Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » Зыход сьвятога Духа - ютрань


 

 

Зыход сьвятога Духа - ютрань

Песьня 7

Канон 1 (тон 7). Ірмас. Укінутыя ў вогненную печ, набожныя юнакі агонь на расу перамянілі і пяялі: "Блаславёны Ты, Божа айцоў нашых!"

Няверным здавалася, што апосталы, якія прапаведавалі веліч Божую, былі п'яныя. Не зразумелі яны дзеяньня Духа Сьвятога, дзякуючы якому пазнаецца Тройца, адзіны Бог айцоў нашых.

Прававерна вызнаем непадзельную існасьць Бога Айца спрадвечнага, і адзінасутнага з Ім Слова і Духа, і клічам: "Блаславёны Ты, Божа айцоў нашых!"

Канон 2 (тон 4). Ірмас. Гучаньне музыкі клікала на пакланеньне залатому бяздушнаму ідалу. Праменная ж ласка Суцяшальніка ўздымае нас, і мы ўсклікаем: "Тройца адзіная, раўнасільная, беспачатная, блаславёная Ты!"

Неразумныя не пазналі прарочых прадказаньняў і, пачуўшы дзіўныя словы ад апосталаў, думалі, што тыя ўпіліся віном. Мы ж пабожна клічам: "Дабрачынца ўсіх, блаславёны Ты!"

Яэль у натхненьні загрымеў магутным і богаўладным словам, кажучы: "Тыя, на каго вылью Духа Майго, усклікнуць: "Трохпраменная існасьць, блаславёная Ты!"

Трэцяя гадзіна ўдастоілася ласкі явіць тры Асобы ў адзінстве існасьці Божай, і таму мы ў гэты дзень Гасподні клічам: "Ойча, Сыне і Духу – Божа, блаславёны Ты!"

Песьня 8

Канон 1 (тон 7). Ірмас. Ахоплены агнём на Сынаі куст, што не згараў, аб'явіў Бога заікліваму Майсею; а руплівасьць Божая паказала непераможнымі трох юнакоў, якія пяялі: "Усе творы Гасподнія, слаўце Госпада і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі!"

Калі жыцьцядайны подых Усесьвятога Духа вогненнымі языкамі з вялікім шумам зышоў з неба на рыбакоў, яны пачалі прапаведаваць веліч Божую і клікалі: "Усе творы Гасподнія, слаўце Госпада і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі!"

Як тыя, што не баяццца агню і падыходзяць да недатыкальнай гары, хадзіце, станем на гары Сыёнскай, у горадзе Бога жывога, і злучым нашыя галасы з вучнямі, што, поўныя Духа Сьвятога, пяюць: "Усе творы Гасподнія, слаўце Госпада і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі!"

Канон 2 (тон 4). Ірмас. Тройчы сьветлы вобраз Боскай велічы разрывае путы і вылівае расу на полымя. Юнакі славяць Яго і ўсё стварэньне бласлаўляе, як Дабрачынца, адзінага Збавіцеля і Творцу ўсяго.

Ты, Хрысьце, пасылаеш апосталам Духа ў выглядзе вогненных языкоў, каб умацаваць у іхняй памяці словы, якія Ты чуў ад Айца і ім перадаў. I ўсё стварэньне славіць Цябе.

Ты прыйшоў самаўладна для нашага збаўленьня і, як Сьвятло і Падавец сьвятла, спаўняеш Тваё абяцаньне і даеш апосталам і прыяцелям Тваім Духа, які ўсё напаўняе.

Натхнёныя вусны прарокаў прапаведавалі Тваё прыйсьце ў целе, Уладару, і Дух, што з улоньня Айца паходзіць, няствораны, раўнапасадны і раўнатворчы з Табою, сьведчыць верным пра Тваё ўчалавечаньне.

"Больш годную пашаны..." не сьпяваецца.

Песьня 9

Канон 1 (тон 7). Ірмас. Узьвялічваем Цябе, што засталася нятленнаю пасьля родаў і дала цела Слову ўсемагутнаму, Маці беззаганная, Дзева Багародзіца, Умяшчальня Незьмяшчальнага Творцы Твайго.

Першы прысьпеў. Найсьвятая Тройца, Божа наш, слава Табе!

Некалі руплівец Ільля, які ўзьнёсься радасна на вогненнай калясьніцы, быў правобразам вогненнага дыханьня, што сёньня зышло на апосталаў. Асьвячаныя Ім, яны прапаведавалі ўсім Тройцу.

