КАНОНЫ
Песьня 1
Канон 1 (тон 7). Ірмас. Пяём Таму, хто ў моры
патапіў фараона з калясьніцамі і моцнай рукою скрышыў тых, што шукалі вайны, бо
Ён праславіўся.
Ты, чалавекалюбны Хрысьце, паслаў вучням Тваім Духа
Суцяшальніка, як абяцаў, і прасьвятліў увесь сьвет
Сёньня споўнілася прадказанае некалі Законам і прарокамі:
сёньня зазьзяла ўсім верным ласка Боскага Духа.
Канон 2 (тон 4). Ірмас. Агорнуты боскай хмараю,
заіклівы Майсей абвясьціў Богам напісаны закон; страсянуўшы твань з вачэй сэрца
свайго, ён убачыў Таго, хто ёсьць, і, навучаны Духам розуму, усхваліў Яго ў
натхнёных песьнях.
Пачэсныя і чыстыя вусны сказалі: "Ня будзе разлучэньня,
прыяцелі мае! Сеўшы разам з Айцом на пасадзе, вылью на тых, што жадаюць, шчодрую
ласку Духа".
Слова праўдзівае перайшло мяжу і споўніла жаданьні ціхага
сэрца. Скончыўшы сваю справу, Хрыстос усьцешыў прыяцеляў сваіх, калі даў ім
моцным подыхам абяцанага Духа ў выглядзе вогненных языкоў.
Катавасія. Ірмасы абодвух
канонаў.
Песьня 3
Канон 1 (тон 7). Ірмас. Ты, Хрысьце, сказаў вучням
Тваім: "Заставайцеся ў Ерусаліме, пакуль не атрымаеце сілы з вышыні. Я пашлю вам
узамен за Мяне іншага Суцяшальніка, Духа Майго і Айцовага, якім вы ўмацуецеся".
Сіла Духа, што зышла з вышыні, злучыла ў суладнае адно мовы,
што некалі былі разьдзеленыя праз злую змову, і навучыла верных разуменьню
Тройцы, якою ўмацоўваемся.
Канон 2 (тон 4). Ірмас. Некалі пакорлівая малітва
прарочыцы Ганны ў скрусе сэрца да Ўсемагутнага Бога разьвязала путы няплоднага
ўлоньня, і пасароміла гордасьць і пыху пладавітае.
Недасяжная моц Божая найсьцем Духа ўчыніла някніжных рыбакоў
мудрымі настаўнікамі, што словам выбаўляюць з беспрасьветнай бездані людзей.
Асьляпляльнае Сьвятло зьявілася, і вогненны голас на Сыёне
аб'явіў людзям, што гэта зьзяньне існасьці Айца, якое зыходзіць ад Яго праз
Сына.
Сядальная песьня (тон 8). Прыяцелі
Збавіцеля напоўніліся радасьцю і, баязьлівыя раней, сталіся сьмелымі: бо Дух
Сьвяты зышоў сёньня з вышыні на дом, дзе былі вучні, і кожны з іх пачаў гаварыць
рознымі мовамі да людзей. Вогненныя языкі зышлі на іх і не апалілі, але
асьвяжылі іх, быццам расою.
Песьня 4
Канон 1 (тон 7). Ірмас. У прадбачаньні Твайго,
Хрысьце, апошняга прыйсьця, прарок усклікнуў: "Я ўбачыў, Госпадзе, сілу Тваю, бо
Ты прыйшоў збавіць усіх памазанцаў Тваіх".
Бог, сапраўдны Суцяшальнік, які гаварыў праз прарокаў і
некалі аб'явіў недасканалым людзям закон, сёньня даецца слугам і сьведкам Слова.
Дух быў дадзены разьдзельна апосталам у выглядзе полымя, як
адбітак Боскай пячаці, і аб'явіўся ім у дары розных моваў. Ён – Боская ўладарная
сіла, што ад Айца зыходзіць.
Канон 2 (тон 4). Ірмас. Ты, Уладару ўладароў,
Адзіны ад Адзінага, Слова, што выходзіць ад Айца беспачатнага, паслаў
раўнамоцнага Твайго Духа апосталам Тваім, якія Табе як Дабрачынцу пяюць: "Слава
сіле Тваёй, Госпадзе!"
Прыгатаваўшы словам адным купелю адраджэньня для сатлелай
прыроды, Ты, Слова Божае, праліў на мяне струмень нятленнасьці з прабітага боку
Твайго і запячатаў цеплынёю Духа.
