Галоўная > Сёмуха > Нядзеля ўсіх сьвятых - літургія
Нядзеля ўсіх сьвятых - літургія18 траўня 2010. |
|
Трапары Трапар нядзельны (тон 8). Ты зышоў з вышыні, Міласэрны, пахаваньне прыняў трохдзённае, каб нас вызваліць ад цярпеньняў: Жыцьцё наша і Ўваскрасеньне, Госпадзе, слава Табе. Трапар усім сьвятым (тон 4). Быццам у пурпуру і кужаль, Царква Твая аздобілася крывёю тых, што ва ўсім сьвеце былі сьведкамі Табе, Хрысьце Божа, і праз іх моліць Цябе: Даброты Твае людзям Тваім зышлі, даруй супакой усяму сьвету, і душам нашым багацьце Твайго зьмілаваньня. Слава... цяпер... Кандак усім сьвятым (тон 8). Як першыя плады стварэньня, сусьвет прыносіць Табе, Госпадзе і Творча ўсіх, баганосных мучанікаў: малітвамі іх і Багародзіцы захавай у глыбокім супакоі Царкву Тваю і людзей Тваіх, Шматміласэрны.
Пракімен нядзельны (Пс 75:12,2). Выконвайце абяцаньні, дадзеныя Госпаду Богу нашаму. Верш. Бог вядомы ў Юдэі, у Ізраілі вялікае імя Яго. Сьвятым. Дзіўны Бог у сьвятых сваіх, Бог Ізраіля.
Чытаньне лісту сьвятога Апостала Паўла да Гэбрэяў Браты, сьвятыя вераю перамагалі царствы, чынілі справядлівасьць, атрымлівалі абяцаньні, загараджалі пашчы львоў, тушылі сілу агню, пазьбягалі вострага мяча, крапчэлі ў слабасьці, праяўлялі мужнасьць на вайне, змушалі ўцякаць чужынцаў-ворагаў. Жанчыны атрымлівалі назад сваіх памёрлых, узьнятых зноў да жыцьця. Іншыя гінулі ў муках, ня прыняўшы вызваленьня, каб атрымаць лепшае ўваскрасеньне. Зноў іншыя паспыталі зьдзекаў і біцьця дый яшчэ путаў і вязьніцы; іх каменавалі, расьпілоўвалі, бралі на допыты, забівалі мячом. Яны туляліся ў авечых і казіных скурах, цярпелі бяду, перасьлед, зьдзекі. Тыя, каго ўвесь сьвет ня быў варты, блукалі па пустынях і горах, па пячорах і зямных пропасьцях. І ўсе яны, хоць іхняя вера была годная пахвалы, не атрымалі абяцанага, бо Бог зьбярог для нас нешта лепшае, каб яны не бяз нас асягнулі дасканаласьць. Таму і мы, маючы навокал сябе такое мноства сьведкаў, адкінуўшы ўсякі цяжар і грэх, які нас аблытвае, будзем вытрывала прабягаць поле змаганьня, што ляжыць перад намі, узіраючыся пільна на Ісуса, Пачынальніка і Завяршальніка веры. (Гэб 11:33-12:2а)
Алілуя (Пс 33: 8, 20). Усклікнулі праведнікі, і Госпад пачуў іх, і ад усіх бедаў выбавіў іх. Верш. Шмат бедаў прыйшлося зазнаць праведнікам, і ад усіх іх выбавіў іх Госпад.
Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Мацьвея Сказаў Госпад вучням сваім: "Кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, таго і Я вызнаю перад Айцом Маім, што ў небе. А хто адрачэцца ад Мяне перад людзьмі, ад таго і Я адракуся перад Айцом Маім, што ў небе. Хто любіць бацьку або матку больш за Мяне, ня варты Мяне; і хто любіць сына ці дачку больш за Мяне, ня варты Мяне. І хто не бярэ крыжа свайго і ня ідзе ўсьлед за Мною, той ня варты Мяне". Тады азваўся Пётра і сказаў Яму: "Вось мы пакінулі ўсё і пайшлі ўсьлед за Табою: дык што будзе з намі?" Ісус адказаў ім: "Сапраўды кажу вам, што вы, якія пайшлі за Мною, калі ўсё стане новым і Сын Чалавечы сядзе на пасадзе свае славы, сядзеце таксама на даванаццацёх пасадах судзіць дванаццаць каленаў Ізраіля. І кожны, хто пакіне дом, або братоў ці сёстраў, маці, жонку, дзяцей, ці маёмасьць дзеля Майго імя, атрымае ў сто разоў больш і будзе мець у спадчыну вечнае жыцьцё. Многія першыя будуць апошнімі, а апошнія – першымі". (Мц 10:32-33, 37-38, 19:27-30)
Прычасьнік. Хваліце Госпада з нябёсаў, хваліце Яго на вышынях. Усклікніце, праведнікі, Госпаду ў радасьці: хвала пасуе праведным. Алілуя, алілуя, алілуя. Вярнуцца назад |