асьвяціў. Праз іх і мы агнём і
вадою прынялі ласку, бо сьвятло Суцяшальніка прыйшло і прасьвятліла сьвет.
(Двойчы)
Узьвялічваньне пасьля паліелею: Узьвялічваем Цябе,
Жыцьцядаўча Хрысьце, і славім Сьвятога Духа Твайго, якога Ты ад Айца паслаў
боскім вучням Тваім.
Верш 1. Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, аб творах
рук Ягоных расказвае небасхіл.
Верш 2. Пасылаеш духа Твайго, і яны ажываюць, і Ты
абнаўляеш твар зямлі.
Верш 3. Госпад сілу людзям сваім дае, Госпад
бласлаўляе людзей сваіх супакоем.
Слава... цяпер...
Алілуя, алілуя, Алілуя: Слава Табе, Божа!
(Тройчы)
Сядальная песьня 3 (тон
8). Пасьля ўваскрасеньня з магілы і боскага ўзьнясеньня на вышыню
нябесную, Ты, Хрысьце Збавіцелю, явіў славу Тваю, дух правы абнавіўшы ў вучнях
Тваіх. I яны, быццам стройныя гусьлі, згодна аб'явілі, Шчодры, Тваё навучаньне і
Твой провід.
Узыходная песьня: першы
антыфан 4 тону.
Пракімен. Хай Дух Твой добры вядзе мяне па правым
шляху.
Верш: Госпадзе, пачуй малітву маю, будзь уважлівы
да просьбы маёй у праўдзе Тваёй, і выслухай мяне.
Чытаньне Сьвятога Евангельля паводле Яна
Вечарам таго самага першага дня тыдня, калі дзьверы дому, дзе
сабраліся вучні, былі зачыненыя дзеля страху перад гэбрэямі, прыйшоў Ісус, стаў
пасярэдзіне і сказаў ім: "Мір вам". Сказаўшы гэта, паказаў ім рукі свае і бок. I
ўсьцешыліся вучні, убачыўшы Госпада. А Ісус сказаў ім ізноў: "Мір вам! Як паслаў
Мяне Айцец, так Я пасылаю вас". Сказаўшы гэта, дыхнуў на іх і сказаў: "Прыміце
Духа Сьвятога. Каму адпусьціце грахі, таму будуць адпушчаныя, а каму затрымаеце,
на тым застануцца". (20:19-23)
"Уваскрасеньне Хрыстова..." не сьпяваецца.
Пасьля Пс 50:
Слава..: Малітвамі апосталаў...
Цяпер..: Малітвамі Багародзіцы...
Зьмілуйся над намі, Божа...: Уладару Нябесны...
|