Усе схіляюцца перад Суцяшальнікам, Сынам Айца, зьеднаным
прыродаю з Айцом, і вызнаюць у трох асобах адну Існасьць, недаступную, вечную і
адзіную: бо зазьзяла на ўвесь сьвет ласка Духа.
Усе слугі Трысьвятое існасьці, напоўніцеся Божай сілаю:
Дабрачынца наш Хрыстос звышпрыродна робіць нас дасканалымі і ўзбуджае жаданьне
збаўленьня ласкаю Духа.
Песьня 5
Канон 1 (тон 7). Ірмас. Дух збаўленьня некалі
аб'явіўся на зямлі праз прарокаў, якія прынялі Яго ва ўлоньні сваім у страху
Тваім; цяпер Ён робіць чыстымі сэрцы апосталаў, і абнаўляе дух правы ў сэрцах
верных, для якіх прыказаньні Твае, Госпадзе – сьвятло і супакой.
Сіла добрага Духа зышла на нас сёньня – Духа мудрасьці Божай,
Духа, што ад Айца выходзіць і аб'яўляецца праз Сына ўсім верным, і, пасяліўшыся
ў іх, зьдзяйсьняе сьвятасьць, у якой бывае пазнавальны.
Канон 2 (тон 4). Ірмас. Як дасканалае ачышчэньне
грахоў, прыміце, сьветлыя дзеці Царквы, палымяную расу Духа. Сёньня з Сыёну
выйшлі новы закон і ласка Духа ў выглядзе вогненных языкоў.
Дух уладарны зыходзіць ад Айца і навучае мовам апосталаў. Ён
накладае пячаць на жыцьцядайныя словы Збавіцеля, бо мае сілу і прыроду Айца.
Бог-Слова, пачатак усяго, што існуе, ачысьціў душы нашыя ад
граху, і ўчыніў апосталаў беззаганным жыльлём, у якім сьветласьць раўнамагутнага
і адзінасутнага Ягонага Духа сёньня пасяляецца.
Песьня 6
Канон 1 (тон 7). Ірмас. Топячыся ў марнасьці
жыцьцёвых клопатаў з караблём, поўным грахоў, я трапіў у пашчу душагубнага
зьвера і, як некалі Ёна, клічу: "Са сьмяротнай бездані выратуй мяне!"
Ты, Госпадзе, выліў Духа Твайго шчодра на кожнае цела, як
абяцаў, і ўсе зразумелі, што Ты – Сын, які спрадвеку нярэчыўна нарадзіўся ад
Айца, і што Дух ад Яго неразьдзельна зыходзіць.
Канон 2 (тон 4). Ірмас. Ты, Хрысьце Ўладару, нашае
ачышчэньне і збаўленьне, зазьзяў ад Дзевы і, быццам прарока Ёну з нутра марскога
зьвера, вызваліў ад тленнасьці ўвесь заняпалы Адамаў род.
Аднаві, Усемагутны, у душах нашых, пакліканых да
несьмяротнасьці, Дух правы, да якога імкнемся; Дух, вечна зьяднаны з Айцом, ад
якога зыходзіць; Дух, які паліць ненавісныя заганы рэчыўнае прыроды і ачышчае
пачуцьці.
Дух, сьведка народжанага ад Айца Слова, умацоўвае вогненным
подыхам пабожнасьць апосталаў, што сабраліся на Сыёне ў чаканьні Ягонага
прыйсьця, і выкрывае хлусьню вучэньняў паганскага збору.
Кандак (тон 8). Калі Ўсявышні, зышоўшы,
мовы зьмяшаў, Ён разьдзяліў між сабой народы; калі ж паслаў вогненныя языкі, да
еднасьці ўсіх паклікаў. Дзеля гэтага мы ўсе згодна славім Усесьвятога Духа.
Ікас. Хуткае і пэўнае суцяшэньне дай слугам Тваім,
Ісусе, калі душы нашыя сумуюць; не адыходзь ад душаў нашых у тузе, будзь у
думках нашых у няшчасьцях, але заўжды сьпяшайся нам на дапамогу. Будзь з намі,
блізка будзь, Усюдыпрысутны. Як Ты заўсёды быў з Тваімі апосталамі, так і тых,
што жадаюць Цябе, злучы з сабою, Усядобры; каб, зьяднаныя з Табою, мы славілі ў
песьнях Усесьвятога Духа.
|