Дзіўныя надпрыродныя рэчы сталіся з вучнямі. Яны прамаўлялі аднагалосна ласкаю Духа Сьвятога, і ўсе людзі чулі, кожны ў сваёй мове, прапаведаваньне велічы Божай, і прыходзілі да пазнаньня Тройцы.

Другі прысьпеў. Узьвялічвай, душа мая, у трох асобах адзінае Боства.

Канон 2 (тон 4). Ірмас. Радуйся, Уладарка, пахвала дзеваў і матак; ніякія красамоўныя вусны ня ў стане дастойна ўславіць Цябе, і розум бясьсільны зразумець сынараджэньне Тваё. Дзеля гэтага мы ўсе суладна Цябе славім.

Дастойна ёсьць славіць Дзеву Карміцельку: Яна, адзіная сярод жанчынаў, мела ва ўлоньні Слова, якое ацаліла хворую людзкую прыроду, а цяпер сядзіць па правай руцэ Айца і пасылае нам ласку Духа.

Усе мы, на каго Боская ласка дыхнула з вышыні, зьмяніліся, сталіся сьветлымі і, назіраючы раўнасільную неразьдзельную мудрасьць, славім Трысьветлую Існасьць.


Экзапастыляр (тон 3). Усесьвяты Духу, што ад Айца праз Сына зышоў на нявучаных апосталаў, збаў і асьвяці ўсіх, што пазналі Цябе як Бога.

Слава... цяпер...

Сьвятло – Айцец, Сьвятло – Слова, Сьвятло – і Дух Сьвяты, які быў пасланы ў выглядзе вогненных языкоў на апосталаў, і які прасьвятляе сьвет і навучае славіць Сьвятую Тройцу.


Пахвальныя псалмы

(Тон 4). Слаўныя рэчы бачылі сёньня ўсе народы ў месьце Давідавым, калі Дух Сьвяты зышоў у выглядзе вогненных языкоў, як расказвае Богам натхнёны Лука: "Калі вучні Хрыстовыя сабраліся, пачуўся шум, быццам подых буры, і напоўніў дом, дзе яны сядзелі; і ўсе пачалі гаварыць чужымі мовамі дзіўныя навукі, дзівосную хвалу Ўсесьвятой Тройцы". (Двойчы)

Дух Сьвяты заўсёды быў, і ёсьць, і будзе: Ён ня мае ні пачатку ні канца, але заўжды з Айцом і Сынам зьяднаны і адзінасутны. Ён – Жыцьцё і Творца жыцьця; Ён Сьвятло і Падаўца сьвятла, сам Добры і Крыніца дабра. Праз Яго мы пазнаем Айца, і Сына праслаўляем, і вызнаем адзіную сілу, адзіную годнасьць, адзіную хвалу Сьвятой Тройцы.

Дух Сьвяты – Сьвятло і Жыцьцё. Ён жыве і крынічыць жыцьцё; Дух разважнасьці, Дух розуму; добры, правы, мудры; Ён усім кіруе і ачышчае правіны. Ён Бог і Той, хто абагаўляе; Агонь, што ад Агню паходзіць; Ён прамаўляе, дае і разьдзяляе дараваньні. Прарокі ўсе праславіліся Ім, разам з боскімі апосталамі і мучанікамі. Дзіўныя рэчы чуем, дзівосныя рэчы бачым: агонь разьдзяляецца, каб раздаваць дары.

Слава... цяпер....

(Тон 6). Уладару Нябесны, Суцяшальніку, Духу праўды, Ты ўсюды прысутны і ўсё напаўняеш, Скарбніца дабра і жыцьця Падаўча! Прыйдзі і пасяліся ў нас і ачысьці нас ад усяго благога, і збаў, Добры, душы нашыя.


Пасьля Вялікага ўслаўленьня:

Трапар Пяцідзесятніцы (тон 8). Блаславёны Ты, Хрысьце Божа наш, што рыбакоў напоўніў мудрасьцю, паслаўшы ім Духа Сьвятога, і праз іх улавіў увесь сусьвет. Чалавекалюбча, слава Табе. (Тройчы)

Далей звычайнае заканчэньне сьвяточнай ютрані.

Водпуст. Хрыстос, праўдзівы Бог наш, які ў выглядзе вогненных языкоў паслаў з неба Ўсесьвятога Духа на сьвятых сваіх вучняў і апосталаў, малітвамі найчыстае свае Маці, сьвятых, слаўных і ўсяхвальных апосталаў, і ўсіх сьвятых, хай зьмілуецца над намі і збавіць нас, бо Ён добры і Чалавекалюбец.


Папярэдняя старонка | Старонка 3 з 3
 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст